“Хаджэнне ў народ” з імправізацыяй на Страдзівары

№ 42 (860) 18.10.2008 - 24.10.2008 г

Гавораць, калі штосьці адбываецца тройчы, гэта ўжо не выпадковае супадзенне і нават не проста заканамернасць, а — традыцыя. У тым, што Міжнародны фестываль Юрыя Башмета стане традыцыйным, ніхто не сумняваўся яшчэ тры гады таму. Зараз, пасля фінальных акордаў чарговага фэсту, было б слушна падлічыць і іншыя фестывальныя традыцыі — як добрыя, так і не вельмі. А да таго ж, не забыцца на праславутае злучэнне “традыцый і наватарства”. Новага на сёлетнім фестывалі, у параўнанні з двума ранейшымі, было шмат. Найперш — гэта “хаджэнне ў народ”. Ці, паводле беларускай народнай песні з хрэстаматыйна вядомага зборніка Генадзя Цітовіча, —

Ідзём-пайдзём ўдоль вуліцы”.

Адкрыццё свята папярэджвалася народнымі гуляннямі ў Цэнтральным дзіцячым парку імя М.Горкага. Для іншых фестываляў такое аздабленне зусім не навіна, але ж акадэмічнае мастацтва нашай краіны падобных рэчаў звычайна не практыкавала. Хаця самі ідэі раз-пораз узнікалі. Адзін з журналістаў, памятаю, яшчэ ў пачатку 1990-х ніяк не мог уцяміць, чамуМінская вяснане суправаджаецца, да прыкладу, вулічным шэсцем, карнавалам ці чымсьці іншым, што зяднала б філармонію з шырокімі народнымі масамі: а іначай, маўляў, які ж гэта фэст? Другім завадатарам той жа вулічнай ідэідзеі (і, што цікава, прыблізна ў той жа час) выступаў адзін з нашых кампазітараў-авангардыстаў. Ён прапаноўваў пачаць форум сучаснай музыкі з запланаванай... “какафоніі” — каб духавая медзь, не шкадуючы сіл, “трубілапра свята аккурат насупраць Беларускага саюза кампазітараў і Акадэміі музыкі. Тады падобныя ідэі ўяўляліся, па меншай меры, дзівацкімі, адарванымі ад рэальнасці. Дый зараз мала хто верыў, што з пачаткам фестывалю адразу наступіць бабіна лета і запланаванае на праспекце Незалежнасці шэсце народных музыкаў з далейшым канцэртам у парку адбудзецца.

 /i/content/pi/cult/180/1802/Bashmet1.jpg

Тым не меншадбылося, нягледзячы на не самае спрыяльнае надворе і хваробугалоўнага дударакраіны, кіраўніка ансамбляГудыУладзіміра Грома (гэты калектыў выступіў праз дзень у філармоніі на ўрачыстым адкрыцці фестывалю). З Расіі быў запрошаны гурт Вуліца”, ад Беларусі ўдзельнічалі ансамбліСвітанак”, “Неруш”, “Бяседа”,“Грамніцы”, “ДжамбібумдыПалац”. Усе яны спачатку рушылі ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі, усклалі да помніка кветкі і, нарэшце, накіраваліся ў парк, дзе іх сустракалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук і дырэктармастацкі кіраўнік фестывалю Расціслаў Крымер. А па дарозе вясёлая грамада, акрамя песень ды скокаў, займалася тым, што раздавала падарожным каляровыя флаеры з пералікам фестывальных канцэртаў.
Не засумавалі і наведвальнікі парку. Трэба было бачыць, як заўзята прымала публіка, сярод якой было шмат моладзі, прапанаваны ім руска-беларускі стылёвы разгорт ад этна- да фольк-мадэрна.
авяршаўся фестываль таксама не зусім звычайна. Лозунгам фінальнага канцэрта мог бы стаць наступны радок усё з той жа песні:

“Спявайце, братцы, спявайце!”

На сцэне Палаца Рэспублікі валадарыў арт-праект “Тэнары ХХІ стагоддзя”. Сямёра хлопцаў выступалі з балетнай трупай “Рускія сезоны” і — галоўнае! — Прэзідэнцкім аркестрам Беларусі на чале з Віктарам Бабарыкіным. Пра ўдзел гэтага калектыву — заўсёдніка фестывалю — трэба сказаць асобна. Калі на мінулых фестывалях Ю.Башмета аркестр запрашаўся на строга акадэмічныя праграмы з удзелам майстроў і творчай моладзі розных краін, дык цяпер ён павінен быў разам з вакалістамі ды танцоўшчыкамі ствараць шоу. Прычым амаль без рэпетыцый!
Тэнары прывезлі не проста праграму, складзеную з папулярных оперных ды аперэтачных арый Вердзі, Пучыні, Кальмана, з асобных і сплеценых у нізку песень — народных і хітовых (сярод іншых згадваліся таксама беларускія — з рэпертуару “Песняроў” ды творы Ігара Лучанка). Спевакі-прэм’еры, якія ўпрыгожваюць сцэны лепшых тэатраў свету, прапанавалі своеасаблівы “турнір”, калі ўдзельнікі, разам знаходзячыся на сцэне, ледзь не ў кожным нумары па чарзе перадаюць “эстафету” адзін другому. У такой сітуацыі нават асвятляльнікі, гледзячы артыстам у твар, не маглі спрагназаваць, на каго на чарговай фразе накіроўваць пражэктар. А як быць дырыжору, які знаходзіцца за спінамі салістаў? Вакалісты ж любяць запавольваць рух, спыняцца на высокіх нотах, — тут і спрактыкаванаму канцэртмайстру бывае складана патрапіцьу такт, не тое што цэламу аркестру на чале з маладым дырыжорам. Ажно не! Як ні імкнуліся спевакі заглушыць аркестр, ён гучаў ідэальна — прытым, што ноты некаторых нумароў (удзельнікі арт-праекта прывезлі свае ўласныя аранжыроўкі) былі атрыманы літаральна за дзве гадзіны да выступлення. Таму няма чаго здзіўляцца, што галасістыя зоркі ўхвалялі наш калектыў не толькі ў кулуарах, але і са сцэны, назваўшы яго сваім любімым аркестрам.
Ну, а небарака пражэктар, выхопліваючы з цемры то адну, то другую постаць з сямі, нагадаў яшчэ адзін радок усё той жа валачобнай песні:

“Дзяўчынскі двор на сем вакон”

Тым больш, што лічбай 7 вызначалася колькасць не толькі тэнараў, але і фестывальных мерапрыемстваў. А да “восьмага цуду свету” фестываль пакуль, прабачце, не дарос. Перашкодай сталі не толькі арганізацыйныя цяжкасці, але і звычайная неахайнасць. У агульнай бочцы мёду была не столькі лыжка дзёгацю, колькі… “зграя мух”, што назойліва круціліся вакол эстэтычных прысмакаў.
Наўрад ці можна лічыць не вартай увагі дробяззю шматлікія недакладнасці і памылкі ў тэкстах афіцыйнага сайта фестывалю. Тут былі “балалайщики” замест “балалаечников”, “кампазітар Сенс-Санс” замест “Сен-Санса”, ансамблі “народного фольклора” (быццам фальклор бывае не народным), пераблытаныя канцэртныя пляцоўкі, прапушчаныя назвы калектываў, імёны ўдзельнікаў і іншыя недарэчнасці.

 /i/content/pi/cult/180/1802/Bashmet2.jpg

Не менш дзіўнаватым паводле зместу атрымаўся буклет, які з’явіўся ў антракце канцэрта 9 кастрычніка (прытым, што фестываль пачаўся 5-га). Не, у буклеце, бясплатныя асобнікі якога былі літаральна змецены са століка ў фае філармоніі, няма прыкрых памылак. Але звесткі, у ім прыведзеныя, завяршаюцца пачаткам 2000-х гг., а то і сярэдзінай 1990-х! Адпаведна, у ім нават намёку няма на тое, што на Беларусі з’явіўся свой Міжнародны конкурс выканаўцаў на струнных смычковых інструментах імя М.Ельскага, і што ўсе трое беларускіх салістаў, якім пашчасціла трапіць у фестывальную праграму, — лаўрэаты гэтага конкурсу розных гадоў. Ніякай інфармацыі няма ў буклеце і пра Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі, заснаваны ў 1928 годзе. Дый для аркестра Беларускай оперы, што бярэ адлік з 1933-га, знайшліся хіба ніякаватыя, безінфармацыйныя радкі: “Старэйшы творчы калектыў рэспублікі. Гістарычныя асновы яго фарміравання былі закладзены ў пачатку ХХ стагоддзя і шчыльна звязаны з традыцыямі беларускай нацыянальнай культуры”.
Былі на фестывалі і расчараванні. Асабліва спрэчным аказалася сумеснае выступленне “Салістаў Масквы” і гурта “Брава”. Многім — спадабалася. Іншыя — адзін за адным пакідалі Вялікую залу Палаца Рэспублікі. Бясспрэчным “праменьчыкам святла” на тым канцэрце было выступленне Ігара Бутмана і ягонага квартэта. У астатнім — надта хісткай аказалася мяжа паміж нязмушанай імправізацыйна-хатняй атмасферай і звычайнай непадрыхтаванасцю.
Пра “зладжанасць” сумесных эстрадных нумароў можна было часам меркаваць па хаатычных рухах смычкоў. А ў памяці ўсплывалі добра адрэпеціраваныя “імправізацыі”: і леташняе “класіка-джазавае” выступленне Ю.Башмета з І.Бутманам у Віцебску, і шматлікія нефестывальныя канцэрты нашых калектываў, дзе ішлі дыялогі на роўных паміж класікай, джазам, эстрадай.
Але давайце зачынім гэтае “акенца” — і адчынім іншыя, светлыя, згадаўшы яшчэ адзін песенны радок:

