Праз 1020 гадоў ад хрышчэння Русі...

№ 42 (860) 18.10.2008 - 24.10.2008 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі з 30-годдзем архірэйскага служэння на беларускай зямлі. Пра гэта паведамляе Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы.

“Вы стаялі ля вытокаў адраджэння Праваслаўя ў Беларусі. Вашай працай і малітвамі ва ўсёй паўнаце ўзноўлена царкоўнае жыццё, аднаўляюцца і будуюцца храмы, заснаваны новыя манастыры, утвораны брацтвы і нядзельныя школы, шырокія маштабы набывае асветніцкая і дабрачынная дзейнасць”, — гаворыцца ў віншаванні.

Прэзідэнт адзначыў, што сёння Беларуская Праваслаўная Царква займае дастойнае месца ў жыцці краіны, садзейнічае дасягненню сацыяльнага дабрабыту і стабільнасці. На думку Аляксандра Лукашэнкі, маральныя ідэалы Праваслаўя ўсё ў большай ступені становяцца духоўнай сілай людзей, дапамагаюць падтрымліваць мір і згоду на нашай зямлі.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў Мітрапаліту Філарэту здароўя, плённай працы, далейшых здзяйсненняў у імя Праваслаўя і Беларусі.

* * *

Напярэдадні ўрачыстасцей з нагоды 1020-годдзя хрышчэння Русі Мітрапаліт Філарэт прыме ўдзел у шэрагу значных мерапрыемстваў. Сёння Патрыяршы Экзарх пачне здзяйсненне чыну асвячэння прыходскага храма ў гонар іконы Божай Маці “Дзяржаўная”, што ў Свята-Елісавецінскім манастыры, а затым правядзе там Боскую літургію. Тут жа будзе прадстаўлена новая кніга Мітрапаліта Філарэта пад назвай “Чалавек у гісторыі”. 19 кастрычніка Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі асвяціць храм у гонар Святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра ў Мінску.

* * *

Гэтымі ж днямі адзначаецца 1020-годдзе хрышчэння Русі. З нагоды гэтай падзеі, як паведамілі “К” у прэс-службе Беларускага Экзархату, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ прыбудзе з візітам у Мінск 23 — 25 кастрычніка.

Вечарам 23 кастрычніка Патрыярх прыбудзе ў Нацыянальны аэрапорт “Мінск”, дзе, як плануецца, яго сустрэнуць Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Сяргей Сідорскі і Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Гэтым жа днём прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы мяркуе наведаць Нацыянальную бібліятэку, дзебудзе праходзіць пасяджэнне Міжнароднага “круглага стала” на тэму “Хрышчэнне Русі ў лёсах Расіі, Украіны і Беларусі”. Алексій ІІ 23 кастрычніка наведае і мінскі Дом міласэрнасці.

24 кастрычніка Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ узначаліць Боскую літургію ў мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы і перадасць у дар сабору набор еўхарыстычнага посуду.

У заключны дзень візіту запланавана наведванне Патрыярхам Нацыянальнага мастацкага музея і азнаямленне з выстаўкай “Праваслаўная ікона Расіі, Украіны і Беларусі”, Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра ў Навінках і храма-помніка ў гонар Усіх Святых і бязвінна забітых у Айчыне нашай, што цяпер узводзіцца. У той жа дзень Алексій ІІ адбудзе ў Маскву.