Эфект рэстаўрацыі

№ 21 (1512) 22.05.2021 - 29.05.2021 г

16 мая адбылася першая анлайн-дыскусія з цыкла сустрэч, зладжаных беларускім камітэтам ІКАМОС і прымеркаваных да новага сезона конкурсу “Спадчына ў дзеянні”. Нагадаем, што ўпершыню гэты конкурс прайшоў пазалетась, да ўдзелу ў ім было пададзена каля ста заявак, і па выніках былі вызначаныя найлепшыя праекты ў галіне рэстаўрацыі, рэканструкцыі і рэвіталізацыі помнікаў гісторыі і культуры за 2014 — 2018 гады. Сёлета ж да разгляду будуць прынятыя праекты, рэалізаваныя ў 2018 — 2021 гадах. Паралельна з вызначэннем найлепшых практык працы з гісторыка-культурнай спадчынай, адбываецца асэнсаванне мінуўшчыны, сённяшняга стану і перспектыў развіцця гэтай важнай галіны.

Першая сустрэча была прысвечаная станаўленню беларускай школы рэстаўрацыі помнікаў мастацтва, гісторыі і архітэктуры. Насуперак пашыранаму перакананню, што, нібыта, у Беларусі такога асяродку спецыялістаў ніколі не існавала, сёння ўсё-ткі магчыма вызначыць кола асобаў, якія стаялі ля вытокаў айчыннай рэстаўрацыйнай школы, і некаторыя з іх яшчэ могуць падзяліцца каштоўнымі сведчаннямі з уласнага досведу працы, якой яны, зрэшты, працягваюць займацца і цяпер.

Роля класіка

Пра пачаткі свайго прафесійнага шляху распавялі рэстаўратары Юрый Маліноўскі і Уладзімір Ракіцкі. Нездарма ў назву сустрэчы была вынесеная інтрыгоўная фраза “Імі захапляўся Караткевіч”. Сёння — адны з найбольш дасведчаных адмыслоўцаў у сферы аднаўлення помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, мастакі-рэстаўратары найвышэйшай катэгорыі, у 1980-я гады яны былі зусім маладымі пачынальнікамі гэтай пачэснай справы, і на гэтым шляху, вядома, не маглі не сустрэцца з пісьменнікам, для якога захаванне памяці аб мінуўшчыне свайго народа і зберажэнне сведчанняў яго слаўнай гісторыі не было пустым гукам.

/i/content/pi/cult/851/18072/4_2.jpg

Выгляд манастыра ў Пустынках у пачатку мінулага стагоддзя.

Не варта забываць, што Уладзімір Караткевіч быў нястомным папулярызатарам гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі: часта ўздымаў голас супраць руйнавання помнікаў архітэктуры, браў удзел у стварэнні беларускага скансэна, выступаў за рэстытуцыю каштоўнасцяў, вывезеных за межы Беларусі, вёў на беларускім тэлебачанні першую тэматычную перадачу аб помніках мінуўшчыны. Таксама Караткевіч удзельнічаў у падрыхтоўцы “Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”, падчас працы над якім цягам 1970-х гадоў не раз накіроўваўся ў экспедыцыі па даследаванні і апісанні помнікаў, якія праводзіліся супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР, дзе працавала жонка пісьменніка — Валянціна Браніславаўна.

Сустрэча ў Пустынках

Шляхі сямейства Караткевічаў і маладых рэстаўратараў Маліноўскага ды Ракіцкага перасякліся на самым усходзе Беларусі, у ваколіцах старажытнага Мсціслава. Тады пісьменнік акурат атрымаў замову напісаць гістарычны нарыс аб гэтым горадзе, які пабачыў свет ужо пасля смерці аўтара. На жаль, Юрый Маліноўскі з Уладзімірам Ракіцкім не здолелі прыгадаць дакладнай даты візіту пісьменніка ў Мсцісла. Але з яго запісных кніжак вядома, што ён наведваў гэты горад у 1982 годзе, двойчы — у студзені і жніўні. Вось як згадвае аб другім з візітаў Караткевіч у сваім нарысе “Дыяментавы горад”:

