Паланечка. Адраджэнне

№ 21 (1512) 22.05.2021 - 29.05.2021 г

Славуты палац Радзівілаў нарэшце займеў гаспадара
Амаль на самым сутыку трох абласцей нашай краіны — Брэсцскай, Гродзенскай і Мінскай — ёсць невялічкая вёсачка, з дзіўнай назвай: Паланечка. Апошнім часам гэта назва, што называецца, на слыху. Прычынай гэткай цікавасці да вёсачкі стала навіна, што славуты палац Радзівілаў, які тут знаходзіцца, нарэшце, займеў гаспадара. За апошнія дзесяць гадоў не ў першы раз, дарэчы. Аб тым, праз якія выпрабаванні за гады свайго існавання прайшоў “палац-пакутнік”, аб тым, што адбываецца ў ім зараз і што чакае яго ў будучыні, прыйшоў час распавесці і нам.

Паланечка — не адзіная гісторыка-культурная каштоўнасць, якая за апошні час перайшла ў прыватныя рукі. Пэўна, шмат хто чуў пра рух у Нароўлі, дзе ідзе праца па аднаўленні палаца Горватаў. Або пра палац Яленскіх у вёсцы Туча (Клецкі раён Мінскай вобласці), які таксама перайшоў у прыватныя рукі, прычым, як і Паланечка (Баранавіцкі раён), ужо ў другі раз. Ёсць і іншыя выпадкі, пра якія варта распавесці на старонках нашай газеты. Выпадкі, дзе ініцыятывы прыжыліся, далі добрыя карані і ўжо жывуць сваім “новым жыццём”. Напрыклад, сядзіба Верашчакаў-Жалтоўскіх у вёсцы Райцы (Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці), якая была набыта сям’ёй мастакоў. Вядома, здараюцца і сумныя вынікі, як тое адбылося з палацам у Дзятлава (гл. “К” № 15, 2021 год). Застаецца спадзявацца, што другая спроба, якая чакае шыкоўны палац у Паланечцы, будзе ўдалай.

Увага на зубра!

Увосень мінулага года, да з’яўлення навін пра продаж у Паланечцы, мы вырашылі “праведаць” палац, каб паспрабаваць прастымуляваць увагу да яго гаротнага лёсу. Свой маршрут мы пачалі ад славутага Зубра, які ўсталяваны пры трасе Мінск — Берасце. Месца, дарэчы, даволі знакавае. Лічыцца, што ў вёсцы Петкавічы, якая прытулілася пры трасе, каля 1510 года нарадзіўся Ян Федаровіч (Іван Фёдараў) — пачынальнік друкарскай справы ў Маскоўскай дзяржаве. Крыху далей — Ішкальдзь з яе сярэднявечным касцёлам Найсвяцейшай Тройцы, закладзеным у 1449 годзе. Адтуль можна наведацца ў Мядзвядку, дзе, як лічыцца, у 1802 годзе нарадзіўся філамат-геолаг-нацыянальны герой Чылі — Ігнат Дамейка. Потым — Паланечка Радзівілаў, а за ёй — Вольна, дзе ў 1803 годзе нарадзіўся адзін з буйнейшых беларускіх скульптараў ХІХ стагоддзя Рафал Слізень. А далей Задзвея, якая належала Межаеўскім-Чачотам. І ўжо пры самай трасе — Савічы, славутага роду Вендарфаў. Трэба дадаць, што непадалёк знаходзіцца і Завоссе Адама Міцкевіча.

/i/content/pi/cult/851/18073/5_1.jpg

Палац Радзівілаў. Май 2021 года. Фота Кацярыны КАЗЛОВАЙ

Іншымі словамі, склаўся вельмі цікавы турыстычны маршрут, у цэнтры якога маяком свеціць каменны паланечкаўскі палац. Яго ж “драўлянаму брату” ў вёсцы Радзівілімонты (пад Клецкам) пашанцавала значна меней. За апошнія гады, на жаль, ён быў амаль цалкам знішчаны.

