Круцейшы за любы дэтэктыў

№ 17 (1508) 24.04.2021 - 30.04.2021 г

Мінулым тыднем у чацвер і пятніцу ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбылася прэм’ера спектакля “Калека з вострава Інішман”. Чарговая пастаноўка. Ды яшчэ зусім не паводле “беларускай драматургіі”, на якую гэты тэатр арыентаваны адпаведна сваёй назве. Але аднайменная сучасная ірландская п’еса, напісаная ў 1996-м 26-гадовым на той час Марцінам МакДонахам, аказалася менавіта “пра нас” (так было пазначана ў анонсе рэжысёрскае прачытанне Аляксандра Гарцуева). І не толькі таму, што ідзе ў перакладзе на беларускую мову.

/i/content/pi/cult/847/17993/1.jpgДа беларускіх традыцый звернута сцэнаграфія Юрыя Саламонава, якую можна дэталёва разгледзець яшчэ да пачатку спектакля: човен амаль на авансцэне, паўсюль сеці развешаны, збоку штосьці накшталт прылаўку маленечкай крамы ці кавярні. Сцэнічныя строі Марыны Алекна — выключна побытавыя, без аніякай уласцівай псеўдафольку нацыянальнай арнаментыкі, што насамрэч ужывалася толькі на святочным убранні. Праз увесь спектакль — тыповы напаўзмрок, што бывае ў старой беларускай хаце, прыцемкі, гатовыя напаткаць дзесьці ў гушчары ля багны (мастак па святле — Сямён Давыдзенка). Танцы, што з’явяцца там-сям сярод дзеі, — зусім не ірландскія. І цалкам беларускімі іх таксама не назавеш. А народнымі — так. Бо гэта нейкі абагульнены сінтэтычны варыянт на мяжы беларускага і ірландскага, памножанага на выбух душы.

Праславуты рэалізм, з якім у сучасным тэатры то змагаюцца, то, наадварот, узводзяць у ранг адзіна магчымай эстэтыкі, — даведзены часам да гіперрэалізму, нават натуралізму. Вада? Сапраўдная. Яйкі аб галаву? Таксама. Прычым б’юць іх на галаве не з тэатральнай умоўнасцю, а цалкам усур’ёз, з усімі выцякаючымі (у прамым сэнсе) падрабязнасцямі. Але ўсё застаецца ў межах абумоўленасці дзеяннем, усё працуе на змест, і на першы план выходзіць штосьці больш важнае — неверагодная псіхалагічная дакладнасць кожнай дробязі.

/i/content/pi/cult/847/17993/2.jpgРэжысёр Аляксандр Гарцуеў, які ўзначальвае РТБД як мастацкі кіраўнік, заўсёды быў схільны да глыбокай прапрацоўкі псіхалогіі герояў. Але тут ён пераўзышоў сябе самога. Пэўна, яшчэ і таму, што ў кожным удзельніку пастаноўкі знайшоў свайго аднадумцу — і проста вельмі таленавітага чалавека, здольнага рэалізаваць любыя пастаноўчыя задачы.

Спектакль прыйдзецца даспадобы тым, хто прынцыпова не выносіць “асучасненых” версій. І адначасова яго гэтак жа ўпадабаюць прыхільнікі моцных рэжысёрскіх уплываў на пачатковы драматургічны матэрыял. Бо пастаноўшчык, з аднаго боку, не перайначвае, не перакройвае тэкст. А з іншага, “выціскае” з яго ўсё магчымае і нават немагчымае.

Востраў, на якім жывуць героі, — геаграфічная рэальнасць Паўночнай Еўропы. І адначасова гэта сімвал замкнёнага жыццёвага кола, з якога хочуць вырвацца героі. На суседнім востраве робіць здымкі Галівуд. Можа, гэта і ёсць той адзіны шанец? Білі яго скарыстоўвае, з’язджае ў Амерыку — і вяртаецца, зразумеўшы, што там ён нікому не патрэбны. П’еса заканчваецца песімістычна: Білі хворы на сухоты, кашляе крывёю, што азначае хуткую смерць. А спектакль пакідае надзею. У ім захаваны ўсе размовы пра хваробу, але знята фінальная рэмарка з крывёю. Замест гэтага герой, які хвіліну таму хацеў утапіцца, але атрымаў пацалунак любай дзяўчыны і спадзеў на спатканне, пачынае… гуляць у хакей. Насамрэч, ён хоча падчапіць выслізнулую бляшанку сваім перагорнутым кіем — і атрымліваецца, быццам гэта клюшка і шайба. На гэтай вясёлай ноце дзея і завяршаецца.

П’есы МакДонаха часам ставяць як беспрасветныя трагедыі-драмы. А гэтаму спектаклю невыпадкова дадзена жанравае азначэнне трагікамедыі: у ім сапраўды многа смешнага. Глядач не “вымучвае” з сябе падабенства ўсмешкі, а раз-пораз жвава рэагуе на рэплікі, сітуацыі, пададзеныя артыстамі так, што смех нараджаецца сам па сабе, міжволі. Акцёры іграюць не проста выдатна. Яны вымушаюць нас паверыць абсалютна ва ўсё, што робяць. І справа не толькі ў тым, што той жа Арцём Курэнь цалкам натуральна ўвасабляе чалавека з ДЦП, якому цяжка хадзіць, трымаць у руках рэчы. Праз увесь спектакль праведзена думка пра тое, што кожны чалавек — унікум. І наша ўражанне пра яго (не толькі першае, але і замацаванае гадамі) можа быць няправільным.

Спачатку ледзь не ўсе персанажы здаюцца нам маральнымі калекамі. А як іначай, калі яны нават назваць адзін аднаго нармальна не могуць, усім дадаюць да імя якую-небудзь крыўдную мянушку. У фінале ж аказваецца, што так яны хаваюць свае сапраўдныя пачуцці, быццам саромяцца іх. І ў кожнага ў душы — свая трагедыя, уваход у якую зачынены ў каго балбатнёй, а ў каго і вострым язычком разам з кухталямі. Смешныя, нязграбныя, недалюбленыя-недакаханыя, усе яны — жывыя, непадобныя ні да кога. І жыццё кожнага з іх — неацэнная каштоўнасць.

Але ж пераказаць спектакль немагчыма. Яго трэба глядзець. І не пужацца працягласці: тры гадзіны пралятаюць бы адно імгненне. Бо пры тым, што знешняга дзеяння мала, унутранае жыццё кожнага персанажа — бурліць бесперапынна. І калі пачынаеш сачыць за ім — гэта круцей за любы дэтэктыў.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"