Лёс у 300 гадоў

№ 18 (1509) 01.05.2021 - 07.05.2021 г

Веткаўская слабада XVII стагоддзя. Папсуеўка і яе іконы
Гаворка пра новую выставу з праекта “Галасы страчаных вёсак”. 58 населеных пунктаў, якія зніклі ў выніку Чарнобыльскай аварыі з карты Веткаўскага раёна… У іх ліку — стараабрадчая слабада Папсуеўка. Адна з першых веткаўскіх.

/i/content/pi/cult/848/18018/12.jpgСіла радасці

Якая мэта ў выставы, прысвечанай страчанай вёсцы? Мемарыял? Сведчанні аб агнявых “крышчэннях” XVIII стагоддзя, “запячатанне” храмаў у XIX стагоддзі, іх разбурэнне ў 1930-я і страты “рассейвання” ў 1986 — 1991 гадах?

Усё так, і мы знайшлі сведчанні і сведкаў, дакументы і чалавечыя ўзрушаныя нататкі на старонках старадаўніх кніг… Але — яны, нашы продкі, мелі сілу і здольнасць да “радаванія”, радасці. Валодалі спосабамі перадаваць гэтую жыццестваральную моц праз разбуральную стыхію на зломах культур і праз пакаленні.

Словам, не разгубленае спачуванне, а Спадчына. І ім ёсць што сказаць нам. Дзеля гэтага існуюць “механізмы”, што пераадольваюць небыццё. Гэта і ёсць з’ява, якая завецца Культура.

Вось так і вылучылася ідэя экспазіцыі: праз немату небыцця і маўчанне часу — прарыў прыгажосці — як тэкст, ці, як кажуць цяпер, Пасланне ў наш сусвет.

Дзеля гэтага павінны былі сабрацца разам артэфакты, помнікі культуры, што паходзяць з гэтай адной вёскі. Як? З адной? І што там магло быць альбо застацца? І хто б мог падумаць, што ў нейкай Папсуеўцы магло быць такое!

/i/content/pi/cult/848/18018/13.jpgАд пралога да эпілога

Для гэтага сабралі ўсё, што знаходзілі ў экспедыцыях, рэстаўравалі ды нанова расшыфроўвалі, атрыбутавалі, і зводзілі ў адну прастору — экспазіцыі. Так альбо інакш, сабраліся разам рэчы, якія былі выратаваны, знойдзены і набыты намі ў розныя часы — падчас шматгадовага дыялогу з гэтай культурай і яе эпілога.

Артэфакты прыйшлі, як асобы колішняга “папсуеўскага грамадства”, каб паразмаўляць аб былым і каб угледзецца адзін у аднаго — нечакана пазнаючы “сваіх”. І нам адкрылася невядомае. Да той пары мы “размаўлялі” з кожнай знойдзенай рэччу паасобку. Але рэч — і “речь”, “маўленне” — аднаго кораню. Зараз яны сабраліся разам — і адчулі сваю моц і агульны настрой, яны мелі што сказаць нам!

Вось некалькі “падслуханых размоў” артэфактаў з выстаўкі і праекта “Галасы страчаных вёсак. Папсуеўка”.

/i/content/pi/cult/848/18018/14.jpg“Успенне”: лёс “святла”

У экспедыцыі ездзілі тады з Фёдарам Рыгоравічам Шкляравым на ягоным “Масквічы”, бо машыны ў музея яшчэ не было. Вучыліся апісваць іконы “на памяць”, таму што старыя людзі баяліся, калі бачылі нашы сшыткі: “Апісваць — значыць, забіраць будуць!” Ад таго часу і захаваліся нашы экспедыцыйныя матэрыялы. У іх — і гісторыя знаёмства з “Успеннем”. Першае знаёмства прыпадае на 1980-я.

Дзённікавыя запісы 1990 года напоўненыя трывогай маючых адбыцца ад’ездаў жыхароў — вёска высяляецца. “Успення” не атрымалася ўбачыць, яно ўжо пакінула Папсуеўку.

У наступны раз мы сустрэліся з ёй ў 1993 годзе. Калі адна з пажылых жанчын, пераселеных з Папсуеўкі, прапанавала паглядзець іконы, мы не думалі, што гэта тыя самыя, з дома, дзе маліліся. Убачанае прымусіла мацней забіцца сэрца. Але ў якім стане былі “перасяленцы”! Гаспадыня іх ужо памерла, і творы нагадвалі сірот — у прасторным, але чужым доме яны ціснуліся па сценах розных памяшканняў. Здавалася, абразы хочуць сабрацца зноў у сваё абпаленая і цеснае кола-іканастас... Праз некалькі гадоў згарэла і сама старажытная слабада... Праз некалькі гадоў. Вось дзённікавы запіс: “За “Успение” ўзяліся мінскія рэстаўратары. У новай экспазіцыі, адкрытай у музеі ў 2002 годзе, абраз стаў одной са знакавых з’яў. Цяжка было ўявіць, што помнік, які прадстаўляе цудоўны жывапіс мясцовых майстроў канца XVIII века, і тая шматпакутная, абпаленая і зафарбаваная охрай ікона — адно і тое ж! Рэстаўраваў яе мастак А. В. Тарасік. Як удзячны мы майстру, які адкрыў і вярнуў абраз!”

Як вучыў Феафан

“Успенне”. Дошка, павалака, ляўкас, тэмпера, сусальнае і творанае золата. 76,7х66х2,3 см. Вёска Папсуеўка, Веткаўскі раён.

Фігура Марыі поўная спакою і нагадвае ладдзю, гатовую адплысці ў вечнасць, ледзь расступяцца апосталы, якія сышліся разам. Хрыстос прымае душу Багародзіцы ў выглядзе немаўля. Кароткі “ізвод” “Успення” пераносіць падзеі ў Бэтлеемскі дом Іаана Багаслова, якому Хрыстос даручыў клопат пра сваю маці. Псіхалагічная і містычная лініі развіцця вобраза ўзыходзяць да вялікага іканапісца Феафана Грэка.

…Прабіраемся сярод высокай крапівы, якая засланіла калісьці ветлівыя ўваходы ў дамы адселенай Папсуеўкі. Брамкі былі адчыненыя насцеж — як робяць і дагэтуль пры нябожчыку ў доме. Мноства — тысячы чырвонакрылых матылькоў-крапіўніц — матляліся над гэтай страшнай цішай. Яны паднімаліся да разьбяных ліштваў, і вышэй, да самых стрэл-абярэгаў на вільчыках кінутых дамоў. Яны біліся ў сляпое шкло акенцаў. Пазней і ў іншай вёсцы мы запісалі павер’е аб матылях-душах... І ўспомнілі тых — сярод сталага і бязлюднага лета, іррэальна пераканаўчага.

Ацалелыя абразы, сыходзячыся ў іканастас, бераглі тых, хто сышоўся перад імі. Абразы былі падобныя да хору саміх людзей, якія маліліся — з Волгі і Выга, з абодвух Ноўгарадаў і Масквы, з Дона і Дняпра. Больш за дваццаць губерняў вялікай, Малой і Белай Русі даведаліся пра шлях на Ветку і ў Старадубскія слабоды, звыш ста гарадоў пакінулі тут свае паметкі — ад старонак старажытных кніг да пратаколаў допытаў і прысудаў, якімі асабліва пазначана першая палова XVIII стагоддзя.

На выставе ўдалося сабраць некаторыя чынавыя іконы з Папсуеўскага іканастаса. Ён, мяркуючы па “Вопісу маёмасці царквы” 1929 года, быў чатырох’ярусным. Мы зрабілі двухметровую мадэль — каб уявіць сабе маштаб. Усе іконы адрэстаўравалі супрацоўнікі музея.

Сафія Прамудрасць Божая.

Веткаўская школа. Пачатак XIX стагоддзя(?). Дошка, павалака, ляўкас, тэмпера, сусальнае і твораное золата. 53х44,5х3 см. Вёска Папсуеўка, Веткаўскі раён.

Гэта таксама нябесная, касмалагічная іканаграфія. Можна дзівіцца, што такія іконы заказвалі ў Папсуеўцы для хатніх іканастасаў.

Вобраз Сафіі Прамудрасці Божай прасяквае і нітуе веткаўскую духоўную культуру. Гэтая “наўгародская іканаграфія” мае асаблівасці, пакуль нідзе больш не выяўленыя.

Каларыт — лаканічны, касмічныя колеры — крышталёва чыстыя: цынобра — лазурыт — золата... Агонь — неба — зямное і Боскае — з іх складаецца архетып “Прамудрасці”.

Агнятварая дзева-Сафія — архетыпічны вобраз духоўнага полымя. Але ўвесь хор нябесных істот патанае ў аблоках Новага часу. Такі вось дыялог.

Сабор архангела Міхаіла.

Веткаўская школа. Першая палова XIX стагоддзя. Дошка, павалока, ляўкас, тэмпера, сусальнае і твораное золата. 52,7х45,3х2,8 см. Вёска Папсуеўка, Веткаўскі раён.

Заснаваная на хрысціянскім тлумачэнні старазапаветнага прароцтва Езэкііля, іканаграфія трактуе бачанне Бога ў асяроддзі нябесных сіл як вестку аб будучым нараджэнні Хрыста. Хмарны трон змяшчае выявы вогненных херувімаў. Форма аблокаў — вынік іканапіснай апрацоўкі натуралістычных і разам з тым, рамантычных аблокаў ракако. Графічная «раздзелка» ператварае сінія, дымчастыя, белыя аблокі ў метафару кветак, якія распусціліся ў небе. Спас-Эмануіл змешчаны ў прамяністую авальную славу (беларускі ўплыў). Стрымана палымяны каларыт народжаны многімі крыніцамі, ад архаічных (роля чырвонага ў народнай культуры) да найноўшых (пунсовы — колер ранняга класіцызму).

Навучыцца радасці

А якое дачыненне да адчування нашага-свайго ўласнага часу маюць гэтыя “вясковыя” творы?

Пазнайце сябе — як творцаў і касмалагічных жыхароў Зямлі. Здаецца, гэта патэтычная фраза. Але кожны Твор весела вымаўляе гэткую простую ісціну — і якраз табе, мне, яму…. Кожнае тварэнне невядомых майстроў услых і гучна кажа: “Навучыцеся радасці, што выпраменьваецца з першаснага каларыту. Навучыцеся паядноўваць парадаксальнае — Старое і Новае — у кожным з іх наша багацце. Захапіцеся тайнамі майстэрства…” І насамрэч, іканапіс — сярод чыстых крыніц авангарда — і ўсе ўлюбёныя намі мастакі пачатку XX стагоддзя аб гэтым ведалі.

Яшчэ? Адчуйце спачуванне і роднасць, і еднасць… Так вучылі гэтыя псіхалагічныя творы — простых жыхароў Папсуеўкі — зніклай кропкі на карце свету.

Галіна НЯЧАЕВА,

намеснік дырэктара Веткаўскага музея стараабрадства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава па навуковай дзейнасці