Чарнобыльская плашчаніца касмічнага маштабу

№ 17 (1508) 24.04.2021 - 30.04.2021 г

З моманту Чарнобыльскай катастрофы прайшло трыццаць пяць гадоў. Сышлі з жыцця многія ахвяры і сведкі тае бяды -- хто ад хвароб технагеннага паходжання, хто ад узросту. Прычыны і наступствы выбуху на АЭС, наколькі гэта магчыма за такі невялікі па гістарычных мерках тэрмін, прааналізаваны спецыялістамі розных сфер. Сёння да чарнобыльскага досведу звяртаюцца па ўсім свеце, калі так званы “мірны атам” не-не ды і дэманструе свой ваяўнічы патэнцыял. Да асэнсавання гэтай касмічнага маштабу катастрофы спрычыніліся, зразумела, і людзі творчых прафесій — мастакі, літаратары, гісторыкі, багасловы. Праз плён іхняй працы ўстойлівым у нашай мове і свядомасці стала спалучэнне “Чарнобыль — Зорка Палын” — адзінства гістарычнага факта і біблійнага прадказання. Выбух на Чарнобыльскай АЭС даўся ў знакі ўсёй Еўропе — ад скандынаўскіх ф’ёрдаў да чарнаморскіх заток. Але беларуская нацыя ў 1986-м аказалася бліжэй за ўсіх да той мяжы, за якой — нябыт. Міжволі падумаеш, і за якія грахі нам былі тыя пакуты? Можа, такім жорсткім чынам лёс выпрабоўваў нас на трываласць? Відаць, меў рацыю Рыгор Барадулін, калі казаў, што беларусы ў Бога — народ эксперыментальны…

/i/content/pi/cult/847/18001/22.jpgКожным разам, калі выпадае нагода і патрэба мне як журналісту штосьці казаць пра Чарнобыль, я ў роспачным стане, — бо што можна дадаць пра гэту катастрофу? Здаецца, усё ужо прамоўлена, напісана, знята на кінастужкі, выкладзена ў Сеціва… Але ж вось і іншая трагедыя нашай гісторыі — Другая сусветная вайна — распісана ў спецыяльнай літаратуры па днях, а адносна стрыжнявых момантаў — нават па гадзінах, а ўсё яшчэ колькі ў яе таямніц — “белых плям” і “чорных дзірак”! Дагэтуль людзям адкрываюцца неверагодныя факты з рассакрэчаных “спецхранаў” і растрывожанай чалавечай памяці. Факты, якія істотна змяняюць стэрэатыпныя ўяўленні пра найвялікшую бітву ў гісторыі чалавецтва. Бадай, тое ж маем і ў дачыненні да Чарнобыля, найвялікшай у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофы.

Памятаю, недзе напрыканцы 80-х у сталічным Палацы мастацтва праходзіла рэспубліканская выстава на чарнобыльскую тэматыку. Гэта была адна з першых спроб у вобразнай форме засведчыць і асэнсаваць тое, што адбылося 26 красавіка 1986 года. Дык вось, на гэтай выставе найбольш чаплялі гледача не творы мастацтва, а размешчаныя напачатку экспазіцыі чорныя харугвы з назвамі паселішчаў, што трапілі пад чарнобыльскія хмары, з лічбамі радыеактыўнай забруджанасці. На той момант гэта была самая актуальная, самая хвалюючая, эмацыйна насычаная экспазіцыя.

/i/content/pi/cult/847/18001/23.jpgШто ж датычыць выяўленчага мастацтва, якое адгукнулася на Чарнобыльскую драму, дык для наступных пакаленняў яно, магчыма, будзе ў адным шэрагу са сведчаннямі пажарных і вайскоўцаў, справаздачамі спецыялістаў па радыяцыйнаму выпраменьванню і медыкаў. Бо гэтыя карціны, скульптуры, графічныя аркушы  — сапраўдныя дакументы часу. Яны створаны людзьмі, чыё разуменне сімвалічнай лічбы 26 красавіка 1986 года грунтуецца не на чутках і легендах, а на рэальным уплыве тых падзей на іх жыццё і лёс. Яскравы прыклад — Пясняр Палесся Гаўрыла Вашчанка. Памятаю, ён распавядаў, што пабачыў пасля вызвалення ад акупантаў сваю вёску, дакладней  — тое, што ад яе засталося, быў упэўнены, што яна адродзіцца. А калі наведаў родныя мясціны пасля выбуху на ЧАЭС, зразумеў, гэта знак бяды: жыць сюды людзі хутчэй за ўсё ніколі не вернуцца.

