Браслаўская сям’я ўладароў гліны і саломкі

№ 17 (1508) 24.04.2021 - 30.04.2021 г

Унікальны кераміст, носьбіт традыцыі спіральнага саломапляцення, майстар вырабаваў з бяросты, майстар народных сувеніраў… Гэта не адзін чалавек, а цэлая творчая сям’я з Браслава, якая красавіцкімі днямі ўпершыню зладзіла сваю агульную сямейную выставу “Разам”. Выстава прайшла ў выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Сонца саламяных вырабаў Элеаноры Зінкевіч злучылася са змрокам стагоддзяў гістарычнай керамікі Валерыя Зінкевіча, цеплынёй бярозавай кары твораў Людмілы Шчапіла і надзённасцю фотакалажаў Анастасіі Ястраб. У Браславе сямейную пару Зінкевічаў ведае кожны, каму цікавая народная творчасць, бо гэта не проста майстры, але і настаўнікі, даследчыкі, арганізатары фестываляў — сапраўдныя энтузіясты сваёй справы. Летам выстава “Разам” будзе экспанавацца ў Браславе.

/i/content/pi/cult/847/17997/13.jpgЭлеанора Зінкевіч ужо на працягу многіх гадоў — загадчык Музея традыцыйнай культуры ў Браславе. “Калі б у 90-х мне сказалі, што я буду працаваць у Доме рамёстваў, стану майстрам саломапляцення і ўзначалю музей — не паверыла б”, — гаворыць яна зараз. Па адукацыі біёлаг, 30 гадоў таму яна прыехала ў Браслаў разам з мужам Валерыем — карэнным браслаўчанінам, які адвучыўся ў тым жа Віцебскім педагагічным інстытуце, але на мастацка-графічным факультэце. Валерый прафесійна займаўся разьбярствам, Элеанора працавала ў школе па сваёй спецыяльнасці. Але ў час дэкрэтнага водпуску вырашыла пайсці на курсы саломапляцення, што ўпершыню адкрыліся ў браслаўскім краязнаўчым музеі:

— На пачатку 90-х у Віцебскай вобласці толькі пачыналі стварацца Дамы рамёстваў, і місію ўзяў на сябе краязнаўчы музей. Дырэктар музея Галіна Станіславаўна Падаляка адправіла супрацоўніцу ў Віцебск, каб тая навучылася плесці з саломы і пасля пачала вучыць іншых. Я трапіла на гэтыя курсы. Але выкладчыца неўзабаве звольнілася, а ў мяне былі і пэўныя поспехі, і педагагічная адукацыя, так што заняць яе месца прапанавалі мне. І вось — увечары я вучылася па кніжках, ездзіла да старых майстроў дзе непадалёк, а раніцай выкладала. І муж, на той час ужо захоплены ганчарствам, падтрымаў ідэю, каб я стала супрацоўніцай музея. Як бачыце, пачынала я з саломкі, а скончыла загадчыцай Музея традыцыйнай культуры.

/i/content/pi/cult/847/17997/14.jpgТакім чынам, Элеанора Зінкевіч стаяла ля вытокаў адраджэння беларускіх рамёстваў у Браславе, які цяпер увогуле лічыцца адным з найбольш моцных цэнтраў народнай культуры ў нашай краіне: там працуе даволі вялікая колькасць і прызнаных майстроў — а Валерыя Зінкевіча можна назваць нават знакамітым, і проста аматараў. Падзякаваць за гэта трэба і сям’і Зінкевічаў, якая заахвоціла да творчасці многіх і многіх, а акрамя ўсяго іншага — дзесяць гадоў ладзіць ў Браславе вялікі гісторыка-этнаграфічны фэст “Меч Брачыслава”, што збірае гасцей не толькі з Беларусі, але і з замежжа.

Аднак Элеанора Уладзіміраўна не проста “ўмее плесці з саломкі”. Цяпер яна валодае самымі рознымі майстэрствамі, тэхнікамі і матэрыяламі — стварае і з травы, і з лямцу, і шые і тчэ, і многа чаго яшчэ. Адвучылася дадаткова ў Інстытуце праблем культуры, распрацавала канцэпцыю развіцця музея і падрыхтоўкі розных этнаграфічных свят і ярмарак народных рамёстваў. А яшчэ — як чалавек натхнёны і неспакойны — была адной з першых, хто на Віцебшчыне ўзяўся адраджаць традыцыю спіральнага саломапляцення. Два гады таму гэтая старажытная тэхналогія атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, і менавіта Элеанора Зінкевіч афіцыйна лічыцца яе носьбітам у Браславе.

/i/content/pi/cult/847/17997/15.jpg— На той час, гадоў 20 таму, я ўжо была загадчыцай музея, — згадвае Элеанора Уладзіміраўна. — У нас у фондах мелася вялікая калекцыя такіх вырабаў, але ж ніхто імі не займаўся, не вывучаў. І тады я ўзялася за гэтую тэму. Для пачатку поўнасцю апрацавала і апісала ўсю калекцыю, далей пачала ездзіць па вёсках і распытваць людзей. Праўда, жывых носьбітаў традыцыі ўжо не было, я гутарыла з іх роднымі, з аднавяскоўцамі — хто што памятае. Сабрала такім чынам усе звесткі, навучылася плесці сама і пачала вучыць іншых. Але ж — цікавіліся справай многія, але не многія цяпер працуюць са спіральным саломапляценнем, бо занятак усё ж не самы просты, ды й сілу ў руках трэба мець.

