“Усе яны — марыянеткі”. Нават людзі, або Красамоўна-“гаваркое” ювелірнае маўчанне

№ 42 (860) 18.10.2008 - 24.10.2008 г

Тое, чаго чакалі доўгіх дзевяць гадоў, урэшце адбылося: у Мінску сабраліся лепшыя лялечнікі свету, каб на дзесяці мовах расказаць аб тым, якімі шляхамі сёння развіваецца еўрапейскі тэатр лялек. На V Беларускім міжнародным фестывалі тэатраў лялек было паказана 24 спектаклі знакамітых калектываў. Яны яшчэ раз пацвердзілі ходкае на пачатку новага тысячагоддзя меркаванне: гэты адметны від мастацтва цяпер значна апярэджвае драму ў пошуках новых сродкаў выразнасці, з дапамогай якіх раскрываецца шматаблічная тэма існавання чалавека ў сучасным свеце.

Дзякуючы намаганням арганізатараў — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінгарвыканкама і Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек — узноўлены фестываль захаваў надзвычай цёплую і добразычлівую атмасферу, якой ён славіўся ў 1990-ыя гады. Адмовіўшыся ад афіцыйнага падыходу да ўрачыстага адкрыцця, ад журы і звыклага конкурсу з “раздачай сланоў” напрыканцы, форум сапраўды ператварыўся ў свята тэатра. “Круглыя сталы” з удзелам крытыкаў замянілі сустрэчы рэжысёраў, акцёраў і журналістаў у кавярні, дзе праходзілі гарачыя абмеркаванні толькі што пабачанага.
Асаблівы шарм фестывалю надавалі выступленні музычных гуртоў, якія штодня завяршалі насычаную праграму тэатральных паказаў. Дарэчы, музыканты непасрэдным чынам звязаны з лялькамі: салістка фрык-кабарэ-бэнда “Серебряная свадьба” — рэжысёр сталічнага тэатра лялек Святлана Залеская-Бень, салістка гурта “Дзецідзяцей” — артыстка Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык, якая вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці “Акцёр тэатра лялек”, а калектыў “Порт МАНЭ” запісваў музыку да спектакля “Пясочны замак” у пастаноўцы Аляксея Ляляўскага.
Але, безумоўна, галоўнымі ў гэтыя дні былі самі пастаноўкі, з якіх склалася дзівосная мазаіка сучаснага лялечнага працэсу. Кожная з іх уяўляла сабою адметную грань мастацтва і дэманстравала, як сёння тэатр можа выкарыстоўваць розныя сістэмы лялек ці ўвогуле абыходзіцца без іх, беручы за аб’ект аніміравання самога чалавека, як можа сціраць межы, што яшчэ нядаўна падзялялі глядацкую залу і акцёраў, ды выводзіць дзеянне за рамкі сцэны, актыўна ўключаючы ў яго публіку.

“Казка” долі на літаратурным падмурку

За апошнія дзевяць гадоў складана ўзгадаць, каб беларускія лялечнікі збіраліся разам гэткай прадстаўнічай камандай: для ўдзелу ў фестывалі ў Мінск прыехалі бадай усе вядучыя калектывы рэспублікі, за выключэннем хіба Магілёўскага тэатра лялек. На прэс-канферэнцыі напярэдадні лялечнага форуму дырэктар фестывалю Яўген Клімакоў зазначыў, што прагляд на працягу шасці дзён дасць магчымасць гледачам ацаніць, што ўяўляе з сябе беларускі тэатр лялек у еўрапейскім кантэксце.

 /i/content/pi/cult/180/1808/Lyalki3.jpg

“Памінальная малітва” Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек (Беларусь).

Два з шасці беларускіх калектываў прадставілі ў фестывальнай афішы казкі для дзяцей. Гаспадары — Беларускі дзяржаўны тэатр лялек — замест абяцанай “Балады аб белай вішні” (прэм’ера спектакля перанесена на канец кастрычніка) адкрывалі фестываль “Сіняй птушкай” Морыса Метэрлінка. Спектакль гэты стаў яскравай ілюстрацыяй такога распаўсюджанага ў сучасным еўрапейскім мастацтве, але новага для беларускага тэатра накірунку, як тэхналагічны тэатр.

