Каб не на­сту­паць на граб­лі

№ 18 (1509) 01.05.2021 - 07.05.2021 г

Кажуць, няма горш, як чакаць, а потым даганяць. Між тым здараецца такое даволі часта і ў побыце, і на ўзроўні грамадскіх з’яў, і ў дачыненні падзей і працэсаў, якія маюць статус гістарычных. Замарудзіўся на старце, пабег не той дарожкай, а потым вымушаны рваць жылы, каб выбіцца з аўтсайдэраў, наблізіцца да групы лідараў. З такіх пазіцый можна разглядаць і гісторыю беларускага выяўленчага мастацтва ў мінулым і бягучым стагоддзі. І нічога крыўднага ў гэтым няма. Здараецца ўсялякае, галоўнае з мінулага правільныя высновы зрабіць і зноў не наступаць на граблі. Пачынаючы з 30-х гадоў беларускае ды савецкае выяўленчае мастацтва ўвогуле было загнанае ў рэзервацыю “сацыялістычнага рэалізму”, закрытую ад вялікага свету, ад знешніх уплываў. Прынамсі, у скульптуры, пра якую ідзе гаворка на гэтым развароце, ад згаданага часу і аж да скасавання СССР бязмежна панаваў афіцыйна ўхвалены неакласіцызм. Крок ўлева, крок управа ад зацверджанай лініі маглі стаць для творцы фатальнымі ці, самае малое, — грунтоўна ўскладніць ягонае жыццё. Так што адсталі мы ад “групы лідараў” на дзесяцігоддзі, і сёння, як сведчыць Фэстываль скульптуры ў Мінску, шчыруем, каб да яе наблізіцца. Пры гэтым праходзім стадыі, якія для іншых даўно сталі гісторыяй. Для нас жа гэта навацыі. Зрэшты, у кожнага свой шлях… Даем слова творцам, адзначаным як лепшыя ў чатырох намінацыях фестывалю.


Пётра ВАСІЛЕЎСКІ


/i/content/pi/cult/848/18030/30.jpgГенадзь Буралкін, 1-я прэмія ў намінацыі “Традыцыя”:

Такіх фестываляў у нас раней не было, і SculptFest стаў аглядам стану сучаснай скульптуры Беларусі. Выявіў ён, мне падаецца, вельмі добрыя тэндэнцыі — ёсць цікавыя майстры, цікавыя думкі. Хаця ў той жа час было і нямала нанаснога, інтэрнэтнага — у асноўным ад маладых творцаў. Але гэта і зразумела — усе вучацца, пачынаюць свой творчы шлях з перайманняў. Дэманстрацыя такога вялізнага культурнага пласта не можа не радаваць. І мне здаецца, для нашых мастацтвазнаўцаў гэта магло б стаць вельмі добрай нагодай пагаварыць пра беларускую скульптуру. Я даўно ўжо не бачыў якаснага разбору, аналізу ад мастацтвазнаўцаў, хаця іх у нас і нямала. Мне падаецца, гэта вялікі недагляд, што цяпер пасля выставак не ладзяцца прафесійныя абмеркаванні.

Пры гэтым мне трохі шкада, што фестываль быў хоць і маштабным, але непрацяглым — галоўная выстава ў Палацы мастацтва ішла літаральна дзён пяць. А ўявіце, чаго каштуе скульптару зрабіць работу на выстаўку! Выляпіць, зняць форму, адліць, заплаціць за гэта ўсё, прывезці, паставіць. Не кажучы пра творчыя высілкі. Разумею, што Палацу трэба выжываць і зарабляць грошы іншымі, больш даходнымі праектамі, але хацелася б, каб такую рэдкую экспазіцыю паглядзела болей людзей.

Выстава атрымалася насычанай, з мноствам станоўчых эмоцый. Я вызначыў і вельмі цікавую, наватарскую работу мінскага мастака, што цяпер жыве ў Ізраілі, Аляксандра Наймана, і Васіля Васільева з Віцебска, і Уладзіміра Панцялеева з Гродна. Асобныя міні-выставы, канешне, прыцягвалі ўвагу — Андрэя Вараб’ёва, Аляксандра Шапо, Канстанціна Селіханава, іншых. І як не пашкадаваць, што ў нас так мала работ стаіць у гарадах! Выстава прайшла, і мастак цягне свой твор назад у майстэрню, дзе той гадамі і будзе чакаць якой наступнай выстаўкі. А вось каб прыйшлі гарадскія ўлады ды адабралі лепшае — а выбіраць было з чаго! — ды вырашылі хаця б па дзве— тры работы на год усталёўваць, то быў бы выдатны вынік. Я разумею — фінансы, заўсёды ў іх праблема. Але жыццё ж не заканчваецца сёння!

Сам я выставіў дзве скульптурныя работы і дадаў чатыры графічныя, аб’яднаныя назвай “Славянскія матывы”. Скульптуры партрэтныя, “Балерына, што адпачывае” — гэта артыстка Вялікага тэатра оперы і балета Вольга Гайко. Калі я працаваў над дзвюма статуямі для фасада нашага оперната тэатра, то хадзіў на спектаклі, на рэпетыцыі, рабіў замалёўкі. І вось у адзін момант заўважыў, як Вольга Гайко прысела адпачыць — так прыгожа, пластычна. Мне гэты момант запомніўся, а пасля яна мне і некалькі разоў пазіравала. Гады чатыры таму я скончыў гэтую работу. Другая скульптура таксама звязаная з той працай для Вялікага тэатра — гэта партрэт Кацярыны Любчык, якая тады стала вобразам для Палігімніі.

/i/content/pi/cult/848/18030/33.jpgВольга Орсік, 1-я прэмія ў намінацыі “Навацыя”:

SculptFest я лічу на сто працэнтаў удалай і выдатнай падзеяй, нічога падобнага ў нас не было. Нават калі яшчэ рыхтавалася экспазіцыя, самі мастакі хадзілі па Палацы і здзіўляліся — мы і не думалі, што ў нас так многа скульптуры, адкуль толькі што ўзялося! Вось быццам і прысутнічае звычайна скульптура на розных выстаўках, але ж не так заўважна.

У сваім аўтарскім фестывальным павільёнчыку я размясціла шэсць работ, створаных цягам апошніх гадоў, а каб выкарыстаць і сцены, узяла рэльефы, створаныя раней. Скульптуры не былі аб’яднаныя нейкай адной ідэяй, акрамя хіба што трох — “Дотык”, “Абуджэнне” і “Выратаванне”, у якіх асноўным элементам-сімвалам з’яўляецца рука. Яны не задумваліся як серыя: першай я рабіла работу “Абуджэнне”, а рукі пры фармоўцы ляжалі асобна — іх можна было і так, і гэтак пакруціць, і з’явіліся іншыя ідэі. Кожная з трох скульптур адлюстроўвае адзін момант. Напрыклад, скульптура “Дотык”: цягам дня мы робім бясконцую колькасць дотыкаў і нават не звяртаем на іх увагі, дотык — адно імгненне. А ў скульптуры гэтае імгненне дотыку становіцца вечным. Такая была задума — зафіксаваць момант. У скульптуру “Выратаванне” я ўкладвала такі сэнс, што гэта рука Збавіцеля, працягнутая чалавеку. Сабраныя ў адным павільёне ўсе работы ўтварылі адзіную кампазіцыю, што мяне моцна ўсцешыла.

Мне цяжка сказаць, наколькі ў маёй творчасці многа менавіта навацыі — я не лічу сябе актуальным мастаком, які імкнецца быць востра сучасным. І, можа, перамогу аддалі менавіта мне, таму што такая мая аўтарская міні-выстава зрабіла больш моцнае ўражанне, чым калі б скульптуры выстаўляліся па адной. Ідэя з асобнай прасторай для кожнага скульптара мне падаецца вельмі класнай, у гэтым якраз была навізна фестывалю — можна было паказаць ці цэлы перыяд творчасці, ці агульную канцэпцыю, стварыць дадатковы сэнс.

І выдатна, што далі магчымасць прывезці свае творы мастакам з абласных гарадоў. Я, напрыклад, убачыла Васіля Васільева з Віцебска, якога так любіла ў студэнцкія гады, а потым на нейкі час згубіла са свайго поля зроку, нічога не чула пра яго. Ён прывёз дзве найцікавейшыя, унушальных памераў скульптуры. “Анёл” мяне проста захапіў — з ванны, месца якой было б на сметніцы, стварыць Анёла! І Сяргей Сотнікаў з Віцебска паказаў свае работы, і Андрэй Вараб’ёў з Магілёва — пералічэнне магу працягваць, бо мяне многае парадавала.

Па тым, што ўбачыла на фестывалі, магу сказаць, што беларуская скульптура як мінімум не стаіць на месцы. Можа, і невялікія крокі робіць — бо сам па сабе гэта працэс даволі працаёмкі, затратны, немагчыма ствараць многа і хутка. Але адчувальна, што рух ёсць, асабліва ў прадстаўнікоў больш маладога пакалення — і Саша Сакалоў мне вельмі падабаецца, і Паша Куніцкі, і ўсе работы Канстанціна Селіханава я заўсёды стараюся паглядзець. Многа станоўчых эмоцый пасля фестывалю. І яшчэ цудоўна, што фестываль ішоў і ідзе па ўсім горадзе, на многіх пляцоўках, быццам такое агульнае для ўсіх жыхароў свята. Калі падзея такая маштабная, то і стаўленне да мастацтва больш паважнае.

/i/content/pi/cult/848/18030/32.jpgВасіль Васільеў, 1-я прэмія ў намінацыі “Канцэпцыя”:

SculptFest — падзея для Беларусі ўнікальная. Увогуле, і не прыгадаю, калі была апошняя выстаўка чыста скульптуры — можа, калі я яшчэ вучыўся ў акадэміі, на пачатку 90-х, Рэспубліканская выстава ў Палацы мастацтва. Дык я нават памятаю свае ўражанні — падымаешся па гэтай цэнтральнай лесвіцы на другі паверх і трапляеш у бясконцы шэраг “надмагілляў”, калі на століках стаяць галовы, галовы, галовы... Канешне, майстры былі высокакласные, усё зроблена якасна, але тэматычна відовішча атрымлівалася сумным, бездапаможным, адносна кампазіцыі і пластыкі можна было абмяркоўваць хіба што даўжыню носа і прапорцыі частак твару. Такая ж сітуацыя са скульптурай тады была не толькі ў Мінску — я і ў Маскве пабываў на абсалютна аналагічнай.

А цяпер жа мы бачым абсалютна іншую карціну, тэматычна ўсё кардынальна змянілася. І калі даўней аднаго ці двух скульптараў прыгадаеш, на чые работы можна было паглядзець з цікавасцю, то зараз такіх было нямала, асабліва сярод маладых. А многіх да гэтай пары я ж і зусім не ведаў! Бо, на жаль, рэдка мы маем магчымасць пабачыць адзін аднаго, сілы творцаў дрэмлюць, хаваюцца ў майстэрнях. А трэба, каб работы былі на вуліцах, на плошчах — на гэтым фэсце скульптары нарэшце адчулі да сябе хоць нейкую ўвагу. Жанр цяжкі, са складанай тэхналогіяй, што патрабуе вялікіх выдаткаў — каб рабіць нешта вялікае, патрэбныя замовы. Як у Еўропу заедзеш — там скульптуры паўсюдна, на кожным перакрыжаванні стаяць, і ўсе непадобныя адна да адной. А ў нас жа калі што і ставяць, то, шчыра кажучы, пластычна нецікавае, нятворчае. SculptFest паказаў, што мы маем маладых, якія пластычна цікава мысляць, і іх варта было б падтрымаць падобным чынам. Але ж і майстры не падвялі — напрыклад, “Балерына” ў Генадзя Буралкіна, мяне парадавала — там такая простасць, што не патрабуе літаратурнай падаплёкі, работа выканана з добрым густам і пластыкай.

Перамога ў намінацыі “Канцэпцыя” для мяне самога стала вялікай нечаканасцю, бо мне здавалася, што ў нас яшчэ пануюць больш традыцыйныя ўяўленні пра скульптуру — толькі адліўкі, дрэва, гіпс. І я быў трохі здзіўлены, што на мае работы, якія не супадаюць з мэйнстрымам беларускага мастацтва, звярнулі ўвагу. Але ж для мяне асабіста пераможцам у гэтай намінацыі быў Канстанцін Селіханаў. Журы аддало яму другое месца, а я аддаў бы першае, мне яго работы падаліся вельмі цікавымі. Канстанцін на працягу ўжо столькіх гадоў трымае высокую планку — стабільна прадуктыўны, стабільна таленавіты.