Культурны цэнтр Наваградскага ваяводства

Кажучы пра Паланечку, ніяк нельга абмінуць увагай асобу, дзякуючы якой яна і займела такі нефармальны статус. Гаворка, вядома, пра князя Мацея Радзівіла (1749 — 1800) — палітычнага дзеяча ВКЛ, драматурга, кампазітара. Калісьці мы ўжо згадвалі яго асобу, пішучы пра продкаў кампазітара Станіслава Манюшкі. У дэбютнай оперы Мацея Радзівіла “Агатка, або Прыезд пана” (ён быў аўтарам лібрэта, а вось аўтарам музыкі Аляксандр Данэзі), якая лічыцца першай беларускай нацыянальнай операй, у якасці тэатральных акцёраў выступалі Станіслаў Закрэўскі і Марыяна з Вернэраў — дзяды жонкі Станіслава Манюшкі (гл. “К” № 23 — 26, 2020 год). Так вось, цалкам верагодна, выступалі яны не толькі ў Нясвіжы, але і тут, у старым паланецкім палацы. У свой час, вядома, былі ў палацы й выдатныя кніжныя, нумізматычныя і партрэтныя зборы (згадаем, што ўскосным чынам звязаны з Паланечкай і лёс мастака Юзафа Аляшкевіча). Але за ХІХ і ХХ стагоддзі ўсё пайшло або дымам, або разышлося “па руках” і розных замежных музеях. Палац не раз перабудоўваўся, гарэў, аднаўляўся, карацей кажучы, усяк служыў людзям. Пакуль не стаў тым самым, сённяшнім — закінутым і, здаецца, непатрэбным. Зусім нядаўна частка правага крыла палаца абвалілася.

Слёзы палаца

Пасля вайны палац быў пераўтвораны ў школу-інтэрнат. Гэта практыкавалася шмат дзе, напрыклад, у вёсках Галошава (гл. “К”, № 13, 2021 год), або ў Ястрамбелі. Што забяспечвала такі-сякі нагляд. Пасля таго як школу з палаца напрыканцы 1990-х гадоў перавялі ў іншае месца, сітуацыя змянілася. Сёння палац выглядае, што звонку, што ўнутры, як дэкарацыя да стужкі пра жахі вайны. Камусьці нават спатрэбіліся велізарныя дзверы і вокны, якія не прыстасуеш у звычайнай хаце. Ужо трохі запозна мясцовыя ўлады правялі кансервацыю палаца, пазабіваўшы пустыя ваканіцы і дзвярныя праёмы дошкамі. Праўда, заўважу, зроблена гэта не самым ахайным чынам.

/i/content/pi/cult/851/18073/5_2.jpgГісторыя ж куплі-продажу палаца пачынаецца ад першага аўкцыёна, які адбыўся ў 2013 годзе. У 2014 годзе, калі першапачатковы кошт быў зніжаны на 50 працэнтаў, палац быў набыты мінскай фірмай ТАА “Спецактыўбуд-інвест”. Але ўжо ў 2016 годзе ізноў вярнуўся ў дзяржаўную маёмасць, бо ўласнік не выканаў абавязацельстваў. Пасля некалькіх аўкцыёнаў кошт знізіўся да 19.2 тысяч рублёў. І тут надарыўся шчаслівы выпадак. З’явіліся неабыякавыя людзі, якія патрапілі ў Паланечку ў патрэбны момант. І вось у снежні 2020 года на чарговым аўкцыёне палац быў прададзены сям’і прадпрымальнікаў з Мінска. На такое рашэнне іх натхнілі струмяні вады, якія змешаныя са снегам, ліліся па сценах палаца. Мінчанам падалося, што палац нібыта плача і звяртаецца па дапамогу. Для людзей, якія любяць і шануюць сваю родную зямлю, такія “знакі” сапраўды, шмат што значаць.

