Практычная дапамога

№ 20 (1511) 15.05.2021 - 21.05.2021 г

13 мая адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў Міністэрства. Дзякуючы сродкам відэасувязі, удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

Між іншага, абмяркоўваліся пытанні правядзення рэспубліканскага свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), якое мае адбыцца 10 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. У рамках святкавання будзе дзейнічаць выстава-кірмаш, якая размесціцца на беразе Дняпра: будуць прадстаўленыя, між іншага, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Агульнай тэмай свята сёлета мае зрабіцца прэзентацыя традыцыі беларускіх рушнікоў. Падчас свята госці азнаёмяцца з экспазіцыямі, на якіх прадставяць старадаўнія і рэканструяваныя рушнікі, уласцівыя для розных рэгіёнаў, з уласнымі лакальнымі адметнасцямі. Тэма рушніка будзе прасочвацца і ў творчых праграмах, прэзентацыях і конкурсах, якія тут адбудуцца.

Таксама міністр адзначыў, што пры Міністэрстве неўзабаве мае быць створаны Савет па аказанні практычнай дапамогі новапрызначаным кіраўнікам. Акрамя таго, мяркуецца замацаваць за кожнай вобласцю краіны адказных асобаў з ліку начальнікаў упраўленняў і аддзелаў Міністэрства, што дазволіць аператыўна вырашаць рабочыя пытанні.