З ім, народным мастаком Чачэнскай Рэспублікі, народным мастаком Рэспублікі Дагестан, карэспандэнт “Культуры” сустракаўся летась, напярэдадні юбілейнага года Перамогі. Тады ў нашай газеце была надрукавана вялікая гутарка са скульптарам, які і распавёў аб працы над помнікам Герою. Мы таксама пазнаёмілі чытачоў і з амаль завершанай мадэллю, якая яшчэ дапрацоўвалася Хізры Асадулаевым у майстэрні.
І вось сёлетняя знамянальная падзея, якая адбылася 6 мая: адкрыццё помніка Іону Солтысу. На ўрачыстай цырымоніі ў Мінску прысутнічала дэлегацыя з Рэспублікі Малдова: старшыня парламента гэтай краіны Зінаіда Грачаный, экс-прэзідэнт Ігар Дадон, дыпламаты і прадстаўнікі органаў беларускай выканаўчай улады, а таксама малдаване, якія жывуць у Беларусі.
“У Вялікай Айчыннай вайне загінулі мільёны савецкіх грамадзян, сярод якіх былі сотні тысяч беларусаў і малдаван. Цана гэтых ахвяраў — Перамога, наша свабода. За яе ваяваў увесь савецкі народ. Мы перамаглі разам і заўсёды павінны захоўваць памяць аб той Вялікай Перамозе, — падкрэсліў Ігар Дадон у час свайго выступу. — Усім, хто займаўся ўсталяваннем бюста ў гонар Іона Солтыса, хачу сказаць “дзякуй!” Я ўпэўнены, што гэты помнік — на стагоддзі, ён заўсёды будзе нагадваць, што беларусы і малдаване — брацкія народы”.
Да помніка прысутныя на цырымоніі ўсклалі кветкі.
А цяпер мы нагадаем пра публікацыю ў нашай газеце. Нам была цікава грамадзянская пазіцыя Хізры Асадулаева, творцы, які звязаў сваё жыццё з Беларуссю. Вось што адказаў нам скульптар:
“Насамрэч мяне Бог сюды прывёў. А адаптацыя прайшла лёгка, бо я заўжды меў цягу да моў. Да розных моў. І праз гэта мог бы прызвычаіцца да жыцця і працы і на Усходзе, і на Захадзе. Жыццёвыя варункі я прымаю як дадзенасць, але ніколі не забываю, хто я і адкуль. Гэта ўнутры мяне… Я пачаў вывучаць беларускую мову, унікаць у беларускую культуру, таму што я тут вырашыў жыць і маю павагу да беларускага народа. А калі ты з павагай ставішся да іншых, дык, натуральна, і да цябе такое ж стаўленне. Як агукнецца, так і адгукнецца”.
Карэспандэнт “К”, зразумела, пацікавіўся, як узнікла ідэя помніка? На што Хізры Асадулаеў расказаў, што, калі адбываўся конкурс, то журы аддало перавагу ягонаму праекту: “Рэч у тым, што з прадстаўленых на конкурс чатырнаццаці праектаў большасць адпавядалі ўсталяванай раней традыцыі. Бюсты, як у савецкі час. Я бачыў гэта інакш. Гэта выява героя ў момант здзяйснення подзвігу, калі ён кідаецца на амбразуру ДОТа. Паўфігура ў экспрэсіі”.
Падчас адкрыцця была агучана і вельмі важная думка кіраўніком Мінскага гарсавета Андрэем Бугровым:
“Мы прайшлі вайну з рознымі народамі плячо ў плячо, і ні разу не задаваліся пытаннем, у каго якая нацыянальнасць. Нас аб’ядноўвала адна мэта — Перамога, якую мы здабылі. Але разам з тым заўсёды важна памятаць, што мы жывем, дзякуючы такім загінуўшым хлопцам, як Іон Солтыс. На нашай зямлі заўсёды будуць памятаць пра гэтых герояў”.
Застаецца дадаць, што гэты год — юбілейны і для самога Хізры Асадулаева. Не так даўно яго віншавалі з 65-годдзем прадстаўнікі творчых саюзаў — пісьменнікаў і мастакоў. І мы далучаемся да тых віншаванняў, якія прагучалі ў гонар творцы.