Гэтыя роспачныя думкі вельмі сугучныя таму, што я пачуў на цырымоніі адкрыцця мастацкай выставы “35 гадоў пад знакам Ч”. Было гэта 16 красавіка гэтага года ў Гомелі — сталіцы Палесся, дзе 35 гадоў таму мясцовае кіраўніцтва ўсур’ёз абмяркоўковала планы эвакуацыі горада. Чакалі толькі загаду з Мінска… Выстава мае статус рэспублікансай. Яе экспазіцыю складаюць творы сяброў рэгіянальнай філіі Беларускага саюза мастакоў, прывезеныя са сталіцы ўжо класічныя творы на чарнобыльскую тэматыку і нядаўнія работы, да выставы ўласна прымеркаваныя.

/i/content/pi/cult/847/18001/24.jpgРазгорнута выстава на самай прэстыжнай экспазіцыйнай пляцоўцы горада — у Палацы Румянцавых і Паскевічаў. Супрацоўнікі музея, выступаючы на адкрыцці выставы, згадвалі свае паездкі ў забруджаныя раёны, у вёскі ўжо пакінутыя жыхарамі. Мэтай гэтых вандровак было выратаваць, захаваць для гісторыі ўзоры этнаграфіі і прадметаў народнага побыту, якія непазбежна мусілі знікнуць, пазбаўленыя гаспадарскага вока. Суправаджалі музейшчыкаў вайскоўцы.

І вось у адной з ужо пакінутых людзьмі вёсак на сцэне клуба яны напаткалі надпіс: “Шаноўныя аднавяскоўцы, праз пяць гадоў мы ўсе разам збярэмся ў гэтай зале!” Суправаджаючы музейшчыкаў афіцэр пракаментаваў пабачанае: “Праз пяць гадоў? Сюды ніхто ніколі не вернецца. Перыяд паўраспаду плутонія вымяраецца тысячагоддзямі”. (Паводле папулярнай энцыклапедыі гэты перыяд роўны 24 000 гадоў. Наколькі гэта велізарная лічба, разумееш, калі ўзгадваеш, што ад нараджэння Збаўцы — умоўнай даты пачатку хрысціянскай цывілізацыі — прайшло крыху болей за 2000 гадоў).

У другой вёсцы ў пакінутай хаце была запіска, звернутая да таго, хто магчыма заселіцца ў гэты дом, пакуль адсутнічаюць гаспадары. Яны, гаспадары, дазвалялі госцю карыстацца ўсім, што ёсць у хаце, але прасілі рабіць гэта ашчадна, бо планавалі ў родную хату яшчэ вярнуцца. Потым музейшчыкі бачылі, як гэты дом разам з усім ягоным скарбам закопвалі ў велізарную яміну, якая была вырыта бульдозерам. Як урэшце і ўсе астатнія пабудовы забруджанай радыяцыяй вёскі.

Той год запомніўся гамяльчанам і іншым жыхарам рэгіёна тым, што адразу звыклыя жыццёвыя праявы патрапілі пад забарону, шмат чаго стала нельга рабіць. Небяспечна было гуляць па лесе, купацца ў рацэ, трапляць пад дождж і нават адкрываць вокны ў кватэры. Але, як сказаў калісьці славуты выхадзец з Берасцейшчыны, нашчадак палешукоў Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі: “Чалавек — гэта істота, якая да ўсяго прызвычайваецца”. За 35 гадоў мы прызвычаіліся і да Чарнобыля.

Выстава падалася мне канцэптуальна выверанай і вельмі карэктнай у сэнсе падбору твораў экспазіцыі. Я мяркую, што вялікія трагедыі не могуць быць падставай для адцягнутага ад рэалій эстэцтва. Вайна і Чарнобыль — тэмы, да якіх трэба ставіцца вельмі асцярожна. Кепска, калі мастак збіваецца на сада-мазахізм і пачынае любавацца пралітай крывёй, паламанымі лёсамі, смакаваць пакуты. За што, дарэчы, не люблю глядзець фільмы Мікіты Міхалкова і Элема Клімава пра вайну, прымаючы іх пры гэтым як вялікіх майстроў.

