“Шматстаночнік” Аляксей Каржоў

№ 17 (1508) 24.04.2021 - 30.04.2021 г

Жывы гук народнага музыкі
Яго бацька быў лепшым гарманістам не толькі ў роднай вёсцы Слабада, але і, мабыць, ва ўсім Рагачоўскім раёне. Ніводнае вяселле, сямейная ўрачыстасць, канцэрт у сельскім клубе не абыходзіліся без Алега Каржова. Таму музыка акружала Лёшу літаральна з першых месяцаў яго жыцця. У чатыры гады хлопчык паспрабаваў узяць у рукі баян і нават памкнуўся граць на ім.

/i/content/pi/cult/847/17998/16.jpgАднак інструмент быў вышэй за музыканта, і Лёша папрасіў бацьку пасадзіць яго на падушку. Малечы здавалася, калі ён забярэцца вышэй, то адразу стане вялікім і зможа граць, як тата. Бацька засмяяўся і паабяцаў Лёшы навучыць яго граць на інструменце, як толькі хлопчык трошкі падрасце.

Сталенне

Алег Мікалаевіч стрымаў абяцанне і навучыў сына Аляксея граць на гармоніку. Ад гэтага часу ўсе школьныя святы праходзілі з удзелам юнага музыканта. Сумненняў у выбары прафесіі ў Аляксея не было. Пасля заканчэння дзевяці класаў ён паступіў у Гомельскі музычны каледж імя Несцера Сакалоўскага на факультэт баяна. Разуменне музыкі на прафесійным узроўні прыносіла радасць і жаданне хутчэй увасабляць атрыманыя веды ў жыццё. Да таго ж, выкладчыкі высветлілі, што ў хлопца абсалютны музычны слых, што дасць яму магчымасць стаць першакласным прафесіяналам. Акрамя таго, у 1987 годзе Аляксей Каржоў скончыў з адзнакай “выдатна” Маскоўскі завочны народны ўніверсітэт мастацтваў (факультэт музычнага мастацтва, аддзяленне кіраўніка інструментоўкі для змешанага духавога аркестра).

Пасля праходжання службы ў войску ў ансамблі песні і танца ордэна Леніна Маскоўскай акругі Каржоў быў накіраваны на працу ў Светлагорск кіраўніком канцэртнай брыгады ў Палац культуры хімікаў (цяпер — Светлагорскі Цэнтр культуры). З любімым баянам музыкант пабываў з канцэртамі амаль ва ўсіх населеных пунктах раёна. Артыстаў канцэртнай брыгады гледачы прымалі з задавальненнем. Любімая творчая праца прыносіла радасць. Але...

Аляксей Алегавіч ажаніўся, у сям’і нарадзіліся дзве дачкі. І Каржоў быў змушаны перайсці працаваць на “Хімвалакно”, бо зарплата там была ў чатыры разы вышэй. Аднак пакінуць свет музыкі ён не захацеў. На прадпрыемстве працаваў на паўстаўкі кіраўніком заводскага калектыву мастацкай самадзейнасці, а таксама па сумяшчальніцтве яшчэ некаторы час — настаўнікам спеваў у дзвюх сярэдніх школах. Самастойна асвоіў кінакамеру, часам рабіў відэазапіс сямейных урачыстасцяў і ўвасобіў у жыццё сваю даўнюю мару: навучыўся граць на акардэоне. З 2002 года ў яго жыццё ўвайшоў ансамбль “Сузор’е”.

/i/content/pi/cult/847/17998/17.jpg“Сузор’е”

У 1974 годзе ў вёсцы Якімава Слабада па ініцыятыве Ларысы Андрэйчыкавай ансамбль “Сузор’е” аб’яднаў аматараў народнай песні, якіх родная зямля надзяліла выдатнымі галасамі. Песні і абрады роднай вёскі, ды і ўсёй Светлагоршчыны, складаюць адну з асаблівасцяў Паўднёва-Усходняй палескай традыцыйнай культуры, якая ў цэлым вылучаецца сваёй этнаграфічнай арыгінальнасцю музычнага стылю. Напрыклад, калядныя песні выконваюцца ў адзін голас, але са своеасаблівымі двухгалоснымі “выбліскамі”. Кожная ўдзельніца ансамбля ўносіць сваё разуменне песні. Асаблівую маляўнічасць ансамблю надаюць аўтэнтычныя касцюмы, у якіх, як і ў песнях, раскрываецца свет прыгожага. Дзякуючы ансамблю “Сузор’е” ў вёсцы ходзяць калядоўшчыкі, гараць купальскія вогнішчы, гучаць старадаўнія песні. Калектыў прымае ўдзел у святкаванні Масленіцы, Новага года, рэгістрацыі шлюбу ў ЗАГСе і розных мерапрыемствах у горадзе, а гэта не менш за 150 выступленняў у год.

