Байцоўскі характар і зорка на небе

№ 42 (860) 18.10.2008 - 24.10.2008 г

Святлана БАРЭЙКА — лаўрэат Дэльфійскіх гульняў: і дзяржаў-удзельніц СНД у 2005 годзе, і Сусветных, якія адбыліся сёлета ў Саратаве. Таму і размова наша пачалася, зразумела, з удзелу маладой акардэаністкі ў гэтым творчым спаборніцтве.

 /i/content/pi/cult/180/1804/Maxima.jpg

— Сусветныя Дэльфійскія гульні ў Саратаве прынеслі мне шмат станоўчых эмоцый. Канкурэнтаў мы амаль не ведалі, бо буклетаў не было. Нам раздалі толькі праграму “нашых дзеянняў”: дзе і ў колькі трэба быць. Так што ўдзельнікі знаёміліся самі: маўляў, ты адкуль? Я і дагэтуль працягваю стасункі з акардэаністам з Малдовы — і па тэлефоне, і праз Інтэрнет.

— Цікава, які твор вашай праграмы канчаткова скарыў публіку і журы?

— Думаю, мабыць, апрацоўка нашым беларускім музыкантам Леанідам Маліноўскім песні “Вот кто-то с горочки спустился”. Там многа віртуознасці, выкарыстаны ўсе віды тэхнікі, вядомая тэма з’яўляецца ў самых разнастайных абліччах — і ўсё гэтак бадзёра, весела! Калі я выканала гэтыя варыяцыі, усе былі ў захапленні, пачалі ноты прасіць, — а ў мяне іх, можна сказаць, няма, бо я выконвала гэты твор па аўтарскім рукапісе. А як было б цудоўна, каб я магла падарыць музыкантам з іншых краін добра выдадзеныя беларускія творы!

— Мабыць, пыталіся і пра вашы дыскі?

— Так, канешне, і, на жаль, з тым жа вынікам. У мяне пакуль няма запісаў, але, спадзяюся, з цягам часу з’явяцца і магнітаальбомы.

— Вы ездзілі на конкурс разам з выкладчыкам?

— Мірон Іванавіч Була — мой любімы педагог. Акрамя яго прафесійных якасцей, ён, можна сказаць, — другі бацька, заўсёды побач, і ўсе пытанні мы вырашаем з ім разам — без камандных метадаў, шляхам узаемаразумення. Вядома, і на Дэльфійскія гульні я ехала з ім. Спадзявалася нават, што ён будзе ў журы: ну, думаю, хаця б ягоны голас будзе “за”. А высветлілася, што ён запрошаны проста ганаровым госцем. Я пачала крыху “панікаваць”. А ён: “Так нават лепей! Ніхто не будзе сумнявацца ў якасці тваёй перамогі”. Ён змог неяк настроіць мяне, і я сапраўды перамагла.

— Вы і самі ўжо настаўніца. Ужо чацвёрты год выкладаеце, наколькі я ведаю, у дзіцячай музычнай школе № 8. Ці пазнаяце ў цяперашніх

дзецях сябе саму?

— Сёння дзятва зусім іншая, чым былі мы: яны больш цікавяцца камп’ютэрамі, хіп-хопам, боксам, а не музыкай. Так і гавораць: нам гэта не трэба, але мама прымушае. Бывае, і лянуюцца, і часу ім не хапае. Камп’ютэр — вялікая спакуса. Я нават не ведаю, што было б са мной, каб у дзяцінстве побач са мной апынулася падобная “цацка”.

Я слухаюі думаю: дзіця і камп’ютэр — барацьба “Хто каго?”. Ці то дзіця падпарадкуе сабе машыну, ці то яна — яго. Камп’ютэру ніводны музычны інструмент не супернік. А чалавек? Вось і атрымліваецца, што без яркіх выкладчыкаў, якія зацікавяць дзяцей не толькі ўласна музыкай, але і сваёй асобай, нам не абысціся нават у самым тэхнічна аснашчаным грамадстве.

