З кладоўкі зрабіць музей

№ 42 (860) 18.10.2008 - 24.10.2008 г

У Вяліка-Стахаўскім сельскім клубе Барысаўскага раёна некалькі гадоў існуе этнаграфічны музей, дзе сабраны рэчы сельскага народнага побыту і творы майстроў. Абсталявана ўстанова рукамі былога вайскоўца, загадчыка клуба Мікалая Псышчаніцы.

 /i/content/pi/cult/180/1806/Z kladouki.jpg

Новы чалавек унёс жывы струмень творчасці ў дзейнасць установы культуры. Вясковы хлопец Мікалай Псышчаніца ў маладосці не думаў, што стане культработнікам. 15 гадоў таму ён, старшы прапаршчык будаўнічых войск, пайшоў у запас. Жонка параіла паехаць у Барысаў, бліжэй да роднай вёскі Вялікае Стахава. Калі ж праз тры гады там вызвалілася месца загадчыка клуба — прапанаваў свае паслугі: маўляў, скончыў індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, на вайсковай службе ў ягоным падпарадкаванні быў клуб...
Але была прычына непакоіцца: клуб патрабаваў рамонту. Аддзел культуры райвыканкама забяспечыў фарбай, пліткай, шклом для вокнаў. А рамонт Мікалай Іванавіч зрабіў сам. Дапамагалі жонка Аліна, сын Сяргей — вядучы клубнай дыскатэкі, яго жонка Алена — бібліятэкар.
У ходзе работ вызвалілася кладоўка. Мікалай Іванавіч задумаўся, як выкарыстаць памяшканне. Успомніў, што ў спадчыну ад бацькоў у вёсцы Аполь Іванаўскага раёна засталіся унікальныя, лічы, музейныя рэчы: кросны, жорны, ступа, настольнікі і ручнікі, вышытыя ці тканыя маці. Такім чынам кладоўка ператварылася ў этнаграфічны музей. Сабраў Псышчаніца цікавыя рэчы і шэраг экспанатаў у вёсцы Вялікае Стахава.
І я з цікавасцю аглядаў калаўрот, маслабойку, кадку для замешвання цеста, ночвы. Хіба ж убачыш цяпер такое ў сялянскай хаце! А зроблена ўсё ўмелымі рукамі вяскоўцаў-майстроў!
Звярнуў увагу на капелюшы і какошнікі з саломкі, якія віселі на сцяне.
— А гэта для нашых самадзейных артыстаў, — адказаў Мікалай Іванавіч. — Два гады таму сам стаў іх плесці з саломкі.
А яшчэ грае загадчык клуба на гармоніку. Не хоча адставаць у творчасці ад ансамбля народнай песні “Світанак”, які створаны пры ўстанове больш за 10 гадоў таму. Некалькі гадоў узначальвае ансамбль дырэктар Барысаўскага гарадскога парку, культработнік з 30-гадовым стажам Наталля Какурына. “Світанак” выходзіў пераможцам на раённых конкурсах, яго запрашаюць з канцэртамі ў вёскі.
Мікалай Псышчаніца неабыякавы да незвычайнага. Напрыклад, звярнуў увагу на тры курганы на мясцовых могілках. Старажылы падказалі, што тут пахаваны французскія і рускія воіны, якіх выцягнулі ў час Айчыннай вайны 1812 года з ракі Бярэзіны. Чаму б не аддаць ім даніну павагі? Загадчык клуба запрасіў кіраўніка Мінскага пяхотнага палка, які звязаўся з французскім пасольствам. Цяпер вядзецца афармленне дакументацыі на адпаведныя раскопкі…

Анатоль БАРЫС
Старыя Дарогі
На здымку: Мікалай Псышчаніца.
Фота аўтара