Вельмі цікава з удзелам ансамбля “Сузор’е” праходзяць юбілейныя і творчыя вечары, вячоркі, вясельныя абрады, тэатралізаваныя пастаноўкі. У раёне ўжо няма аграгарадка, у якім ансамбль не пабываў з канцэртамі некалькі разоў, ён з’яўляецца частым госцем у санаторыі “Сярэбраныя ключы”, канцэрты праходзілі таксама ў гарадах Гомель, Калінкавічы, Рэчыца, Рагачоў, Пінск. У 1991 годзе ансамбль “Сузор’е” атрымаў найменне “народны”, якое падцвярджаў ужо сем разоў. За гады творчасці ансамбль мае мноства ўзнагарод пераможцы раённых аглядаў-конкурсаў, у 2000 годзе перамог у Рэспубліканскім тэлевізійным конкурсе “Чароўны куфэрак”. Праз год калектыў удзельнічаў у Міжнародным фестывалі аўтэнтычнага фальклору “Вянок дружбы”. Асабліва запомніўся ўдзельніцам ансамбля Міжнародны фестываль “Берагіня” ў 2014 годзе ў гарадскім пасёлку Акцябрскі. Туды з’ехаліся многія яркія і самабытныя калектывы з усяго былога Савецкага Саюза.

У 2014 ансамбль узнагароджаны граматай за ўдзел у Рэспубліканскім фестывалі “Не старэюць душой ветэраны”, удзельнічаў у рэспубліканскім свяце “Дажынкі”, а таксама ў здымках дакументальнага фільма “Дняпроўскі рэквіем”, у некалькіх тэлеперадачах, напрыклад, “Наперад у мінулае” і іншых. Калектыў “Сузор’е” занесены ў Кнігу славы Светлагорскага раёна.

Крэда

Аляксей Алегавіч Каржоў не толькі кіруе творчымі калектывамі, але і пастаянна выступае як саліст. Любімы акардэон у руках маэстра то звініць-рассыпаецца пошчакам чыстага ручая, то разлятаецца пырскамі бліскучай вясёлкі, то задуменна сумуе, то рамантычна кліча ў свет мары. Невыпадкова да шматлікіх грамат кіраўніка ансамбля ў 2018 годзе дадалася ганаровая ўзнагарода лаўрэата Нацыянальнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі”.

Крэда музыканта як у асабістай творчасці, так і ў творчасці калектыву — толькі жывы гук. Аляксей Каржоў не прызнае ні “мінусовак”, ні, тым больш, “плюсовак”, лічыць сапраўдным толькі жывы гук. Музыкант перакананы, што творчасць ансамбля “Сузор’е” мае вялікае значэнне не толькі для захавання фальклорнай спадчыны беларускага народа, але і для яе прапаганды. Ён кажа: “Гледачы з вялікім задавальненнем ходзяць на канцэрты з жывым гукам, а па-сапраўднаму жывы гук могуць даць толькі народныя калектывы. Таму будучыня за народнай творчасцю”.

Творчая душа "радасцеі"

Народны ансамбль народнай песні Прудкоўскага СДК “Радасцея” ўжо больш за 25 гадоў радуе гледачоў сваёй творчасцю, з’яўляецца захавальнікам народных традыцый, абавязковым удзельнікам усіх святочных мерапрыемстваў у роднай вёсцы Прудок, а таксама з поспехам выступае на розных канцэртных пляцоўках горада і раёна. Восем гадоў таму канцэртмайстрам калектыву стаў Аляксей Каржоў. Гурт узнагароджаны граматамі і дыпломамі абласных ды раённых конкурсаў і фестываляў. Ансамбль “Радасцея” прымаў удзел у рэспубліканскіх фестывалях “Дажынкі-2007” і “Дажынкі-2013”, а таксама ў тэлеперадачы “Спявай, душа!”

Ужо чатыры гады Аляксей Каржоў працуе і з ансамблем Хутарскога СДК “Хутаранка”. Хоча, каб і гэты калектыў стаў праз час народным.

Галіна КАПЕЦКАЯ, Светлагорск