Ад Вялікадня да Перамогі

№ 18 (1509) 01.05.2021 - 07.05.2021 г

Наступным тыднем Вялікая зала Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прыме ўдзельнікаў і гледачоў ІV Міжнароднага Пасхальнага фестывалю.

— Гэта папраўдзе ўнікальны творчы праект, — распавяла прарэктар па навуковай працы Акадэміі музыкі, кандыдат мастацтвазнаўства Нэлі Мацаберыдзе. — Ён ладзіцца дзякуючы не толькі нашым намаганням, але і Міністэрства культуры нашай краіны, а таксама спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Дарэчы, у час аднаго з канцэртаў — “Майстэрства маладых выкладчыкаў Акадэміі” — адбудзецца цырымонія ўручэння прэмій выкладчыкам і навучэнцам як нашай ВНУ, так і Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ. Асаблівасць сёлетняга свята ў тым, што ва ўмовах пандэміі запрошаныя замежныя харавыя калектывы з Грузіі, Расіі, Сербіі выступяць анлайн, у фармаце відэатрансляцый. Сярод айчынных спеўных калектываў удзел возьме, вядома, Студэнцкі хор нашай Акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Інэсы Бадзяка і хор Anima, назва якога перакладаецца як “Душа”, Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра на чале з рэгентам Ірынай Калеснікавай. Звярну ўвагу на адметнае адкрыццё фестывалю — операй Чайкоўскага “Іаланта”. Гэты светлы, адухоўлены твор вялікага майстра — зусім не пра фізічную слепату, а пра духоўнае празрэнне. Ён быў прызначаны найперш для моладзі, таму цалкам натуральна, што будзе паказаны ў пастаноўцы нашай Опернай студыі. Сярод іншых канцэртаў — вечарына памяці выдатнага дырыжора і выкладчыка Пятра Вандзілоўскага, якую разам са Студэнцкім камерным аркестрам будзе весці адзін з яго выхаванцаў, малады дырыжор Вячаслаў Ларын. Завершыцца фестываль напярэдадні Вялікай Перамогі, у яе гонар будзе гучаць Студэнцкі духавы аркестр на чале з Максімам Расохам: разам з салістамі, што навучаюцца на кафедры спеваў, яны створаць святочны настрой.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"