/i/content/pi/cult/847/18001/25.jpgАрганізатары выставы засяродзілі ўвагу не на візуалізацыі пакут і разбурэнняў, а на асэнсаванні той акалічнасці, што Чарнобыль гэта надоўга, можа, назаўсёды для некалькіх пакаленняў — і з гэтым трэба неяк жыць. Не хаваючыся ад праблемы, але і не трактуючы яе як невырашальную. На выставе ёсць творы, дзе трагедыя прадстаўлена і ў дакументальным фармаце, і ў асацыятыўна-алегарычнай версіі, і ў рэлігійнай трактоўцы. Тут ёсць карціны народных мастакоў Гаўрылы Вашчанкі і Уладзіміра Тоўсціка, заслужаных дзеячаў мастацтва Валерыя Шкарубы, Уладзіміра Слабодчыкава, Віктара Барабанцава, Уладзіміра Уродніча. Творчасць кожнага з пералічаных мастакоў скіравана на сцвярджэнне традыцыйных жыццёвых каштоўнасцяў, нават калі тэма трагічная, а сюжэт драматычны.

Тое ж можна сказаць і пра Уладзіміра Кожуха, Мікалая Цудзіка, Аляксадра Фралянкова, Віктара Шматава. Гэтым мастакам, таксама як і згаданым вышэй Шкарубе і Барабанцаву, давялося працаваць непасрэдна ў забруджанай зоне і стварыць дакументальныя выяўленчыя цыклы, дзе пры канстатацыі праўды пра Чарнобыльскую бяду няма пачуцця безвыходнасці.

Вельмі дарэчнымі глядзяцца на выставе творы Аляксандра Некрашэвіча  — вынаходніка ўласнай версіі сюррэалізму. Запамінаюцца аркушы Андрэя Басалыгі. Ён прытрымліваецца абстрактнай стылістыкі, прымаючы яе за шматсэнсоўнасць. Само знаходжанне побач з “зонай” - а так давялося тады жыць не толькі Гомельшчыне, але і ўсёй Беларусі, — мае рысы, якія сваёй, так бы мовіць, нерэальнай рэчаіснасцю вельмі пасуюць згаданым мастацкім напрамкам.

Для гаспадароў пляцоўкі — гомельскіх мастакоў, удзел у гэтым творчым праекце — добрая нагода заявіць аб сабе на ўсю краіну, не пакідаючы роднага горада. Мяркуючы па тым, што я бачыў, іх творчы патэнцыял дазваляе гаварыць пра тое, што Гомельшчына ў мастацкім сэнсе развіваецца ў тым жа рэчышчы, што і ўся Беларусь, але мае і спецыфічныя рысы, абумоўленыя геакультурным становішчам краю.

Чагосьці нечаканага, чагосьці, што можна лічыць вынаходніцтвам, я на выставе не сустрэў. Але заганай гэтую акалічнасць не лічу. Сама канцэпцыя экспазіцыі не прадугледжвала наяўнасці работ, якія маглі б выклікаць у гледача эстэтычны шок. Аднак, калі экспазіцыя занадта роўная — гэта і для аўтараў, і для гледачоў нядобра. Мусяць быць эмацыйна-сэнсавыя акцэнты. Адным з такіх акцэнтаў на гэтай выставе з’яўляецца карціна Кацярыны Сумаравай “Чарнобыльская плашчаніца”. Паводле існых і аддаленых наступстваў выбуху на ЧАЭС, паводле зламаных чалавечых лёсаў, паводле матэрыяльных страт, якія панесла Беларусь, Чарнобыльскую катастрофу можна параўнаць з вайной. А на вайне нават закаранелыя атэісты згадваюць Бога. Магчыма, менавіта гэта хацела сказаць сваім творам спадарыня Кацярына. А мо яна мела на ўвазе й жыццяздольнасць беларускага народа, якому, як і Хрысту, звыкла ўваскрасаць, вяртацца да жыцця з нябыту.

Выступаючы на адкрыцці выставы, старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык згадаў сярод іншага, што яму даводзілася ладзіць для беларускіх дзяцей творчыя конкурсы, дзе лепшых вызначалі не толькі мясцовыя эксперты, але і замежнікі. На адным з такіх конкурсаў італьянец сказаў Глебу, што Беларусь, безумоўна, чакае вялікая будучыня. Глеб адказаў, што прыемна чуць такое ад прадстаўніка краіны, на тэрыторыі якой сканцэнтравана палова сусветнай культурнай спадчыны па версіі UNESCO, але на чым грунтуецца такое меркаванне шаноўнага эксперта? “У вас такія таленавітыя дзеці!” — адказаў той.

І хоць з чарнобыльскай тэмай аповед спадара Глеба наўпрост не звязаны, у кантэксце сумнай гадавіны гэта аптымістычная нота была вельмі дарэчнай.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"