Відэапраекцыя і флэш-анімацыя ў рэжысуры Аляксея Ляляўскага перасталі быць толькі прыгожымі эфектамі, а сталі паўнавартаснымі элементамі спектакля, якія на роўных з лялькамі пачалі раскрываць сэнсавыя нюансы і сюжэтную лінію.

Як паказаў фестываль, падобныя мультымедыйныя падыходы сёння вельмі папулярныя ў Еўропе.

Віктар Клімчук з Беларускага тэатра “Лялька” не звяртаўся да дасягненняў найноўшых тэхналогій, але пабудаваны на выдатным спалучэнні жывога і лялечнага планаў спектакль “Чорная курыца, або Падземныя жыхары” паводле вядомай казкі Антонія Пагарэльскага не пакінуў абыякавым ніводнага маленькага гледача. Увага публікі факусіравалася на ювелірнай працы акцёраў з марыянеткай, і ў гэтым не было роўных Юрасю Сяменчанку: у невялікай ролі Дырэктара ягоная лялька нават у маўчанні была настолькі красамоўна-“гаваркой”, што часам захоплівала гледача больш, чым галоўны герой хлопчык Алёша.

Зрэшты, класічны літаратурны матэрыял стаў падмуркам для творчасці ўсіх беларускіх лялечнікаў — у адрозненне ад замежных тэатраў, якія часцей за ўсё ўвасаблялі на сцэне свае аўтарскія канцэпцыі. Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек, напрыклад, прывёз “Памінальную малітву” Рыгора Горына. Запрошаны з Расіі рэжысёр Рыгор Гольдман паставіў славутую трагікамедыю на сцэне тэатра лялек упершыню. На жаль, знакавасць самога драматургічнага матэрыялу згуляла злы жарт: аўтары захапіліся тэкстам і не змаглі адысці ад яго так, каб літаратура ператварылася ў паўнавартаснае дзейства з уласнымі метафарамі і глыбінным падтэкстам. Некалькі сакавіта зрэжысіраваных сцэн толькі падкрэслілі, як мудрай п’есе не ставала сапраўды яскравага жыцця ў тэатральным увасабленні.

Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка” прадставіў яшчэ адзін вядомы твор — “Голага караля” Яўгена Шварца. У трактоўцы рэжысёра Мікалая Андрэева пранізлівая гісторыя таго, як згодлівасць і боязь перад “уладарамі” можа быць даведзена самімі людзьмі да абсурду, ператвараецца ў “народную эратычную камедыю”. Але публіка аказалася не гатовай ўспрыняць падобны эксперымент, у чым былі віна адміністратараў фестывалю, якія прадавалі білеты на “дарослы” спектакль у асноўным маці з маленькімі дзецьмі. Можа таму, не адчуваючы дыялога з глядзельнай залай, акцёры не змаглі прадэманстраваць зладжаны ансамбль. Спектаклю відавочна бракавала сыгранасці.

Галоўны рэжысёр Гродзенскага тэатра лялек Алег Жугжда на сённяшні дзень з’яўляецца адным з самых запатрабаваных айчынных рэжысёраў-лялечнікаў. Яго добра ведаюць у Еўропе, куды Жугжда не раз прыязджаў у якасці пастаноўшчыка, ды і на Беларусі амаль няма такога тэатра лялек, у афішы якога не сустракалася б прозвішча гэтага рэжысёра. Таму не дзіўна, што на гэтым міжнародным фестывалі сустрэліся дзве пастаноўкі Алега Жугжды. “Паляванне на зубра” ў фестывальнай афішы прадставілі брэстаўчане. Праз успрыманне сучасных наведвальнікаў Белавежскай пушчы Жугжда яшчэ і як аўтар п’есы паводле знакамітай “Песні пра зубра” Міколы Гусоўскага раскрывае тыя падзеі, што адбываліся ў эпоху Адраджэння.

Рэжысёр стварае тканіну спектакля з мудрагелістых алюзій, высвечваючы такія знакавыя постаці, як князь Вітаўт, каралева Бона Сфорца. На жаль, самой пастаноўцы для глыбіні і адзінства дзеяння не хапіла самой паэмы, якая прагучала толькі ў невялікіх урыўках і была б больш арганічнай часткай сцэнічнага прадстаўлення, чым відэаролік у лепшых традыцыях беларускай сацыяльнай рэкламы з выкананнем песняроўскай “Белавежскай пушчы”.

