А ў Здраўнёве — маманты...

№ 21 (1512) 22.05.2021 - 29.05.2021 г

Пагаворым і пра мамантаў. Але спачатку пра кнігу. Прымусіць любіць чытанне немагчыма. Усяляк далучаць да гэтай справы — неабходна. Пад прымусам увогуле нічога добрага не нараджаецца. Спрэс супраціў. І сацыяльная рэклама пра асалоду чытання на сталічных вуліцах (на абласных і раённых штосьці не заўважаў), дзе кніжка адлюстравана ў выглядзе кавалка торта ці аб’екта сямейнай увагі, не надта пераконвае. Прынамсі, мяне. Гастранамічныя густы не ёсць густы духоўныя. А сямейнае чытанне мужа і жонкі — не громкая чытка адной кніжкі. Гэта справа індывідуальная. І толькі пераход колькасці ў якасць дае магчымасць сямейнікам абмяркоўваць прачытанае і даваць парады пра выбар чарговай кніжкі. Па маім меркаванні, толькі тады можна казаць пра сямейнае чытанне як пра натуральны лад эстэтычнага развіцця дзядулі, бабулі, мамы, таты і сына з дачкой… Са мной можна і трэба спрачацца. У кожнага, напэўна, свой шлях да разумення таго, што такое кніга. Але збольшага нашы перакананні павінны супадаць.

Самае галоўнае перакананне вось у чым. Асалода чытання — адна з самых вострых і магутных з эмацыйнага шэрагу. І да гэтага пачуцця варта далучаць як прывучаюць немаўля да лыжкі. Так, працэс утрымлівае пасткі. Апантанае чытанне можа стаць прычынай “выпіскі” чытачу ружовых акуляраў, што скажаюць успрыняцце сапраўднага, далёка не ружовага жыцця. Кніжка — не сродак ратавання ад рэальнасці. Кніжка — гэта ўвасабленне чалавецтва і сяброўства. А чалавецтва трэба любіць. А свабода існуе яшчэ і для таго, каб хадзіць у бібліятэку. Урэшце, што такое адзінота? Калі пад рукой няма кнігі. Словам, асалода чытання — гэта задавальненне ад творчага самаўдасканалення, якое прыносіць асалоду ўспрыняцця слова, думкі, веры і любові. Аднак пачуццё гэтае не з’яўляецца само па сабе. І хто скажа пасля вышэйвыкладзенага, што прафесія бібліятэкара не вымагае максімуму духоўнай аддачы?

/i/content/pi/cult/851/18079/10_1.jpg

“Белай чайцы” з Азінскага СДК — 30.

І намеснік дырэктара Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Уладзіміра Леніна Таццяна Барабаншчыкава цалкам падтрымлівае такое стаўленне да прафесійнага абавязку. Сёння, 22 мая, у трэці раз ладзіцца фестываль #ЧЫТАЙГОМЕЛЬ. Праект, прама скажам, амбіцыйны, і не кожнаму рэгіёну (спрачайцеся са мной, спрачайцеся!) такі па плячы. Справа ў тым, што пляцоўка ля бібліятэкі, арт-кавярня ў будынку, фае другога і трэцяга паверхаў зноў будуць запоўнены чытачамі. Прычына ажыятажу — прэзентацыя лепшых праектаў бібліятэк горада і вобласці, скіраваных на папулярызацыю кнігі і чытання. І тут чымсьці фармальным ды паверхневым народ не падманеш. У праграме фэсту — выставы, бібліятэчны інтэрактыў, сустрэчы з пісьменнікамі (павінны завітаць Янка Крук і Аксана Катовіч, нашы этнографы, якія выдалі не адну кнігу пра беларускія абрады і традыцыі), літаратурныя гульнявыя пляцоўкі, выстава навінак і рукатворных выданняў, канцэртная праграма. Больш падрабязней пра цікавосткі фэсту чытайце ў наступных нумарах.

Працягнем бібліятэчную тэму. У Бераставіцкім раёне прыдумалі і ў Масалянскай інтэграванай сельскай бібліятэцы правялі дзень духоўнага чытання “Сям’я — усяго даражэй”. На мерапрыемства прыйшлі сябры аматарскага аб’яднання “Ладачкі”. Без гэтых самых ладачак, напэўна, не абышлося. “Гаварылі чытачы пра родных, — паведамляецца ў лісце, — жадалі адзін аднаму здароўя і сямейнага шчасця”. Цікава было б даведацца і пра тое, змест якіх духоўных кніг пры гэтым абмяркоўваўся.

/i/content/pi/cult/851/18079/10_2.jpg

У Ганцавіцкім Доме рамёстваў вучацца рабіць лялькі.

Загадчык Свіслацкай дзіцячай бібліятэкі Тамара Янцэвіч паведаміла пра тое, як сям’я чытае беларускую кнігу. Тут правялі кніжны выхадны “Сямейнаму чытанню — наша павага”. Праект, відаць, знаходзіцца ў пачатковай стадыі рэалізацыі, бо пакуль невядома, за якую канкрэтна беларускую кнігу ўзяліся бацькі і іхнія дзеці. Канкрэтыкі прагне душа, канкрэтыкі. І вопыту, які можна (нават трэба!) абагульніць.

Ірына Хілюціч з цэнтральнай гарадской бібліятэкі Жодзіна ўзялася за глабальную, можна сказаць тэму і паспрабавала распавесці, як нараджаюцца геніі. Нагодай для гаворкі стала абмеркаванне кнігі жодзінскай пісьменніцы Тамары Сахарчук “Геній — з нас, ці Як выхаваць таленавітае дзіця”. Па меркаванні дзіцячага псіхолага Бенджаміна Блума, каэфіцыент інтэлектуальнага развіцця чалавека на 70 працэнтаў фармуецца ўжо да чатырох гадоў. Пра гэтае фармаванне і вядзецца гаворка. Аўтарка выкарыстала і свой асабісты вопыт сямейнага выхавання і вопыт іншых сем’яў. Не буду пераказваць, якіх. Прачытайце кнігу, яна, па меркаванні Ірыны Хілюціч, вартая таго.

/i/content/pi/cult/851/18079/10_3.jpg

Сем'і са Свіслачы чытаюць беларускую кнігу.

Працяг тэмы — у пісьме намесніка дырэктара Зэльвенскай раённай бібліятэкі Вольгі Камякевіч, якое называецца “Таленавітая ва ўсім”. Вось пра што распавядае аўтарка: “Наша Зэльва багата таленавітымі людзьмі. Шмат гадоў папулярызуем творы землякоў, выдаем іх персанальныя зборнікі, ладзім прэзентацыі… На гэты раз запрасілі аматараў паэзіі на сустрэчу з Вольгай Ляскевіч, якая прэзентавала кнігу вершаў “Песня душы”. Прагучалі песні на словы Вольгі Ляскевіч. А яшчэ можна было паглядзець на карціны, якія малюе спадарыня Ляскевіч. Таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім”.

Цяпер можна і пра мамантаў. Знаўцай пытання сябе паказала вядучы навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Ірына Гаркуша. “22 мая ў Музеі-сядзібе Іллі Рэпіна “Здраўнёва” пройдзе дзіцячае свята “Дзень маманта”. Наведвальнікаў чакаюць выстава і пазнаваўча-забаўляльная праграма. Тэма — невыпадковая. У ваколіцах Здраўнёва неаднаразова знаходзілі рэшткі мамантавых касцей. Летась споўнілася сорак гадоў адной з самых буйных такіх знаходак у Беларусі і самай буйной на тэрыторыі Віцебшчыны. Абласны краязнаўчы музей валодае цікавай астэалагічнай калекцыяй такіх выкапняў. Большая частка прадметаў сабрана на тэрыторыі сямі раёнаў: Полацкага, Гарадоцкага, Лёзненскага, Дубровенскага, Талачынскага, Аршанскага і Віцебскага.”

/i/content/pi/cult/851/18079/10_4.jpg

“Святочная круцель” у Дзяржынску.

Пойдзем далей. Тэматыка сённяшніх пісьмаў — надзвычай стракатая: навіны — на любы густ. Мяркуйце самі. Трыццацігоддзе творчай дзейнасці святкуе народны вакальны ансамбль “Бела чайка” Азінскага сельскага Дома культуры (кіраўнік Віктар Малых). Пра гэта нам распавяла рэдактар Полацкага раённага Цэнтра культуры Кацярына Паўловіч. “У рэпертуары гурта, — піша яна, — песні народныя і аўтарскія. На юбілеі ў РЦК выступілі Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны вакальна-харэаграфічны ансамбль “Камарыкі” Палаца культуры ААТ “Нафтан”, народны гурт песні “Ферцінка” Багатырскага СДК, дзіцячы вакальны калектыў “Званочкі” Азінскага сельскага Дома культуры”.