— А вы памятаеце свой першы ўрок у Мірона Іванавіча Булы?

— Было страшнавата: ён — гэткі мэтр, а я побач з ім — усяго толькі маленькая дзяўчынка. Але ён змог так пабудаваць занятак, што я сама павінна была знайсці шляхі, як лепей сыграць той ці іншы музычны фрагмент. Мірон Іванавіч не толькі абудзіў у мяне цікавасць да самастойнага мыслення, але і дазволіў адчуць сябе быццам на грэбні хвалі: прымусіў жыць, верыць у лепшае, імкнуцца да гэтага.

— Мабыць, ужо паводле аднаго вашага прозвішча — Барэйка — вы павінны адчуваць сябе “барцом-барацьбітом”.

— Так і ёсць. Але мае байцоўскія якасці выяўляюцца не ў тым, каб з кімсьці ці, яшчэ горш, супраць кагосьці змагацца, а ў мэтанакіраванасці, імкненні дасягнуць тых вяршынь, якія перад сабой ставіш. Конкурсы ўвогуле патрабуюць вялікай сілы волі, вытрымкі, добрых нерваў. Нават у чымсьці — фізічнай моцы. А так хочацца яшчэ і музычнасці...

Гэтага, дарэчы, Святлане не займаць: яе ігра заўсёды вылучаецца не толькі віртуознасцю, але і вялікай эмацыянальнасцю, тонкасцю прачытання аўтарскай задумы. Дый яна ўвогуле прыроджаная артыстка! Кажуць, на занятках у Акадэміі музыкі пад час адной з ролевых гульняў яна так увайшла ў ролю медсястры партызанскага атрада, што, ледзь толькі схілілася над “параненым”, прысутныя вырашылі, што хлопцу папраўдзе дрэнна і трэба тэрмінова выклікаць “хуткую”. Можа, такія акцёрскія ды музычныя здольнасці перадаліся ёй у спадчыну? Аказалася, не.

— У мяне ў сям’і не было ні музыкантаў, ні артыстаў: тата — слесар, маці — майстар-тэхнолаг, старшая сястра — юрыст. Хіба толькі бабуля, па матчынай лініі, мне ўсё песні спявала — я пад іх і засынала. А ўвогуле была “непраблемнае дзіця”.

— А як усё ж у музыку трапілі?

— Выхавацель дзіцячага садка заўважыла мае галасавыя даныя і падказала маці адвесці мяне ў музычную школу. Мама хацела аддацьмяне на фартэпіяна, а я: “Не, хачу гармонік! Гармонік — і ўсё!”

— Дзіўнаватая для дзяўчынкі мара. Акардэон — ён жа і важыць нямала. Пэўна, каб “цягаць” за сабой гэткую махіну, вы дадаткова спортам займаліся?

— Шчыра кажучы, не. У мяне ўвогуле, акрамя музыкі, ніколі ні на што часу не хапала. А фізкультуру я ўвогуле не любіла, нават намагалася прагуляць. А вось ранішнюю зарадку заўсёды раблю! Вельмі дапамагае адразу ўвайсці ў тонус, абуджае сілы і добры настрой.

— Ды ўсё ж: чаму вы абралі менавіта акардэон? Як я ўжо зразумела, зусім не для таго, каб такім чынам адчуць сябе цяжкаатлеткай.

— Выхавацель нашага дзіцячага садка грала на баяне — і мне хацелася граць гэтак жа, як і яна. Праўда, праз нейкі час я выказала бацькам ужо другую сваю мэту: маўляў, як вырасту, буду дырэктарам музычнай школы.

— Няўжо артысткай стаць не хацелася?

— Гэтак я сказала яшчэ праз некалькі гадоў: маўляў, вырасту — стану народнай артысткай.

