Лебедзі жывыя і механічныя

№ 22 (1513) 29.05.2021 - 04.06.2021 г

Прэм’ера балета “Лебядзінае возера” ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры Беларусі стала не проста працягам сезона, але і своеасаблівым падарункам гледачам напярэдадні дня народзінаў тэатра: 25 мая яму споўнілася 88.

/i/content/pi/cult/852/18086/1.jpgСама лічба 8 падобна ці то да кроплі, што падае на азёрную роўнядзь і паспявае ў ёй адлюстравацца, ці то да выгнутай лебядзінай шыі, таксама з адбіткам у вадзе. Чым не згадка пра пачатак першай лебядзінай сцэны ў нашым новым спектаклі? Бо менавіта такімі дзіўнавата драўлянымі “крэндзелямі” праплываюць птушкі ўздоўж задніку, быццам каб наўмысна звярнуць увагу на сваю “ненатуральнасць”: маўляў, лебедзі — не сапраўдныя. Так і ёсць: праз імгненне яны з’явяцца ў абліччы дзяўчын, зачараваных злым Ротбардам.

Насамрэч, з тымі драўлянымі выявамі ўсё куды прасцей: мастацкі кіраўнік тэатра, балетмайстар-пастаноўшчык Валянцін Елізар’еў імкнуўся па максімуму адрадзіць класічную версію балета, якая дасталася нам у спадчыну ад П.Чайкоўскага, М.Пеціпа, Л.Іванава: больш за стагоддзе таму скарыстоўваўся менавіта такі сцэнічны антураж. Але цяперашні спектакль не стаў цалкам “музейным”, аддаленым ад нас шкляной вітрынай сыходзячага часу. Сучасны струмень бачны адразу. Выразна, з магутнай кульмінацыяй гучыць Інтрадукцыя (дырыжор Уладзімір Авадок) — і на празрыстай суперзавесе з’яўляецца відэа Адэты. Пазней яно будзе і ў сцэне з Адыліяй, папярэджваючы Зігфрыда пра падмену (раней там крылцамі махала артыстка кардэбалета). Але гэта толькі знешняя прыкмета. Куды больш важна тое, што спектакль зайграў новымі фарбамі і сэнсамі.

Казачная гісторыя “пра нас” пераказана вельмі інтэлігентна, папраўдзе “высокім слогам”. Праўда, часам ён псуецца некаторымі крыўднымі дробязямі, але тыя, няма ніякага сумневу, праз некалькі паказаў знікнуць: іх пераможа засяроджаная, карпатлівая праца нястомных педагогаў-рэпетытараў з незаўсёды паслухмянымі азёрнымі птушкамі.

Пры ўсёй пазнавальнасці рускага балета, узнікае трывалае пачуццё, што дзеянне адбываецца ў выкшталцоным еўрапейскім асяродку. Пра тое сведчыць і гатычны палац на задніку (мастак — Вячаслаў Окунеў), і прыродныя адценні ў колеравым вырашэнні сцэнічных строяў, уключаючы кардэбалет, і пластыка герояў. Госці на паўналецці Зігфрыда танчаць надзвычай мякка, не “напаказ”, а для сябе — таксама еўрапейская рыса святкаванняў. Уладарная прынцэса (Таццяна Шаметавец) — папраўдзе шляхетная, з пачуццём уласнай годнасці, без аніякага нават намёку на пыхлівасць.

Дый Блазан ніколькі не падобны да “вясёлага дурня” рускага фольку. У інтэлігентным выкананні Канстанціна Героніка, які не імкнецца “цягнуць коўдру на сябе”, ён паўстае хутчэй мудрацом, што ведае сабе цану. Гэткім злёгку іранічным казачнікам, які і разгортвае перад намі гісторыю, тактоўна “падказваючы” астатнім іх ролі. Ён первым звяртае ўвагу на лебедзяў. Як дзіця, крыўдзіцца на Настаўніка прынца (Кірыл Фурман), што яго не ўзялі на паляванне. І пры гэтым так адчайна махае галавой, быццам прадбачыць далейшыя перыпетыі.

У балет вярнулася Адажыа першай сустрэчы Адэты і Зігфрыда, у час якога і нараджаецца паміж імі каханне. Людміла Уланцава — сапраўдная лябёдка з трапяткімі рукамі-крыламі, выразнай ступняй, “пражываннем” кожнай псіхалагічнай змены. Не заўважыць яе сярод безлічы гэтак жа апранутых лебедзяў — немагчыма.

А вось сцэна балю, дзе з’яўляецца Адылія, выглядае быццам “пазычанай” з іншага спектакля. Шляхетны звонку палац аказваецца даволі змрочным і “пустым” знутры (запомнім гэты выраз), з аздабленнем у стылі лофт і адчуваннем, што зараз пачнецца нейкі “баль вампіраў”. І сапраўды: прадчуванні нас не падманваюць. У Іспанскім танцы мы бачым не матэрыялізаваную жарсць, а світу Мефістофеля з адкрыта д’ябальскім пачаткам. Уладарная прынцэса мае не тое выхаванне, каб выставіць прэч няпрошаных госцяў. Яна толькі грэбліва-агідна-падазрона глядзіць на Ротбарта (каларытны ў гэтай партыі Эвен Капітэн), што прымайстроўваецца побач.

У валасах Адыліі здрадліва падмігваюць чырвоныя агеньчыкі. Але ў выкананні Людмілы Уланцавай яна не эфектная ракавая спакусніца, а прыгожая, добра складзеная лялька з рэзкімі рухамі, у якой няма шчырасці, “пуста ўнутры”. Вось толькі Зігфрыд, якога Арцём Банькоўскі малюе зусім маладзенькім неразумным хлопчыкам, не бачыць падмены. А яна крыецца не ў колеры балетнага пачаку — чорным ці белым, а менавіта ў гэтым унутраным напаўненні, у адчуванні таго, хто ж менавіта перад намі — жывы чалавек ці адладжаны механізм. Ці ж не філасофскае пытанне? І праблема выбару. Герой робіць яго без ваганняў, не задумваючыся. Ці не ў гэтым галоўная памылка?

Праз такія дэталі, скрозь тое эстэтычнае захапленне, што дорыць мастацтва балета, паўстае глыбокі этычны сэнс аповеду. Калі ён ёсць, не могуць перашкодзіць ні некаторыя хібы стомленага аркестра, ні раптоўнае знікненне характару Блазна, калі яго суправаджаюць дзве Шуціхі. Але самае цікавае — што з іншым складам артыстаў спектакль набывае іншы сэнс.

А цяпер падлічыце: Адэт / Адылій падрыхтавана сямёра, Зігфрыдаў — шасцёра. А будуць яшчэ і запрошаныя салісты! Бліжэйшае такое “Возера” з расійскімі зоркамі — 11 чэрвеня на адкрыцці “Балетнага лета ў Вялікім”. Багаты спектакль і на новыя імёны. Дар’я Мядоўская, да прыкладу, рыхтавала ў ім ажно пяць разнастайных партый, уключаючы і цэнтральную, і невялічкія сола.

Да таго ж, калі частка трупы паедзе з гэтым спектаклем на гастролі, можна будзе паглядзець новае “Лебядзінае возера” з ранейшай сцэнаграфіяй і касцюмамі — Эрнста Гейдэбрэхта. Хто памятае, яны ніколькі не горшыя, проста іншыя. Але ж тым тэатр і цікавы, што ўвесь час зменлівы і жывы.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"