Апгрэйд ведаў: як вучыць прафесіяналаў?

№ 42 (860) 18.10.2008 - 24.10.2008 г

Знаёмая ўсім ісціна “Вучыцца ніколі не позна” наўрад ці калі састарэе — асабліва ў наш дужа зменлівы час, які патрабуе няспыннага апгрэйду ведаў. Таму і не дзівішся, калі бачыш у вучэбных аўдыторыях Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, людзей, чый век даўно перасягнуў за “сярэднестудэнцкі”. За плячыма ў іх — доўгія гады працы па спецыяльнасці. Нягледзячы на такія акалічнасці, аб наведванні курсаў у інстытуце яны адгукаюцца як пра надзвычай карысны для прафесійнага сталення досвед.

 /i/content/pi/cult/180/1805/Socium.jpg

Лекцыі ў фармаце майстар-класа
Рабіць заняткі для дзі-джэяў і арганізатараў забаўляльных праграм нуднымізначыць марнаваць час і электраэнергію. Выкладчык інстытута і, па сумяшчальніцтве, дырэктар прадзюсерскага цэнтраАрт-мажорАляксей Камінскі ператварае свае лекцыі ў бліскучыя інтэрактыўныя шоу, заснуць на якіх не ўдасца нават на задняй парце. Старыя падыходы да дыскатэк аджылі сваё, гучна і амаль дэкларатыўна абвяшчае ён ex catedra. А што павінна прыйсці на змену? Аляксей Якаўлевіч не агучвае аўдыторыі гатовыя аксіёмы, але ставіць перад ёй пытаннікаб разам знайсці адказы або, прынамсі, натхніць на іх пошук. Прычым тэарэтычныя выкладкі густа перасыпаюцца канкрэтнымі прыкладамі ды іх аналізам, глыбіня якога куды пераважае агульны ўзровень публікацый пра шоу-культуру ў айчынных СМІ.
Пагадзіцеся, вучыць прафесіяналаў — справа няпростая. Таму падбор выкладчыцкіх кадраў — ці не палова поспеху ўсёй справы інстытута. У ліку яго выкладчыкаў — маэстра Ігар Алоўнікаў, знаны мастацтвазнаўца Міхаіл Баразна, народная артыстка Беларусі Наталя Гайда, галоўны рэдактар часопіса ”Мастацкая адукацыя і культура” Любоў Раманенка… Карыфеі сваёй справы і проста цікавыя ды абазнаныя людзі з ахвотай пагаджаюцца падзяліцца ўласным часам з іншымі, праводзячы лекцыі, якія ў той ці іншай меры можна назваць майстар-класамі.
Ледзьве не на маіх вачах слухачы лекцый, прысвечаных юрыдычным нюансам аховы гісторыка-культурнай спадчыны, атрымалі магчымасць добрага практыкуму.
— Зусім нядаўна, акурат у час лекцыі, мне патэлефанавалі і паведамілі, што на тэрыторыі Траецкага прадмесця адбываюцца будаўнічыя работы, не ўзгодненыя з Міністэрствам культуры, — распавядае выкладчык інстытута, начальнік сектара па ахове гісторыка-культурнай спадчыны адпаведнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталя Хвір. — Давялося тэрмінова прымаць меры. Але, вядома, гэтую сітуацыю мы адразу ж і разабралі са слухачамі курсаў.
Тым больш, нешта падобнае нярэдка здараецца і ў рэгіёнах. Работнікі культуры ў такіх выпадках павінны ўмець аператыўна рэагаваць, тлумачачы пэўныя нормы заканадаўстватым жа будаўнікам, якія, магчыма, іх папросту не ведаюць.
— Для нас на гэтых курсах шмат чаго было ў навіну, — наперабой распавядаюць самі слухачы. — Як уключаць аб’екты ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, як далей працаваць з імі, як давесці ўласнікам будынка неабходнасць заключэння ахоўных абавязкаў, ад чаго яны раз-пораз адмаўляюцца. Наўрад ці дзе яшчэ можна было атрымаць гэтую інфармацыю.

Смеласць рабіць прагнозы
Замест адказу на змешчанае ў загалоўку пытанне некаторыя зададуць іншае: а навошта? Яго і сапраўды дзе-нідзе даводзіцца чуць з вуснаў работнікаў культуры: маўляў, людзі ж ужо і так працуюць па спецыяльнасці, ды яшчэ з дыпломам...
— Сутнасць працы культасветработніка ў апошні час істотна змянілася, — кажа з гэтай нагоды дырэктар інстытута, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Алена МАКАРАВА. — Звязана гэта з глабальнымі зменамі ў грамадстве. Прыкладам, са з’яўленнем аграгарадкоў. Сёння ад работніка культуры патрабуецца ўменне аналізаваць канкрэтную сацыякультурную сітуацыю і рабіць дзейсныя захады па яе паляпшэнні. Таму людзі, якія атрымлівалі адукацыю 20 — 30 гадоў таму, маюць вострую неабходнасць у “падсілкаванні” новымі ведамі. Працаваць “па завядзёнцы” для іх ужо няпроста.
— Таму наша галоўная мэта — адаптацыя спецыялістаў да працы ў новых сацыяльна-эканамічных умовах, да тых патрабаванняў, якія вынікаюць з дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры і, зрэшты, з самога жыцця, — працягвае намеснік дырэктара інстытута па навукова-метадычнай рабоце кандыдат педагагічных навук Тамара БУНТОЎСКАЯ . — Мы спрабуем максімальна адпавядаць патрэбам работнікаў культуры, таму наша дзейнасць ахоплівае 54 іх катэгорыі. Яна ўключае як базавыя курсы, так і тэматычныя, аўтарскія, а таксама майстар-класы і стажыроўкі па індывідуальным плане тэрмінам да трох месяцаў. Агулам у інстытуце за год праходзяць навучанне каля 2000 чалавек.
Асаблівую ўвагу карэспандэнта “К” прыцягнуў тэрмін “прынцып апераджальнай падрыхтоўкі”, пастаўлены ў аснову дзейнасці інстытута. Ці трэба імкнуцца бегчы паперадзе цягніка, калі і надзённых праблем хапае?
— Мы ставім перад сабой мэту выяўляць тыя працэсы,з якімі работнікі культуры маюць сутыкнуцца яшчэ толькі заўтра, — распавядае Алена Макарава. — Таму ў сваёй дзейнасці бяром на сябе смеласць улічваць шляхі развіцця сацыяльна-культурных інстытутаў, а таксама змены патрэб і інтарэсаў аўдыторыі. І — узбройваць работнікаў культуры тымі інавацыйнымі тэхналогіямі, без якіх ім будзе цяжкавата жыць ужо ў найбліжэйшай будучыні: гэта тэхналогіі рэкламы і піару, менеджменту і маркетынгу, інтэрнет-камунікацый, уменне працаваць з мэтавымі групамі, улічваць дынаміку інтарэсаў спажыўца.
— Ведаючы, якімі клопатамі часцяком пераймаюцца сёння работнікі культуры з рэгіёнаў, магу прадбачыць, што, чытаючы вашы словы, той-сёй зазначыць: тэорыя, маўляў, — адно, а канкрэтныя справы — іншае...
— Недарэчы іх супрацьпастаўляць. Навуковая дзейнасць, у прынцыпе, і палягае ў абагульненні рэальнасці, выяўленні на гэтай глебе пэўных заканамернасцей і, безумоўна, у прагнозе дынамікі працэсаў. Выпрацоўваць для ўстаноў культуры канкрэтныя тэхналогіі можна толькі, маючы ўсведамленне глабальных культуралагічных працэсаў. Сёння час патрабуе, каб канцэптуальнае абнаўленне гэтага базісу адбывалася рэгулярна, кожныя 3 — 5 гадоў. Таму наша праца грунтуецца на шматбаковых даследаваннях навукоўцаў — і айчынных, і замежных. У тым ліку, і культуролагаў з Універсітэту культуры і мастацтваў, якіх мы прыцягваем да работы са слухачамі на нашых курсах.

Больш адказныя, чым проста студэнты
Асобны напрамак дзейнасці інстытута — перападрыхтоўка, што дазваляе за два гады завочнага навучання ў ім займець адну з 10 актуальных сёння спецыяльнасцей, спіс якіх даволі размаіты: рэклама, харэаграфія, экскурсійна-масавая праца ў музеях, менеджмент у сацыякультурнай сферы...
Лік спецыяльнасцей досыць гнуткі — ён абнаўляецца з улікам кан’юнктуры рынку. Навучанне на большасці з іх платнае, але 130 чалавек атрымліваюць адукацыю па трох спецыяльнасцях на бюджэтнай аснове. Гэта тыя, хто ўжо працуе па спецыяльнасці, не маючы, аднак, адпаведнай адукацыі.
Што да гукарэжысёраў, дык дыпламаваных прафесіяналаў у гэтай сферы наогул пакуль што вобмаль. Таму і попыт надзвычайны: сёння ў інстытуце гэтую спецыяльнасць атрымліваюць больш за 30 чалавек. Дый дзе яшчэ можна патрапіць на ўрок да такіх карыфеяў, як галоўны гукарэжысёр Белтэлерадыёкампаніі Анатоль Прылішч або Сяргей Ціманаў? Таму галоўны стымул пайсці на гэтуя спецыяльнасць — усё ж не дыплом, а менавіта веды і навыкі.
Ці адрозніваюцца слухачы аддзялення перападрыхтоўкі (а кожны з іх ужо мусіць мець дыплом аб вышэйшай ці, у некаторых выпадках, сярэдняй спецыяльнай адукацыі) ад звычайных студэнтаў? Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Ванда ДУБРОВА мяркуе, што так, прычым у лепшы бок.
— Адна справа, калі чалавек ідзе вучыцца, скажам, пад уплывам бацькоў, а зусім іншая — калі ён робіць цалкам самастойны, усвядомлены выбар. Студэнту, можа, у радасць, калі лекцыя скончыцца на пяць хвілін раней, а ў нашых слухачоў гэта часам выклікае абурэнне, бо яны прагнуць максімальна выкарыстаць кожную хвіліну.

* * *

У планах інстытута на перспектыву — распрацоўка сістэмы дыстанцыйнага навучання, якая дазволіць павышаць свае прафесійныя навыкі тым, для каго прыехаць у сталіцу асабіста занадта праблематычна. А таксама — дасць слухачам магчымасць бліжэй пазнаёміцца з культурнай практыкай — па прынцыпе “Лепш адзін раз убачыць…”.
— Ведаю, што беларускі Урад і, у прыватнасці, віцэ-прэм’ер Аляксандр Косінец, актыўна адстойвае ідэю навукова-вытворча-адукацыйных комплексаў, якая прадугледжвае інтэграцыю навукі, адукацыі і, разам з тым, практыкі, — кажа Алена Макарава. — Гэтую ідэю выказваў і рэктар БДУКіМ Барыс Святлоў. Для нас гэта эталонная мадэль.
У сценах аўдыторыі цяжка ўзнавіць культурную рэальнасць, таму патрэбны выезды ў рэгіёны, знаёмства слухачоў з адметнымі мадэлямі. Паехаць, скажам, у Дзяржынск або Глыбокае і дэталёва разгледзець досвед працы вартай увагі ўстановы пад час своеасаблівага практычнага занятку. Але гэта патрабуе затрат.
…Запытаў напрыканцы ў Алены Макаравай, ці адчувае кіраўніцтва інстытута запатрабаванасць тых сучасных тэхналогій, пра якія неаднойчы вялося ў нашай гутарцы, ужо ў сённяшнім культурным працэсе?
— На жаль, пакуль што тэмпы іх укаранення ў сферы культуры не такія хуткія, як хацелася б, — адказала дырэктар інстытута. — Паглядзіце, колькі ў нас цудоўных калектываў, чый гастрольны графік не надта насычаны! Мяркую, адной з прычын з’яўляецца тое, што людзі з дыпломамі музвучылішча або нават кансерваторыі не валодаюць тэхналогіямі арт-менеджменту, рэкламы, прадзюсерства. Але засвоіць іх хоцькі-няхоцькі давядзецца — іначай работнікі культуры папросту не здолеюць адпавядаць тым задачам, якія ставіць перад імі дзяржава. Згадайма той самы план платных паслуг. Дарэчы, некаторыя ўладальнікі кансерваторскіх дыпломаў ужо атрымалі або акурат цяпер атрымліваюць у нас веды па спецыяльнасці “Менеджмент сацыякультурнай сферы”.
— Мы лічым, што адна з галоўных задач, якая стаіць перад намі, — разварушыць тых, хто не адчувае патрэбы мяняць сваю дзейнасць. Вы ж разумееце, што ва ўмовах аграгарадка нікому ўжо не патрэбны “ключнік”, які пару разоў на тыдзень адчыняе дзверы даверанай яму ўстановы, “запускае” ў ёй танцы і раз-пораз ладзіць мерапрыемствы па гатовых сцэнарыях, якія не праходзілі ніякай адаптацыі да мясцовых патрэб і традыцый.
Тым болей, інавацыі, пра якія тут вядзецца гаворка, — гэта зусім не нешта іншароднае, штучна прыўнесенае звонку. Гэта новы досвед асэнсавання нашых традыцый, якія атрымліваюць новае развіццё і праектуюць новую культурную рэчаіснасць.

Ілля СВІРЫН

P.S. Дырэктар ІПКіП Алена Макарава прасіла перадаць усім зацікаўленым чытачам “К”, што інстытут з увагай разгледзіць заўвагі і прапановы, датычныя павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў культуры.
Таму чакаем іх на адрас рэдакцыі. Мы ж, у сваю чаргу, таксама плануем вярнуцца да гэтай немалаважнай тэмы. Балазе ў лістападзе для гэтага будзе добрая нагода: у інстытуце пройдзе курс павышэння кваліфікацыі для рэзерву кіруючых кадраў.