У рамках плана мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года народнага адзінства, у маі мусіць адбыцца семінар, прысвечаны гістарычнаму перыяду знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ў міжваенныя гады, а таксама пазітыўнаму факту ўз’яднання заходніх і ўсходніх абласцей краіны.
У мерапрыемстве, якое адбудзецца на базе Нацыянальнага гістарычнага музея, возьмуць удзел супрацоўнікі метадычных цэнтраў, абласных бібліятэк і музеяў. Вынікам правядзення семінара павінна зрабіцца распрацоўка адпаведных тэматычных экспазіцый і экскурсійных маршрутаў.
Абмяркоўвалася, між іншага, сітуацыя па праектаванні рэстаўрацыйных работ у палацава-паркавым комплексе Валовічаў у Свяцку, што ў Гродзенскім раёне. Са студзеня 2017 года адбываецца рэканструкцыя з частковай рэстаўрацыяй яго будынкаў пад шматфункцыянальны комплекс. Міністрам было дадзенае даручэнне прадстаўнікам міністэрства выехаць на месца работ для азнаямлення з іх ходам і вызначэння тэрмінаў здачы аб’екта ў эксплуатацыю.
Анатолій Маркевіч звярнуў увагу супрацоўнікаў міністэрства, абласных упраўленняў і ўсіх устаноў культуры на патрэбу як мага больш шырокага асвятлення дзейнасці сферы культуры ў сродках масавай інфармацыі, а таксама іх камунікацыі з профільнымі выданнямі — газетай “Культура” і часопісам “Мастацтва”.