Усёй краінай — разам з дыяспарай

№ 19 (1510) 09.05.2021 - 15.05.2021 г

4 мая адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў Міністэрства. Дзякуючы сродкам відэасувязі, удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

Аддзел міжнароднага супрацоўніцтва і інфармацыйнага забеспячэння праводзіць падрыхтоўку мерапрыемстваў, запланаваных на бягучы год, сярод якіх міжнародная выстава “Арт-экспа”, якая мае адбыцца напрыканцы чэрвеня ў культурнай сталіцы Беларусі горадзе Барысаве з удзелам прадстаўнікоў усіх краін СНД. Сфарміраваны таксама праект плана па падрыхтоўцы да пасяджэння Савета па культурным супрацоўніцтве, якое мае адбыцца ў верасні.

Галоўнае ўпраўленне дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва займаецца падрыхтоўкай урачыстага сходу і канцэрта ў сталічным Палацы Рэспублікі, запланаваных на 7 мая, цырымоніі ўскладання кветак да манумента Перамогі, цырымоніі ўшанавання Дзяржаўных сцяга і герба, а таксама вячэрняга канцэрта на плошчы Перамогі, якія маюць адбыцца 9 Мая.

Што тычыцца сферы прафесійнага мастацтва, у рамках адзначэння Года народнага адзінства абвешчаныя конкурсы на стварэнне мемарыяльнага знака “Памяць удзячных пакаленняў”, мемарыяла на месцы канцэнтрацыйнага лагера “Бяроза-Картузская”, а таксама памятнага знака “Уз’яднанне”, які мусіць з’явіцца ў Мінску.