Праца дзеля творчасці, або У чым заключаецца прынцып “залатой сярэдзіны”?

№ 21 (1512) 22.05.2021 - 29.05.2021 г

Набліжаецца да завяршэння чарговы навучальны год. Якім ён быў для студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, ці плануецца тут адкрываць новыя спецыяльнасці і якім чынам цяпер працуе новы спартыўна-культурны цэнтр — пра ўсё гэта ды пра многае іншае “К” пагутарыла з рэктарам БДУКМ Наталляй КАРЧЭЎСКАЙ.

/i/content/pi/cult/851/18071/2_2.jpg— Наталля Уладзіміраўна, перш за ўсё дазвольце павіншаваць вас і ўсіх супрацоўнікаў БДУКМ з завяршэннем гэтага навучальнага года. І пачаць нашу гутарку з выпускнікоў. Ці ўсе з іх будуць размеркаваны па сваіх працоўных месцах, згодна з іх жаданнямі ці жаданнямі работадаўцаў?

— Дзякую за віншаванне! Так, размеркаванне мы ўжо правялі, і бачым, што нашы выпускнікі, як і раней, запатрабаваны ў многіх установах культуры Беларусі. Напрыклад, ёсць спецыяльнасці, дзе на кожнага выпускніка было па 7 — 9 заявак ад работадаўцаў. Так што, на жаль, не ўсе работадаўцы засталіся задаволеныя сёлетнім размеркаваннем. Справа ў тым, што многія з іх успамінаюць пра тое, што хацелі б атрымаць нашага выпускніка, толькі ў перыяд размеркавання, а гэта, пагадзіцеся, трэба планаваць загадзя. Але ж, як бачна, за нашых выпускнікоў змагаюцца і гэта не можа не радаваць.

— А на якіх выпускнікоў сёлета быў найбольшы попыт ад работадаўцаў?

— Гэта, у першую чаргу, выпускнікі факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый. Таксама вельмі шмат заявак на спецыялістаў па спецыяльнасцях “Харавая музыка” (акадэмічная і народная), на рэжысёраў масавых святаў, харэографаў. Увогуле, высокі попыт на нашых выпускнікоў мы бачылі сёлета літаральна на ўсіх спецыяльнасцях.

— А ці многія з вашых выпускнікоў паедуць у рэгіёны Беларусі? Часта там бываю, і ведаю, што заяўкі ад раённых аддзелаў культуры на тых ці іншых спецыялістаў БДУКМ не заўсёды задавольваюць у поўнай меры.

— Канечне, нашы выпускнікі едуць у рэгіёны. Увогуле, гэта міф, што ўсе маладыя спецыялісты хочуць застацца ў Мінску. Зразумела, вялікі працэнт нашых выпускнікоў размяркоўваецца ў сталіцу, дзе шмат буйных устаноў культуры (тая ж Нацыянальная бібліятэка Беларусі, шматлікія тэатры), але многія едуць у вобласці. Усе мэтавікі едуць у той раён, ад якога іх накіроўвалі на навучанне. Бывае, што маладыя людзі спецыяльна просяць накіраваць іх у рэгіёны, каб рэалізаваць сябе напоўніцу менавіта там. Падобныя выпадкі, дарэчы, былі і сёлета.

— Але ж, не сакрэт, што многія з тых, хто прыязджае на працу ў рэгіёны, часта, адбыўшы ўстаноўлены заканадаўствам час, з’язджаюць потым адтуль у пошуках лепшай долі. Якім чынам, на ваш погляд, можна паспрабаваць утрымаць маладога спецыяліста, скажам, у раённым Цэнтры культуры ці раённай бібліятэцы?

— Я заўсёды, асабліва калі працавала на пасадзе першага намесніка міністра культуры Беларусі, казала: падрыхтоўка спецыяліста — гэта не адно задача для той ці іншай ВНУ, а агульная работа ўсіх зацікаўленых асоб. Таму, напрыклад, тыя, хто займае кіраўнічыя пасады ў галіне культуры раёнаў, павінны ведаць загадзя, якіх менавіта спецыялістаў яны жадаюць атрымаць (і падаваць заяўкі на іх у аўтаматычную сістэму замовы кадраў), па-магчымасці адразу вырашаць жыллёвае пытанне, зацікаўліваць іх новымі творчымі праектамі, крэатыўнай дзейнасцю і гэтак далей. Тут няма адзіных падыходаў, таму што матывацыя ва ўсіх людзей розная. Да таго ж, я проста пераканана, што ў культуры ўсё ж такі працуюць людзі, якія гэтую справу любяць. І натуральна, любое раённае кіраўніцтва звычайна робіць усё магчымае, каб жыццё людзей, звязаных з культурай, было лепшым.

— Магчыма, дзеля таго, каб павялічыць колькасць тых выпускнікоў, што прыедуць пазней у рэгіёны краіны, трэба, каб у ВНУ паступала больш тых людзей, якія маюць мэтавыя накіраванні. Ці ўсё ж, калі казаць пра такую творчую ўстанову адукацыі як БДУКМ, для вас гэта не выйсце?

— Мэтавы набор — дарэчы, падобны набор з усіх трох творчых ВНУ краіны ёсць толькі ў нашым універсітэце — мы ажыццяўляем адмыслова на конкурснай аснове. Справа ў тым, што нам вельмі хочацца, каб тыя, хто прыходзіць па мэтавым накіраванні, разумелі, што без базавай падрыхтоўкі (напрыклад, без дыплома школы мастацтваў) ім будзе вельмі складана вучыцца ў нашым творчым універсітэце.

— Давайце цяпер пяройдзем да сёлетняй уступнай кампаніі. Ці будуць тут нейкія змены, ці плануецца ўвядзенне новых спецыяльнасцяў?

— Не, сёлета ніякіх зменаў ва ўступнай кампаніі не плануецца, бо для таго, каб уводзіць новую спецыяльнасць, трэба вельмі шмат чаго загадзя зрабіць: падрыхтаваць вучэбныя планы, знайсці патрэбных спецыялістаў і гэтак далей. Разам з тым, цяпер мы аднаўляем набор на спецыяльнасць “Камп’ютарная музыка”, якая зараз вельмі запатрабавана і карыстаецца папулярнасцю як у абітурыентаў, так і ў работадаўцаў. Бо, як я лічу, для ўсіх спецыяльнасцяў, па якіх мы выпускаем спецыялістаў, нам трэба знаходзіць баланс паміж жаданнямі абітурыентаў (і, натуральна, іх бацькоў) і работадаўцамі. Менавіта падобны прынцып “залатой сярэдзіны” заўжды забяспечыць запатрабаванасць нашых спецыялістаў у краіне.

— Але ж спецыяльнасць “Камп’ютарная музыка” цяпер запатрабавана не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Вы не баіцеся, што атрымаўшы падобную запатрабаваную спецыяльнасць, маладыя людзі потым з’едуць куды-небудзь у замежныя краіны ў пошуку большага заробку?

— Як кажуць, ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць. Таму — не, мы не баімся. Сапраўды, свет цяпер адкрыты, можна ехаць куды заўгодна, але ж я пераканана, што нашы выпускнікі, нашы спецыялісты працуюць ва ўстановах культуры не толькі дзеля грошай. Маладым людзям у першую чаргу хочацца праявіць сябе, паказаць усё, чаго яны вартыя, рэалізаваць свой творчы патэнцыял. Іначай навошта ўвогуле трэба было паступаць у нашу ВНУ?

— Вярнуся ўсё ж да тэмы новых спецыяльнасцяў. Магчыма, іх плануецца ўводзіць не ў гэтым новым навучальным годзе, а праз два, тры, чатыры гады? Якія тут у вас задумкі і планы?

