“Таварыш мой, успомні імёны медыкаў!”

№ 19 (1510) 09.05.2021 - 15.05.2021 г

Чым далей у часе адступаюць падзеі Другой сусветнай вайны, тым больш манументальным бачыцца подзвіг нашага народа ў барацьбе з фашызмам. На захопленай ворагам беларускай зямлі стаў разгортвацца магутны партызанскі рух. Ён падрываў тыл праціўніка, трымаў яго ў пастаянным напружанні, перашкаджаў бесперабойнай перабросцы жывой сілы тэхнікі захопнікаў. Партызаны вызвалялі ад акупантаў значныя тэрыторыі і ўзнаўлялі там савецкую ўладу. Да канца 1943 года на акупаванай тэрыторыі Беларусі налічвалася больш за 20 партызанскіх зон. Яны кантралявалі каля 60 працэнтаў нашай зямлі.

/i/content/pi/cult/849/18040/23.jpgПартызанскай зонай стаў і Клічаўскі раён з яго вялізнымі ляснымі масівамі і непраходнымі балотамі. З першых дзён вайны наш край быў цэнтрам партызанскага супраціўлення на Магілёўшчыне. Першы партызанскі атрад сфарміравалі 14 ліпеня 1941-га. 20 сакавіка наступнага года быў разгромлены апошні на тэрыторыі раёна нямецка-паліцэйскі гарнізон. Раён перайшоў у рукі партызан. 3 красавіка 1942 года ў раёне была ўзноўлена Савецкая ўлада. Пачалі дзейнічаць райкам партыі (раней — падпольны), райвыканкам, усе сельскія Саветы.

Так фармавалася Клічаўская партызанская зона. Яна стала самай буйной па колькасці партызан, якія яе абаранялі — 18 тысяч байцоў. Зона займала каля 3 тысяч квадратных кіламетраў (тэрыторыя раёна — 1,8 квадратных кіламетра). Пад аховай партызан па вёсках і ў сямейных лагерах знаходзілася больш за 70 тысяч мірных жыхароў. Гітлераўцы не маглі з гэтым змірыцца і зладзілі 5 магутных блакад, знішчылі 69 вёсак.

Пра подзвігі партызан можна пісаць бясконца. Пласт дакументальных матэрыялаў і ўспамінаў відавочцаў — велізарны. Але ў гэтай публікацыі хачу спыніцца на подзвігу медыцынскіх работнікаў, якія без самых неабходных медыкаментаў, інструментаў і перавязачных сродкаў рабілі аперацыі, ратавалі жыцці тысячам партызан і мірных жыхароў.

Днём і ноччу

У ліпені 1941-га пацягнуліся па беларускіх дарогах адступаючыя часткі Чырвонай Арміі і асобныя групы ваеннаслужачых, што трапілі ў акружэнне ці адсталі ад сваіх. Сярод іх было нямала параненых. Таму невялічкая сельская бальніца ў Бацэвічах стала ваенным шпіталем, дзе ўтрымліваўся 41 баец. Нягледзячы на рэальную пагрозу расправы з боку нямецкіх улад, увесь персанал бальнічкі застаўся на сваіх месцах.

З успамінаў В.А. Ціхамірава, Героя Савецкага Саюза, былога камандзіра 12-й партызанскай кавалерыйскай дывізіі імя Сталіна:

“З аперацыйнага стала ўбачыў маладую жанчыну, якая (я потым даведаўся) была фельчарам Бацэвіцкай бальніцы — Ася Саламонаўна Ноткіна (Гурэвіч), жонка хірурга гэтай жа бальніцы Льва Маісеевіча Гурэвіча…

…Медыцынскі персанал працаваў днём і ноччу… Нягледзячы на пагрозу смерці Гурэвіч тайком прыходзіў у бальніцу і рабіў аперацыі. Калі праз Бацэвічы праходзіла нямецкая вайсковая частка, хтосьці паведаміў фашыстам пра нашых параненых у бальніцы. Нянькі і медсёстры знайші каня з падводай і адвезлі нас у Кострычы…”

Надышла восень 1941 года. Дзякуй медперсаналу: многія параненыя салдаты не толькі акрыялі, але і змаглі ўстанавіць сувязь з першым на Клічаўшчыне партызанскім атрадам. Восем цяжкапараненых байцоў эсэсаўцы ўсё ж здолелі расстраляць. А Леў Гурэвіч стаў партызанам. Быў добрым урачом і адважным воінам. На вялікі жаль, загінуў ад варожай кулі.

