Вяртанне артэфактаў

№ 18 (1509) 01.05.2021 - 07.05.2021 г

Пытанні, што нарадзіла талака
Днямі здарыліся дзве важныя падзеі. Спярша ў Беларусь дзеля рэстаўрацыі і часовага экспанавання патрапіла надмагільная пліта аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага. А літаральна тыдзень таму, на свет людскі, са змроку скляпення, упершыню за некалькі дзясяткаў гадоў “выйшаў” камень паэта Адама Міцкевіча. Пра абодва артэфакты мы ўжо пісалі ў мінулым годзе на старонках нашай газеты (гл. “К” №№ 28, 42, 2020 год.). Прыйшоў час распавесці пра іх далейшы лёс.

/i/content/pi/cult/848/18028/28.jpgЧуднаўскі цуд-2

Два гады таму ў маленькім украінскім мястэчку Чуднаў выпадковым чынам была “знойдзена” надмагільная пліта з помніка Яна Баршчэўскага. Здарылася гэта дзякуючы пільнасці школьніцы Алены Прыходчанка. Яна заўважыла нейкі польскамоўны надпіс на металёвай пліце, якую яе тата паклаў на падлогу… у сабачым вальеры. “Гугл” на запыт дзяўчынкі даў сенсацыйны адказ. Пліта “належала” магіле славутага пісьменніка з Беларусі, які апошнія гады жыцця правёў у маёнтачку свайго сябры Генрыка Жавускага. Дарэчы, таксама пісьменніка, які, як і Баршчэўскі, мае самае непасрэднае дачыненне да нашай краіны. Бо ягоная бабуля — родная сястра нашага нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана, ураджэнца Ляхавіччыны. Магчыма, гэтакім зямляцтвам і абумоўлена, што цяжка хворы на сухоты Ян Баршчэўскі правёў апошнія дні ў спакоі, пад апекай сям’і свайго сябры.

Знаходка надмагільнай пліты выклікала вялікую цікавасць і беларускіх, і замежных СМІ. У выніку, клопатам фонду імя Марыі Магдалены Радзівіл у верасні 2020 года ў Чуднаве адбылося адкрыццё помніка пісьменніку. Тады ж фонд узяў пад апеку і гэту пліту. Напрыканцы зімы 2021 года пліта патрапіла ў Беларусь. Рэстаўрацыю артэфакта даручылі вядомаму скульптару Ігару Засімовічу. (Дарэчы, у верасні 2020 года на фасадзе дома на вуліцы Максіма Танка, 10 была ўсталявана мемарыяльная латунная дошка аўтарства таго ж спадара Засімовіча, прысвечаная пісьменніку Васілю Быкаву.) Ініцыятарамі ўвасаблення гэтай задумы выступілі дабрачынны фонд Марыі Магдалены Радзівіл і Асацыяцыя беларусаў у Швейцарыі пры падтрымцы МЗС, Міністэрства культуры і Мінгарвыканкама. У лістападзе таго ж года, клопатам фонду ў Мінску, адбылося перапахаванне астанкаў беларускага пісьменніка Змітрака Бядулі (гл. “К” № 45, 2020 год.). І вось чарговае сведчанне руплівага стаўлення фонду да нашай Бацькаўшчыны — пліта Яна Баршчэўскага ў Беларусі. Праўда, пасля невялічкага “турнэ” яна зноў вернецца ў Чуднаў, дзе яе чакае эспертная камісія, якая разгледзіць пытанне аб наданні ёй статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. А ў Беларусі застануцца дзве копіі пліты, адна — для Расонаў, другая — для Віцебска. З пачатку красавіка надмагілле ўжо пабывала ў Расонах і Полацку. А нядаўна пліта была таксама выстаўлена для агляду ў віцебскай ратушы.

/i/content/pi/cult/848/18028/29.jpgБудзем спадзявацца, што завітае чуднаўская знаходка і ў Мінск, перад тым, як атрымаць канчатковую прапіску ў мястэчку Чуднаў.

Тут варта яшчэ раз звярнуць увагу нашых чытачоў на пытанне, датычнае месца нараджэння Яна Баршчэўскага. Прынята лічыць, што месца нараджэння пісьменніка — вёска Мурагі ў Расонскім раёне, на Полаччыне. Але не так даўно гісторык з Санкт-Пецярбурга Дзітрый Вінаходаў і намеснік Нацыянальнага гістарычнага архіва Дзяніс Лісейчыкаў апублікавалі дакументы, у якіх разгледзелі генеалогію Баршчэўскіх і пралілі святло на праўдзівыя дату і месца нараджэння аўтара “Шляхціца Завальні”.

У Мурагах Баршчэўскія з’явіліся ўжо пасля нараджэння Яна. Па ўсёй верагоднасці, будучы пісьменнік прыйшоў на свет у вёсцы Няведра (блізу Невеля). На землях, зусім нядаўна ў той час адарваных ад ВКЛ і далучаных да Расійскай імперыі. І здарылася гэта не раней 4 лістапада (15 лістапада па новаму стылю) 1792 года і не пазней за 15 студзеня (26 студзеня па новаму стылю) 1793-га. Даволі цікава, што сёння сімвалам суседняга з Невельскім Пустошкінскага раёна Пскоўскай вобласці, дзе знаходзіцца вёска Няведра, з’яўляецца бусел.

