Багатырка ці будзёнаўка?

№ 19 (1510) 09.05.2021 - 15.05.2021 г

Маці дзяўчынкай жыла на акупаванай тэрыторыі. Слова “жыла” тут, напэўна, не да месца. Хутчэй — бедавала. Ды так, што пасля не магла глядзець фільмы пра вайну. Васіля Быкава чытала і паважала, а вось глядзець на штыкавыя атакі ды бомбавыя налёты, знятыя збольшага ў жанры прыгод, адмаўлялася катэгарычна. Я сам лічу лепшай мастацкай карцінай пра апошнюю вайну “Беларускі вакзал”. У ёй няма атак і перастрэлак, але цудоўна бачна, як Вялікая Айчынная паўплывала на лёс кожнага героя. Не, пытанне “Як ваявалі?” па-ранейшаму надзённае. Але не менш важнае — “Якім павінен быць мір пасля Перамогі, што дасталася такой крывавай цаной?” Ад шчырасці адказаў залежыць узровень выхавання нашых дзяцей.

/i/content/pi/cult/849/18035/9.jpgНе магу абмінуць чарнобыльскую тэму. Гэта той боль, які заўжды са мной. “23 красавіка на базе Падольскага дзіцячага сада-сярэдняй школы адбылося пасяджэнне бібліятэчнага аматарскага аб’яднання “Лесавічок” , — распавяла бібліятэкар па сувязях з грамадскасцю аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Заянчкоўская. — На ім прысутнічалі вучні малодшых класаў. Бібліятэкар правяла гадзіну інфармавання “Вечнае рэха Чарнобыля”. Мерапрыемства кранула моцна. А ў Міхалішкаўскай сельскай бібліятэцы ладзілі ўрок смутку “Імя той зоркі — Палын”. Гаворка ішла пра адселеныя вёскі і пра творы беларускіх пісьменнікаў, прысвечаныя катастрофе. Вучні зрабілі малюнкі, у якіх пастараліся адлюстраваць свае эмоцыі. Дні памяці прайшлі ў Альхоўскай сельскай і Астравецкай раённай бібліятэках”.

Пра чарнобыльскую бяду згадвалі ў гарадской бібліятэцы горада Ашмяны. Загадчык установы Людміла Зарэцкая напісала, што ў акцыі ўдзельнічала Зінаіда Назаранка — ліквідатар наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў Брагінскім раёне. Зінаіда Рыгораўна згадвала тыя жахлівыя дні, напоўненыя невядомасцю і роспаччу.

Пра юбілей страшэннай бяды напісала загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч. “Мерапрыемства прагучала, — напісала яна, — сігналам трывогі: спыніся, чалавецтва, на краі атамнай бездані!”

А вось ліст ад супрацоўнікаў Малабераставіцкай сельскай бібліятэкі: “Прагляд фільма-прэзентацыі “Чарнобыль — трагедыя і гераізм народа” дазволіў наглядна прадэманстраваць маштабы экалагічнай катастрофы. Чытачы азнаёміліся таксама з тэматычнай выставай “Чарнобыль у мастацкіх творах”.

Чарнобыльская тэма ўзнімалася і ў бібліятэках Слонімскага раёна. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа Наталля Гурская распавяла пра работу дыялогавай пляцоўкі “Чарнобыль — боль і памяць”, якую бібліятэкары арганізавалі на базе Слонімскага раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Гаворка ішла, у тым ліку, пра кнігі, прысвечаныя чарнобыльскай тэматыцы.

Я таксама жыў і працаваў у зоне адсялення, па сваім журналісцкім абавязку пісаў пра высяленне людзей і дэзактывацыю забруджаных зямель, паказваў французскім ды японскім дэлегацыям навукоўцаў кінутыя вёскі з пустазеллем да дахаў, з бадзяжнымі сабакамі і катамі. Шмат згадваць пра гэта неяк не атрымліваецца.

Наступная тэма — тэма Вялікай Айчыннай вайны. Вядучы метадыст па культурна-дасугавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч распавяла пра культурна-патрыятычны праект па наведванні аб’ектаў маршрута “Дарога памяці”. “Як вядома, — піша аўтарка, — у наваколлі Аўгустоўскага канала захавалася больш за 80 абарончых збудаванняў. Гэта фартыфікацыі Гродзенскага ўмацаванага раёна 1940 — 1941 і Гродзенскай крэпасці 1887 — 1915 гадоў — маўклівыя сведкі Першай і Другой сусветных войнаў. Гродзенскі ўмацаваны раён павінен быў стаць адным з магутных. Яго шырыня па фронце складала 80 кіламетраў, а даўжыня сягала ад Нёмана і ўсходней Сапоцкіна да польскага Ганёндза. Будаўніцтва не было завершана, але ў першы дзень вайны доўгачасовыя агнявыя кропкі прынялі на сябе фашысцкі ўдар. Баі цягнуліся да 26 чэрвеня. Маршрут працягнуўся праз Навумавічы (форт № 2), Загараны (паўразбураны форт № 1), Доргунь (калісьці знаходзілася камендатура пагранатрада)”.

З Ашмянскага раённага Цэнтра культуры паведамляюць. Жупранская сямейная пара Уладзіміра і Ванды Лашкевічаў адзначыла 70-годдзе сумеснага жыцця. А пачалося ўсё з таго, што Уладзімір Уладзіміравіч прыйшоў з вайны. Праз тыдзень яны распісаліся. Пакаленне пераможцаў цяжка напалохаць голадам, разбуранай гаспадаркай і Чарнобыльскай катастрофай. Каханне выжыла!

Андрэй Струнчанка напісаў: “Як паведаміла дырэктар Віцебскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Галіна Нісневіч, у Сасноўскай сельскай бібліятэцы рэалізуецца чарговы краязнаўчы праект “Палаючы адрас вайны” — аб партызанскім руху на тэрыторыі краю. У межах акцыі праведзена шэсць мерапрыемстваў. А заключнай часткай стане стварэнне раздзела пра прарыў нямецкай лініі абароны “Мядзвежы вал”.

Цяпер — пра пераемнасць пакаленняў. Перад кожным веснавым прызывам у актавай зале Ваеннага камісарыяту Бабруйска, Бабруйскага, Глускага і Кіраўскага раёнаў ладзіцца Дзень прызыўніка. Натуральна, рыхтуецца канцэрт. Але асноўная частка мерапрыемства — гутарка аб тых слаўных традыцыях, якія будуць доўжыць будучыя абаронцы Айчыны. Пра гэта напісала загадчык культурна-масавага сектара Палаца мастацтваў Бабруйска Кацярына Каваленка.

Яе каляжанка — метадыст арганізацыйна-метадычнага аддзела Бабруйскага Палаца мастацтваў Алена Захарава распавяла пра выставу армейскага абмундзіравання клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі 1941 — 1945 гадоў “Бабруйскі рубеж”. Экспануюцца сапраўдныя прадметы ваеннай формы адзення Чырвонай арміі ў разныя перыяды яе існавання. Тут можна даведацца, як багатырка стала будзёнаўкай. Да слова, для стварэння рэальнай атмасферы экскурсаводы працуюць у ваеннай форме, разгорнуты паходныя намёты, у антуражы — плакаты і рэчы вайсковага ўжытку.

На парадку дня — велікоднае рэха. Пра гродзенскія пальмы піша добра вядомая ўсім Наталля Рамановіч — вядучы метадыст гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра. Дык вось, гродзенскія пальмы — гэта мастацкія дзівосы з простых раслінаў. Яны ўпрыгожваюць пакоі хат і цягам года вісяць за абразамі. На рэгіянальным рамесніцкім свяце-кірмашы “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня” ўпрыгожваюць абрадавую дзею.

Працягвае тэму рэдактар Гродзенскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці Ала Бялькевіч. Яна распавядае пра тое, як з прылаўкаў каравайніц Слонімшчыны і Ваўкавышчыны імгненна знікалі велікодныя булкі і вясельныя караваі, якія выпякаюць па адмысловых рэцэптах пад песні, прымаўкі і малітвы. Дасціпныя кулінаркі кажуць: “Каравай спячы — нібы дзіця нарадзіць”. Так што абавязковыя складнікі рэцэпту — любоў ды павага.

У Бераставіцкім Доме рамёстваў працавала выстава велікодных трэндаў. У экспазіцыі — дэкаратыўныя яйкі, саламяныя кошыкі, традыцыйная вышыўка, вязаныя і тэкстыльныя цацкі, керамічныя статуэткі.

А зараз — асарці з падзей, дасягненняў і мар. Днямі ў аграгарадку Альгова (Віцебскі раён) прайшоў чарговы канцэрт вядомай на Прыдзвінні маладой і таленавітай спявачкі Юліі Ракала, прысвечаны 18-годдзю яе творчай дзейнасці. Напісаў пра гэта Андрэй Струнчанка. Спяваць Юлія пачала ў 6 гадоў. А на “вялікую” сцэну выйшла, калі была першакурсніцай Віцебскага дзяржаўнага вучылішча мастацтваў. У Лёзненскім раёне працавала акампаніятарам, у Віцебскім раённым метадычным цэнтры — метадыстам. Цяпер — загадчык Альгоўскага СДК.

Падчас раённага агляду-конкурсу аматарскіх аб’яднанняў у Ханявіцкім сельскім клубе (Свіслацкі раён) прайшла праграма “Гульні з цёткай Матронай”. Такім чынам мясцовую дзятву знаёмілі з нашымі традыцыйнымі гульнямі.

Намеснік дырэктара Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Печкур напісала: “Мастацкі конкурс прайшоў на базе нашай установы. Супернічалі 78 удзельнікаў з 13 гарадоў і пасёлкаў Беларусі. Былі, натуральна, і нашы юныя мастакі. Лаўрэатам першай ступені Стала Кацярына Ядко”.

І апошняе на сёння — з Ашмяншчыны. У сельскім клубе аграгарадка Крэйванцы прайшоў вечар песні 1980 — 1990-х “Рэтра-хіт”. Цудоўная магчымасць хоць часова, але ўсё ж трапіць у маладосць!

Пішыце ды здзіўляйце!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"