Па гэтай тэхналогіі звычайна рабілі даволі трывалыя прадметы, і малыя і вялікія. Асабліва цаніліся вялікія — а гэта былі ёмістасці для захавання зерня, віна, мукі. Рабіліся такім чынам нават прадметы мэблі, а маглі быць і проста гаршчочкі, хлебніцы, гарцы і многае іншае. Саломка, каб стаць тоўстым і моцным жгутом, устаўлялася ў трубачку дыяметрам ў сантыметр-паўтара, а потым спецыяльным вобразам, па спіралі, спляталася. Атрымлівалася і прыгожа, і надзейна. Такім чынам можна працаваць не толькі з саломкай, але, напрыклад, і з лазой. Увогуле, гэтая архаічная тэхніка распаўсюджана па ўсім свеце, нават у егіпецкіх пірамідах знаходзілі рэчы, зробленыя падобным чынам з пальмавага лісця.

Ідэя для першай сямейнай экспазіцыі выспявала доўга, але па выніку выстава “Разам” прыпала на вясновы перадвелікодны час і тэматычна стала веснавой — з яйкамі і вербамі. І найцікавейшыя керамічныя творы Валерыя Зінкевіча, рэканструяваныя па ўзорах нават часоў неаліту, зайгралі нечаканым чынам, аздобленыя залацістым адценнем вырабаў Элеаноры Зінкевіч.

— Разеткі на каркасах я называю “сонейкамі”, — расказвае Элеанора Уладзіміраўна. — Яны, а яшчэ і вітыя пляцёнкі былі элементамі так званых “царскіх брамаў”, што лічацца шэдэўрамі беларускага саломапляцення. Ёсць калекцыя саламяных кошыкаў, прызначаных для ўпрыгожвання. Асобны мастацкі аб’ект, які я назвала “Саракі”, — падвеска з сарака птушкамі, што лятуць у вырай. Некалькі адметных шкатулак, адна з якіх вялікая, з устаўкамі блакітнага і чырвонага колераў, — мая рэпліка са шкатулкі канца XVIII стагоддзя, што захоўваецца ў Гістарычным музеі ў Маскве і паходзіць з беларускіх земляў. Многа ўпрыгожванняў — раней іх часта рабілі з саломкі. І гэтак далей.

Другая значная частка экспазіцыі — вырабы і творы Валерыя Зінкевіча, якога назваць унікальным майстрам не будзе перабольшваннем. Ён захапляецца гістарычнай і этнаграфічнай керамікай, як спецыяліста яго ведаюць усе археолагі, Валерый — адзін з лідараў рэканструктарскага руху ў нашай краіне, і не проста творца, але і даследчык. Нядзіўна, што калі некалькі гадоў таму ў нацыянальным парку “Белавежская пушча” пачаў стварацца археалагічны музей пад адкрытым небам, то наша Акадэмія навук звярнулася менавіта да Валерыя Зінкевіча, і тры гады (праца скончылася літаральна з месяц-другі) ён напаўняў музей усімі рэканструяванымі керамічнымі вырабамі — ад неаліту да позняй эпохі жалеза і рымскага перыяду. Стварыў такім чынам велізарную гістарычную калекцыю. І ўвогуле як майстар Валерый працуе не на рынак, не на ярмаркі, а на вывучэнне гісторыі, на яе рэканструкцыю. Праўда, пасля заканчэння “худграфа” хоць і любіў графіку, захапіўся ў першую чаргу разьбярствам — і ў гэтай галіне дасягнуў высокіх вынікаў, яго прозвішча зараз ёсць ва ўсіх даведніках па народных рамёствах.

— А на кераміста насамрэч я ніколі не вучыўся, — расказвае Валерый. — Ужо ў разьбярстве мяне цікавіла работа з трохмернай пластыкай, са скульптурай. Так і прыйшоў да пластыкі керамікі. Пачалося ўсё з майго шчырага здзіўлення, калі я пазнаёміўся з творамі эпохі неаліту. Бо ў нас жа побытавае ўяўленне пра неаліт як пра дзікіх людзей у шкурах і ў пячорах, а я ўбачыў каласальную культуру. Што тычыцца пластыкі неаліту, эпохі бронзы і далей — то гэта проста шэдэўры. І ўявіце, яны ж ствараліся прымітыўнымі метадамі, без абсталявання, станкоў і да таго падобнае. Я зараз, каб паўтарыць якую адметную форму, магу тры дні не выходзіць з майстэрні, а як жа гэта ўсё рабілася тады! Сучаснаму керамісту і не сніцца.

Акрамя рэканструкцыі дагістарычных вырабаў, на гэты час Валерый Зінкевіч аднавіў ужо ўсе тэхналогіі, характэрныя для керамікі і Браслаўшчыны, і Беларусі ўвогуле. З жонкай Элеанорай яны даўно ўдзельнічаюць у рэканструктарскіх гістарычных святах у Еўропе — Літве, Латвіі, Польшчы, Германіі. Там падобная тэматыка, у тым ліку эпоха вікінгаў, сярэднявечча і гэтак далей, у турыстычным, асветніцкім, педагагічным і нават забаўляльным і камерцыйным сэнсах — моцная і добра развітая плыня.

— Мяне гэта ўвесь час ціснула, — гаворыць Валерый Анатольевіч. — Там тысячы майстроў, натоўпы наведнікаў, падтрымка многіх устаноў. І калі мы прыязджаем туды са сваімі вырабамі, то цікавасць да іх вялізная. А ў Беларусі падобнае зрабіць не ўдаецца, хоць і маем мы настолькі багатую гісторыю, што не толькі ў Браславе, а ў кожным горадзе можна ладзіць такія мерапрыемствы. Таму мы і пачалі арганізоўваць свой гістарычны фестываль - з майстрамі, з музыкамі, з рыцарамі... У некаторыя гады яго запаўняльнасць была проста надзвычайнай, колькасць удзельнікаў неверагоднай. Праўда, летась правесці фестываль ужо не атрымалася, ды й сёлета, хутчэй за ўсё, яго не будзе.

Хоць і спецыяліст Валерый Зінкевіч у гістарычнай, дакладнай рэканструкцыі, але тое, што ён прадставіў на выставе “Разам”, хутчэй можна назваць інтэрпрэтацыяй, аўтарскім поглядам на ўзоры неаліту і беларускай этнаграфіі. У Валерыя ёсць “спрадвечная мара”, як ён гэта называе, — увесці рэканструкцыю ў сучасны інтэр’ер, каб адноўленыя па археалагічных узорах творы выглядалі арганічна ў нашай цяперашняй паўсядзённасці. І на выставе прадстаўлена некалькі аб’ектаў, задуманых менавіта з такой мэтай. А ўбачыць можна творы самых розных форм, памераў і тэхналогій вырабу, вялізныя і маленькія, з арнаментамі і без. Дарэчы, неалітычныя арнаменты — мудрагелістыя і лаканічныя, у старажытнасці мелі сакральны сэнс, ёмістасці з арнаментам выкарыстоўваліся ў аграрных абрадах.

Ёсць рэканструяваная амфара ХІІ стагоддзя з Навагрудка — цёмная, з дзвюма ручкамі і вузкім горлам. Ёсць з больш шырокім горлам — для алею ці віна, ёсць вырабы з сярэднявечнай традыцыяй, ёсць гаршчкі і місы з вядомых археалагічных стаянак на тэрыторыі Беларусі, напрыклад з Асаўца. І многае, многае іншае можна ўбачыць на выставе — у кожнага экспаната свая цікавая гісторыя, а расказваць пра іх Валерый Зінкевіч можа гадзінамі.

Валерый Анатольевіч таксама, дарэчы, працяглы час працаваў метадыстам у Музеі традыцыйнай культуры, здаўна сам удзельнічаў у археалагічных экспедыцыях. Яго захапленне, да якога ён далучыў і жонку Элеанору, і сястру Людмілу, і
абедзвюх дачок, яшчэ называецца “эксперыментальнай археалогіяй” — не толькі традыцыйнымі беларускімі рамёствамі займаюцца ў гэтай сям’і. Валерый і на дудзе іграе! Людміла Шчапіла для выставы падрыхтавала шэраг вырабаў з бяросты, у тым ліку і архаічных формаў. І яна калісьці працавала ў Браслаўскім музеі, а цяпер жыве ў Мінску, пры гэтым застаецца членам народнага клуба майстроў народнай творчасці “Ля возера” ў Браславе. Людміла — майстар працы з бяростай, увогуле з карой, на выставе ад яе — берасцянкі і многае іншае самага рознага, падчас вельмі складанага пляцення і старажытнага выгляду. Людміла Шчапіла так умее працаваць з карой, што вырабы атрымліваюцца і ўвогуле без пляцення! Дачка Валерыя і Элеаноры Зінкевічаў Анастасія таксама скончыла мастацка-графічны факультэт у Віцебску, цяпер мае прозвішча Ястраб і жыве з мужам у Мінску — яна валодае рознымі народнымі рамёствамі, але для сямейнай выставы вырашыла стварыць некалькі адметных фотакалажаў.

Выстава “Разам” у зале Віцебскага АМЦНТ, насычаная яскравымі і незвычайнымі экспанатамі, выклікала даволі вялікую цікавасць у публікі, у мастакоў і майстроў. А неўзабаве выстава пераедзе ў Браслаў, і летнім адпускным сезонам яе змогуць пабачыць, і далучыцца такім чынам да нашай гісторыі і традыцыі, не толькі браслаўчане, але і ўсе госці найпрыгажэйшага азёрнага краю.