Вясновы сакарух

І вось, пачынаючы з таго часу, асабліва з пачаткам вясны, пра Паланечку загаварылі. І ні/i/content/pi/cult/851/18073/5_4.jpg шэптам, а даволі голасна, і на ўсю Беларусь. У сацыяльных сетках з’явіліся адмысловыя суполкі, у якіх размяшчаюцца навіны з Паланечкі. Прычым, даволі рэгулярна. У Паланечку паехалі журналісты. На закліч далучыцца да ініцыятывы па аднаўленні палаца, з мэтай стварэння там культурнага цэнтра, адгукнуліся і гісторыкі, і архітэктары і валанцёры. Прыкладам, мінскі архівіст Вітальд Ханецкі падараваў гаспадарам палаца вельмі каштоўны план маёнтка, з якога стала зразумела, дзе на тэрыторыі колішняга комплексу былі размешчаны гаспадарчыя будынкі і якога яны былі прызначэння. Выйшлі на сувязь архітэктары, якія ў 1990-х займаліся аднаўленнем даха палаца. Як сцвярджае ўраджэнка Паланечкі спадарыня Кацярына Казлова, менеджар праекта і прафесійны экскурсавод, калі б не праца архітэктараў у тыя часы, у лепшым выпадку сёння ад палаца засталіся б толькі сцены. У гэтай сувязі згадваецца сядзіба Дамейкаў у Жыбартоўшчыне, дзе каменны будынак пачатку ХІХ стагоддзя шмат гадоў стаіць без даху, і паступова пераўтвараецца ў друз. Дарэчы, і гэта сядзіба сёння з’яўляецца прыватнай уласнасцю мясцовага жыхара спадара Канстанціна Шуляка, які ўласнымі сіламі аднаўляе спадчыну Дамейкаў. Праўда, у тым, што ад даха сядзібы амаль нічога не засталося, большая віна на тых, хто пасля вываду будынка з гаспадарчай дзейнасці дазволіў марадзёрам безпакарана расцягваць дзяржаўную маёмасць.

Талокі на падворку палаца ладзяцца рэгулярна. Працы, вядома ж, вядуцца нескладаныя — барацьба са смеццем, кустоў’ем.. Але час няспынна ідзе і трэба пераходзіць да больш адказных работ.

Які лёс чакае палац?

Каб даведацца пра апошнія падзеі, звязаныя з аднаўленнем палаца ў Паланечцы, мы звярнуліся да спадарыні Кацярыны Казловай. Аказалася, што мясцовыя ўлады даволі пазітыўна ставяцца да ініцыятывы і дапамагаюць валанцёрам, па меры неабходнасці. “Калі былі суботнікі — дапамагалі транспартам, ды, увогуле, якія працы на месцы дык заўсёды спрыяюць, — кажа спадарыня Казлова. — Зараз напісана гістарычная даведка. Адбываецца тэхнічнае даследаванне стану палаца. І ў хуткім часе пачнуцца працы па праектнай дакументацыі. У распрацоўцы аўдыёгід і віртуальны дапаможнік”.

/i/content/pi/cult/851/18073/5_3.jpg

Рэшткі радзівілаўскага млына 1819 года. Кастрычнік 2019-га.

Насамрэч, у архіў будучага цэнтра збіраецца і прымаецца любая інфармацыя, датычная гісторыі палаца і самой Паланечкі — фота, дакументы, а таксама прадметы, якія калісьці маглі быць у палацы, але пазней недзе згубіліся ў наваколлі. Таму, калі хто можа нечым падзяліцца, можна звяртацца да менеджара праекта.

Ну, і напрыканцы размовы спадарыня Кацярына, карыстаючыся магчымасцю, звярнулася праз нашу газету да ўсіх чытачоў:

“Мы хацелі б, каб гэта цудоўнае месца пачало ажываць яшчэ да таго моманту, як пачнецца рэстаўрацыя. Запланавалі экскурсіі і навігацыі па мясцовасці. Мы — даволі адкрыты праект і будзем вельмі ўдзячныя ўсім жадаючым далучыцца да нас. Асабліва, калі ёсць цікавыя ідэі і прапановы. Суботнікі мы праводзім па магчымасці і кажам пра іх у сацыяльных сетках, каб усе жадаючыя маглі пад’ехаць і паўдзельнічаць”.

Застаецца толькі пазычыць поспехаў завадатарам такога высакароднага праекта. Можа, калі-небудзь і мы далучымся да талакі, каб зрабіць свой унёсак у агульную справу.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар