З увагай да памятных дат і мясцін

№ 18 (1509) 01.05.2021 - 07.05.2021 г

27 красавіка адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. Дзякуючы сродкам відэасувязі, удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

У рамках плана мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года народнага адзінства, у маі мусіць адбыцца семінар, прысвечаны гістарычнаму перыяду знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ў міжваенныя гады, а таксама пазітыўнаму факту ўз’яднання заходніх і ўсходніх абласцей краіны.

У мерапрыемстве, якое адбудзецца на базе Нацыянальнага гістарычнага музея, возьмуць удзел супрацоўнікі метадычных цэнтраў, абласных бібліятэк і музеяў. Вынікам правядзення семінара павінна зрабіцца распрацоўка адпаведных тэматычных экспазіцый і экскурсійных маршрутаў.

Абмяркоўвалася, між іншага, сітуацыя па праектаванні рэстаўрацыйных работ у палацава-паркавым комплексе Валовічаў у Свяцку, што ў Гродзенскім раёне. Са студзеня 2017 года адбываецца рэканструкцыя з частковай рэстаўрацыяй яго будынкаў пад шматфункцыянальны комплекс. Міністрам было дадзенае даручэнне прадстаўнікам міністэрства выехаць на месца работ для азнаямлення з іх ходам і вызначэння тэрмінаў здачы аб’екта ў эксплуатацыю.

Анатолій Маркевіч звярнуў увагу супрацоўнікаў міністэрства, абласных упраўленняў і ўсіх устаноў культуры на патрэбу як мага больш шырокага асвятлення дзейнасці сферы культуры ў сродках масавай інфармацыі, а таксама іх камунікацыі з профільнымі выданнямі — газетай “Культура” і часопісам “Мастацтва”.