Брэсцкія дзеці — лепшыя ў свеце!

№ 17 (1508) 24.04.2021 - 30.04.2021 г

У абласных тэатрах прэм’еры ладзяцца нават часцей, чым у сталічных. Бо кантынгент патэнцыйных гледачоў наўпрост залежыць, у тым ліку, ад колькасці насельніцтва. Дый саміх тэатраў там куды меней. Таму рэпертуар, і асабліва дзіцячы, патрабуе больш хуткага абнаўлення. Не дзіва, што на красавік у двух тэатрах Брэста прыпалі адразу некалькі новых дзіцячых спектакляў.

/i/content/pi/cult/847/17995/6.jpgВыкраданне пярсцёнка

Брэсцкі тэатр лялек падрыхтаваў сучасны дзіцячы дэтэктыў “Шэрлак-малодшы і Мядзведзь у Лондане”. Гэты жанр не такі распаўсюджаны, як тыя ж казкі. Але згадаю, да прыкладу, цудоўны спектакль “Ёхім Ліс — дэтэктыў з дыпломам” у сталічным тэатры “Тэрыторыя мюзікла”, дзе гісторыя пачыналася са знікнення слоіка варэння, нядаўнія прэм’еры ў Маладзёжным тэатры эстрады. Што ні кажыце, а дзіцячыя дэтэктывы (як, дарэчы, і дарослыя) — рэч запатрабаваная. Асабліва калі яны скіраваны на штосьці большае, чым проста пошук, куды падзеўся каштоўны пярсцёнак. Гэта можа быць і развіццё ўважлівасці, і трэніроўка лагічнага мыслення, і, як у брэсцкім спектаклі, завучванне на слых некалькіх англійскіх слоў з перакладам, правільны правапіс рускіх. Ненадакучлівае асветніцтва? Выдатна! А што ўласна з дэтэктывам?

Таямнічыя прыгоды пачынаюцца літаральна з першых тактаў. Празрысты экран, змешчаны ззаду шырмы, дазваляе рабіць разнастайныя відовішчныя эфекты накшталт “страшных” маланак ці няўцямных выяў-прывідаў за акном. Далей дадаюцца кніжкі, што лётаюць ды шамацяць старонкамі, лупатыя вочы, што свецяцца ў цемры, ажылы ды яшчэ і гаваркі “барэльеф” аленя на сцяне. Але на гэтым прыдумкі ды нечаканасці заканчваюцца — дакладней, пачынаюць паўтарацца. Атрымліваецца штосьці накшталт гэткай “лейтматыўнай сістэмы”, здольнай з’яднаць любую самую мазаічную драматургію. Але ва ўмовах дэтэктыва, дзе так важна нечаканасць, гэта становіцца хутчэй мінусам, чым плюсам. І довады, што дзеці любяць паўторы, наўрад ці апраўдваюць прынцып “хаджэння па кругу”. Бо сцвярджаць, што дзеці не ўпадабаюць феерверк фантазій, дарэмна.

/i/content/pi/cult/847/17995/7.jpgКіраванне трасцявымі лялькамі (мастак — Вольга Мельнік-Малахава) больш складанае за “ваджэнне” планшэтных ці пальчаткавых. Зварот да гэтай тэхнікі робіць гонар тэатру, маладому рэжысёру Алісе Ярмак і, больш за ўсё, артыстам. Апошнім, у адрозненне ад гледачоў, у гэтым спектаклі ўвогуле не да смеху. Яны працуюць не за высокай шырмай, а за нізенькай. Таму вымушаны рухацца ўпрысядкі ці поўзаць на каленках. Добра, калі б так было некаторы час, а тут — увесь спектакль цалкам. Навошта? З-за гэтага ў выкананні шмат недасканаласці. Рукі артыстаў часцяком выходзяць на першы план — замест таго, каб хавацца за шырмай. Пры гэтым лялькі, здараецца, бачны толькі “напалову” — без ног. Затое спраўна адкрываюць рот, падобна персанажам мапет-шоу, бо кіруюць некаторымі двое артыстаў.

І ўсё ж палітра выразных сродкаў сучаснага тэатра лялек намнога шырэйшая! І ў ёй запатрабаваны міксты, сінтэз усяго і ўся. Спалучэнне пастаноўчых тэхнік ёсць і ў гэтым спектаклі. Злодзей увасоблены “жывой натурай”, а не лялькай. Вавёрачкі ў парку, вартаўнікі Букінгемскага палаца — праз плоскасныя выявы на палачцы, што часам ужываліся ў батлейцы. Але ў сцэне таго ж парка так і просяцца іншыя чалавечыя постаці — артыстаў, якія маглі б не толькі хавацца за шырмай, але і ўзаемадзейнічаць з лялькамі, уступаць з імі ў прамы кантакт на вачах публікі. І тым самым прывучаць маленькіх гледачоў да ўмоўнасцяў тэатральнага мастацтва. Дзеці адкрыты да гэтага куды лепей за дарослых, якія паспелі ўжо пераканаць сябе, што і як павінна быць, каб гэта было “правільна”. У мастацтве ж не можа быць аднаго-адзінага “правільнага” рашэння — тут цэніцца варыятыўнасць.

