Дзіцячы сеанс. Анімацыйныя вобразы вайны

№ 19 (1510) 09.05.2021 - 15.05.2021 г

Для кінастудыі “Беларусьфільм” на працягу ўсёй яе гісторыі тэма Вялікай Айчыннай вайны, подзвігу вайскоўцаў, партызан і мірных жыхароў была знакавай. Мы памятаем і любім многія славутыя мастацкія стужкі, створаныя беларускімі кінематаграфістамі. У апошнія гады ваенная тэма пачала ўвасабляцца і ў анімацыйным жанры. Так сёлета ўпершыню да свята 9 Мая праходзяць і спецыяльныя паказы для дзяцей “Анімацыйныя вобразы вайны” — у Музеі гісторыі беларускага кіно. А 7 мая ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ўпершыню была паказаная і самая новая анімацыйная стужка вытворчасці “Беларусьфільма” — “263 ночы”. Такія тэматычныя праграмы ў кіназалах стануць рэгулярнымі, і не толькі ў Музеі гісторыі кіно. Што паглядзець дзецям, на што можна параіць звярнуць увагу бацькам, настаўнікам, педагогам, якія хочуць далучыць дзяцей да нашай агульнай гісторыі? Якія беларускія мультфільмы на ваенную тэму, падыходзячыя і маленькім гледачам, у нас цяпер ёсць?

/i/content/pi/cult/849/18038/15.jpg“Лыжка для салдата”, 2015 г., 13 хв.

У аснову фільма пакладзенае апавяданне класіка беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра “Драўляная лыжка”. Юны салдат, паранены ў баі, з франтавога шпіталя піша ліст да маці, якая чакае яго дома ў вёсцы: “Мамачка, родная! Я жывы і здаровы, кулі і асколкі лятуць міма, на мне нават драпіны няма. У нас цяпер зацішша, адсыпаюся”, — не хацеў турбаваць маці. Але ж падзяліўся адной “непрыемнасцю” — згубіў недзе лыжку! І маці адпраўляе сыну лыжку. Так і пачаўся шлях на фронт незвычайнай пасылкі. Заканчваецца мультфільм святочна, салютам Перамогі.

Рэжысёр Ірына Тарасава кажа, што стваралася стужка з разлікам у першую чаргу на гледачоў краін былога Савецкага Саюза, дзе яшчэ жывуць ветэраны і іх унукі і праўнукі, дзе ёсць тыя, хто многае памятае і ведае пра Вялікую Айчынную вайну. Для яе самой фільм стаў прысвячэннем дзеду Сямёну Яфрэмаву, які прайшоў вайну.

Сярод прызоў “Лыжкі для салдата” былі прэміі не толькі ад беларускіх і расійскіх фестываляў — а гэта “Залаты Віцязь”, “Анімаёўка” і іншыя — была і перамога ў намінацыі “Лепшы анімацыйны фільм” на прэстыжным кінафестывалі ў індыйскім Дэлі.

Аўтар сцэнарыя Дзмітрый Якутовіч, кампазітар Віктар Капыцько, мастак-пастаноўшчык Ала Мацюшэўская — менавіта ёй трэба падзякаваць за выдатны, маляўнічы відэашэраг з выкарыстаннем стылістыкі дзіцячага малюнка. Дарэчы, зараз у Музеі гісторыі беларускага кіно працуе выстаўка нашага знакамітага кінамастака Алы Мацюшэўскай, без якой немагчыма ўявіць беларускую анімацыю.

/i/content/pi/cult/849/18038/16.jpg“Баявая машына”, 2017 г., 10 хв.

Сцэнарыст Дзмітрый Якутовіч пабудаваў сюжэт на выдуманай гісторыі, але якая цалкам магла быць у рэальнасці — гісторыі кахання людзей, разлучаных вайной. Дзеля сустрэчы з каханай жанчынай, што засталася ў акупаваным Мінску, танкіст ідзе на адчайны крок і прарываецца ў горад — танк з чырвонай зоркай знішчае ворагаў на сваім шляху, і доўгачаканая сустрэча адбываецца. Хаця пасля чарговага бою танкіст і быў цяжка паранены, а выратавалі яго мясцовыя жыхары, у фільма шчаслівы фінал.

У працы над стужкай выкарыстоўваліся архіўныя здымкі Мінска, архіўныя дакументы — убачыць можна Чырвоны касцёл, Акадэмію навук, Купалаўскі тэатр, Інстытут фізкультуры ў раёне Камароўкі. Гісторыя кахання вадзіцеля аўтобуса і настаўніцы пачынаецца яшчэ ў мірны даваенны час, які малюецца яскравымі фарбамі, а эпізоды вайны пададзеныя ў строгіх карычнева-бежавых фарбах. Усе вобразы ў фільме — як і дамы і вуліцы Мінска — рэалістычныя: твары, фігуры, ваенная тэхніка. Рэжысёр фільма Наталля Касцючэнка, мастакі-пастаноўшчыкі — Канстанцін Касцючэнка і Наталля Касцючэнка.

