Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь прапануе наведвальнікам унікальную магчымасць у камфортнай атмасферы і цішыні быць “Сам-насам з мастацтвам”, прайсціся па залах Мастацкага.
У Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва будуць праходзіць квэст і займальныя рэбусы па выставе жывапісу і графікі “Праз церні да зорак. PER ASPERA AD ASTRA”, прысвечанай жыццю і творчасці народнага мастака Беларусі, а таксама іншыя мерапрыемствы, у тым ліку: дэма-клас у рамках выставы “Акварэльныя адкрыцці” і кінасалон “Падарожжа па незвычайных музеях”.
У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь культурная акцыя пройдзе пад назвай “Музей — ты космас”.
У Палацы мастацтва арганізатары запрашаюць гледача на адкрыццё адразу трох экспазіцый: персанальнага праекта Канстанціна Селіханава “Унутраны назапашвальнік”, выставы работ беларускіх мастакоў “Пакуль ніхто не бачыць” і выставы “Галасы” Анастасіі Рыдлеўскай.
У Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” у рамках акцыі ў экспазіцыі Палацавага ансамбля будзе праходзіць анімацыйная праграма “Па залах і эпохах”.
Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа прапануе насычаную праграму “Адзін на адзін з паэтам”. Гэтым разам госці Дома Коласа змогуць здзейсніць займальнае падарожжа па інтэрактыўных пляцоўках і нібы паразмаўляць з паэтам пра жыццё, творчасць, гісторыю, музыку…
У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы гасцей чакае інтэрактыўная праграма, а таксама квэст “Таямніцы Купалавага дома” і прагляд спектакляў па п’есах Купалы.