27 — 30 мая Беларускі літаратурны саюз “Полацкая галіна” запрашае на ўрачыстую цырымонію адкрыцця восьмага міжнароднага літаратурнага фестывалю “Славянская ліра-2021”. Мерапрыемства адбудзецца ў Доме Масквы ў Мінску.

З 13 мая ў Ганцавіцкім раённым Доме рамёстваў працуе выстава “Беларуская літаратурная лялька”. Малодшы навуковы супрацоўнік установы Наталля Білімава сцвярджае, што наведвальнікі былі прыемна здзіўленыя маштабамі і глыбінёй падзеі. Справа ў тым, што аснову экспазіцыі склалі некалькі дзясяткаў работ, якія прывезла Таццяна Трушына — кіраўнік этнакультурнага аб’яднання “Папараць-кветка”, што дзейнічае пры Беларускім саюзе майстроў народнай творчасці. Першую частку экспазіцыі складае беларуская народная лялька. Экспанаты прывезены з экспедыцый або рэканструяваны па ўспамінах бабуль. На выставе можна пабачыць лялькі, сабраныя і на Ганцавіччыне. Гэта лялькі з вёсак Боркі і Будча. Другая частка экспазіцыі — фальклорныя лялькі. Прадстаўлены вобразы нашай міфалогіі: Зюзя — бог зімы, Леля — багіня вясны, Цётка — багіня лета, Жыцень — бог восені. Трэцюю частку экспазіцыі складаюць аўтарскія лялькі Таццяны Трушынай, вырабленыя з захаваннем традыцыі як ў тэхніцы, так і ў матэрыялах.

/i/content/pi/cult/851/18079/10_5.jpg

Тамара Сахарчук з Жодзіна раздае аўтографы.

7 мая на сцэне Дзяржынскага гарадскога Дома культуры прайшоў юбілейны канцэрт “Святочная круцель” ансамбля народнай музыкі “Спадчына”, якому споўнілася 35 гадоў. Прагучалі лепшыя вакальныя і інструментальныя кампазіцыі. “Спадчына” — Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь. Артысты захоўваюць і развіваюць беларускую нацыянальную культуру, і, мяркуючы па змесце ліста, робяць гэта вельмі сумленна.

У Расіі дыстанцыйна праходзіў першы міжнародны шматжанравы ваенна-патрыятычны конкурс “Памяць скрозь час”. Ашмянскі раён прадстаўляў народны хор ветэранаў вайны і працы Ашмянскага раённага Цэнтра культуры і стаў лаўрэатам першай ступені.

І зноў гаворка пра сямейныя духоўныя скарбы. Пра гэта распавядае метадыст аддзела метадычнай работы Свіслацкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Русак: “Сям’я — гэта самае галоўнае ў жыцці для кожнага з нас. Менавіта сям’я вучыць нас любіць людзей і радзіму, адказваць за свае словы і ўчынкі. У Дабравольскім сельскім клубе ладзілі свята “Цяпло сямейнага ачага”. Галоўнымі героямі дзеі сталі тры маладыя сям’і. Кожная аформіла выставу сваіх кулінарных шэдэўраў і сямейных захапленняў. Былі конкурсы на эрудыцыю, на творчыя здольнасці. Па выніках усіх конкурсаў перамогу атрымала мнагадзетная сям’я Генадзя і Вольгі Гайдучэняў. На свяце прымалі віншаванні тыя сем’і, у якіх сёлета — юбілейная дата сумеснага жыцця: залатое вяселле (50 гадоў) адзначылі Пётр і Ніна Барэлі, сапфіравае (45) — Мікалай і Таццяна Ярашэвічы, рубінавае (40) — Уладзімір і Тамара Барэлі, каралавае (35) — Мікалай і Рэгіна Савоські. А 20-гадовы юбілей (парцалянавае вяселле) — у сям’і Аляксандра і Вольгі Урбановічаў. Выступілі ў той дзень самадзейныя артысты Дабравольскага сельскага клуба, а таксама работнікі культуры Ціхавольскага клуба-бібліятэкі, Прозараўскага сектара культуры і дасугу. Удзельнікі народнага тэатра-студыі гульні “Карагод” Грынкаўскага сектара культуры і дасугу запрасілі ўсіх ахвотных паўдзельнічаць у праграме “Давай будзем сябраваць!”

Пішыце пра цікавае, пра тое, што не дае вашай душы супакоіцца, шаноўныя чытачы нашай газеты!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"