Як Фенікс з попелу...

№ 21 (1512) 22.05.2021 - 29.05.2021 г

Лёс чэкіста-будаўніка, які адраджаў Мінск
Як вядома, пасля Вялікай Айчыннай вайны на галоўнай магістралі Мінска — Савецкай вуліцы — ацалела ўсяго каля дзясятка будынкаў. Усё астатняе ляжала ў руінах. Адразу ж пасля вызвалення горада ад акупантаў пачалося яе аднаўленне. Да гэтага былі прыцягнуты тысячы рабочых, будаўнікоў, інжынераў, праекціроўшчыкаў, архітэктараў. У 1952 годзе вуліца стала праспектам Сталіна. Маштабныя разбурэнні паставілі пытанне аб мэтазгоднасці аднаўленчых работ. Былі нават праекты аб будаўніцтве новага горада ў некалькіх кіламетрах ад руін старога, разбуранага Мінска. І ўсё-такі перамог пункт погляду пра адраджэнне сталіцы на ранейшым месцы.

/i/content/pi/cult/851/18085/14_2.jpgБудавалі зранены горад наноў у тры чаргі: першы, цэнтральны, участак ад плошчы Леніна да Круглай плошчы (каля 3 кіламетраў), другі — ад Круглай плошчы да будучый плошчы Калініна (2,7 кіламетра) і трэці — ад плошчы Калініна да ўезда ў горад з боку Маскоўскай шашы. І 8 кастрычніка 1944 года ў Мінску прайшоў першы шматтысячны нядзельнік. Пасляваенная забудова галоўнага праспекта сталіцы можа служыць прыкладам архітэктурнага стыля, вядомага як “сталінскі ампір”. Ён разумее пад сабой некалькі стылей, якія маюць агульныя рысы, зусім не падобныя да іншых кірункаў у архітэктуры Расіі і замежных краін. Гэта і з’явілася прычынай таго, што 18 студзеня 2002 года праспект Незалежнасці (ад Галоўпаштамта да вуліцы Казлова, а далей — будынкі выбарачныя) быў унесены ў Дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як унікальная горадабудаўнічая магістраль, што не мае аналагаў у еўрапейскім урбаністычным дойлідстве. Успомнім, гэты самы праспект і яго “сталінскі ампір” у свой час разглядаўся як прэтэндэнт на ўнясенне ў Спіс UNESCO, а значыць — мог бы ўвайсці ў сусветную спадчыну архітэктурных рарытэтаў планеты. На жаль, канешне, але цяпер наўрад ці ўвойдзе з-за пэўных навабудаў…

Сярод шматтысячнай арміі, што адрадзіла з попелу Мінск — горад-герой, горад-інтэлектуал, горад-прыгажун, асаблівае месца належыць Валянціну Аляксандравічу Несцераву, чалавеку незвычайнага лёсу, з імем якога звязана паваеннае нараджэнне многіх беларускіх гарадоў і, перш за ўсё, цэнтра нашай сталіцы.

З 89-ці гадовым палкоўнікам у адстаўцы Несцеравым мяне пазнаёміў тагачасны супрацоўнік Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязей Камітэта дзяржаўнай бяспекі Артур Стрэх. Нагода была сапраўды паважная: тады клуб імя Ф.Э.Дзяржынскага, што на вуліцы Камсамольскай, урачыста адзначаў 60-годдзе, а будаваў гэты клуб, як і сам гмах КДБ, якраз Валянцін Аляксандравіч.

І вось я разам з фотакарэспандэнтам Юрыем Івановым — у кватэры ветэрана, у доме № 16 па праспекце Незалежнасці — акурат насупраць будынка Камітэта дзяржбяспекі. Шчыра кажучы, ідучы да Несцерава, я знаходзіўся ў пэўнай збянтэжанасці — усё ж узрост сур’ёзны, ды і прафесія чэкіста, па маім меркаванні, не вельмі спрыяла адкрытай размове. Але нас ветліва сустрэў моцны, энергічны і проста прыгожы мужчына, які літаральна праз пару хвілін выклікаў прыхільнасць і сардэчны давер.

Некалькі гадзін доўжылася мая першая гутарка з Валянцінам Аляксандравічам. Потым я прыходзіў яшчэ двойчы. З цікавасцю разглядаў сямейны альбом з фотаздымкамі, Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР розных гадоў, узнагароды КДБ і пагранвойскаў, два ордэны Чырвонай Зоркі, ордэн Знак Пашаны, шмат медалёў… Вось фатаграфія аж 1894 года: уральскі горад Кунгур, малая радзіма майго героя. Бацька — чыгуначнік, мама — хатняя гаспадыня. Яшчэ фатаграфія — год 1919-ты — таксама бацькі. У гэтым годзе нарадзіўся іх сын Валька...

Роўна праз 20 гадоў Валянцін Несцераў атрымаў дыплом Свярдлоўскага будаўнічага тэхнікума. А яшчэ праз дзевяць гадоў, у 1948-м — ён ужо ў Мінску — інжынер-будаўнік, старшы лейтэнант МДБ. Аднак я забег наперад … Дык вось, 1939 год. Пасля заканчэння тэхнікума Валянцін аказваецца ў Ленінградзе на кароткатэрміновых курсах удасканальвання інжынераў і тэхнікаў-будаўнікоў Ваенна-марскога флоту. Атрымаўшы званне ваентэхніка-будаўніка 2-га рангу, Несцераў накіроўваецца на Далёкі Усход для ўмацавання Ціхаакіянскага ўзбярэжжа ад магчымай буйнамаштабнай агрэсіі з боку Японіі. Нядаўнія падзеі на возеры Хасан былі яшчэ ў памяці. І вось ля Магадана рота будаўнікоў пад кіраўніцтвам Несцерава ў 30-градусны мароз распачынае будаўніцтва берагавых супрацькарабельных батарэй: капаніраў для гармат, гарнізонных казарм, падземных сховішчаў боепрыпасаў, электрастанцыі.

Калі пачалася Вялікая Айчынная, работы прадоўжыліся ва ўзмоцненым рэжыме. Са Свярдлоўска прыехала да Валянціна Несцерава маладая жонка Нона Віктараўна, сапраўдная “дзекабрыстка”: яе не спынілі ні доўгая стомная дарога “на край свету”, ні холад, ні сціплыя бытавыя ўмовы. Пад Магаданам жылі ў фанернай палатцы: ратавала “буржуйка” ды двухметровая тоўшча снегу, наваленая салдатамі на палатку для ўцяплення. Бедны паёк дапаўняла рыба — кета і гарбуша, а таксама мядзведзіна, яйкі чаек і гагар, здабытыя ў скалах, ды спірт. І так — да канца 1942 года. Потым будаўнічую роту Несцерава пагрузілі на карабель і па моры з Магадана накіравалі ва Уладзівасток. Праз некалькі месяцаў частку, дзе служыў Несцераў, па чыгунцы ў чырвоных вагонах кінулі праз усю Расію на захад, у Наўгародскую вобласць, пад горад Холм. Жонка Нона засталася да лепшых часін ва Уладзівастоку.

/i/content/pi/cult/851/18085/14_1.jpg

Так Валянцін Аляксандравіч трапіў у склад 21-й асобнай лыжнай марской брыгады 1-й Ударнай арміі Паўночна-Заходняга фронту, якім тады камандаваў генерал-лейтэнант Іван Конеў. Ішоў 1943 год. Тут, на рацэ Ловаць, што за сотню кіламетраў ад Старой Русы, камандзір сапёрнага ўзвода, ваенны тэхнік 2-га рангу Несцераў прыняў свой першы бой. Тут асвоіў і новую прафесію падрыўніка. Аднак брыгаду так пашкуматала ў жорсткіх баях, што яе прыйшлося расфарміраваць, а рэшткі адправіць на ўкамплектаванне другіх частак.

Несцераў аказаўся ў Свярдлоўску на курсах “Выстрал”, дзе рыхтавалі камандзіраў рот і батальёнаў. Чатыры месяцы праляцелі як адзін дзень. Здавалася, мара трапіць хутчэй на фронт вось-вось ажыццявіцца. Але тут здарылася непрадбачанае: востры прыступ апендыцыту, няўдалая аперацыя, і ў выніку — перытаніт! Замест фронту — інваліднасць, і — бывай, армія! Камісавалі, як кажуць, начыста...

Несцерава вывезлі на Урал, у горад Камышлоў Свярдлоўскай вобласці, дзе ў той час ужо шмат гадоў жылі яго бацькі. Уладкаваўся ваенкіраўніком у педвучылішча, але праз пару месяцаў, на пачатку лютага 1944 года, новаспечанаму педагогу прапанавалі паслужыць радзіме ў органах дзяржбяспекі.

 

Валянцін Несцераў: “Быць чэкістам лічылася ганаровым, але ўсё роўна я доўга не даваў згоды, бо, апрытомнеўшы ад хваробы, імкнуўся толькі на фронт, дзе як падрыўнік і будаўнік мог бы прынесці больш карысці Айчыне. А чым канкрэтна я буду займацца ў Наркамаце бяспекі, мне не сказалі. Але, урэшце, мяне ўгаварылі, пераканалі, што адпаведная майму профілю работа для мяне знойдзецца...”

Так яно і адбылося. Загартаванага афіцэра з вопытам работы са ўзрыўчаткай рыхтавалі для закідкі ў Беларусь, у тыл ворага, каб навучаць партызан дыверсійнай і выбуховай справе. Але пакуль ішла падрыхтоўка, фронт імкліва каціўся на захад, і Несцераў замест варожага тылу трапіў у толькі што вызвалены Гомель у распараджэнне НКУС БССР.

 

Валянцін Несцераў: “Мінск яшчэ не быў вызвалены. Але ўсё ішло да таго. Неяк выклікаў мяне Лаўрэнцій Цанава. У той час ён быў наркам (з 1946-га — міністр) дзяржбяспекі БССР, генерал-лейтэнант, камісар 2-га рангу, а ў час вайны кіраваў асобымі аддзеламі Заходняга і Цэнтральнага франтоў, быў намеснікам камандуючага 2-м Беларускім фронтам. Словам, асоба вельмі няпростая... Выклікаў і кажа: бяры 15 чалавек будаўнікоў — рэзервістаў-оперупаўнаважаных і кіруйся ў Добруш. Тэрмінова трэба там пабудаваць... кароўнікі і свінарнікі. І вось я, старшы лейтэнант дзяржбяспекі, больш як два месяцы ўкалваў на гэтай “ударнай будоўлі”. Што ж, таксама патрэбная справа... А калі вызвалілі Мінск, мяне адразу накіравалі ў разбураную сталіцу на ўзнаўленне...”

Цэнтр горада, з 3 ліпеня 1944 года — вуліца Савецкая, будучы праспект Сталіна (пры акупацыі называлася Гауптштрассе, потым незадоўга да вызвалення сталіцы ад фашыстаў перайменавана акупацыйнай адміністрацыей Беларускай Цэнтральнай Рады ў вуліцу 25 сакавіка), практычна цалкам ляжаў у руінах, відовішча было вельмі сумнае.

Несцераў, седзячы ў наркамаце, які тады знаходзіўся на плошчы Свабоды, разважаў: колькі ж спатрэбіцца часу, сіл і сродкаў, каб літаральна з попелу адрадзіць гэты горад? І першым для яго заданнем ад Цанавы было тэрмінова адбудаваць для яго дом у Сцяпянцы. Дакладна такі ж, якім ён быў да вайны. Аказваецца, у час акупацыі гэты дом аблюбаваў нейкі нямецкі генерал, але перад штурмам горада нашымі войскамі ён папросту яго падарваў. Несцераву далі ў дапамогу сотню рабочых, і за кароткі час “загарадная рэзідэнцыя” для Цанавы была ўзноўлена ў першасным выглядзе. Дарэчы, менавіта тут, у двары дачы, 12 студзеня 1948 года Саламон Міхоэлс быў забіты, а яго труп выкінуты на Беларускую вуліцу насупраць стадыёна “Дынама”. Быццам бы яго выпадкова пераехаў грузавік. Пасля смерці Сталіна і выкрыцця Берыі ў пачатку красавіка 1953 года Лаўрэнцій Цанава быў арыштаваны разам з групай “подельников” і кінуты ў Бутырскую турму, дзе ў час жорсткіх дапытаў памёр у кастрычніку 1955 года. Хоць ёсць версія, што ён скончыў жыццё самагубствам.

/i/content/pi/cult/851/18085/15_1.jpg

Двухпавярховы дом былога кіраўніка МДБ Цанавы, “Лаўрэнція Другога”, як яго клікалі, — праіснаваў да 2005-га, пакуль праз шэсць гадоў не згарэў. Праўда, ацалелі ў курадыму фрагменты фасаду, унутраных сцен, пакояў. Але ўсё гэта было ў брудзе і смецці — сапраўдны бамжатнік, запоўнены пустымі бутэлькамі і акуркамі. І ў ліпені 2011 года па распараджэнні гарадскіх улад рэшткі былога змрочнага прыстанку берыеўскага ката былі знесены і зраўняны з зямлёй. Не ведаю, ці даведаўся пра гэта Валянцін Аляксандравіч? І наогул, не ведаю, як ён адносіўся да таго, напрыклад, што ягоны шэф перад вайной быў арганізатарам масавага расстрэлу больш як чатырох тысяч зняволеных у Заходняй Беларусі? І што Цанава нашых лепшых пісьменнікаў, уключаючы Коласа, Купалу, Лынькова, Броўку, Куляшова, у канцы 30-х у дакладной запісцы Берыі прама называў “фашыстамі-нацыяналістамі”? На жаль, я тады такія пытанні майму суразмоўцы не задаваў...

...Наступным заданнем для Несцерава была рэканструкцыя Круглай плошчы, цяпер — плошча Перамогі, а першы ўзноўлены дом — насупраць сённяшняга кафэ-рэстарана “Бярозка”. Потым было шмат іншых яго “дзецішчаў” па праспекце, у тым ліку і дом № 16, у якім я 13 гадоў таму тройчы сустракаўся з ім і з яго прыгожай жонкай Валянцінай Віктараўнай, здабываючы эксклюзіўную інфармацыю для газеты “Культура”.

Будынкі на вуліцах Маркса, Камсамольскай, Кірава таксама звязаныя з яго імем і справамі. Найбольш адказнымі аб’ектамі Несцерава сталі адміністрацыйныя карпусы сённяшніх МУС і КДБ, клуба імя Ф.Э. Дзяржынскага, стадыён “Дынама”, драўляны цырк на тэрыторыі сённяшняга парку імя Горкага. Усё будаўніцтва ішло пад пільным вокам Лаўрэнція Цанавы, які на той час меў у Беларусі амаль неабмежаваную ўладу. І які асабіста адбіраў і зацвярджаў праекты будучых аб’ектаў.

Валянцін Несцераў: “Будаваць тады не было з чаго. Будматэрыялы, шыфер, цэглу, трубы, цвікі прыходзілася збіраць, як кажуць, па крупінках. Было цяжка. Але ніякіх затрымак і адгаворак Цанава не цярпеў. Быў вельмі патрабавальным і строгім міністрам. Узнагароджваў і мілаваў сам. Мог выклікаць сярод ночы любога афіцэра ці начальніка будаўнічага ўчастка, і калі хто “праштрафіўся”, — тут жа адпраўляў яго на пошукі будматэрыялаў па ўсім Савецкім Саюзе”.

Кіпучая энергія і высокая адказнасць Несцерава за даручаную справу не засталіся незаўважанымі: неўзабаве яго прызначылі намеснікам начальніка гаспадарчага ўпраўлення МДБ БССР па будаўніцтве. У абавязкі ўваходзіла будаўніцтва не толькі ў Мінску, але і ў Гомелі, Віцебску, Магілёве, Шклове, Бабруйску. Але асабліва ўважліва Цанава сачыў за ходам узвядзення манументальнага комплексу МДБ.

Я даўно чуў гарадское паданне пра тое, што вежа над правым крылом будынка КДБ пабудавана па загадзе Цанавы для таго, каб адтуль ён мог назіраць за ходам футбольных матчаў на стадыёне “Дынама” без адрыву, так бы мовіць, ад службовых спраў. Спытаў аб гэтым Валянціна Аляксандравіча.

Валянцін Несцераў: “Лухта. Выдумка. Так, Цанава сапраўды любіў футбол, як, зрэшты, і балет. Але гэтая вежка з запланаваным вянцом-шпілем на ёй, кшталту шпіля над Адміралцействам у Ленінградзе, была закладзена яшчэ ў першапачатковым праекце архітэктара Генадзя Баданава, які, дарэчы, тады праектаваў і будаўніцтва Цэнтральнай плошчы. Аднак адсутнасць адпаведных сродкаў на завяршэнне гэтага “цуду” тады не знайшлося, і цяпер гэтая вежка пустуе...”

Вядомы архітэктар Вальмен Аладаў мне расказваў, што тагачасны кіраўнік архітэктурна-планіровачнай майстэрні інстытута “Белдзяржпраект” Уладзімір Кароль спрабаваў пярэчыць усёмагутнаму міністру, маўляў, гэта будзе супярэчыць законам сіметрыі. “Вось што, таварыш Кароль, — грозна адказаў Цанава. — У Беларусі ўсё падпарадкоўваецца аднаму закону — закону Цанавы. У архітэктуры, магчыма, ты і кароль, а тут кароль я. І пастарайся, каб вежачка атрымалася прыгожай. І на гэтым кропка”.

З клубам імя Ф.Э. Дзяржынскага звязана яшчэ адна цікавая гісторыя. У пачатку снежня 1947 года будаўніцтва адміністрацыйнага будынка МДБ і клуба, у асноўным, было завершана, і супрацоўнікі пераехалі сюды з плошчы Свабоды, хоць работы па добраўпарадкаванні каналізацыйнай сістэмы і прылеглай тэрыторыі яшчэ працягваліся.

У клубе таксама закончыліся галоўныя будаўнічыя работы, якія вяліся пад кіраўніцтвам Несцерава. Заставалася ўнутраная аздоба памяшкання, усталяванне асвятлення і тынкоўка. Былі адліты гіпсавыя блокі-разеткі (кожная — вагой у 200 кілаграмаў!), а замацоўваліся яны на драўлянай столі спецыяльнымі шрубамі. Скульптары Заір Азгур і Андрэй Бембель завяршалі на партале круглыя барэльефы з адлюстраваннем балерын (прататыпамі сталі артысты Тэатра оперы і балета). Але да 1 мая 1948 года — дня ўводу клуба ў эксплуатацыю — патрэбна было яшчэ шмат чаго зрабіць, хоць і працавалі ў дзве змены.

/i/content/pi/cult/851/18085/15_2.jpg

Валянцін Несцераў: “...Распавяду пра такі выпадак. Клуб ужо быў гатовы да здачы, але адсутнічала электраправодка, хоць стаякі ўжо былі ўсе адкрыты для яе пракладкі. Я — да палкоўнікаў-забеспячэнцаў, кажу: няма правадоў. Яны: “Нічога, знойдзем. Толькі таварышу Цанаве — ні слова”. Але правадоў усё няма. А Лаўрэнцій Фаміч мяне выклікае — раз, другі, трэці. Я не вытрымаў, паведаміў, што справа з электрычнымі правадамі пакуль з месца не зрушыла, і таму я не магу закончыць аддзелачныя работы. Раз’юшыўся міністр імгненна (а справа адбывалася, як заўжды, ноччу) выклікаў да сябе афіцэраў, і раніцай усе яны, разгубленыя і паніклыя, раз’ехаліся шукаць матэрыял: хто — у Рыгу, хто — у Ташкент, хто — у Маскву. І хутка ўсё прывезлі. Справа заставалася за свяцільняй. Мяне паслалі ў Рыгу, дзе за тры дні мясцовыя ўмельцы вырабілі прыгожую жырандоль са спецыяльнага дарагога шкла. Але так здарылася, што на зваротным шляху (свяцільню я вёз на студэбекеры) цэнтральнае шкло разбілася. Мой стан на той момант цяжка апісаць. Да таго ж, усюдыісны начальнік будаддзела Штыляеў паспеў штосьці пранюхаць і данесці Цанаве: маўляў, люстра, канешне, па маёй віне, прыйшла ў непрыгоднасць і ў тэрмін дастаўлена не будзе. Міністр позна ўвечары выклікаў мяне “на дыван”: пакажы люстру. Я, з цяжкасцю захоўваючы спакой, спаслаўся на тое, што кладаўшчык пайшоў ужо і да раніцы яго не будзе, так што люстру змагу паказаць толькі заўтра. На маё шчасце, міністр пагадзіўся пачакаць. На досвітку я памчаўся ў Оперны тэатр, сустрэўся з мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам тэатра Анісімам Міхайлавічам Бронам. Расказаў што і як. Праблем не было: у тэатральнага кіраўніцтва “вымяняў” на бухту каната неабходны мне фрагмент шкла (аналаг яго, я ведаў, у тэатры быў). Майстар па мантажы, латыш, якога я прывёз з Рыгі, імгненна прывёў усё ў парадак і без усялякіх затрымак падвесіў да столі залы жырандолю. У гэты ж дзень, 29 красавіка 1948 года, міністр агледзеў яе і застаўся задаволены. А Штыляева за “няверную інфармацыю” зняў з пасады і адправіў працаваць у Гомель. Але пра ўсё гэта я даведаўся значна пазней. Да слова сказаць, сёння (гаворка ішла ў канцы красавіка 2008 года. — Б.К.) у клубе практычна ўсё, акрамя, безумоўна, драпіровак, заслоны, крэслаў і колеру, засталося, як і было тады, 60 гадоў таму. У 1970-м, перад выхадам на пенсію, я яшчэ раз праверыў мацаванне люстры — усё было ў парадку...”

Мяне даўно хвалявала тэма нямецкіх ваеннапалонных у аднаўленні разбуранага фашыстамі Мінску. Кулуарныя размовы пра гэта даўно хадзілі сярод людзей у 60 — 70-я гады, і на тое было шмат жывых сведкаў. Асабіста мне пра гэта расказвалі журналісты і мастакі Уладзімір Бойка, Тамара Абакумоўская, Валянцін Тарас, Міхаіл Станюта, Анатоль Тычына, Андрэй Бембель, Май Данцыг, мая цешча Соф’я Гаравец-Крушынская... Але ў афіцыйнай прэсе пра гэта практычна не гаварылася. Вось я і задаў Несцераву такое далікатнае пытанне.

Валянцін Несцераў: “А што тут незразумелае? Пасля вайны не хапала рабочых рук, каб аднавіць усе разбураные вайной будовы і прамысловыя прадпрыемствы: у нас на фронце былі вялікія чалавечыя страты, а дэмабілізацыя яшчэ не закончылся. Таму і выкарысталі рэсурс ваеннапалонных. Першая партыя немцаў прыбыла ў Беларусь у жніўні 1944-га. Спачатку іх размясцілі ў Бабруйскім лагеры, у Барысаве і Оршы. Потым яны з’явіліся ў Мінску — на тэрыторыі Масюкоўшчыны, на месцы сённяшняга корпуса “Гарызонта”, а таксама на тэрыторыі сучаснага сквера Янкі Купалы і ў раёне Асмалоўкі, дзе яны вельмі якасна будавалі дамы. Усяго ў Беларусі, пад эгідай Галоўнага ўпраўлення па справах ваеннапалонных і інтэрніраваных пры МУС СССР, налічвалася штосьці каля 80 — 90 тысяч. Жылі яны ў бараках: слупы, калючы дрот, вышкі з салдатамі-ахоўнікамі. Прыкладна адзін канваір на 15 палонных.

Трошкі пазней з Германіі і краін, якія ваявалі на яе баку, прывезлі інтэрніраваных немцаў, аўстрыйцаў, італьянцаў — так званых “вестэрбайтараў”, сярод якіх былі кваліфікаваныя інжынеры, будаўнікі, электрыкі, страхары, муляры, штукатуры, чырвонадрэўшчыкі. У нас жа такіх спецыялістаў пакуль было вельмі мала.

Што тут скажаш, працавалі яны якасна. Напрыклад, кроквы на іх дахах і зараз не патрабуюць замены. Ці драўляныя паўкруглыя вокны — гэта ж ювелірная работа! Ну, а калі канкрэтна... Немцы ўдзельнічалі ў закладцы фундамента і ўзвядзенні сцен ГУМа, пабудавалі большасць шлакаблочных баракаў, малапавярховыя шматкватэрныя жылыя дамы, удзельнічалі ў будаўніцтве трактарнага завода, Круглай плошчы, штаба БВА, жылля ў Горным завулку (раён Ваенных могілак) і гэтак далей. І што цікава: жыхары Мінска, асабліва чуллівыя, спагадлівыя нашы жанчыны, адносіліся да ваеннапалонных вельмі лаяльна. Абдорвалі іх кавалачкам пайкавага хлеба ці цукру, сухарамі, фруктамі. Нашы ахоўнікі глядзелі на гэта скрозь пальцы... Я заўсёды здзіўляўся вялікадушнасці нашых людзей, якія прайшлі фронт і партызанскія блакады, бамбёжкі, холад і голад, бо дзяліліся ж апошнім... Такога я больш нідзе не сустракаў... Паступова палонных “будаўнікоў” Мінска і іншых нашых гарадоў рэпатрыіравалі на радзіму, і прыкладна да 1950-га года іх на нашай тэрыторыі практычна не засталося...”

У час нашай апошняй, трэцяй размовы я запытаўся ў Несцерава пра тое, як склаўся яго далейшы лёс. І ён расказаў, што ў 1959 годзе скончыў завочна будаўнічы факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута. Дарэчы, пасля развянчання культу асобы на ХХ з’ездзе партыі яму было загадана знішчыць гіпсавую статую Сталіна аўтарства Андрэя Бембеля, якая ўпрыгожвала вестыбюль клуба Дзяржынскага. Аднак скульптуру ён не знішчыў: загадаў рабочым распілаваць яе на тры часткі і акуратна скласці ў падваротні. Падумаў тады: а мо і спатрэбіцца... Хтосьці з разумнікаў пажартаваў: прыбіраючы помнікі, захоўвайце пастаменты — заўжды спатрэбяцца... Дзе цяпер фрагменты той скульптуры — невядома. Пакуль страчаны бюст правадыра не спатрэбіўся...

Мая апошняя размова са старым чэкістам закончылася познім вечарам. Валянцін Аляксандравіч паказаў сваю ўтульную кватэру, дарэчы, атрыманую яшчэ ў тыя часы ад МДБ БССР, распавёў пра сваю сям’ю, пра першую жонку Нону Віктараўну, якая памерла ад інсульту ў 1992 годзе, пра сына Лёву, які ў тыя часы працаваў загадчыкам кафедры цеплагазазабеспячэння і вентыляцыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. А яшчэ — пра трох малодшых братоў, якія мужна змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай. Радавы Мікалай Несцераў, самы малодшы, загінуў на Курскай дузе. Міхаіл, баявы лётчык бамбардзіровачнай авіяцыі, загінуў смерцю храбрых у паветраных баях за Беларусь. Леанід, былы танкіст, падпалкоўнік, пайшоў з жыцця ў 2005 годзе ад цяжкай хваробы...

І вось прайшоў час — цэлых 13 гадоў пасля тых памятных сустрэч са знакамітым будаўніком-чэкістам Валянцінам Несцеравым, бяседу з якім я тады надрукаваў у “Культуры”. Літаральна на днях, калі рыхтаваў матэрыял, патэлефанаваў Артуру Стрэху, які сёння працуе памочнікам кіраўніка Беларускай натарыяльнай палаты. Ён сказаў, што Несцерава ўжо няма ў жывых. Але добрая памяць пра яго застаецца.

Шмат чаго з тых размоў з Несцеравым, зафіксаванае ў маім блакноце, так бы мовіць, было пакінута “за кадрам” тагачаснага матэрыялу. І праглядаючы запісы сёння, падумаў, што яны маглі бы быць карыснымі і для сучасных чытачоў, асабліва для тых, хто цікавіцца ўнікальнай гісторыяй пасляваеннага Мінска. Што я і зрабіў.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"