Апярэдзіў час “нябесных бегаў”

№ 42 (860) 18.10.2008 - 24.10.2008 г

Ці шмат знойдзецца ў галерэі постацей айчыннай гісторыі асоб, што пакінулі пасля сябе велізарную спадчыну адначасова па розных галінах дзейнасці: мастацтве і педагогіцы, астраноміі і этнаграфіі, археалогіі і аграноміі, фалькларыстыцы і літаратуры? І ўсё гэта — насуперак жорсткім жыццёвым акалічнасцям. Карэспандэнт “К” даведаўся аб унікальных экспанатах, што ўпершыню выстаўлены ў сталіцы і распавядаюць шмат новага пра асобу і час Язэпа Драздовіча.

Нельга не пагадзіцца з меркаваннем доктара філалагічных навук Арсена Ліса, што Язэп Драздовіч — надзвычай цікавая постаць у духоўным жыцці Беларусі. Ужо будучы вучнем віленскай мастацкай школы, ён задумваецца пра адраджэнне нацыянальных каштоўнасцей і, відаць, без ваганняў далучаецца да афармлення выданняў на роднай мове. У 1910 годзе Драздовіч афармляе першы беларускі каляндар-кнігу, пазней стварае ў стылі мадэрн карціну для вокладкі кнігі Канстанцыі Буйло “Курганная кветка”, іншую графіку. І ўсё гэта — на фоне катастрафічнага фінансавага становішча.

Пасля пераезду ў Вільню ў 1920-я гады Драздовіч, акрамя мастацтва, пачынае займацца літаратурай. Выходзяць аповесць “Вялікая шышка”, прысвечаная творчай моладзі, высока ацэненая Максімам Гарэцкім, разнастайныя апавяданні.

 /i/content/pi/cult/180/1809/Hist1.jpg

Я.Драздовіч. “Усяслаў Полацкі”, 1923 г.

І ўсё ж свой непакой за лёс Радзімы творца перадае найперш сродкамі жывапісу. Ствараецца сімвалічная карціна, дзе адлюстраваны полацкі князь Усяслаў Чарадзей у кіеўскім астрозе.

Назіраючы за жыццёвым шляхам Драздовіча, так і хочацца выказаць яго сутнасць словамі: “Чым горш — тым лепш”. Бо якраз з-за страты працы выкладчыка ў навагрудскай гімназіі, а пасля — ілюстратара-сцэнарыста ў беластоцкім аддзяленні Таварыства беларускай школы, мастак у 1930-я гады вяртаецца на родную Дзісненшчыну, дзе вандруе, займаецца археалагічнымі раскопкамі, стварае мастацкія дываны на гістарычныя матывы, паралельна збірае фальклор і афармляе яго ў рукапісныя зборнікі, матэрыялы якіх, як адзначыў Арсен Ліс, былі выкарыстаны ў шматтомнай серыі “Беларуская народная творчасць”.

Але не толькі гэтым займаўся творца на малой радзіме. На ўлонні прыроды яго вабіў космас. Як адзначае старшы навуковы супрацоўнік Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” Юрый Малаш, астранамічныя даследаванні Язэпа Драздовіча надзвычай каштоўныя і нават цяпер выклікаюць цікавасць у вучоных Расійскай акадэміі навук. Канешне, можна шмат спрачацца пра навуковую значнасць распрацаваных Драздовічам касмічных тэорый, але не выклікае сумненняў вартасць яго пазнавальнай кнігі на беларускай мове “Нябесныя бегі”, асаблівую каштоўнасць якой надаюць шаснаццаць “астранамічных” ілюстрацый. Не менш цікавая і тэорыя паходжання планет Сонечнай сістэмы, якую ў 30-я гады Драздовіч даслаў у Акадэмію навук БССР. Ды космас для Драздовіча — не толькі астраномія, але і філасофія. Якраз пра гэта сведчыць рукапісная кніга “Бяседы аб утварэнні свету. Дзе мы і хто мы. Небазнаўства”, у якой творца марыць пра падарожжа на Месяц. Усё, што не сказана словамі, мастак рэалізуе фарбамі. Такім чынам ствараюцца жывапісныя серыі “Жыццё на Месяцы“, “Жыццё на Сатурне”, а таксама вобразы цывілізацый далёкіх зорак.

Але не ўсе яго сучаснікі маглі зразумець погляды творцы, якому нічога не заставалася, як заняцца вырабам мастацкіх дываноў, што і сёння ўпрыгожваюць сялянскія хаты і музейныя калекцыі.

Першае ж усведамленне велічы Язэпа Драздовіча пасля яго смерці адбылося ў сярэдзіне 1960-х гадоў, калі акадэмічная бібліятэка папоўнілася вялікай калекцыяй рукапісаў і графічных твораў беларускага мастака. Як паведаміла Таццяна Жук, загадчыца сектара рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа, дзе адкрылася выстаўка да юбілею мастака “Вандроўнік за марай”, аснову экспазіцыі складаюць разнастайныя дакументы, рукапісы, малюнкі, эскізы, рэдкія фотаздымкі з асабістага фонду Язэпа Драздовіча, які захоўваецца ў бібліятэцы.

Увазе наведвальнікаў прапануецца арыгінал дзённіка мастака, узоры эпісталярнай спадчыны, фальклорныя матэрыялы і шмат іншых цікавых рэчаў, некаторыя з якіх, як напрыклад, чарцяжы, выстаўляюцца перад шырокай грамадскасцю ўпершыню. Усяго ж у бібліятэцы захоўваецца 79 адзінак твораў Язэпа Драздовіча.

 /i/content/pi/cult/180/1809/Hist2.jpg
Пасведчанне Беларускай школьнай рады, аформленаеЯзэпам Драздовічам, 1920 г.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры таксама не абмінуў 120-гадовы юбілей Язэпа Драздовіча: на спецыяльнай выстаўцы прадстаўлены два дываны 1939 года, а таксама цікавая скрыня больш позняга часу.

Але найбольш маштабны праект у межах святкавання 120-годдзя славутага творцы — выстаўка “Зямля і космас Язэпа Драздовіча” ў Доме-музеі І з’езда РСДРП. У аснову экспазіцыі былі пакладзены яго творы з фондаў Нацыянальнага музея гісторыі і культуры краіны, Нацыянальнага мастацкага музея, Музея старажытнабеларускай культуры, Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”, Дзяржаўнага літаратурнага мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Па задуме стваральніка канцэпцыі выстаўкі Юрыя Малаша прастора экспазіцыі падзяляецца на дзве часткі — зямлю і космас, — адпаведна на першым і другім паверхах. На экспазіцыі можна ўбачыць малавядомыя творы мастака, узоры графікі і разьбы па дрэве, планы-замалёўкі археалагічных раскопак Навагрудскага замка і, канешне ж, палотны, прысвечаныя космасу, у якіх выяўлены прадчуванні навуковых адкрыццяў.

За час шматгадовых даследаванняў дакументаў, звязаных з асобай Язэпа Драздовіча, сабрана і сістэматызавана амаль уся яго вядомая спадчына, што патрабуе выдання. Па словах намесніка дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Надзеі Усавай, праз два гады плануецца стварыць генеральны каталог работ Драздовіча ў электронным выглядзе, які будзе перададзены ва ўсе айчынныя бібліятэкі. Як адзначыла Надзея Усава, вялікую цікавасць да яго спадчыны праяўляюць і замежныя аматары жывапісу: у прыватнасці, наведвальнікі выстаўкі Язэпа Драздовіча ў Друскіненкаі і Вільнюсе выказалі вялікае захапленне ўбачаным. Таму сумнявацца ў папулярнасці нават самастойнага музея творцы, думаецца, не выпадае.


Канстанцін АНТАНОВІЧ