/i/content/pi/cult/849/18038/17.jpg“Цацка”, 2019 г., 10 хв.

Стужка прысвечана вельмі складанай тэме дзяцінства на вайне. Як выглядае вайна вачыма дзяцей? У мультфільме няма ніводнага слова, ён аперуе вобразамі і метафарамі — “цацкі ў руінах”. Вайна як чорная пачвара, варожыя танкі і самалёты падаюцца маляткам вялізнымі насякомымі. У цэнтры сюжэта — цацка і тры дзіцёнкі, патрапіўшыя ў хаос вайны. Можна сказаць, што гэта метафарычны антываенны фільм, зразумелы людзям на ўсёй Зямлі: дзеці і вайна — несумяшчальныя. У фільме выкарыстаны і кадры кінахронікі.

Рэжысёр Рыта Шаграй, мастацкі кіраўнік Алена Пяткевіч, мастакі-пастаноўшчыкі Руслан Каралёнак і Аліна Прастак.

/i/content/pi/cult/849/18038/18.jpg“Паданне пра гуслі”, 2019 г., 10 хв.

У адрозненне ад згаданых раней, гэты мультфільм не пра часы Вялікай Айчыннай вайны — хаця і пра яе таксама. У нядаўняй стужцы нашага знакамітага рэжысёра і мастака-пастаноўшчыка Таццяны Кубліцкай расказваецца міфалагізаваная гісторыя — і пра ўсе войны свету, і пра ўсе войны, што пракаціліся па беларускай зямлі. Таццяна Кубліцкая сама выступіла аўтарам сцэнарыя — напісала, такім чынам, сваю аўтарскую казку: бацька пайшоў на вайну, сям’я без яго гаруе і бядуе. І хлопчык вырашае знайсці бацьку. На гэтым шляху, як і павінна быць у казцы, ён сустракае магічных персанажаў. У выніку на Дальнім полі знаходзіць ваяроў, што ўтрапёна рыхтуюцца да чарговай бітвы, забыўшыся пра ўсё на свеце. Хлопчык вырабляе з воінскага шчыта і цецівы гуслі, і музычныя гукі прымушаюць ваяроў успомніць пра мірнае жыццё і свае сем’і. Бацька вяртаецца дадому. “Паданне пра гуслі” — стужка беларуская і па мове, і па выявах, і па гісторыі. Немагчыма не пазнаць беларускія краявіды, беларускія хаткі і твары. Усё блізкае і зразумелае.

Фільм быў адзначаны галоўнымі прызамі на многіх фестывалях, удзельнічаў у праграме прэстыжнага Міжнароднага фестывалю анімацыйнага кіно ў Хірасіме. Мастакі-пастаноўшчыкі Таццяна Кубліцкая і Аліна Прастак, музыка групы “Нагуаль”.

/i/content/pi/cult/849/18038/19.jpg“263 ночы”, 2021 г., 26 хв.

Самая новая анімацыйная стужка вытворчасці “Беларусьфільма” ў супрацоўніцтве з расійскімі і ізраільскімі партнёрамі ўпершыню на публіку была паказана 7 мая ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Сюжэт стужкі заснаваны на рэальных падзеях, але сама гісторыя неверагодная. Напярэдадні апошняга пагрому ў Мінскім гета 26 вязняў, у асноўным жанчыны і дзеці, схаваліся, каб выжыць, у падвале напаўразбуранага дома на Слабодскім завулку ля яўрэйскіх могілак. І правялі там 263 ночы. Да вызвалення — 3 ліпеня 1944 года — дажыла толькі палова вязняў.

Гісторыя страшная, і як выкласці яе дзецям? Задача была няпростай. Стужцы “263 ночы”, дарэчы, прысвоілі катэгорыю “6+”, але сама рэжысёр фільма Ірына Тарасава лічыць, што глядзець варта, пачынаючы з 10-гадовага ўзросту. Стваральнікі фільма, не адыходзячы ад дакументальнай праўды, паклапаціліся пра тое, каб гісторыя была эмацыйна даступнай дзецям без залішняга натуралізму. Аповед вядзецца ад імя маленькага вязня, які застаўся ў жывых. І малюнкі шмат у чым нагадваюць дзіцячыя. Да рэальных падзей і дакументальных фактаў у фільм “263 ночы” дададзены вялікі мастацкі вобразны пласт, дакументальна-ігравыя кадры з сучаснымі дзецьмі.

Рэжысёр Ірына Тарасава, аўтар сцэнарыя Канстанцін Андрушачкін, мастак-пастаноўшчык Ганна Емяльянава. Музыку да фільма напісаў ізраільскі кампазітар Юрый Павалоцкі, тэкст за кадрам чытаў народны артыст Расіі Арыстарх Ліванаў. Неўзабаве плануецца сусветная прэм’ера фільма “263 ночы” адначасова ў Беларусі, Расіі і Ізраілі.