Замкавая ява Гальшан

№ 17 (1508) 24.04.2021 - 30.04.2021 г

З Ашмянскага райвыканкама паведамляюць, што 6 мая мяркуецца адкрыццё адноўленай Паўночнай вежы Сапег у аграгарадку Гальшаны з удзелам міністра культуры Анатолія Маркевіча.

Паводле ж інфармацыі аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры, тры паверхі і падвальнае памяшканне ўжо амаль што гатовы для наведвання. Кожны пакой — асобная гісторыя з унікальнымі экспанатамі.

Цэнтральнае месца на адным з узроўняў паўночнай вежы займае камін, узноўлены па тэхналогіі XVII стагоддзя. Аздоба яго выканана з дапамогай вышэйшага гатунку тынкоўкі, якая пасля застывання набывае звыштрываласць. У яе складзе — гіпс, мармуровая пудра, пясок і клей.

Таксама ў асобных памяшканнях распісана частка столі і сцен. У некалькіх месцах зроблены зандажы — для таго, каб наведвальнік убачыў аўтэнтычную цэглу, з якой будаваўся замак.

На трэцім, апошнім, узроўні створана своеасаблівая аглядальная пляцоўка, з якой адкрываецца прыгожы від на касцёл і панарама мястэчка. Больш дэтальна карціну можно будзе разгледзець з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў.

Ля сцен Гальшанскага замка гасцей чакае тэатралізаванае прадстаўленне артыстаў раённага Цэнтра культуры. У мастацкіх замаўлёках яны прапануюць гасцям свята дакрануцца да гістарычных падзей мінулых стагоддзяў.

На замчышчы будуць арганізаваны майстар-класы па ганчарнай справе, разьбе па дрэве, вырабе лялек-абярэгаў, вышыўцы і іншае. Прыхільнікаў сярэднявечнай культуры чакае рыцарскі турнір, майстар-клас па сярэднявечных танцах і прадстаўленне батлейкі.

Пасля экскурсіі па Паўночнай вежы Гальшанскага замка госці змогуць наведаць візіт-цэнтр і набыць сувеніры, створаныя рукамі майстроў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.