Трагічна закончыўся і лёс медработнікаў Клічаўскай бальніцы. Па даносе карнікі схапілі галоўнага ўрача Аляксандру Урублеўскую і медыцынскіх сясцёр Улляну Бай, Настассю Ачыновіч за тое, што яны дапамагалі параненым чырвонаармейцам у “бярозавым лазарэце” ў гаі за ракой. Усе былі забітыя.

Са слоў В.А. Ціхамірава:

“Таварыш мой, сябра мой па зброі, пабрацім па пакутах! Успомні імёны медыкаў, якія ратавалі нашы жыцці. Распавядзі сваім дзецям і ўнукам пра іх мужнасць, адданасць і любоў да сваіх воінаў. Пакланіся ім да зямлі…”

/i/content/pi/cult/849/18040/22.jpgЛясныя шпіталі

Спачатку медыцынскае абслугоўванне партызан у лесе наладжвалася стыхійна. Восень і зіма 1941-га былі найбольш цяжкімі. Высокапрафесійных урачоў, натуральна, не ставала. Да прыкладу, медсанчастку самага баяздольнага 208-га атрада доўгі час узначальвала медсястра Ганна Іосіфаўна Астроўская, а галоўным урачом 277-га атрада быў санінструктар Ілля Яфімавіч Жыцелеў.

Хранічна не хапала лекаў і перавязачных матэрыялаў. Замест ваты выкарыстоўвалі мох, для бінтоў рвалі бялізну. Праблемай стала эвакуацыя параненых з месца бою. Па лясных і балотных сцежках для эвакуацыі аднаго хворага на 10 — 15 кіламетраў патрабавалася каля 12 чалавек.

Назаву толькі некалькіх медыцынскіх работнікаў, якія наладжвалі сувязь з аптэкамі, змагаліся і лячылі партызан. Гэта Алена Буяноўская, Яўгенія Іосіфаўна Малашкевіч, Таццяна Сямёнаўна Філончык, Антон Міхайлавіч Капскі, Мікалай Паўлавіч Кніга. Так, многага не хапала. Аднак ніхто не апускай рук. З ліквідацыяй фашысцкага гарнізона ў Клічаве 20 сакавіка 1942 года завяршылася вызваленне раёна ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. На пэўны час уся Клічаўшчына стала выспачкай савецкай зямлі ў фашысцкім тыле. Карыстаючыся момантам, партызанскія медыкі сабралі ўсё, што засталося ў разрабаваных ворагам амбулаторыях і бальніцах. У лесе абсталявалі некалькі зямлянак, прыстасавалі іх пад паліклініку і палаты для хворых. Медыкі праяўлялі зайздросную вынаходлівасць: з дапамогай мясцовых умельцаў выраблялі ў вясковых кузнях скальпелі, шчыпцы, пілы… У ход ішлі косы, аўтамабільныя шыны, веласіпедныя спіцы. Шырока выкарыстоўваўся вопыт народнай медыцыны.

Паступова папаўняўся штат медыкаў. У 277-мы атрад уступілі ўжо згаданы Леў Гурэвіч і яго жонка Ася Ноткіна (пазней — начальнік медслужбы атрада “Чэкіст”), фельчар Міхаіл Сілавіч Харлап, медсёстры Ніна Якаўлеўна Сямак з вёскі Бацэвічы, Антаніна Іванаўна Ламакіна з вёскі Бярозавае Балота, зубны ўрач Вольга Слука са Слуцкага раёна, урачы Марыя Іванаўна Плотніцкая з Масквы і Дзмітрый Аляксандравіч Дзяржавін з Пензы, фельчары Фёдар Максімавіч Ананіч і Фёдар Елісееў з вёскі Красны Лес, Міхаіл Дзянісавіч Пірожнік з вёскі Орліна, медсёстры Галіна Міхайлаўна Бабяк і А. Заяц. Медыцынскую службу 128-га партызанскага атрада ўзначаліў урач Віктар Барысавіч Пятроўскі, 61-га — Марфа Васільеўна Паўлавец, 278-га — Мікалай Паўлавіч Кніга, 113-га — Уладзімір Фаміч Кургановіч. У 113-м атрадзе пачалі працаваць урач-хірург Ілля Іванавіч Астапенка і медсястра Ніна Аляксееўна Патапава, у 128-м — медсястра Марыя Еўдакімаўна Маркава, у 620-м — Агнія Сцяпанаўна Старадворская, якая потым узначаліла санчастку 720-га атрада.

Загад быў выкананы

Вольны Клічаўскі раён нямецкія карнікі вырашылі задушыць у блакадным кольцы. У апошняй дэкадзе ліпеня 1942 года фашысты кінулі супраць партызан некалькі вайсковых частак, бронемашыны, авіяцыю. Гэта была не першая блакада Усакінскага партызанскага плацдарма. Не першая і не апошняя. І можна было б пра яе не згадваць, але хочацца прывесці прыклад самаадданага подзвігу двух партызанскіх медыкаў, здзейсненага ў тыя дні. Ля вёскі Макаўе пры прарыве вогненнага кольца 128-мы партызанскі атрад, якім камандваў Васіль Паўлавіч Свістуноў, адбіваўся ад праціўніка і ніяк не мог перабазіраваць у больш бяспечнае месца сваю санчастку. Камандзір прымае рашэнне пакінуць 27 параненых байцоў сярод усакінскіх балот пад наглядам урача Пятроўскага, медсястры Маркавай і камандзіра роты Леаніда Цімаховіча. З медыкаментаў не было амаль нічога, са зброі — вінтоўка Цімаховіча. У якасці аховы для параненых было выдзелена яшчэ тры партызаны з ручным кулямётам і дзвюма вінтоўкамі. Атрад адышоў, стрэламі адцягваючы праціўніка ад часовага лазарэта сярод балот…

З успамінаў Л.В. Цімаховіча, камандзіра 128-га партызанскага атрада:

“Гэта былі самыя цяжкія дні ў маім жыцці. Каб не трапіць у рукі карнікаў, мы перацягнулі параненых на выспу сярод забалочанага лесу. Пятроўскі і Маркава неадступна сачылі за хворымі. Замест ваты выкарыстоўвалі мох, замест бінтоў — маладую лістоту падарожніка і вольхі, лазовую і ліпавую кару. Карміліся ягадамі і грыбамі, лясным часнаком і шчаўем. Час ад часу рабілі вылазкі на палі ля вёсак Бярозавае балота і Вялікая Старына, каб накапаць маладой бульбы. Зайсці ў вёску было немагчыма, бо пасля блакады немцы паўсюдна ўзнаўлялі свае гарнізоны. Становішча пагоршылася, калі Пірожнікаў, Клачкоў і Язвін адправіліся ў вёску Бацэвічы за соллю і… не вярнуліся. Хтосьці выказаў меркаванне, што яны трапілі ў рукі паліцыі і пад катаваннямі могуць прагаварыцца, і тады нашаму лазарэту будзе крышка. Да таго ж, нашы байцы, ідучы ў Бацэвічы, забралі з сабой кулямёт і дзве вінтоўкі. Мы засталіся амаль безабароннымі. Адшукалі новы прытулак. Амаль суткі нашы ўрачы і я пераносілі параненых, узводзілі намёты. Хтосьці сплёў рыбалоўную прыладу. Уюны і карасі са шчаўем падаваліся самай вытанчанай стравай. Здавалася, ад лыжкі-другой гэтага несалёнага варыва хворыя на вачах набіраліся сіл. На тварах пачалі з’яўляцца ўсмешкі.

Дзе былі партызанскія атрады, мы не ведалі. Наладзіць разведку не маглі, бо 27 чалавек трэба было накарміць, перавязаць, схаваць ад дажджу, але ў першую чаргу — ад варожага вока. А гітлераўцы бясчынствавалі ў навакольных вёсках. Забівалі людзей, палілі хаты, здзекваліся з мірных жыхароў. Штодня то з-за Вольсы — ад Краснага Берага, Ваевічаў, Клічава, то з усходу — ад Перасапні, Дубнікаў, Вялікай Старыны цягнула дымам, чуліся крыкі. Камянелі, сціскаліся нашы сэрцы ад таго, што нічым не маглі дапамагчы людзям. Мы і самі нагадвалі тады загнаных у кут мышэй. Варта было фашыстам выпадкова збочыць з дарогі, што вяла з Макаўя на Бацэвічы, як нас маглі знайсці і пусціць у расход.

Таварышы паступова папраўляліся. Асобныя самі сталі дапамагаць нам у доглядзе за хворымі. Стала крыху лягчэй. Набліжаўся верасень. Час быў задумацца пра больш надзейны прытулак.

У апошнія жнівеньскія дні Марыя Еўдакімаўна хадзіла да хутару Падбочак капаць бульбу і выпадкова сустрэла разведчыкаў з 208-га партызанскага атрада. Яны паведамілі, што клічаўскія партызаны вырваліся з блакады і базуюцца цяпер у лясах Кіраўскага, Бялыніцкага і Бярэзінскага раёнаў. Наш 128-мы атрад знаходзіцца ў вёсцы Краснае за шашой Мінск —Магілёў. Там абсталяваны партызанскі аэрадром. Параненых можна перапраўляць на лячэнне ў Маскву. Гэтыя звесткі ўзбадзёрылі нават самых слабых. Вырашылі дабірацца да Краснага. Разведчыкі дапамаглі нам знайсці ў вёсцы Зарэчча некалькі падвод. Нам трэба было пераадолець па варожых тылах каля 80 кіламетраў, перабрацца праз шашу. Было няпроста, але мы дасягнулі пастаўленай мэты... Асобныя параненыя былі яшчэ слабымі, аднак ніхто не памёр. У гэтым, безумоўна, вялікая заслуга ўрача Віктара Барысавіча Пятроўскага і медсястры Марыі Еўдакімаўны Маркавай. Загад камандзіра быў выкананы. Я здаў параненых у санчастку і зноў прыняў сваю баявую роту”.

Дапамога Вялікай Зямлі

Простыя словы, за якімі — подзвіг. Пятроўскі, Маркава і Цімаховіч выратавалі 27 жыццяў. Самаадданасць, пачуццё абавязку, узаемавыручка па загадзе не з’яўляюцца. Ці ж загадваў хтосьці Марыі Жук з вёскі Ваевічы і яе дзецям ратаваць у блакадныя дні партызана Краснова з 152-га атрада? Не, канешне. Яны падабралі цяжкапараненага на полі бою, схавалі, кармілі і лячылі пакуль у раён не вярнуліся партызаны.

Але як бы там ні было, а ўрачоў не хапала па-ранейшаму.

Пісьмо сакратара Клічаўскага РК РП(б)Б Я.І. Зайца ў ЦК КП(б)Б:

“Верасень 1942 г.

Адсутнасць у Клічаўскім раёне медыцынскіх работнікаў і, тым больш, кваліфікаваных, ставіць у выключна цяжкае становішча насельніцтва, якое пачынае хварэць. Наяўнасць медперсаналу ў партызанскіх атрадах па прычыне іх слабай кваліфікацыі не можа забяспечыць сур’ёзнай медыцынскай дапамогай атрады і насельніцтва. Дастаткова зазначыць, што самае дробнае раненне застаецца без належнай дапамогі, вядзе ў выніку да кепскага сыходу, што не можа не ўплываць на маральны стан байцоў. Для забеспячэння кваліфікаванай медыцынскай дапамогай просьба камандзіраваць у наша распараджэнне аднаго хірурга хаця б з мінімумам хірургічнага інструментарыя, перавязачнага матэрыялу, эфіру, хлараформу, стэрылізатара (невялікі аўтаклаў). Трэба і малая ўцепленая палатка”.

Да ліста быў прыкладзены спіс неабходнага, складзены ўрачом Мікалаем Кнігам. Неўзабаве прыляцеў самалёт. Вялікая Зямля выканала просьбу партызан. Дарэчы, прылёт савецкіх самалётаў для партызанскіх медыкаў быў святам. Лётчыкі разам з баявымі грузамі дастаўлялі медыкаменты і інструментарый, а забіралі параненых.

А руку выратавалі

З дзённіка М.П. Кнігі, начальніка санітарнай службы Клічаўскай ваенна-аператыўнай групы:

“22 верасня 1942 года з Усакінскага ляснога аэрадрома адпраўлена ў Маскву 15 цяжкапараненых партызан з 810-га атрада і трое хворых дзяцей…

3 кастрычніка… з 277-га атрада накіравана за лінію фронту пяць параненых байцоў…

8 лістапада. Позна ноччу прыляцеў самалёт. Узяў на борт групу параненых, сярод якіх і 60-гадовы Андрэй Заяц. Сям’я Андрэя Васільевіча вельмі пацярпела падчас блакады: загінуў сын Уладзімір — партызан 61-га атрада, фашысты расстралялі двух унукаў і яго дачку”.

З другой паловы 1942 года Цэнтральны штаб партызанскага руху арганізуе сістэматычную пераброску ў тыл ворага вялікай колькасці медыцынскіх работнікаў. Павялічылася і колькасць медыкаментаў і перавязачных матэрыялаў. Хірургічных аперацый стала больш.

З успамінаў М.П. Кнігі:

У 113-м партызанскім атрадзе летам 1943 года адбыўся такі выпадак: у баі ля чыгуначнай станцыі Семукачы атрымаў цяжкае раненне партызан Мікалай Ігнатовіч. Партызаны не заўважылі, дзе ён падаў. Знайшлі Мікалая толькі на наступны дзень раніцай з вялікай стратай крыві. У цяжкім стане даставілі ў санчастку. Хірург Ілья Іванавіч Астапенка вырашыў ампутаваць руку. Медсястра Ніна Аляксееўна Патапава пачала рыхтавацца да аперацыі. За некалькі мінут да аперацыі ў зямлянку ўвайшоў начальнік медслужбы 113-га партызанскага атрада Уладзімір Фаміч Кургановіч. Ён і прымусіў калег пачакаць. Маўляў, што адрэзана, тое не прышыць. Шчыльна прывязалі руку да грудзей, кармілі хворага антыбіётыкамі. Усё гэта адбылося напрыканцы лета, а пад кастрычніцкія святы Мікалай Ігнатовіч зноў узяў у рукі аўтамат”.

Вялікай праблемай пры лячэнні заставалася забеспячэнне донарскай крывёй. Калі на франтах Вялікай Айчыннай ад страты крыві гінуў толькі адзін працэнт параненых байцоў, то сярод параненых партызанаў колькасць летальных выпадкаў па названай прычыне перавышала 50 працэнтаў. Але і гэтую сітуацыю ўдалося палепшыць.

Запомнім іх…

Мікалай Кніга згадваў, як на Усакінскім аэрадроме партызан, цяжка паранены ў твар, у чаканні самалёта з Масквы дыктаваў медсястры пісьмо для таварышаў па атрадзе:

“А яшчэ, хлопцы, нізка пакланіцеся за мяне доктару. Калі б не яна, і Таццяна Іванаўна, і не выжыў бы…”

Не ведаў Мікалай Паўлавіч, як звалі таго байца, так і не ўстанавіў прозвішча доктара. Напэўна, не ў канкрэтных прозвішчах тут справа. Сардэчная ўдзячнасць — вось самая высокая ўзнагарода для медыка.

А колькі іх загінула тады?! Дакладны адказ — 300 урачоў з партызанскіх шэрагаў. Гэта Аляксандра Урублеўская, Леў Гурэвіч, Алена Буяноўская, Васіль Шчэпятаў, Фёдар Ананіч, Фёдар Елісееў, Міхаіл Пірожнік, Алена Старадворская, Рэгіна Калінкіна, Іван Руды, Улляна Харлап…

Запомнім іх!

Наталля ХРАМЯНКОВА, дырэктар Клічаўскага краязнаўчага музея
Публікацыя падрыхтавана

па матэрыялах з фонду музея