“Пасярэдзіне двара ў Пустынках ляжалі ў траве два веласіпеды і хатулькі. Два хлопцы, мастакі-рэстаўратары з тых чатырох, што працуюць зараз у Кармеліцкім касцёле (у Мсціславе — заўв. аўт.), Ю. Маліноўскі і У. Ракіцкі, добрыя знаёмыя, крыху здзіўляюцца мне. Кожнай раніцай яны едуць на веласіпедах сюды з Мсціслава. Кожны вечар вяртаюцца туды назад. 18 кіламетраў. Выявілі ў прыбудове фрэску XVIII (а можа, і XVII) стагоддзя і зараз працуюць, рыхтуючыся зняць яе. Самой фрэскі я не бачыў, яны ўжо заляпілі яе папяроснай паперай. Потым яе замнуюць марляй, затым танюткімі рэйкамі, пасля аддзеляць ад тынкоўкі і павязуць на рэстаўрацыю. З часам гэта будзе зроблена. І фрэску вернуць назад, ва ўладанне гораду, які яе стварыў. Гэта зямля магутнай, глыбіннай сілы. Вонкава сціплая, яна здзіўляе на кожным кроку”.

Пустынкі — вёска за дзевяць кіламетраў на ўсход ад Мсціслава, ля самай мяжы. Менавіта тут знаходзіцца мужчынскі манастыр, заснаваны ў 1380 годзе сынам Альгерда, мсціслаўскім князем Лугвенам. Цяпер тут захаваліся помнікі архітэктуры ХVIII — ХІХ стагоддзяў: Успенскі сабор, Раства-Багародзіцкая і Пакроўская цэрквы, званіца, а таксама шэраг жылых і гаспадарчых пабудоў. У савецкія часы ўвесь гэты комплекс заставаўся занядбаным, маладыя рэстаўратары ў 1980-х распачалі тут працаваць з уласнай ініцыятывы. Падчас візіту Уладзіміра Караткевіча яны нават спадзяваліся, што ён дапаможа дамовіцца з Саюзам пісьменнікаў, каб літаратары заапекаваліся гэтай мясцінай. У адказ на гэта Караткевіч са смехам прамовіў: “Што вы, хлопцы. Нашыя пісьменнікі далей за дзесяць — пятнаццаць кіламетраў ад Мінска не паедуць”.

Сам Караткевіч тады марыў, каб некалі тут з’явіўся дзіцячы аздараўленчы лагер, але аднаўленне манастырскага комплексу распачалося толькі ў 2003 годзе. А тая самая фрэска, якую ратавалі Юрый Маліноўскі з Уладзімірам Ракіцкім, сёння знаходзіцца ў мясцовым краязнаўчым музеі. Асноўным жа аб’ектам, на якім працавалі тады маладыя рэстаўратары, быў касцёл Узнясення Дзевы Марыі XVII стагоддзя манастыра кармелітаў у Мсціславе — тут яны таксама аднаўлялі жывапіс. Пасля сюды заўжды прыязджалі на практыку студэнты — будучыя рэстаўратары.

Бацька і маці

Як прыгадвае Уладзімір Ракіцкі, бацькам беларускай рэстаўрацыйнай школы можна назваць мастака-рэстаўратара Алега Хадыку. На пачатку 1960-х ён працаваў у Міністэрстве культуры БССР, і менавіта яму было даручана стварэнне ў Беларусі групы рэстаўратараў, якую ён набіраў з ліку сваіх калег-аднакурснікаў. У кожнай рэспубліцы СССР тады былі ўтвораныя праектныя бюро і спецыяльныя навукова-рэстаўрацыйныя вытворчыя майстэрні. Пазней на базе гэтых асяродкаў былі ўзгадаваныя некалькі пакаленняў беларускіх рэстаўратараў.

