Загартаваны полымем ліхалецця

№ 19 (1510) 09.05.2021 - 15.05.2021 г

У адным з нядаўніх нумароў “Культура” змяшчала віншаванне ў адрас колішняга шматгадовага супрацоўніка цэнтральнага апарата Міністэрства культуры БССР, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны — Георгія Лявонцьевіча Лазычэнкі, які 21 красавіка адсвяткаваў свой соты дзень нараджэння. Напярэдадні Дня перамогі мы яшчэ раз сустрэліся з ветэранам, каб болей даведацца аб ягоным жыццёвым шляху. Сто гадоў — адрэзак немалы, і расповед ад нараджэння і да нашых дзён мог бы выйсці доўгім. Таму напярэдадні памятнай даты мы засяродзіліся на ваенным досведзе Георгія Лявонцьевіча — а перажыць яму давялося нямала.

/i/content/pi/cult/849/18034/8.jpgСлужбе ў Савецкай Арміі наш герой аддаў агулам трыццаць тры з паловай гады — служыў у Горкаўскім вучылішчы зенітнай артылерыі, у Групе савецкіх войск у Германіі, быў слухачом Ленінградскай акадэміі тылу і транспарту. З 1965 года — у Мінску, ва Упраўленні тылу Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, а з 1971, пасля звальнення з войска, і па 1988 год — працаваў начальнікам аддзела забеспячэння Галоўнага ўпраўлення рамонтна-вытворчых прадпрыемстваў і забеспячэння Міністэрства культуры БССР.

Але папярэднічала ўсяму гэтаму вайна, якую Георгій Лазычэнка прайшоў у якасці ваенфельчара ад першага і да апошняга дня. Двойчы кавалер ордэна Чырвонай Зоркі, узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За абарону Масквы” , “За ўзяцце Кёнігсберга” і многімі іншымі, — што бачыў і адчуваў ён на дарогах вайны, і як гэты досвед дапамог яму ў пасляваенным жыцці?

Нялёгкая дарога да мары

Георгій Лявонцьевіч нарадзіўся 23 красавіка 1921 года ва Украіне, у сяле Грэкава-Вішнявецкае Антрацытаўскага раёна Луганскай вобласці ў сялянскай сям’і. Быў чацвёртым дзіцём — праўда, дзве старэйшыя сястрычкі памерлі немаўляткамі, выжыў толькі брат Міхаіл (ён пасля знікне без вестак у першыя дні вайны). “Усяго ў сям’і было адзінаццаць дзяцей — мама была ўзнагароджаная медалём “Маці-гераіня”. Праўда, усе дзяўчынкі, акрамя адной, паміралі немаўлятамі, а выжывалі толькі хлопцы”, — прыгадвае ветэран. Бацькі ягоныя былі непісьменнымі — не ўмелі нават чытаць, затое сам малы Георгій выяўляў да навучання немалую ахвоту і заўжды меў толькі выдатныя адзнакі.

У верасні 1939 года, пасля сканчэння школы, хлопец пайшоў станавіцца на ўлік у ваенкамаце, дзе высветлілася, што абвешчаны дадатковы набор курсантаў у вайсковыя вучылішчы. Выбар быў вялікі, але Георгій Лазычэнка спыніўся на Харкаўскім вайскова-медыцынскім. Як прызнаецца ветэран, у дзяцінстве ён марыў стаць лётчыкам, але пазней усвядоміў, што не справіцца па стане здароўя, бо меў парок сэрца. Час навучання, як прызнаецца суразмоўца, быў нялёгкім: “Паступіўшы, два гады без канікул праходзіў інтэнсіўную падрыхтоўку па скарочаным курсе — фізічныя нагрузкі былі дужа цяжкімі, але баяўся, што адлічаць, і таму на ўмовы не скардзіўся”. Курсанты атрымлівалі грашовае ўтрыманне — і палову яго хлопец дасылаў бацькам, а палову, як і ўсе сябры, адкладваў, каб па сканчэнні навучання набыць сабе гадзіннік, што і было ў выніку зроблена.

У 1941 годзе Георгій скончыў навучанне ў вучылішчы — загад аб выпуску быў падпісаны 11 мая. Як размяркоўвалі курсантаў па будучых месцах службы — невядома, але малады ваенфельчар атрымаў накіраванне ў беларускі Барысаў. У камандзіровачным прадпісанні было ўказана, што з’явіцца на месца службы яму было неабходна 19 чэрвеня: “Я прыехаў і быў прызначаны начальнікам аптэкі медыка-санітарнага батальёна 48-й танкавай дывізіі. У панядзелак, 23 чэрвеня, меркаваў засяліцца ў вылучаны для мяне жылы пакой, а пасля мне было дазволена выехаць у адпачынак”. Некалі ў маленстве хлопец упершыню пабачыў у родным сяле маладых афіцэраў — і з таго часу марыў, як атрымае вайсковую адукацыю і вернецца на радзіму ў прыгожай новай форме. Але марам гэтым тады не суджана было спраўдзіцца...

/i/content/pi/cult/849/18034/7.jpgТрывожная пара

Ветэран узгадвае, што яшчэ напрыканцы навучання курсантам так і казалі: “Вы едзеце на вайну”. Адно што ніхто не мог дакладна сказаць — калі, дзе і як яна пачнецца, але што гэта здарыцца неўзабаве — былі перакананыя ўсе. 22 чэрвеня Георгій Лазычэнка быў у Барысаве на рацэ Бярэзіне, дзе вайскоўцы купаліся і выконвалі водныя практыкаванні. Раптам па лузе да берага пачаў імкліва набліжацца аўтамабіль-“эмка” (так называлі мадэль ГАЗ М-1). З яе нейкі афіцэр махаў рукой і крычаў: “Баявая трывога!” Ніхто спачатку нават не надаў таму асаблівага значэння — такія сігналы трывогі былі тады звыклай справай. Але прыбегшы ў частку, зразумелі, што ўсё сур’ёзна — там ужо раздавалі зброю.

Неўзабаве дывізія заняла пазіцыі на захадзе ад Мінска. Наступным ранкам начальнік медсанбата дывізіі даў маладому ваенфельчару першае даручэнне — узяць санітарную машыну і ехаць у Мінск, дзе неабходна забраць з ваенкамата папаўненне, набранае з ліку лекараў. Як прыгадвае Георгій Лявонцьевіч, заданне было не з лёгкіх: “Выехаўшы на Маскоўскую шашу, мы пабачылі велізарную колькасць уцекачоў, якія імкнуліся збегчы з Мінска на ўсход — на машынах, веласіпедах, пехам... Нямецкія самалёты-штурмавікі прытым беспакарана палівалі людскія натоўпы агнём з кулямётаў. Праз гэтую масу людзей ледзь прадраліся ў Мінск, адшукалі патрэбны ваенкамат, забралі папаўненне і вырушылі ў зваротны шлях. Адначасова з гэтым сярод уцекачоў таксама шукалі людзей, прыдатных да службы ў медсанбаце”.

Наступным заданнем Георгія Лазычэнкі зрабілася дастаўка параненых з-пад Мінска ў Магілёў. Там шпіталі, аднак, ужо былі перапоўненыя, таму давялося ехаць у Смаленск, а калі немцы падышлі і туды — перабірацца ў Вязьму. На тамтэйшым аэрадроме з лекараў і медсясцёр быў сфарміраваны 77-мы авіяцыйны эвакапрыёмнік. Начальнікам прызначылі іспанца, які перабраўся ў Савецкі Саюз пасля паразы рэспубліканцаў у Грамадзянскай вайне 1936 — 1939 гадоў. З’яўленне камандзіра ў частцы, як са смехам узгадвае ветэран, выдалася незвычайным: “Прыбеглі да мяне мясцовыя жыхары і кажуць, што жанчыны схапілі ў ваколіцы пераапранутага немца. Калі я выбраўся сам паглядзець на “шпіёна”, аказалася, што гэта і быў мой іспанскі начальнік. Зрэшты, доўга ён на сваёй пасадзе не прабыў — праз месяц прыслалі новага”.

Будні вайсковага медыка

Параненых дастаўлялі ў эвакапрыёмнік самалётамі-біпланамі У-2 — насілкі змяшчалі паміж крыламі, у прымацаваных да іх фанерных скрынях. А ў зваротны бок, бліжэй да фронту, у пункты медсанбата перавозілі на самалётах кроў для пералівання. Лётчыкі лёталі без тэхнікаў, месца ў самалёце заставалася толькі адно, для ваенфельчара, таму і заводзіць самалёт, раскручваючы прапелер, даводзілася таксама Георгію Лявонцьевічу. Так, можна сказаць, ён спраўдзіў сваю дзіцячую мару аб авіяцыі — лётаць сапраўды давялося багата.

Пасля чарговага прарыву фронту давялося перабірацца далей на ўсход — так эвакапрыёмнік перадыслакаваўся на цэнтральны аэрапорт у Маскве, на Хадынскім полі, дзе працаваў да снежня 1941 года. Ваенфельчар Лазычэнка быў сведкам і маскоўскай панікі, калі ў сярэдзіне кастрычніка 1941-га немцы падышлі да ўскраін Масквы, і мясцовае жыхарства пачало ўцякаць на ўсход гэтак жа, як некалі ў чэрвені беглі людзі з Мінска. Тым не менш, Маскву ўдалося адстаяць, але пагрозлівая сітуацыя тым часам узнікла ў Туле. Яе таксама не здалі немцам, але параненых вывезці аказалася немагчыма — ворагам былі перарэзаныя наземныя шляхі, уся надзея заставалася на лётчыкаў.

У Туле Георгій Лявонцьевіч працаваў да лютага 1942 года, тут сустрэў і сваю будучую жонку — тады ёй было шаснаццаць: “Аднойчы на аэрадроме з’явіліся дзве дзяўчынкі — прыйшлі на лыжах паглядзець на самалёты. Я папрасіў дазволу прайсціся на лыжах. Адна з дзяўчат адмовіла, а іншая пагадзілася. Катаючыся па наваколлі, так захапіўся, што, калі вярнуўся на аэрадром, пабачыў гаспадыню лыжаў ледзь не ў слязах — яна думала, што я ўжо не вярнуся”. У той час Георгій Лазычэнка жыў у неацепленым дамку на ўскрайку аэрадрома, дзе даводзілася спаць, не распранаючыся — таму вырашыў пацікавіцца ў дзяўчынкі Валі, ці няма ў іх дома месца, каб прыняць яго да сябе. Будучая жонка спыталася дазволу ў мамы, і тая пагадзілася прытуліць кватаранта.

Ад вызвалення Беларусі — да Перамогі

Неўзабаве Георгія Лявонцьевіча выклікалі ў Маскву, дзе паведамілі, што ён накіроўваецца ў 6-ю артылерыйскую дывізію Рэзерву Вярхоўнага Галоўнакамандавання, якая тады акурат фарміравалася ў падмаскоўным Адзінцове. Тут ваенфельчар атрымаў пасаду камандзіра ўзвода санхімабароны 535-й асобнай медсанроты, у складзе якой ваяваў на Бранскім і Заходнім франтах — тады меркавалася, што немцы могуць прымяніць супраць Чырвонай Арміі газы.

Пасля вызвалення Арла Георгій Лазычэнка быў перанакіраваны камандзірам санітарнага ўзвода на 1-шы Прыбалтыйскі фронт, у 405-ты стралковы полк 145-й стралковай дывізіі, часткі якой трымалі абарону ў раёне станцыі Лосвіда ля Віцебска. У сярэдзіне чэрвеня пачалося наступленне на горад, і ўжо 26-га ён быў заняты часткамі Чырвонай Арміі. Тут пэўны час быў патрачаны на папаўненне правіянту, і Георгій Лявонцьевіч часова адстаў ад свайго палка, нагнаўшы яго толькі ў раёне Паставаў — тэмп наступлення быў надзвычай імклівым.

Немцы адступалі, агрызаючыся, але ў Літве, у раёне горада Біржай, аказалі зацяты супраціў: “Тут, 8 жніўня 1944 года, пры адпраўцы параненых у медсанбат, я атрымаў сваё першае цяжкае раненне — у жывот. Лячыўся ў шпіталі ў Віцебску, які незадоўга перад тым вызваляў наш полк. Кармілі там няважна, і ў снежні я зноў уцёк на фронт, трапіў у 82-ю асобную роту медыцынскага ўзмацнення 5-й гвардзейскай танкавай арміі. Адказваў за праверку якасці вады, работу харчаблокаў, захаванне гігіены, і так далей”. Перамогу Георгій Лявонцьевіч сустрэў на беразе Балтыйскага мора, у Сопаце, у штабе 5-й гвардзейскай танкавай дывізіі. Радасную вестку аб капітуляцыі нацысцкай Германіі афіцэры сустрэлі збройным салютам з пісталетаў. Напрыканцы мая Георгій Лазычэнка з таварышамі наведаў Берлін і Патсдам, на свае вочы пабачыў руіны сумнавядомага бункера Гітлера.

Вяртанне да мірнага жыцця

Пасля заканчэння вайны Георгій Лявонцьевіч атрымаў прызначэнне ў Брэст. Тут фарміраваўся рабочы батальён з ліку рэпатрыянтаў, якія вярталіся з захаду ў СССР. Іх накіроўвалі першым часам працаваць на шахтах, а калі не знаходзілі ніякіх кампраметуючых матэрыялаў, пасля адпускалі дадому. Батальён мусілі перакінуць у ваколіцы Тулы — а наш герой акурат хацеў вярнуцца туды, да сваёй нявесты, таму і заняў пасаду фельчара гэтай адзінкі.

Калі ўдалося трапіць у Тулу, у снежні 1945 года Георгій і Валянціна стварылі сям’ю, і неўзабаве на свет з’явілася іх дачка Галіна, а ў 1954-м — сын Віктар. Разам Георгій Лявонцьевіч і Валянціна Аляксееўна пражылі шэсцьдзясят адзін год. Сёння дачка, Галіна Георгіеўна, даглядае бацьку і ва ўсім дапамагае яму, нядаўна яны разам пераадолелі нават каранавіруснае захворванне. Выглядае, што карані ў гэтай сям’і моцныя і ніякімі злыбедамі ды нягодамі іх не пахіснуць. Застаецца толькі яшчэ раз пажадаць юбіляру захоўваць моцнае здароўе ды надалей цешыць нас сваёй прысутнасцю побач і неацэннымі сведчаннямі аб трагічных і гераічных ваенных днях.