Бярозаўскія закавыкі… і не толькі

№ 17 (1508) 24.04.2021 - 30.04.2021 г

Шматвектарнасць развіцця дзіцячай школы мастацтваў
Даўно “К” не пісала пра школы мастацтваў. З аднаго боку сітуацыя зразумелая, — самыя, калі так можна сказаць, стрэсаўстойлівыя калектывы (добрыя нагрузкі, таму і заробкі неблагія), пазбаўленыя збольшага кадравых праблем (колішнія вучні становяцца педагогамі) і забяспечаныя неблагім творчым патэнцыялам, які дазваляе дынамічна развіваць пазабюджэтную дзейнасць. Але менавіта ў такіх калектывах і нараджаецца іншым разам каштоўны досвед, які дазваляе без праблем вырашаць (даруйце за таўталогію) праблемныя пытанні. Сёння прапаноўваем артыкул дырэктара дзіцячай школы мастацтваў горада Бярозы Ірыны ШУЛЯК, кіраўніка маладога і творча амбіцыйнага. З 2002 па 2020 гады — 19 юных музыкантаў з Бярозы былі заахвочаны Спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Астатнія факты і лічбы — у артыкуле.

/i/content/pi/cult/847/18000/20.jpgАд мастакоў — пісанка, ад танцораў — полька…

Добрая справа жывіцца традыцыямі. Мы свае арганічна пераўтварылі ў доўгатэрміновыя праекты. Адзін з іх, які не згубіў сваёй актуальнасці і сення — “Універсітэт культуры”. Мабыць, памятаеце, былі такія сацыяльныя ўтварэнні пры ўстановах і арганізацыях. У нас такое захавалася і штогод ладзіцца. Тлумачу: юныя музыканты, да прыкладу, ладзілі канцэртную тэматычную вечарыну “Сакрэты вечнай маладосці Баха”; танцоры з нагоды леташняга юбілею горада рыхтавалі праграму “Танцы роднага горада”. Выкладчык нашай школы і кіраўнік узорнага ансамбля гарманістаў “Картузяне” Ігар Сірычнік адрадзіў шмат мясцовых танцавальных найгрышаў: Спораўскую польку, Бярозаўскія закавыкі, Пескаўскую кадрылю, Сялецкі абэрэк… Усё гэта дзеці і паказалі са сцэны. А юныя мастакі гэтымі днямі рыхтуюць выставу велікодных пісанак. Пазалішне казаць, што “Універсітэт культуры” — не толькі традыцыя, але і эфектыўная сістэма эстэтычнага навучання. Нашы школьнікі павінны ведаць і сусветную класіку, і мясцовыя традыцыі. На гэтай урадлівай глебе і прарастаюць рунню школьныя таленты.

За 60 гадоў работы ДШМ з яе сцен выйшла амаль 2 500 выпускнікоў, з іх кожны дзясяты абраў мастацтва сваёй прафесіяй. Сярод тых, хто дасягнуў немалых творчых здабыткаў — Аксана Амяльчук, сябра Саюза кампазітараў нашай краіны; Павел Янкоўскі, саліст акадэмічнага Марыінскага тэатра оперы і балета Санкт-Пецярбурга; Дзмітрый Берднікаў, выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага музычнага каледжа; піяністка Юлія Архангельская, салістка Белдзяржфілармоніі; Дар’я Іванова, музыказнаўца Белдзяржфілармоніі; Ганна Качына, выкладчык Брэсцкага музычнага каледжа; Кацярына Малько, скрыпачка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга; Кацярына Муратава, салістка Маладзёжнага тэатра эстрады і Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. І гэта толькі дасягненні ў музыцы. А ёсць у нас яшчэ і мастакі з танцорамі.

Ключы для прафарыентацыі

Прынята меркаваць, што школы мастацтваў здатныя толькі на канцэртныя і выставачныя праекты. Памылковае меркаванне. Шмат паўсюль кажуць аб прафесійнай арыентацыі школьнікаў, але робяць, па-мойму, мала. Інакш не існавала б у сферы культуры кадравай праблемы. У нас для яе вырашэння з 2012 года дзейнічае праект “Ключы да поспеху”.

Складнікамі праекта з’яўляецца шырокі спектр рознажанравых конкурсаў. Напрыклад, “Музычны кірмаш” — для навучэнцаў аддзялення струнных народных інструментаў, конкурс эцюдаў — для фартэпіяннага аддзялення, алімпіяда па музычна-тэарэтычных дысцыплінах сярод навучэнцаў выпускных класаў, адкрыты раённы конкурс дзіцячых інструментальных ансамбляў “TUTTI” і конкурс фартэпіяннай музыкі “Сузор’е”, у якіх бяруць удзел прадстаўнікі Бярозаўскага, Івацэвіцкага, Пружанскага, Кобрынскага і Драгічынскага раёнаў…

Юныя мастак, танцор і музыкант не могуць не удзельнічаць у конкурсах. Гэта абавязковы складнік творчага жыцця і творчага ўдасканалення. Уменне перамагаць — таксама мастацтва. І толькі пры гэтай умове пытанне з выбарам прафесіі мае канкрэтны адрасны адказ.