У Мінск я прывёз дзве даволі вялікія па памерах работы, зробленыя цягам апошніх гадоў. Адна — “Анёл вады”: у вышыню недзе метра паўтара, зварана з разрэзанай чыгуннай ванны і складзена ў выглядзе фігуры з вялікімі крыламі, з паўкальцом знізу і кальцом кшталту німба зверху. Другая работа — з серыі “пластычных стандартаў”, якую я запачаткаваў яшчэ гадоў 25 таму, называецца “Пластычны стандарт нумар пяць” — шар, створаны з сегментаў, звараных пад рознымі вугламі з некаторымі адхіленнямі, каб адчувалася дынаміка і ўнутраная напружанасць. У дадзенай серыі ў мяне бываюць работы і да чатырох метраў, але гэтая — “толькі” метр і 80 см.

Як куратар я кожны год ладжу ў Віцебску выставачны праект Abstract — у Віцебскім Цэнтры сучаснага мастацтва. У нашым горадзе вельмі многія займаюцца абстрактным мастацтвам, і сцены іх карцінамі бываюць занятыя вельмі шчыльна. Я ж і сам у асноўным займаюся жывапісам. Але каб не толькі на сценах, але і ў цэнтры залы што-небудзь было, кожны год да гэтай выставы раблю адну работу даволі буйных памераў — ці інсталяцыю, ці скульптуру. І вось за 20 гадоў у мяне іх назбіралася шмат, усе стаяць у мяне, і магчымасць хоць дзве з іх паказаць у Мінску была вельмі каштоўнай.

/i/content/pi/cult/848/18030/31.jpgУладзімір Панцялееў, 1-я прэмія ў намінацыі “Майстэрства”:

Фэст моцна парадаваў і узрушыў. За ўсё сваё доўгае творчае жыццё такога маштабнага праекта ў галіне скульптурнага мастацтва я не бачыў ніводнага разу. Найбольш усцешыла, што я даведаўся пра вялікую колькасць незнаёмых мне раней імёнаў — імёнаў творцаў, маладзейшых за мяне. І тое, што моладзь у нас развіваецца, што справа рухаецца, стала для мяне вялікай радасцю, многія работы падаліся вельмі цікавымі. Бываючы на выставах у іншых краінах, часта лавіў сябе на думцы, што перапрацоўваюцца адны і тыя ж тэмы, прыёмы і вобразы. А тут я пабачыў нямала адметных знаходак у сваіх калег.

І многае з паказанага на фестывалі цалкам магло б заняць сваё месца ў публічнай прасторы — у парках і скверах, на вуліцах, яшчэ дзе. Мне здаецца, гэтага нам моцна не стае. А фэст усім прадэманстраваў, што ў нас ёсць вялікі пласт майстроў, якія проста мусяць быць запатрабаванымі, чые работы не павінны хавацца ў майстэрнях. І выдатна, што выстава адбывалася не толькі ў Палацы мастацтва, але і ў галерэях па ўсім горадзе, што была магчымасць прадставіць беларускую скульптуру як з’яву — многае адкрылася вачам, многае цяпер можна аналізаваць. У мяне самыя пазітыўная адчуванні.

Я на фестывалі прадставіў цыкл работ з назвай “Вобразы”. Назва, думаю, не канчатковая: калі будзе магчымасць паказаць цалкам усю калекцыю — напрыклад, праз год на вялікай выставе пераможцаў фестывалю  — назаву яе, хутчэй, “У пошуках вобраза”, каб больш дакладна перадаць сэнс. Ужо некалькі гадоў я працую з цікавым матэрыялам — бярозавымі нарастамі, і ў гэтай прыроднай форме знаходжу вобраз, знаходжу прыгажосць. Скульптура можа стварацца ад асобнага да агульнага — расці ад каркаса і далей. А ў гэтым выпадку — ад агульнага да асобнага: калі ты маеш нейкі блок, кавалак матэрыялу, напрыклад нараст з бярозы, і ў ім шукаеш вобраз — твар, стан, эмоцыю. Для працы з дрэвам у мяне ёсць шчаслівы час, які называецца “зіма” — узімку з камнем не вельмі папрацуеш, а з дрэвам вельмі ўтульна.

Не скажу, што разлічваў на перамогу, ці чакаў яе. Але калі ўжо прайшоўся па ўсіх залах, паглядзеў іншыя работы, то нейкае прадчуванне, можа, і з’явілася — мае работы выглядалі даволі незвычайна. Гэты цыкл я раней асабліва яшчэ нікому не паказваў, і менавіта таму абраў яго для фестывалю: мне была цікавая рэакцыя калег, водгукі спецыялістаў. Галоўным было ўсё ж спраўдзіць сябе — на якім этапе я знаходжуся, ці правільным шляхам іду.