Супрацоўнікі гэтых майстэрняў, у залежнасці ад сваёй спецыялізацыі, праходзілі стажыроўкі ў Вільнюсе, Маскве, Ленінградзе. Арганізоўвала такія камандзіроўкі кіраўніца хіміка-фізічнай лабараторыі майстэрняў Марыя Цэйтліна, якая добра ведала рэстаўратараў з розных куткоў СССР. Калі Алега Хадыку маладзейшыя калегі называлі бацькам беларускай рэстаўрацыі, то Марыю Цэйтліну можна лічыць матуляй гэтай галіны.

Юрый Маліноўскі пагаджаецца, што Алег Хадыка фактычна вызначыў ягоны лёс. Паводле атрыманай адукацыі, Маліноўскі мусіў працаваць як мастак-манументаліст, але ў выніку, пад уплывам свайго настаўніка, апынуўся ў галіне рэстаўрацыі. Уладзімір Ракіцкі дадае, што адным з першых аб’ектаў, на якім яму давялося працаваць яшчэ студэнтам, быў кабінет Якуба Коласа ў Акадэміі навук БССР, прэзідэнтам якой пэўны час быў класік. Гэтае памяшканне было аздобленае роспісамі, якія патрабавалі аднаўлення, што і было выканана да юбілею класіка ў 1972 годзе. Прымаў вынікі работы ягоны колішні асабісты сакратар, паэт Максім Лужанін.

Працавалі таксама ў Жылічах Кіраўскага раёна, дзе і сёння яшчэ працягваецца аднаўленне палаца Булгакаў XIX стагоддзя, на будынках Брыгіцкага кляштара ў Гродне. Важнай асаблівасцю тагачаснай рэстаўрацыі было тое, што часта, каб уратаваць ад руйнавання культавыя будынкі, іх даводзілася рэстаўраваць з прыстасаваннем для выкарыстання не па прызначэнні, а, напрыклад, пад клубы, музеі, планетарыі. Калі ўратаваць помнік не ўдавалася, альбо ён ужо знаходзіўся ў стане руіны і яму пагражала руйнаванне, — даводзілася ратаваць, прынамсі, жывапіс. Так былі знятыя са сцен фрэскі манастыра ў Бялынічах у 1970-я гады, якія пасля сорак гадоў праляжалі ў запасніках, але летась нарэшце вярнуліся ў Бялынічы і занялі сваё пачэснае месца ў новай экспазіцыі мясцовага краязнаўчага музея.

Праца працягваецца

Сёння Уладзімір Ракіцкі і Юрый Маліноўскі займаюцца аднаўленнем фрэсак XII стагоддзя ў полацкай Спаса-Праабражэнскай царкве. Цягам трох бліжэйшых гадоў тут таксама мяркуецца правесці працы на фасадзе, які будзе захаваны станам на ХІХ стагоддзе, з частковай дэманстрацыяй кладкі ХІІ стагоддзя. Разам з тым рэстаўратары звяртаюць увагу на перспектывы даследавання іншых знакавых аб’ектаў у калысцы беларускай дзяржаўнасці.

/i/content/pi/cult/851/18072/4_1.jpg

Сучасны стан манастырскага комплексу.

Так, патрабуе вывучэння тэрыторыя колішняга Бельчыцкага манастыра, які некалі быў месцам пахавання полацкіх князёў — тут захаваліся падмуркі пабудоў ХІІ стагоддзя. Таксама варта звярнуць увагу на захаваныя часткі муроў першапачатковай полацкай Сафіі — іх унікальнасць палягае ў тым, што да нашых дзён дайшлі дзве храмавыя апсіды, усходняя і заходняя, што наогул не характэрна для храмаў такога тыпу.

Акрамя работ у Полацку, Юрый Маліноўскі, які паходзіць з Мсціслава, сёння таксама працягвае працаваць над захаваннем фрэсак у тамтэйшым касцёле. Такім чынам гісторыя, якая пачыналася ў гады, калі сюды завітваў Уладзімір Караткевіч, працягваецца і ў нашы дні. Мноства помнікаў нашай спадчыны яшчэ чакае ўвагі ад новых пакаленняў айчынных адмыслоўцаў-рэстаўратараў, якія прыходзяць на змену старэйшым калегам.