Самі ж гродзенцы прывезлі “Паэму без слоў” паводле драматычнай паэмы “Сон на кургане” Янкі Купалы. Далікатна і дакладна Алег Жугжда змог перадаць атмасферу загадкавага твора славутага Песняра. Цудоўны акцёрскі ансамбль (дарэчы, замест захварэўшага выканаўцы галоўнай ролі да фестывальнай публікі выйшаў сам рэжысёр) бліскуча расказаў “казку” долі чалавека. Красамоўную пластыку акцёраў жывога плана дапаўнялі унікальныя лялькі розных сістэм, якія на працягу спектакля выконвалі нямала трукаў, часам наводзячы містычнае трапятанне на публіку. Гэты спектакль пацвердзіў: Алег Жугжда застаецца, бадай, самым “лялечным” рэжысёрам Беларусі.

Архітэктары музыкі, часу і прасторы

Расію і Украіну прадставілі ў фестывальнай афішы тры тэатры, якія прадэманстравалі адрозныя канцэпцыі існавання ў сцэнічнай прасторы і пабудову адносін паміж лялькай і акцёрам. “Казка пра Івана Голіка” Кіеўскага акадэмічнага тэатра лялек “узяла” маленькіх гледачоў неверагодным тэмпераментам акцёраў. З сапраўды ўкраінскім імпэтам акцёры гойсалі па сцэне, пераўтваралі дэкарацыі, вокамгненна змяняючы месца дзеяння. У цэлым спектакль стаў ілюстрацыяй да таго напрамку лялечнага мастацтва, які развіваецца на законах масавай культуры, будуючы размову з гледачом на выкарыстанні вядомых гэгаў і папулярных матываў.

Кемераўскі абласны тэатр лялек імя Аркадзя Гайдара аб’яднаў п’есу Генрыха Ібсэна і
 /i/content/pi/cult/180/1808/Lyalki2jpg.jpg

“Пер Гюнт” Кемераўскага абласнога тэатра лялек (Расія).

музыку Эдварда Грыга. Спектакль “Пер Гюнт” прадэманстраваў пластычны напрамак развіцця лялечнага мастацтва, у якім сцэнічную прастору для планшэтных персанажаў утвараюць самі акцёры. З пераплеценых рук і ног артыстаў утвараецца то бераг мора, то пячора падземных жыхароў, то вязніца ў экзатычнай краіне. Драбнюткія лялькі (зала Кемераўскага тэатра разлічана не больш чым на 100 гледачоў) неверагодна зграбна рухаюцца, дапамагаючы кожным рухам падкрэсліць закладзеную ў велічнай музыцы трагічную гісторыю мужчынскай прагі багацця і славы, а ў процівагу ёй — жаночай вернасці каханню, пранесеным праз усё жыццё.

Рускі інжынерны тэатр “Ахе” арганізатары заяўлялі як адзін з “цвікоў” фестывалю. Пасля такой рэкламы ды прачытання шматлікіх хвалебных рэцэнзій на спектаклі пецярбуржцаў у Інтэрнэце стаў зразумелым натоўп у фае Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы з тых, хто жадаў убачыць славутасцей на ўласныя вочы. На жаль, ні акрэдытацыя прэсы, ні бэджы гасцей фестывалю не скарылі сэрцы Купалаўскіх адміністратараў: добрая частка кагорты аматараў мастацтва так і засталася за шклянымі дзвярыма, хоць пад час спектаклю партэр дзе-нідзе ззяў-такі пустымі месцамі... Дарэчы, з чатырох фестывальных пляцовак толькі гэтую даводзілася браць ледзьве не штурмам. І гэта ў той час, калі нават на Малой сцэне ТЮГа ўмудраліся прыстроіць увесь фестывальны люд!

Мне ўдалося-такі прарвацца на “Фауста ў кубе. 2360 слоў” тэатра “Ахе”, і, трэба зазначыць, гэтыя хваляванні каштавалі таго. Беларускі глядач сустрэўся з дагэтуль невядомым яму відовішчам, у якім на першы план выводзіцца не сюжэт ці дзеянне, а — інжынерыя. Акцёр у гэтым тэатры нічога не іграе, не выяўляе, а толькі дае штуршок да актывізацыі якога-небудзь прадмета, да пачатку фізічнага ці хімічнага дзеяння. Нездарма калектыў вызначае сябе як “архітэктараў прасторы”. Шумавая заслона, арганізаваная самім жа артыстам, эфектны ў палёце на прапелеры адпушчаны паветраны шарык, “выціснутыя” з кніг і агонь, і затопленая душа, і... — нічогаад класічнага “Фауста”, акрамя адабраных піцерцамі “2360 слоў”. Гэтае відовішча трэба глядзець, а зусім не ўдумвацца ў патаемныя падтэксты.

Дарэчы, “Ахе” прадэманстраваў яшчэ адну тэндэнцыю, распаўсюджаную ў сучасным еўрапейскім тэатры лялек: знікненне мяжы паміж акцёрамі і залай. Публіка актыўна ўдзельнічае ў прадстаўленні яшчэ да пачатку сцэнічнай дзеі. У Купалаўскім наведвальнікі рассаджваліся, пакуль акцёры танчылі на сцэне, паступова прыцягваючы да гэткай дыскатэкі некаторых гледачоў. Скончыўся ж спектакль не апусканнем заслоны, а запрашэннем у адчынены піцерцамі імправізаваны “Фауст-бар”, дзе насамрэч прадавалі напоі, яблыкі “з райскага саду” і комікс пра Фауста. Такім чынам спектакль пераплёўся з паўсядзённасцю.

У паходзе па тэатр будучыніШэсць дзён лялечнага мастацтва запэўнілі мяне, што шчыльнае ўзаемадзеянне з публікай, інтэрактыўнае будаванне сцэнічнай дзеі сталі вельмі запатрабаванымі ў Еўропе. Прыкладам, адзін з калектываў, што сапраўды палюбіўся публіцы, — тэатр Агора з Бельгіі перад пачаткам расповеду пра сучасных “Крыжаносцаў” раздаваў у фае латарэйныя білеты, пасля праводзіў “масавую тэрапію”, пад час якой гледачы разам пляскалі ў ладкі ды спявалі, з іх жа дапамогай выбіралі аднаго з шасці акцёраў, якога ўзнагародзяць
 /i/content/pi/cult/180/1808/Lyalki4.jpg

“Патаемнае” трупы Ірыс Мэйнхарт
(Штутгарт, Германія).

“тэрапіяй сном”. На жаль, спектаклям такога кшталту ў афішы міжнароднага форуму бракавала перакладу, ад якога свядома адмовіліся арганізатары, — без яго часам вельмі ўскладнялася ўспрыманне некаторых пастановак.

Дарэчы, спектакль “Крыжаносцы” стаў адзіным з шэрагу фестывальных работ, у якіх рэжысёры не выкарыстоўвалі ніводнай лялькі. Адвечную спрэчку крытыкаў аб тым, ці патрэбна яна ў тэатры лялек, бельгійскі рэжысёр Марсэль Крэмер вырашае для сябе вельмі проста: у якасці аб’екта для анімацыі ён бярэ самога чалавека, з якога на вачах гледача канструюе новую асобу.

Дарэчы, такі паварот падзей аказаў на гледачоў большае ўздзеянне, чым мультымедыйны праект “Мадэль” Ідалрыч тэатра “Рота” з Англіі, у якім структураванне асобы адбывалася ў звыклым тандэме “акцёр — лялька”.

Чалавек пастаянна залежыць ад прасторы, часу, абставін, вынікаў барацьбы з самім сабой. Таму еўрапейскія тэатры прапануюць шукаць лялечнае ў нашым жыцці.

Знаёмая многім па мінулагоднім Міжнародным тэатральным фестывалі “Белая вежа” трупа Ірыс Мэйнхарт са Штутгарта прапанавала даследаваць самае “Патаемнае” — жаночую душу — праз назіранні за целам з выкарыстаннем мікракамеры. Тэатр Крэпска з Прагі з дапамогай шкляных дробязей і гульні ценяў дапамагае адчуць, наколькі “Крохкі” ўнутраны свет кожнага чалавека, і як лёгка разбіць яго на дробныя аскепкі грубым, самаўпэўненым уварваннем.

 /i/content/pi/cult/180/1808/Lyalki1.jpg
 “Велікан” тэатра “Гулівер” (Варшава, Польшча).
У напоўненае сакавітымі колерамі падарожжа ў дзіцячыя фантазіі, якія дапамагаюць малечы выйсці за ўстаноўленыя дарослымі рамкі існавання, адпраўлялі гледачоў акцёры варшаўскага тэатра лялек “Гулівер”. Музычна-драматычны эксперымент прывезла і другая польская трупа — Беластоцкі тэатр лялек. “Кароткі курс дзіцячай паэзіі” прадэманстраваў, як з дапамогай лялечнай насычанасці сцэнічнага існавання можна стварыць свавольны, мудры і неверагодна смешны спектакль, што дапамагае не толькі вярнуцца ў краіну маар маленства, але і наноў адкрыць для сябе свет паэзіі.

Нягледзячы на ўсе сучасныя хады, лялька ўсё ж не засталася “на задворках” фестывалю. Некаторыя тэатры прадэманстравалі пошукі новых матэрыялаў, каб надаць ляльцы больш яскравую выразнасць. Міні-тэатр са славенскай Любляны прывёз у Мінск вельмі шчыры спектакль на аснове калядных песень “Асляня з Назарэта”, які зачараваў лялькамі паводле фрэсак Вінцэнта з Каставы. Будучыя рэжысёры з Клайпедскага універсітэта з Літвы распавялі пра “Мора” кахання ў чатырох частках з дапамогай трапяткіх пёраў, зменлівага пяску і павольнай паперы. Згаданы вышэй чэшскі тэатр Крэпска ў сваім другім спектаклі пад назвай “Самая маленькая жанчына ў свеце” распавёў, як часам людзі не цэняць тых, хто побач з імі, а ідуць за змрочнай марай, напаўняючы наваколле галоўнага героя шматлікімі фрагментамі лялек і паступова падмяняючы жывую дзяўчыну на трысцінавую марыянетку, а пасля — і планшэтную ляльку.

Дарэчы, эфектная лялька вымагае адпаведнай сцэнаграфіі. І, безумоўна, тон у гэтым напрамку задаваў вільнюскі тэатр “Леле”, які паказаў фантасмагарычны спектакль паводле літоўскай народнай казкі “Эгле — каралева вужоў”. З першых хвілін захапілі неверагодна прыгожыя, здольныя да пастаянных трансфармацый дэкарацыі, у якіх з асобных жбанкоў, паленцаў, поліэтыленавых пакетаў нараджаюцца істоты, што ажываюць на вачах, і прыродныя стыхіі. Пры дапамозе відавочных метафар, якія абрамляюць дасканалую пластыку акцёраў, сцэнограф і рэжысёр Віталіус Мазураус адкрыў беларускім гледачам трагедыю, да якой можа прывесці прорва, што раптоўна пралягае паміж сапраўдным каханнем і сямейным абавязкам.

Хатняе заданне — лабараторная праца

V Беларускі міжнародны фестываль тэатра лялек падышоў да завяршэння. Відовішчныя стэнды згорнуты, дыпломы ўдзельнікаў раздадзены, апошнія фестывальныя паленцы як сімвалы нараджэння новай лялькі перададзены новым гаспадарам. Вельмі парадавала тое, што, у адрозненне ад шматлікіх міжнародных тэатральных форумаў апошніх гадоў, праграма мінскага фестывалю аказалася надзвычай моцна “збітай”, без відавочных аўтсайдэраў і непрафесіяналаў. Таму фестываль паступова пачаў вельмі лагічна прымаць форму своеасаблівай лабараторыі, калі кожны жадаючы з акцёраў, рэжысёраў мог падысці за кулісы да калег, даведацца пра тэхналогію стварэння лялькі, разгледзець бліжэй сцэнаграфію, адкрыць сія-тыя з прафесійных сакрэтаў.

Верагодна, камусьці гэты форум дасць новы імпульс да творчасці. Як падкрэсліваў гэтымі днямі мастацкі кіраўнік фестывалю Аляксей Ляляўскі, у Мінск былі запрошаны трупы, падыходы якіх да існавання ў тэатральнай прасторы некалькі адрозніваюцца ад звыклых для нас. Як адбудзецца ў наступны раз — паглядзім праз два гады, бо ўжо сёння Беларускі дзяржаўны тэатр лялек пачынае рыхтавацца да наступнага, VI Беларускага міжнароднага фестывалю тэатраў лялек. Ён пройдзе ў апошні тыдзень мая 2010 года.


Настасся ПАНКРАТАВА
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА