Код творчасці ў канцэнтраванай тэзе

№ 22 (1513) 29.05.2021 - 04.06.2021 г

Адной з асноўных мэт аб’яднання мастакоў у творчы саюз, паводле статута гэтага саюза, з’яўляецца актывізацыя выставачнай дзейнасці. Мастак можа думаць, што працуе выключна дзеля ўласнага задавальнення, альбо мець у прыярытэце матэрыяльны эквівалент сваёй працы, але, калі ён не мае сваёй глядацкай аўдыторыі, дык яго нібыта і няма. Не ў фізічным, зразумела, сэнсе, але як асобы сацыяльна значнай. Сённяшняе кіраўніцтва Беларускага саюза мастакоў доўжыць практыку, напрацаваную яшчэ да апошняга з’езда БСМ, калі выставы нацыянальнага маштабу ладзяцца не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Прыкладам можа быць нядаўняя рэспубліканская выстава да сумнай гадавіны Чарнобыля, арганізаная ў Гомелі. “К”, нагадаем, прысвяціла ёй разварот. Вось і зараз старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык ладзіць сваю персаналію ў Хойніках.

/i/content/pi/cult/852/18088/3.jpgРазгорнута выстава ў Хойніцкім краязнаўчым музеі. Назву мае “Жыццёвы код” з удакладненнем “26.04.21. 35 год”. Прысвечана, як не цяжка здагадацца, Чарнобыльскай катастрофе і жыццю пад знакам Чарнобыля.

Персаналія для аўтара з’яўляецца магчымасцю азірнуцца назад і падумаць пра будучыню, а для гледача — прасачыць, як выпрацоўваўся почырк і вылучаўся/фармаваўся вобразны лад, уласцівыя дадзенаму творцу. Уласны почырк, выразна адрозны ад іншых, у Глеба Отчыка выпрацаваўся дзякуючы не толькі прафесійнаму навучанню ў нашай Акадэміі мастацтваў, але і праз сацыяльны досвед, праз няпросты шлях ад жадання зарабляць на жыццё мастацтвам да рэальнага ўвасаблення гэтай мары. У адным са сваіх інтэрв’ю спадар Глеб згадаў наступнае. “Пасля заканчэння Акадэміі пачынаў з дэкаратыўнай тынкоўкі сцен, а грошы, што зарабляў такім чынам, укладваў у сваё творчае развіццё. Некалькі гадоў я правёў на будоўлі, перш чым нарэшце, атрымаў замовы на роспісы і фрэскі. Калі ў мяне не было магчымасці зарабляць мастацтвам, я не пераставаў пісаць — палова дня з тынкоўкай, астатні час з жывапісам. На апошнім курсе Акадэміі я наняўся ў “Керамін”, дзе распрацоўваў калекцыі пліткі. Мастак мусіць прайсці шлях да самога сябе як іспыт, толькі нехта праходзіць яго за два гады, а нехта  — за дваццаць.

/i/content/pi/cult/852/18088/4.jpgДазволю сабе меркаванне, што менавіта праца ў сферах часам вельмі далёкіх ад той, да якой яго рыхтавала Акадэмія, узбагаціла Глеба Отчыка панарамным бачаннем жыцця і адпаведным разуменнем ролі мастацтва ў жыцці, здольнасцю, дбаючы пра выразнасць, спалучаць у творчай працы чыннікі розных выяўленчых сістэм, не заганяць сябе ва ўмоўныя стылёвыя рамкі таго ці іншага мастацкага цэха, таго ці іншага канона. Плён гэтага досведу мы бачым і на выставе “Код жыцця”. Спадар Глеб — манументаліст, але тут ён выступае як жывапісец. Пры тым, што ступень выяўленчай умоўнасці, што прысутнічае ў гэтых станковых творах, дазваляе трансфармаваць іх у манументальныя аб’екты. А хтосьці знойдзе ў іх стылёвыя рысы, уласцівыя графічным аркушам.

Гэта толькі падаецца, што на карцінах адлюстраваны рэаліі звыклага сялянскага побыту, насамрэч гэта знакі страчанай прыроднай гармоніі і зламаных чалавечых лёсаў. Нават — знакі катастрофы касмічнага маштабу, да якой мы прызвычаіліся, побач з якой жывем. Намаляванае мастаком адбываецца ў нейкім паралельным свеце, за калючым дротам “зоны адчужэння”.

Глеб сам паляшук. Гомель — ягоная радзіма. Не чужыя для мастака і вёскі Гомельшчыны — і тыя, што зніклі з карты Беларусі пасля выбуху ў Чарнобылі, і тыя, якім пашчасціла вярнуцца да больш-менш усталяванага жыцця пасля катастрофы. Так што праігнараваць такую тэму мастаку не дазволіла ягонае сумленне. Ён папросту не мог не зрабіць такой выставы. Маштаб мастака вывяраецца, сярод іншага, яшчэ і тэмай, якую ён здольны ўзняць у сваёй творчасці. У гэтым сэнсе Глеб Отчык творца не толькі таленавіты і працавіты (і тое, і другое не такая ўжо і рэдкасць), але і сацыяльна адказны. А гэта сустракаецца значна радзей.

Ягоная трактоўка вечнай тэмы “малой радзімы” мае сёння трагічнае гучанне. Але код жыцця, які мастак вынес у назву сваёй персаналіі, такі, што цемра рознай ступені канцэнтрацыі ўсё адно мусіць саступіць святлу. Ведаючы Глеба як мастака і асобу, магу канстатаваць, што гэтая жыццесцвярджальная тэза таксама яму блізкая.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"