“Сядзь пад вакном на ўсход сонца”.

Папраўдзе сонечнага на фестывалі было ўдосталь. Гэта і прэм’ера “Паганскага дзеяння” Вячаслава Кузняцова (гл. “К” № 40 за 2008 г.), якая перакінула арку паміж фальклорнай дзеяй на адкрытым паветры і дыялогам фольку з “асімфоненай” духоўнасцю (у партыі аркестра відавочна прасочваліся адбіткі царкоўнай гімнічнасці) у канцэртнай зале. Гэта, як і на мінулых фестывалях, усё больш высокія дасягненні нашай нацыянальнай выканальніцкай школы. Нашы выканаўцы былі не проста на роўных з лепшымі замежнымі — яны пераўзыходзілі многіх з іх! Прычым — у самых экстрэмальных умовах.
Першакурсніца Улада Беражная, едучы на сваё выступленне, трапіла ў аўтамабільную аварыю. Але выклікала таксі і, нягледзячы на боль у руцэ, адорвала слухачоў усмешкамі і, галоўнае, шыкоўным выкананнем, якое не пераходзіла межы добрага густу нават у цалкам “цыганскім” творы Р.Сарасатэ.
І толькі кранальна трагічныя, ганарлівыя “ўсхліпванні” інструмента выдавалі тое, што ёй давялося перажыць. Але і яны ўспрымаліся новай мастацкай знаходкай, а не адбіткам асабістых падзей.

 /i/content/pi/cult/180/1802/Bashmet3.jpg

Яшчэ адзін выхаванец класа Віктара Кучынскага — Арцём Шышкоў даведаўся пра тое, што яму давядзецца замяніць англійскага скрыпача, які спазніўся на самалёт, літаральна за паўгадзіны да канцэрта. Прычым замяніць не сольна, а ў дуэце з расійскім скрыпачом Святаславам Марозам, што куды больш складана. Гэтак жа “імпульсіўна” склаўся ансамбль салістаў Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, які павінен быў ім акампаніраваць. Ігралі І.С. Баха — без дырыжора, як і было ў эпоху барока, калі кіраўнікамі калектыву выступалі самі салісты. І гэта было — папраўдзе дзівоснае гучанне, цудоўная гармонія бясконцасці руху і гарызонта.
А як удала саліравалі музыканты гэтага ж аркестра, складаючы свае дыялогі з віяланчэллю знакамітай Наталіі Гутман! Якім па-прафесарску майстэрскім і адначасова непасрэдна-эмацыйным было выкананне юнага віяланчэліста Вані Карызны! Нарэшце, колькі адкрыццяў падарылі нам такія госці, як Віктар Траццякоў, Аляксей Агрынчук, Алёна Баева! Надалей, мабыць, трэба яшчэ больш шырока выкарыстоўваць магчымасць сумеснага музіцыравання нашых і лепшых замежных музыкантаў, напоўніцу выкарыстоўваць іх веды пад час майстар-класаў (сёлета, дарэчы, адбыўся толькі адзін майстар-клас з двух запланаваных).
Ды ўсё ж галоўным “ноў-хаў” фестывалю стаўся прыезд прэзідэнта Еўрапейскага аддзялення Таварыства фонду Страдзівары Эдуарда Вульфсана (Францыя). Ён прыехаў не адзін, а з… рарытэтнымі скрыпкамі, на якіх і гралі салісты, у тым ліку нашы, беларускія. І ўжо за адно гэта трэба дзякаваць ды дзякаваць арганізатарам свята.
А разам з тым — паскорыць набыццё для нашых, хаця б лепшых, музыкантаў добрых інструментаў. Бо добрыя музыканты каштуюць куды болей за самыя каштоўныя інструменты.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА

На здымках: Пасол Расійскай Федэрацыі ў
Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Сурыкаў,
народны артыст СССР Юрый Башмет,
міністр культуры Рэспублікі Беларусь
Уладзімір Матвейчук; народны артыст СССР
Віктар Траццякоў; народная артыстка СССР
Наталля Гутман.