— На шляху “ад артыста з народу да народнага артыста” звычайна бывае шмат перашкод. Ледзь не ва ўсіх, хто пачынае сур’ёзна займацца музыкай, бываюць перыяды расчараванняў. Асабліва на першым этапе — у дзіцячыя гады, калі становіцца зразумела, што трэба граць не толькі тое, што падабаецца, але і, да прыкладу, быццам бы “нікому непатрэбныя”, нудныя гамы, вучыць сальфеджыо.

— Мяне гэта, на шчасце, мінула. На акардэоне, улічваючы яго габарыты, звычайна пачынаюць навучаць з другога класа. А ў першым — вучні засвойваюць фартэпіянную клавіятуру, у многім падобную да той, якая і ў акардэоне. Але я літаральна з першых дзён пачала прасіць, каб мне далі акардэон. І ўжо ў 6 гадоў у мяне з’явіўся свой інструмент. Бацькі неяк паехалі ў Брэст. Увечары вяртаюцца і кажуць: “Ну, дачка, прымай сюрпрыз!” Здымаюць упакоўку — а там як заблішчыць штосьці! Я гляджу — акардэон! Ярка-чырвонага колеру! Рукі самі так і пацягнуліся...

— Дык вось якім быў самы нечаканы падарунак у вашым жыцці?

— Не, гэты быў, пэўна, чаканым, бо я пра яго марыла. А самы нечаканы — калі мне падарылі... зорку. Сапраўдную. На небе.

— Падарунак ад маладога чалавека?

— Так. Аднойчы ўвечары ён паказаў мне, дзе яна знаходзіцца, і сказаў, што дорыць яе мне.

— Іншыя дзяўчаты чакаюць, каб ім зорку (а яшчэ лепей — усе зоркі) з неба дасталі і паклалі ў далонь, а ў перспектыве — у швейцарскі банк...

— Але ж “у далонь” — гэта ніякай рамантыкі...

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ

 

 

Даведка

Святлана БАРЭЙКА нарадзілася 9 красавіка 1987 года ў горадзе Іванаве Брэсцкай вобласці. Пачынала навучанне ў Іванаўскай ДМШ (1993 — 1999 гг.). Скончыла Рэспубліканскі каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (2005 г.) па класе дацэнта М.Булы. Зараз пад яго ж кіраўніцтвам працягвае навучанне на чацвёртым курсе БДАМ.
Лаўрэат шматлікіх конкурсаў выканаўцаў на народных інструментах: Рэспубліканскага імя І.Жыновіча (1999 г., І прэмія), Міжнароднага імя Я.Кока (2002 г., ІІ прэмія), Рэспубліканскага памяці Ігара Атраднага (2005 г., ІІ прэмія), Дэльфійскіх гульняў дзяржаў-удзельніц СНД (2005 г., залаты медаль, І месца), Міжнароднага імя Я.Кока (2008 г., ІІ прэмія), Сусветных Дэльфійскіх гульняў (2008 г., залаты медаль, І прэмія).
Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Пастаянная ўдзельніца Міжнароднага фестывалю выканаўцаў на баяне, акардэоне ў Латвіі.

 

 

Анкета “К”

1. Колер, які натхняе.
Чырвоны
.

2. У якую пару года падабаецца працаваць?
Працаваць трэба заўседы, бо інакш не даб’ешся вынікаў. А восень люблю, бо яна — рознакаляровая.

3. Любімы мастак.
Экспрэсіяністы.

4. Найбольш яркі акцёр/актрыса.
Дэмі Мур. Але кожны музыкант, лічу, павінен адчуваць сябе на сцэне найярчэйшым артыстам, іначай слухач яму не паверыць.

5. Любімы літаратурны твор.
“Чытаю” больш ноты, але люблю паэзію.

6. Што слухаеце?
Абсалютна ўсё! Залежыць ад настрою.

7. Радзіма — гэта што?
Вядома, Беларусь!

8. Любімая кветка.
Люблю ўсе расліны, бо яны — жывыя.