Афармленне дагавораў

№ 42 (860) 18.10.2008 - 24.10.2008 г

Рэдакцыя “К” пры дзейснай падтрымцы юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь распачынае серыю публікацый на прававую тэматыку. Як сведчаць журналісцкія камандзіроўкі, нашы работнікі культуры не заўжды як след арыентуюцца ў юрыдычных тонкасцях (elegantia juris), звязаных, напрыклад, з увядзеннем новых відаў платных паслуг, з правамі маладых спецыялістаў, кантрактнай сістэмай працоўных узаемаадносін... Словам, публікацыі пад новай рубрыкай “Юрыдычныя тонкасці (elegantia juris)” спатрэбяцца ў штодзённым вытворчым ужытку многім супрацоўнікам клубаў, бібліятэк, музеяў... Актуальнасць першай публікацыі выклікана шматлікімі парушэнямі заканадаўства, выяўленымі ў ходзе міністэрскіх праверак.

Для абароны асобных сацыяльна-працоўных правоў наёмных работнікаў і грамадзян, што вядуць работы (аказваюць паслугі) для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў па грамадзянска-прававых дагаворах, устаноўлена пісьмовая форма адпаведных працоўных дагавораў (кантрактаў) ці грамадзянска-прававых дагавораў.

Прыкладная форма працоўнага дагавора зацверджана пастановай Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 1999 г. № 155, прыкладная форма кантракта наймальніка з работнікам зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 жніўня 1999 г. № 1180. Патрабаванні да грамадзянска-прававых дагавораў, прадметам якіх з’яўляецца выкананне для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў работ (аказанне паслуг), устаноўлены грамадзянскім заканадаўствам, а таксама Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2005 г. № 314 “Аб некаторых мерах па абароне правоў грамадзян, якія выконваюць работу па грамадзянска-прававых дагаворах”.

Такім чынам, у заканадаўстве дастаткова дакладна вызначаны патрабаванні да названых дагавораў. Разам з тым, пры правядзенні праверак арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь, выяўляецца шэраг парушэнняў у афармленні як працоўных дагавораў (кантрактаў), так і грамадзянска-прававых дагавораў з грамадзянамі.

Мэта артыкула — аналіз тыповых парушэнняў у афармленні названых дагавораў (кантрактаў) і аказанне практычнай дапамогі арганізацыям культуры.

Перш за ўсе варта адзначыць, што назва дагавора павінна правільна адлюстроўваць яго сутнасць: дагавор з наёмным работнікам называецца працоўным дагаворам альбо кантрактам, дагавор на выкананне работ (аказанне паслуг) грамадзянінам называецца дагаворам падраду (дагаворам аказання паслуг). Тэрмін “працоўнае пагадненне”, які іншым разам выкарыстоўваецца, заканадаўствам не прадугледжаны, і таму кожны разумее яго па-свойму: адны маюць на ўвазе працоўны дагавор, другія — грамадзянска-прававы. Дадзены тэрмін не павінен выкарыстоўвацца ва ўказаных дагаворах.

Сярод парушэнняў у афармленні кантрактаў варта адзначыць незахаванне патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 г. № 29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканальванні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны”. Маю на ўвазе тое, што ў кантрактах не пазначаюцца дадатковыя меры стымулявання працы, у тым ліку: прадастаўленне дадатковага заахвочвальнага водпуску з захаваннем заработнай платы да 5 каляндарных дзён; павышэнне тарыфнай стаўкі (не больш чым на 50%, калі большы памер не прадугледжаны заканадаўствам).

Характэрным парушэннем з’яўляецца непрывядзенне працоўных дагавораў (кантрактаў) у адпаведнасць са змененым працоўным заканадаўствам.

Законам Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2007 г. “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь”, які ўступіў у сілу 26 студзеня 2008 г., прадугледжаны шэраг новых норм, што тычацца права работніка на водпускі: працягласць асноўнага водпуску складае не менш 24 каляндарных дзён (раней — 21 каляндарны дзень); выключаны артыкул 156 Працоўнага кодэкса, які вызначае парадак прадастаўлення асноўнага падоўжанага водпуску; змяніўся парадак прадастаўлення дадатковых працоўных водпускаў (дадатковы працоўны водпуск за ненармаваны рабочы дзень і за працяглы стаж работы прадугледжваецца за кошт уласных сродкаў наймальніка), працягласць водпуску за ненармаваны рабочы дзень складае да сямі каляндарных дзён (раней — да 14 каляндарных дзён).

Усе пералічаныя вышэй новаўвядзенні павінны адлюстроўвацца ў працоўных дагаворах (кантрактах).

Унясенне змяненняў у працоўныя дагаворы (кантракты) афармляецца дадатковым пагадненнем, што падпісваецца наймальнікам і работнікам.

Прапаноўваецца ўзор афармлення дадатковага пагаднення:

Выяўляецца шмат фактаў невыканання патрабавання фактаў па афармленні грамадзянска-прававых дагавораў з грамадзянамі аб выкананні работ (аказанні паслуг). Пры гэтым не захоўваюцца як патрабаванні грамадзянскага заканадаўства, так і патрабаванні да зместу такіх дагавораў, устаноўленыя Указам № 314.

Часта ў дагаворы недакладна вызначаецца яго прадмет, не ўказваецца аб’ём выконваемых работ. З такога дагавору не зразумела, якую канкрэтна работу (паслугу) павінен быў выконваць (аказваць) грамадзянін, і за што з яго ў выніку трэба спагнаць і ці можна ўвогуле ад яго патрабаваць тое, што не прапісана ў дагаворы, але падразумявалася.

Маюцца выпадкі неўказання ў дагаворах тэрмінаў выканання работ (аказання паслуг), падпісання дагавораў непаўнамоцнымі асобамі.

Кіраўнік прадпрыемства (установы) з’яўляецца паўнамоцным прадстаўніком юрыдычнай асобы і дзейнічае ад яго імя (у тым ліку падпісвае дагаворы) без даверанасці.

Права іншых асоб (у тым ліку намеснікаў, кіраўнікоў філіялаў) на падпісанне дагавораў павінна пацвярджацца даверанасцю або загадам аб паўнамоцтве канкрэтнай асобы на падпісанне дагавораў грамадзянска-прававога характару.

Асноўныя праблемы з афармленнем грамадзянска-прававых дагавораў звязаны з неўказаннем у іх істотных умоў, устаноўленых Указам № 314.

У адпаведнасці з патрабаваннямі Указа № 314 дагавор у абавязковым парадку павінен утрымліваць наступныя істотныя ўмовы:

парадак разліку бакоў па грамадзянска-прававых дагаворах, уключаючы сумы, якія трэба выплаціць;

абавязацельства заказчыка — юрыдычнай асобы альбо індывідуальнага прадпрымальніка, які прадастаўляе работу грамадзянам па грамадзянска-прававых дагаворах (далей — заказчык), па ўплаце за іх ва ўстаноўленым парадку абавязковых страхавых узносаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны;

абавязацельствы бакоў па стварэнні бяспечных умоў працы, зыходзячы з абавязкаў бакоў грамадзянска-прававога дагавора, пералічаных у падпунктах 1.3 і 1.4 Указа № 314, і адказнасць за іх невыкананне;

падставы датэрміновага скасавання грамадзянска-прававога дагавора;

адказнасць за невыкананне заказчыкам абавязацельстваў па аплаце выкананай работы, аказанай паслугі ці створанага аб’екта інтэлектуальнай уласнасці ў выглядзе няўстойкі ў памеры не менш 0,15 працэнта нявыплачанай сумы за кожны дзень пратэрміноўкі.

Артыкулам 9.25 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за парушэнне патрабаванняў заключэння грамадзянска-прававых дагавораў (незахаванне пісьмовай формы грамадзянска-прававых дагавораў на выкананне работ, аказанне паслуг ці стварэнне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, што заключаюцца юрыдычнай асобай або індывідуальным прадпрымальнікам з грамадзянамі, а таксама адсутнасць у гэтых дагаворах умоў, устаноўленых заканадаўствам) устаноўлена адміністрацыйная адказнасць юрыдычнай асобы ў памеры 10 працэнтаў ад сумы дагавора.


Алена ВЕШТАРТ,
начальнік юрыдычнага аддзела
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь