ТЮГ: тэатр, юбілей, гледачы

№ 17 (1508) 24.04.2021 - 30.04.2021 г

Гэты год для Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача — двойчы юбілейны: у 1931-м ён адкрыўся ўпершыню, праіснаваўшы да Вялікай Айчыннай, а ў красавіку 1956-га — у другі раз, пад крыху іншай назвай і ў цяперашнім будынку, што нядаўна быў адрэстаўраваны. Да юбілею падрыхтавана выстава ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры — і безліч прэм’ер.

/i/content/pi/cult/847/17994/3.jpgІх колькасць у апошнія месяцы папросту зашкальвае: спектакль за спектаклем, нягледзячы на пандэмію. Прычым ахопліваецца ўся ўзроставая шкала — ад дашкольнікаў да падлеткаў і моладзі, а таксама дарослых. Дарэчы, выстава называецца “Тэатр новага пакалення”. Дык якое яно, тое новае пакаленне? І ці знайшоў тэатр “свайго гледача”?

Дзятве — уражанні

Пачнем з маленькіх. Для дзяцей 6+ у рэпертуары нядаўна з’явіліся адразу два даволі ўдалыя спектаклі: “Казкі дзядзькі Якуба”, пазначаныя як “музычна-пластычная фантазія”, і “Сцяпан — вялікі пан” паводле аднайменнай казкі Артура Вольскага, перайначаны па жанры ў “блазнаванне на адну дзею”.

Хаця ў анонсе першага спектакля і папярэджваецца, што “ў Якуба Коласа не варта шукаць падобны сюжэт”, за аснову відавочна ўзяты ягоныя “Казкі жыцця” і, у прыватнасці, “Асінае гняздо”. Але гэты аповед (дакладней, яго падабенства) узнікае быццам самастойна, без прывязкі да творчасці нацыянальнага класіка — усяго толькі як гульня на дзіцячай пляцоўцы ў двары. Насамрэч, ужо ў адным гэтым можна заўважыць асацыятыўныя повязі: у “дзядзькі Якуба” ж не проста звыклыя казкі, а казкі жыцця. Вось і тут — усё, як у жыцці. У пясочніцы ўзнікае мадэль дарослага грамадства, дзе ёсць шэршні, асіная каралева — і маленькі камарык, здольны перамагчы не сілай, а розумам. Ніякай дыдактыкі, усё весела, нязмушана, цікава — і ў той гульнёвай мадэлі дзеці пазнаюць сябе саміх, свае “пясочныя”, а пазней і школьныя канфлікты (рэжысёры — Ягор Невяровіч і Данііл Філіповіч). Артысты іграюць заўзята, у іх дзяцей — верыш. А яркія перасоўныя дэкарацыі Дар’і Волкавай, музыка Антона Асташэвіча, харэаграфія Сяргея Паяркова толькі дадаюць імпэту.

/i/content/pi/cult/847/17994/4.jpgДругі спектакль — “Сцяпан — вялікі пан”, ажыццёўлены дырэктарам ТЮГа Уладзімірам Савіцкім — увогуле ахоплівае яшчэ і іншыя мастацкія прасторы. Найперш — тэатра лялек. Бо тут ёсць і тэатр ценяў, і падабенства некаторых дэкарацый да выцінанак (мастак — Ларыса Рулёва), і апранутыя артыстамі маскі зайцоў ды ваўкоў, і ўласна планшэтныя лялькі, якіх у бутафорскай майстэрні тэатра вырабіла скульптар Наталля Кудашкіна.

Асобныя “цацачныя” дэталі існавалі ў гэтым тэатры і раней. Да прыкладу, у “Кату ў ботах”, пастаўленым тым жа У.Савіцкім чатыры гады таму: каб дзеці паверылі, што Людаед пераўвасабляецца ў Льва і Мышаня, ён хаваўся за шырму, і адтуль узнікалі лялькі. Але там гэта быў, як бачым, вымушаны прыём, праз які рухаецца сюжэт. А ў “Сцяпане” — дадатковая дэталь, праз якую аповед набывае новыя сэнсавыя рысы. Пэўна, праз час артысты навучацца больш вынаходліва спраўляцца са сваімі лялечнымі “двайнікамі” (чаго, прызнацца, не ставала на прэм’еры). Але і ў цяперашнім выглядзе спектакль не назавеш шараговым.

Многія гады ідэальным сцэнічным прачытаннем гэтай казкі асабіста для мяне была аднайменная аперэта ў нашым Музычным тэатры, што вабіла музыкай Юрыя Семянякі. У цяперашнім спектаклі ТЮГа музыкі таксама хапае (аўтарскія нумары — Юрыя Бачкарова, музычнае афармленне — Паўла Захаранкі). Але яна зусім іншая, сучасная. І не менш яркая (хаця, прызнацца, замест дэкламацыі на фоне музыкі ў некаторых момантах мог бы быць стыльны рэп). У спектаклі там-сям раскіданы постмадэрнісцкія спасылкі: шоу барабанаў вымушае згадаць эстрадную канцэртную практыку, уключаючы “Еўрабачанне”, з’яўленне Прынцэсы (Марыя Возба-Гаранская) пададзена пародыяй на “Паміраючага лебедзя”. Дый харэаграфія Анастасіі Асіпенка, якая іграе Лісіцу, добра “малюе” боты, падараваныя Шаўцом Сцяпанам (Генадзь Гаранскі).

Пры ўсёй скіраванай на дзяцей відовішчнасці “Казак…” і “Сцяпана…”, спектаклі могуць быць названы сямейнымі: у іх ёсць пра што задумацца як дашкольнікам, так і падлеткам, а таксама бацькам. Але моладзь і дарослыя маюць у ТЮГу і ўласны рэпертуар.

/i/content/pi/cult/847/17994/5.jpgДарослым — роздум

Для старшакласнікаў і дарослых быў створаны спектакль “Калі прачнецца Бог…” па “Споведзі” Ларысы Геніюш. У гэты сезон тэатр шчыльна заняўся стварэннем разнастайных тэатралізавана-літаратурных кампазіцый па творчасці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў (гл. “К” № 49 за 2020 г.). Разам яны склалі праект “Сустрэчы з класікамі і сучаснікамі”, спектаклі якога дэманстраваліся і паасобку, і ўсе цалкам. Зварот да творчасці Л.Геніюш завяршаў распачаты раней цыкл — хаця, зразумела, падобныя спектаклі могуць і павінны ладзіцца і надалей, з усё большай рэжысёрскай вынаходлівасцю, у чым пераканала згаданая прэм’ера.

Гэта папраўдзе лепшы спектакль усяго праекта. Рэжысёру Ганне Казловай разам з мастачкай Дар’яй Волкавай удалося стварыць атмасферу, адпаведную творчасці і самому лёсу беларускай паэткі. Пры ўсім мінімалізме пастаноўчых сродкаў і эпісталярнай дакументальнасці аповеду, сцэнічнае дзеянне літаральна дыхае паэтыкай. Пры ўсёй жорсткасці апісаных падзей, прасякнута мастацкасцю выкладання, тэатральна-асацыятыўнымі пераўтварэннямі. Драўляна-металічнае збудаванне, што магло быць часткай дома, становіцца чыгуначным вагонам, нарамі, клеткай. Напаўпразрыстая панэль, бы тое “акно” паміж рознымі эпохамі і сусветамі, атрымлівае роспіс. Раіса Астрадзінава стварае шматграннае аблічча гераіні. Дый сама эстэтыка спектакля скіравана ў будучыню, прычым без аніякага наўмыснага дагаджання моладзі, гэткага “падлашчвання” пад модныя ў падлеткаў трэнды.

Днямі ў тэатры з’явілася яшчэ адна прэм’ера 16+: “Шамаціла”, жанрава пазначаная як “казка для дарослых”. Спектакль створаны па п’есе “Звычайная Шамаціла” Юрыя Куліка — акцёра, што паспеў папрацаваць у некалькіх тэатрах, рэжысёра і дырэктара ТЮГа, памерлага ў 2013-м. У інтэрнэце можна знайсці чатыры яго п’есы ў рускамоўных версіях: акрамя згаданай, яшчэ “Што аддасі, тое і вернецца”, а таксама “Спадарыня Мяцеліца” і “Аднакласнікі, альбо З Днём Пцірадактыля”. Дзве апошнія п’есы ён сам і паставіў у ТЮГу ў былыя гады.

Цяперашнюю “Шамацілу” можна лічыць данінай яго памяці. А галоўнае — своеасаблівым бенефісам заслужанай артысткі Беларусі Веры Кавалеравай, якая прыйшла ў наш ТЮГ больш за 50 гадоў таму, а 13 ліпеня справіць асабісты юбілей. Дзеля апошняга даводзіцца дараваць некаторыя недахопы самой п’есы, бо роля Шамацілы ў ёй — чарговае пацверджанне бліскучага таленту выдатнай актрысы, уладальніцы “Крыштальнай Паўлінкі” і медаля Францыска Скарыны. Непераўзыдзеная травесці, выканальніца шматлікіх казачных персанажаў — ад жывёлін да хлопчыкаў і дзяўчынак, яна здольная ажывіць (у прамым і пераносным сэнсе слова) любы спектакль. Вось і тут: лёгкасць рухаў, спружыністая мяккасць паходкі, нягледзячы на візуальна цяжкія, на таўшчэзнай падэшве боты. Неверагодная зграбнасць і зачараванне — пры бясформеннай мехаватасці абвіслага адзення, жудасна ўскудлачаным парыку ды іншых “прыгажосцях” героя-дамавіка, падобнага да бяздомнага звар’яцелага. Унутранае напаўненне супярэчлівага вобразу будзе працягвацца, аздабляцца новымі дэталямі.

Тое ж тычыцца і іншых герояў. Усім ім, паводле п’есы, за 60 — цудоўная магчымасць задзейнічаць старэйшае пакаленне артыстаў! Але ж і глядацкая аўдыторыя гэтага спектакля, на мой погляд, прыблізна такая ж. Бо пры ўсім прафесіяналізме пастаноўчай каманды, дзе кожны — папраўдзе яркая асоба (рэжысёр — Ганна Казлова, мастак — Дар’я Волкава, музычнае афармленне — Генадзя Гаранскага), агульная эстэтыка спектакля скіравана да 1980-х. Так, гэта быў “залаты век” беларускага тэатральнага мастацтва. І, магчыма, калектыў імкнецца прыцягнуць да сябе выхаваную ў тыя часы ўдзячную аўдыторыю. Але ж гэта робяць і іншыя тэатры! У “Шамаціле”, пры ўсіх недахопах драматургічнага матэрыялу, ёсць над чым задумацца моладзі. А вось ці спакусіцца яна — асабіста для мяне пакуль пытанне. Усё ж хочацца, каб аўдыторыя ТЮГа была скіравана ў будучыню. І каб назву трупы можна было ў поўнай меры расшыфроўваць як “тэатр юнага душой гледача” — незалежна ад пашпартнага ўзросту.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"