Выкраданне хлапчука

Так збегліся абставіны, што адначасова з лялечным “Шэрлакам” у іншым тэатры горада — Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы — паставілі “Выкраданне Джоні”. Паводле назвы — тыповы дэтэктыў. Але ў аснову была пакладзена знакамітая навела О.Генры “Правадыр чырванаскурых”, дзе ўсё крыху іначай і не падпадае пад звыклае азначэнне. Інсцэніроўку ажыццявіла загадчыца літаратурна-драматургічнай часткі тэатра Вера Шэлест. Яна, як і многія, спадзявалася на тэхаскі каларыт, вясёлыя прыгоды вынаходлівага хлапчука — як у многіх іншых зваротах да гэтай навелы, пачынаючы з кінастужкі. Але рэжысёр Аляксандр Козак вырашыў іначай. І атрымалася штосьці большае, чым проста “крымінальная авантура”, як пазначана на афішах і ў праграмцы.

Дарэчы, увагу прыцягвае ўжо сама праграмка, складзеная мастаком-пастаноўшчыкам (і, дададзім, галоўным мастаком тэатра) Мікалаем Палтаракам. Дарэчы, робіцца гэта ўжо не ўпершыню. Адметную праграмку, што складаецца ў кубік, мае, да прыкладу, брэсцкі спектакль “Сярожа вельмі тупы”. Да навагодніх казак былі размалёўкі. Такое выкшталцонае мастацкае афармленне рэкламнай прадукцыі — штораз індывідуальнае, скіраванае на змест і асаблівасці канкрэтнага спектакля, можа стаць адным з трэндаў гэтага тэатра.

Праграмка да “… Джоні” надрукавана на пажоўклай тонкай паперы, як у газетах стогадовай даўніны, дзе любілі асвятляць крымінальную хроніку. А на звароце, акрамя бліжэйшых спектакляў, намаляваны лабірынт. І надпіс: “Знайдзі дарогу да Джоні”. Я праверыла: пракласці шлях сапраўды магчыма. Ці ж не сімвалічна?

Бо спектакль насамрэч ушчэнт разбівае шматлікія далейшыя перазовы гэтага сюжэта, што дайшлі ажно да расійскага мультсерыяла “Маша і Мядзведзь”, дзе дзяўчынку выкрадаюць ваўкі. Пастаноўка адрасавана найперш падлеткам: яна аналізуе праявы і магчымыя далейшыя наступствы дзіцячага садызму. Пачынаецца ўсё звычайна з “быццам гульні” і забавы, а чым можа скончыцца?

У сцэнаграфіі — ніякіх адкрытых намёкаў на дакладны час і месца дзеяння. Напаўразбураныя калоны можна, канешне, аднесці да нейкай закінутай будоўлі, якіх хапае ў расійскім дэтэктыўным “мыле” з адсылкай да 1990-х. Але тут калоны выступаюць як сімвал разбураных сямейных, выхаваўчых, грамадскіх устояў і, у той жа час, як спасылка да старажытнагрэчаскай трагедыі і, шырэй, міфалогіі.

Значнае адрозненне ад арыгінала ўжо ў тым, што Сэм і Біл не збягаюць, а самі ідуць здавацца ў паліцыю. Бо ў спектаклі яны не спрактыкаваныя махляры, а… музыканты, што беспаспяхова шукаюць грошы на новы праект. Да бацькі Джоні, падобна на тое, яны ўжо звярталіся. Безвынікова, хаця грошы ў яго ёсць. Таму вырашылі дзейнічаць іначай. І памыліліся: хлопчык бацькам не патрэбны. Сцэнічнае з’яўленне бацькі, які сам чытае ліст з адмовай выкупляць сына, вырашана па-мефістофелеўску: чырвонае святло, клубы дыму.

Атрымліваецца аповед без звыклага падзелу на адмоўных і станоўчых герояў. Ва ўсіх — свае праблемы і прагалы. І гэта вымушае гледача не “праглынуць” чарговае ўвасабленне знаёмага сюжэта, а задумацца. Можа, хлопчык такі жорсткі не толькі з-за адсутнасці сямейнай любові і паразумення, якімі павінен быць ахінуты, але і таму, што не атрымліваў “прывіўкі” культурай, мастацтвам? Для ягонай сям’і гэта непатрэбнае марнаванне грошай.

Так што ў Брэсце і сапраўды “дзеці — лепшыя ў свеце”, як спяваецца ў заключнай песеньцы. Бо ў іх ёсць магчымасць абмеркаваць пасля спектакля разам з бацькамі, куды і як выплюхваць свае фантазіі ды энергію. А сёння, дарэчы, іх чакае новая прэм’ера -- казкі з аркестрам “Гісторыя Папялушкі”, аздобленай пясочнай анімацыяй.

Фота Глеба МЯРЗЛІКІНА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"