“Шкурная” цікавасць

№ 22 (1513) 29.05.2021 - 04.06.2021 г

П’еса “Шкура” нашай маладой аўтаркі Алёны Іванюшанка — зусім не пра скураныя вырабы. Жорсткая, балючая, яна пра ўзаемаадносіны ў асяроддзі падлеткаў дзявочымі вачыма. Перакладзеная на некалькі моў, выдадзеная ў анталогіі сучаснай беларускай драматургіі, яна атрымала безліч чытак у розных краінах свету, шэраг прэстыжных узнагарод. І, нарэшце, увасоблена сталічнай тэатральнай кампаніяй HomoCosmos, якая, у адпаведнасці са сваёй назвай, спецыялізуецца на даследаванні чалавека — асэнсаванні макра- і мікракосмасу яго фізіялогіі, душы і соцыуму.

/i/content/pi/cult/852/18087/2.jpgУ час абмеркавання, што па традыцыі адбылося пасля спектакля, рэжысёр Таццяна Траяновіч выказала думку, горача падтрыманую гледачамі, што спектакль пра падлеткаў павінен быць ім і адрасаваны. Пры цяперашнім азначэнні 18+ ён збірае пераважна маладзёжную аўдыторыю, для якой акрэсленыя праблемы — у нядаўнім мінулым ці ў аддаленай будучыні, калі да пераходнага ўзросту дарастуць іх дзеці. Бо спектакль — пра першыя памкненні і няўменне іх правільна выявіць. Пра гвалт і боязь адзіноты, пачуццё віны, што выхоўваецца ў дзяўчынках і штурхае іх да памылковых дзеянняў ці, наадварот, пакорлівай бяздзейнасці.

Вельмі важна тое, што спектакль цікавы не толькі ўзнятай тэмай, але і высокай мастацкасцю яе вырашэння. Прычым не праз звыклы лінейны паказ-пераказ сюжэта, а праз аздобленае асацыятыўнымі шэрагамі “прагаворванне” праблем, што не ператвараецца ў сумныя “гаворачыя галовы”. Дзяўчынкі шукаюць, пра што можна было б зняць кіно. У кожнай з іх — свая гераіня, і яны цалкам розныя. Таму размовы (дакладней, маналогі-дыялогі) пабудаваны як музычнае двухгалоссе: то ў выглядзе поліфанічнага канона, калі адзін голас паўтарае другі, толькі са спазненнем, то як працяг мелодыі рознымі салістамі, то як сумеснае “акордавае” выкладанне. Такое “прагаворванне” сваіх праблем, быццам усё здарылася з прыдуманай гераіняй, можа стаць своеасаблівай парадай для падлеткаў, як не баяцца выказваць свае страхі, перажыванні, дзяліцца імі з бацькамі.

Маладыя артысткі Карына Кузміцкая і Алена Барсукова працуюць бездакорна: запальваюць шалёнай энергетыкай, вымушаюць паверыць у “дакументалізм” жыццёвых гісторый, выклікаюць шчырае жаданне дапамагчы. Удалы мэдыякантэнт, створаны рэжысёрам разам з Аляксеем Кузміцкім, утрымлівае сугучныя аповеду “паралельныя” сусветы. Гэта бясконцыя школьныя калідоры, “размножаныя” ў безлічы “акенцаў” на экране. Паэтычна-ўзнёслая выява Мадонны — і змерзлыя босыя ногі на прыёме ў гінеколага як проза жыцця. Павук са злоўленай мухай. Матылёк, што не можа вырвацца да святла праз заслону празрыстага поліэтылену. Такія відэа, памножаныя на гукавыя эфекты, наўпрост вядуць гледача ад кліпавага мыслення, уласцівага сучаснай моладзі, да метафарычнага, на якім трымаецца мастацтва.

У выніку спектакль, пазбаўлены хоць якога ўціску павучальнасці, незаўважна для гледача набывае рысы тонкай, нязмушанай адукацыйнасці: вучыць “счытваць” мову тэатра і кіно, яе сучасныя мастацкія коды. Прыцягнуўшы кагосьці правакацыйнай назвай, кагосьці — азначаным жанрам “драма сталення”, спектакль можа стаць для гледачоў яшчэ і крокам да разумення мастацкіх з’яў, складаных па сваіх выразных сродках.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"