/i/content/pi/cult/847/18000/21.jpgКарацей, з 63 педагогаў школы амаль палова яе колішнія выпускнікі. Да слова, настаўнікі таксама пацвярджаюць свой прафесіяналізм перамогамі ў творчых спаборніцтвах. У выніку — Гран-пры міжнародных конкурсаў у Мінску, Венгрыі, Германіі, Італіі.

За кожным праектам, перамогай, канцэртам або выставай — праца настаўніка, якая патрабуе не толькі ведаў, але і вытрымкі, духоўных сіл, творчага гарэння. Менавіта настаўнік дапамагае раскрыцца парасткам таленту і дамагацца поспехаў. Ігар Сірычнік і Святлана Здасюк, Святлана Ламаноўская і Наталля Шыкунец, Таццяна Ажэль і Таццяна Зданевіч, Алена Івашкевіч і Наталля Неліповіч, Людміла Кулікова — Залаты фонд не толькі нашай школы, але і культуры нашага раёна ў цэлым.

І вось што надзвычай істотна. На сёння наша школа перастала быць проста ўстановай адукацыі. Мы актыўна супрацоўнічаем з агульнаадукацыйнымі школамі, бібліятэкамі, клубамі, музеямі. Салісты і творчыя калектывы школы — пастаянныя ўдзельнікі гарадскіх і раённых святаў. Штогод мы ўдзельнічаем больш чым у сотні канцэртаў і выстаў. Самыя значныя за апошні час — цыкл канцэртаў і выстаў “Юныя таленты малой радзімы”, пленэр юных мастакоў “З любоўю да краю белых бяроз”. Да слова, іх графічныя работы ўпрыгожылі сцены нашай школы. А яшчэ хачу назваць вечарыну музыкі і паэзіі, прэм’еру музычнай казкі, віртуальныя выставы і шматлікія прэзентацыі творчых калектываў. Таму нас ведаюць і цэняць.

Эксперымент — справа святая

Зараз пра тэму, якая, мне падаецца, вельмі рэдка раскрываецца. А нам ёсць чым пахваліцца, бо шчыльна працуем з дзецьмі, якія маюць фізічныя недахопы. З 2012 года ва ўстанове рэалізуюцца творчыя праекты, накіраваныя на развіццё творчых здольнасцяў дзяцей-інвалідаў, выяўленне здольных і таленавітых вучняў, іх далейшую прафесійную арыентацыю. Мы назвалі іх “Мастацтва нараджае надзею”, “Падары дзецям мару”, “Сем прыступак да Алімпу”.

Нашу праектную дзейнасць па вартасці можна назваць шматвектарнай. Разам з адукацыйнай функцыяй школа вядзе актыўную культурна-асветніцкую дзейнасць, скіраваную на прапаганду музычнага, харэаграфічнага і выяўленчага мастатцва. Пастаянна эксперыментуем. Дзіцячыя оперы, пленэры-графіці, флэш-мобы сталі ці не будзённымі.

Па якіх крытэрыях вызначаецца эфектыўнасць навучальнага працэсу ДШМ? Меркаванняў тут бывае шмат. Хтосьці робіць упор на удзел у прэстыжных фэстах, а хтосьці галоўным лічыць колькасць калектываў са званнямі. Наша школа ўсе гэтыя крытэрыі аб’ядноўвае. Пра фэсты і конкурсы гаворка ўжо была. А вось фактура па калектывах. Іх у школе сёння 35, 23 — дзіцячыя. Чатыры — узорныя, а народныя — два. Натуральна, робім усё для таго, каб колькасць гэтую павялічыць.

14 тысяч рублёў

Хтосьці з чытачоў, напэўна, зараз думае: “Во як у іх усё цудоўна! Відаць, і інструменты - новыя”. Не, не новыя. Але, дзякуючы кіраўніцтву райвыканкама і аддзела культуры, абнаўляем мы іх пастаянна. За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту атрымалі шэсць фартэпіяна за апошнія два гады. Асаблівага абнаўлення патрабуюць баяны. Справа ў тым, што ў нас падрастае каманда перспектыўных баяністаў, але якасных інструментаў для конкурсных выступленняў, на жаль, няма.

Але мы не сядзім склаўшы рукі ў чаканні падарункаў. За тры месяцы бягучага года ад пазабюджэтнай дзейнасці атрымалі 14 тысяч рублёў. Стараемся працаваць з грамадскімі аб’яднаннямі, і па прыцягненню спонсарскай дапамогі. Справа ў гэтых накірунках будзе працягнута, бо ўстойлівая эканамічная база разам з велізарным патэнцыялам нашага калектыву дазволіць нам не спыняцца на дасягнутым і дабівацца яшчэ больш значных вынікаў. А дзіцячая школа мастацтваў, я ў гэтым цвёрда пераканана, застаецца асноўным звяном дзіцячай эстэтычнай адукацыі, без якой цяжка ўявіць развіццё творчых здольнасцяў. А ўсё гэта і вызначае духоўна-маральную атмасферу нашага грамадства.

Ірына ШУЛЯК, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў г. Бяроза

Фота з архіваў школы