Без абмежаванняў для талентаў

№ 16 (1507) 17.04.2021 - 23.04.2021 г

14 красавіка адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. Дзякуючы сродкам відэасувязі, удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

Начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Ірына Карповіч распавяла аб выніках выезду маніторынгавай групы міністэрства ў Магілёўскую вобласць, які адбыўся 8 красавіка. Былі наведаныя ўстановы культуры Асіповіцкага, Бабруйскага, Кіраўскага раёнаў і горада Магілёва.

Падчас паездкі была пракантраляваная праца мясцовых цэнтраў культуры, устаноў бібліятэчнай сістэмы, кінатэатраў. Таксама быў праведзены візуальны агляд шасцідзясяці сямі помнікаў архітэктуры, прааналізаваныя сто дваццаць шэсць пашпартоў і сто восемдзясят пяць ахоўных абавязацельстваў, складзеных на аб’екты, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

На нарадзе былі закранутыя і пытанні арганізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленне таленавітай моладзі. Начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Алена Каваленя распавяла, што за першы квартал бягучага года было зладжана трыццаць адно мерапрыемства такога кшталту, агулам у іх прынялі ўдзел больш за пяць тысяч чалавек. Міністр падкрэсліў, што асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на забеспячэнне і заахвочванне магчымасці ўдзелу ў такіх мерапрыемствах людзей з інваліднасцю.

14 красавіка адбыўся працоўны візіт міністра культуры ў Слонімскі раён. Анатолій Маркевіч наведаў аграгарадок Жыровічы і азнаёміўся з правядзеннем рэстаўрацыйных работ Свята-Успенскага сабора, працай мясцовай бібліятэкі, дзіцячай музычнай школы і клуба. Ён таксама сустрэўся з работнікамі ўстаноў культуры Слонімскага раёна. На сустрэчы былі абмеркаваны перспектывы і праблемныя пытанні развіцця культурнай сферы.