— Так, у наступным, 2022-м годзе, мы сапраўды плануем пачаць падрыхтоўку па новых спецыяльнасцях, прычым па тых, па якіх набор у нашай краіне ніколі яшчэ не ажыццяўляўся, — для цыркавога мастацтва і бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці, звязанай з лічбавізацыяй і аналітыкай. Таму на сёння наша асноўная задача — падабраць выкладчыкаў. Як вы ведаеце, ёсць пэўныя патрабаванні да вышэйшай школы, натуральна, выкладаць павінны людзі, якія маюць ці вучоныя ступені, ці ганаровыя званні — народныя і заслужаныя артысты.

— Напрыканцы нашай размовы, хацеў бы таксама спытаць і пра новы спартыўна-культурны цэнтр, будаўніцтва якога доўжылася не адзін год і які цяпер расчыніў свае дзверы перад наведвальнікамі. Як ён сёння працуе, што там адбываецца і ці ладзяцца ў СКЦ нейкія мерапрыемствы?

— Так, сапраўды, летась адкрыўся наш спартыўна-культурны цэнтр, якога мы так доўга чакалі. Можна сказаць, што сваёй спартыўнай і культурнай пляцоўкі мы не мелі 45 гадоў, ад пачатку стварэння нашай ВНУ. Прыходзілася арандаваць неабходныя плошчы ў іншых месцах Мінска. Таму мы вельмі рады, што маем цяпер такі сучасны Цэнтр. Там ёсць зала амаль на тысячу гледачоў са шматфункцыйнай сцэнай-трансформерам, з выдатнымі гукам і святлом. А яшчэ там ёсць арт-прастора, дзве трэнажорныя залы, бо мы надаем вялікую ўвагу і развіццю фізічнай культуры. Дарэчы, у Зімовай рэспубліканскай спартакіядзе “Культурная лыжня — 2021” наша каманда заняла 1-е месца. Цэнтр цяпер працуе, мы выкарыстоўваем яго магчымасці напоўніцу.

— Ці ладзіліся там ужо нейкія мерапрыемствы культурнай тэматыкі?

— Так, безумоўна, хоць мы, канечне, улічваем і сённяшняе неспрыяльнае эпідэміялагічнае становішча, якое склалася і ў краіне, і ў Мінску. Скажам, на сцэне культурна-спартыўнага цэнтра мы, напрыклад, ладзілі фестываль студэнцкай творчасці. А цяпер менавіта там у нас праходзіць фестываль “Арт-мажор”, на якім універсітэцкія калектывы і кафедры паказваюць тое, чаго дасягнулі за год. Таксама ў нас запланавана правядзенне цэлага шэрагу канцэртаў. Акрамя таго, менавіта на сцэне СКЦ адбудзецца паказ дзяржаўных экзаменаў. Увогуле, графік працы нашага новага цэнтра вельмі шчыльна распісаны, мы таксама рыхтуем там шэраг новых праектаў, якія адбудуцца ўвосень. Так што праца ідзе, можна сказаць, не спыняючыся.

— Магчыма, выступленне на падобнай пляцоўцы было б цікавым і калектывам з іншых ВНУ краіны, прычым, не толькі з Мінска, але і з рэгіёнаў Беларусі. Ці не плануецца супрацоўніцтва ў гэтым плане з рэгіянальнымі творчымі калектывамі?

— Мы так доўга чакалі адкрыцця гэтага спартыўна-культурнага цэнтра, што цяпер хочам, каб менавіта нашы навучэнцы — а ў нас, як вы ведаеце, вучацца студэнты з усіх рэгіёнаў краіны, — працавалі і займалі сцэнічную пляцоўку цэнтра ўвесь час, цягам усяго навучальнага года. Як і ў любой творчай ВНУ краіны, у нас ва ўніверсітэце пераважае практыка-арыентаванае навучанне, таму сцэна для паказаў і дэманстрацый дасягненняў нашых студэнтаў для нас вельмі важная, і яна заўсёды будзе запатрабаваная. Разам з тым, мы, канечне, адкрыты для любых цікавых прапаноў. Напрыклад, не так даўно ў нас, ва ўніверсітэце, паказваў свой спектакль Магілёўскі тэатр лялек. Таму падобнага роду супрацоўніцтва, вядома ж, мае свае перспектывы, і, мяркую, абавязкова будзе працягвацца.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"