Камплімент з-пад пяра Міцкевіча ў падмурку Лядоўні-2

Вясной мінулага года краязнаўца з Нясвіжчыны Аляксандр Абрамовіч выпадкова зрабіў сенсацыйную знаходку. У склепе на падворку Алены Станкевіч (нядаўна, на вялі жаль, памерлай) знайшоўся ўмураваны ў сцяну камень, на якім быў высечаны польскамоўны надпіс: “Ева рай страціла, ты ж яго ўваскрэсіла. Міцкевіч”. У выніку праведзенага даследавання спадар Абрамовіч прыйшоў да высновы, што Адам Міцкевіч падчас аднаго са шпацыраў каля 1820 года завітаў у маёнтак Студзёнкі. Там, уражанны студзёнскім райскім кутком, зрабіў гэты запіс у “гасцявой кнізе” гаспадыні маёнтка Марыі Развадоўскай. Трэба сказаць, што ёсць у гэтай нечаканай знаходкі і апалагеты, і апаненты. Апошнія апялююць да разабранага да атамаў жыццярыса славутага паэта, у якім няма аніводнай згадкі пра Студзёнкі. Маўляў, у часы Міцкевіча, кожны варты ўвагі візіт, кожны рух пратакаліраваўся ў дзённіках або абмяркоўваўся ў лістах да сяброў. А тут гаворка вядзецца не менш і не больш як пра “Рай на зямлі”! Але ж факт застаецца фактам, да таго ж версія “візітацыі” мае пэўную літаратурную традыцыю (бо з’явілася яна на свет не ўчора), а ў якасці рэчавага доказу на яе карысць сведчыць палутаратонны камень з красамоўным надпісам, які прыйшоўся дарэчы. Бо на радзіме паэта, які паходзіў са старога беларускага роду, памятак аб ім засталося вельмі мала: адноўленая з нуля сядзіба-музей у Завоссі, дом-музей у Наваградку… і руіны Наваградскага замка. І тут, раптам, такі шыкоўны падарунак! Таму было даволі дзіўна, што знаходкай не зацікавіліся ні прадстаўнікі Нясвіжскага райвыканкама, ні супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Ну, магчыма, цяпер гэта цікавасць абудзіцца, бо гісторыя з “каменем Міцкевіча” атрымала працяг.

На днях Аляксандр Абрамовіч паведаміў у сацыяльных сетках, што гаспадары склепа далі яму дазвол забраць камень. Так нарадзілася ідэя арганізаваць талаку. Марудзіць не выпадала, таму рабілі ўсё хутка. Акрамя Аляксандра Абрамовіча, Аляксандра Мачульскага і аўтара гэтых радкоў у “ратавальных працах” узяў удзел невялічкі трактарок. Без яго, па-шчырасці, любыя надзеі на поспех можна было б пакінуць адразу на ўваходзе ў глыбокі склеп. Праз некалькі гадзін даволі складанай працы камень быў, нарэшце, літаральна “вырваны з цемры да святла”. І аказалася, што на сённяшні дзень мы маем падвойную сенсацыю. Камень уяўляе з сабе нешта сярэдняе паміж канапай і фатэлем, бо верхняя грань апрацавана адмысловым чынам. На гэтым “фатэлі”, як паказалі “палявыя выпрабаванні”, даволі ўтульна было ляжаць, напрыклад, улетку ў цені садовых дрэваў пад гул пчол з томікам “Пан Тадэвуш” у руках. Або адпачываць рамантычным цёплым надвячоркам “пад спевы салаў‘ёў”.

Дарэчы, гэта ўжо другая падобная знаходка за апошні час. Раней мы пісалі пра знойдзенае ўнікальнае каменнае крэсла Дамініка Манюшкі ў Радкоўшчыне, якому пазней быў нададзены статус археалагічнай каштоўнасці (“К” № 7, 2020 год). Яно было знойдзена пры самай дарозе краязнаўцам Ігарам Гатальскім, а раскапана таксама з нашай дапамогай. Сёння крэсла знаходзіцца ў суседняй вёсцы Алесіна, дзе далучылася да іншых мемарыяльных камянёў, пастаўленых у Радкоўшчыне ў гонар Дамініка Манюшкі яго братам Чаславам, бацькам сусветна вядомага кампазітара Станіслава.

Не лішне будзе згадаць, што месца пахавання бацькоў кампазітара на вясковых могілках у Радкоўшчыне ніякім чынам не абазначана. І, на жаль, уяўляе з сабе на сённяшні дзень проста яміну, закіданую смеццем. Безумоўна, з гэтым нешта трэба рабіць. Тым больш, што набліжаецца чарговая гадавіна з дня нараджэння бацькі беларускай оперы Станіслава Манюшкі (5 мая 1819 года — 4 чэрвеня 1872 года).

Што ж датычыцца месца, дзе павінен быць усталяваны камень Адама Міцкевіча, то на думку Аляксандра Абрамовіча, а таксама некаторых мясцовых жыхароў, з якімі ўдалося перамовіць падчас нашага візіту ў Студзёнкі, камень мусіць застацца там, дзе ён “нарадзіўся”. Думаецца, гэта слушны выбар. І вельмі прыемна, што гэтую думку цалкам падзяляе Наталля Леанідаўна Цвірка, старшыня Гарадзейскага вясковага выканаўчага камітэта, да якой мы звярнуліся па каментарый. Застаецца толькі сабраць калектыў неабыякавых жыхароў Студзёнак, Гарадзейшчыны, Нясвіжчыны, прадумаць праект, як і дзе ўсталяваць камень, і зрабіць годную і важную справу. А ўлічваючы яшчэ і іншыя Студзёнскія цікавосткі, а там іх нямала, на турыстычным маршруце Мір — Нясвіж можа з’явіцца вельмі цікавае адгалінаванне. Тым больш, што побач з вёсачкай знаходзіцца і Гарадзея (каля кіламетра).

Ну, а пакуль думкі думаюцца, ахвочыя ўбачыць каменнае “крэсла Адама Міцкевіча” могуць зрабіць гэта на падворку сядзібы праўдзівага гісторыка свайго краю Аляксандра Абрамовіча.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар