Чорна-белая эпапея Крэўскага замка

№ 16 (1507) 17.04.2021 - 23.04.2021 г

Замак-кастэль у Крэва — знакавы для Беларусі. Тут, падаецца, няма пра што спрачацца, бо гісторыя і гісторыкі ўсё даўно расклалі па паліцах. Таму не дзіва, што ў 2011 годзе “аб’ект” быў унесены ў Дзяржаўную праграму “Замкі Беларусі”, і ўжо шмат гадоў на замкавых мурах (якім больш за 600 гадоў) вядуцца працы. Звесткі аб выніках аднаўлення рэгулярна траплялі на старонкі “Культуры” (гл. №№ 25/2012, 12/2017, 50/2018, 14/2020). Літаральна апошнімі днямі на замку завяршыўся чарговы этап прац. І каб распавесці чытачам “К” аб тым, што там адбывалася і адбываецца, мы наведаліся ў Крэва разам з інжынерам па якасці ААТ “Белрэстаўрацыя” Уладзімірам Пашалюком.

/i/content/pi/cult/846/17985/14.jpgПад Ярылавай гарой

Крэва — старажытнае мястэчка. Першыя жыхары з’явіліся тут задоўга да таго, як хрысціянства прышло на нашы землі. Аб даўнішніх часах нагадвае назва дамінуючай над мясцовасцю Ярылавай гары. Ёсць касцёл, царква і рэшткі сінагогі, і для кожнай канфесіі свае могілкі. Захаваліся тыя-сія памяткі пра Першую сусветную вайну. Пралягаюць праз мястэчка і турыстычныя маршруты. Іншымі словамі, наведацца сюды і можна, і варта.

У Крэва я бываў не адзін раз. Прычым, першы візіт адбыўся яшчэ падчас майго студэнцтва, напрыканцы 1990-х гадоў. Замак у тыя часы выглядаў маляўніча, але камяні сыпаліся з ягоных муроў у “жывым часе”, пагражаючы аматарам “сэлфі з гісторыяй” сур’ёзнай небяспекай. За гэтыя гады на замку паспелі папрацаваць і валанцёры з фонду “Крэўскі замак”, і археолагі. Цяпер працуюць адмыслоўцы. Замак кансервуюць з “прыстасаваннем”. І хоць праца праводзіцца “Белрэстаўрацыяй”, за апошнія чатыры гады колішняя рэзідэнцыя вялікіх князёў тройчы трапіла ў “чорныя навіны”. Спярша з-за “бульдозернай рэстаўрацыі” (гл. “К” № 12, 2017 год). Пазней, у 2019 годзе, з-за парушэння тэхналогіі муроўкі адвалілася частка паўночна-заходняга мура. Дарэчы, часткова ўзведзены з камянёў, якія збіралі валанцёры, што называецца “усім светам”. Вядома ж, усё перарабілі. Але грымнуў чарговы гром: сапраўдным галаўным болем для ўсіх сталі раптоўна пабялелыя з-за высалаў камяні гэтага самага мура. Як паведаміў Уладзімір Пашалюк, мела месца грубае парушэнне тэхналогіі кладкі. Рэстаўратары як найхутчэй спяшаліся засвоіць выдаткаваныя грошы, “забыўшыся” на тое, што рэстаўрацыйную сумесь “Тайфун” катэгарычна забаронена выкарыстоўваць у неспрыяльных умовах (вільготнае надвор’е, тэмпература ніжэй за +5). І тады замак “заплакаў”. На сённяшні дзень, пасля “абмыва”, праблема збольшага ліквідавана. Хоць калі прайсціся ўздоўж адноўленага мура, то саляныя падцёкі там-сям яшчэ можна заўважыць. Словам, пытанне аб тым, наколькі дапушчальныя такія грубыя памылкі пры рэстаўрацыі гістарычных помнікаў нацыянальнага значэння, застаецца рытарычным.

Што муляе вока...

Першае, што кінулася ў вочы калі мы падышлі да замкавых муроў — зусім не велічныя руіны вежы. Масіўны інфармацыйны стэнд, які доўгі час стаяў каля вежы, гэтым разам сустрэў нас не ў самым лепшым выглядзе. Не вытрымалі цяжару металёвыя стойкі — метал аказаўся даволі тонкі для такой масіўнай канструкцыі. Каталізатарам жа “заняпаду” сталі моцныя вятры, якія днямі праляцелі над Крэвам. І нарабілі шкоды яны не толькі пры замку, але і ў наваколлі.

Адноўлены ў 2019 годзе паўночна-заходні мур пацешыў вока сваім амаль завершаным выглядам. Зверху мур надзейна прыкрыты чырвонай дахоўкай. Не хапае, вядома, зубцоў і баявой галерэі. Але будзем спадзявацца, што яны з’явяцца пазней. Тое, што на замку працуюць не высокага класу спецыялісты-рэстаўратары, на вялікі жаль, адразу кідаецца ў вочы. Як паведаміў Уладзімір Пашалюк, яшчэ зусім нядаўна ў рэштках княскай вежы і адноўленым муры добра былі заўважаны адтуліны ад рыштаванняў, пакінутыя дойлідамі даўно мінулага XIV стагоддзя. Сёння яны закладзены цэглай. Прычым, нейкага ўцямнага тлумачэння гэтаму факту ад працуючых на замку яму атрымаць не ўдалося. Мо гэта і не занадта прынцыповае пытанне, бо свет не перакуліўся, але задумацца ёсць пра што.

Пакуль прадстаўнікі “Белрэстаўрацыі” і навуковы кіраўнік аб’екта Уладзімір Сіняўскі вырашалі розныя тэхналагічныя пытанні, я меў час абысці замак звонку і літаральна агледзець кожны камень дзядзінца. Сёння падворак замка нагадвае пра месца баявых дзеянняў у Першую сусветную вайну. Добра бачны незажылыя варонкі ад расійскіх снарадаў, якія больш за сто гадоў таму нанеслі замку адчувальныя страты. Адразу кідаюцца ў вочы і ўзарваныя рэшткі нямецкіх дакаў, якія калісьці былі прыбудаваны да замкавых муроў. Бачны сляды сучаснай цяжкай тэхнікі. Але ж, вядома, пейзаж непазнавальна зменіцца праз колькі гадоў, калі тэмпы аднаўлення будуць ісці гэтак жа шпарка.

Брама ў будучыню

Працы над паўночна-ўсходнім мурам пачаліся ў мінулым годзе і доўжыліся каля пяці месяцаў. Брама, зробленая ў ім, пакуль без анансаваных кратаў і пад’ёмнага моста. Няма і ўзброенай варты. Але ўсё гэта ў будучыні. Затое дах над гэтым мурам завершаны. Пры мне ўкладаліся апошнія пліткі дахоўкі і пачаўся разбор будаўнічых рыштаванняў. Адчувалася, што момант той — гістарычны. Спрыяла гэтаму і неба, што нібыта з твораў Фердынанда Рушчыца. Мастак, дарэчы, зімой 1899 года пабываў у Крэва і прысвяціў замку адзін са сваіх твораў.

На сённяшні дзень частка мура над брамай не ўзнята на поўную вышыню. Гэта плануецца зрабіць пасля аднаўлення княскай вежы, пра якую таксама ёсць што сказаць. У дадзены момант яна надзейна закансервавана ад непагадзі і цярпліва чакае сваёй чаргі. Але працы вядуцца і на ёй. Ці, дакаладней, пад ёй. Бо нядаўна адбыўся невялічкі абвал, які даў магчымасць раскапаць верхнюю частку нейкага таямнічага ўваходу. Падчас кансервацыі 1930-х гадоў гэта месца было закрыта бетоннай сцяной, і толькі зараз атрымалася зазірнуць, што ж схавалі кансерватары мінуўшчыны. Будзем спадзявацца, што гэты ход хаваў не даследаваныя раней таямніцы.

Чаму плача рачулка Крэвянка?

Давялося мне пазнаёміцца і са старшынёй Крэўскага сельвыканкама спадаром Віктарам Дзятчыкам. Убачыўшы “чалавека з фотаружжом”, які кружляў вакол замка, ён, як пільны гаспадар, пацікавіўся, хто я. Разам мы агледзелі павалены ветрам стэнд. Стоячы ля яго, паразмаўлялі і аб мясцовых праблемах, якія датычацца, у тым ліку, і “помнікаў гісторыі і культуры”. Звярнуў маю ўвагу спадар Дзятчык і на лёс некалькіх будынкаў, якія месцяцца ля самага замка  — міквы (лазня за савецкім часам), і сінагогі, якая сёння з’яўляецца ўласнасцю аднаго з мясцовых прадпрыемстваў.

Мікву некаторы час таму набыла прыватная асоба. Але за прамінулыя гады, на жаль, нічога для яе “ўвядзення ва ўжытак” не зроблена. Вокны, якія глядзяць на замак, забітыя старымі дошкамі і выглядаюць як дэкарацыя для стужкі “Руіны страляюць...” Вядома ж, хацелася б, каб гаспадар для пачатку надаў будынку больш годны выгляд. Усё ж менавіта тут праходзяць тыя, хто прыязджае паглядзець на замак “у якім забілі Кейстута, бацьку князя Вітаўта і падпісалі Крэўскую ўнію”. З сінагогай — усё больш складана. Дзясяткі гадоў яна стаіць без даху. Аднаўляць яе ўласнік не збіраецца. Адно толькі — абнеслі плотам з сеткі-рабіцы і павесілі шыльду, што “Прыватная ўласнасць”.

Вельмі чакаюць мясцовыя жыхары часу, калі завершацца працы на замку. Зразумела, што не толькі з прагматычных меркаванняў, хоць і з’яўленне новых працоўных месцаў не зашкодзіла б. Спадзяюцца яны на тое, што неўзабаве ў Крэва завіруе культурнае жыццё і пачнуць праводзіцца розныя фестывалі і іншыя імпрэзы. Бо пакуль каля замка штогод праходзіць толькі фестываль керамістаў.

Вяртаючыся з Ярылавай гары, каб з “птушынага палёту” зірнуць на замак, пакуль яго надзейна не схавала зеляніна, павітаўся і разгаварыўся з жанчынай сталага веку. Вядома, яна і ўсе мясцовыя жыхары вельмі цешацца, што замак аднаўляецца. Бо столькі гадоў назіраць за яго заняпадам ім было вельмі цяжка. Даведаўшыся, што я журналіст, яна звярнула маю ўвагу на адну невялічкую праблему… Рачулка Крэвянка, якая нясе свае воды вакол замка, калі і чысціцца, дык толькі на прылеглым да замка ўчастку. А вось далей, за замкам, у бок гары, рачулка губляецца ў непралазным хмызняку. Маляўнічае ж яе рэчышча, якое літаральна змяіцца сярод старых дрэваў, завалена галлём і плаваючым бытавым смеццем. “Вось бы прарэдзіць той хмызняк, ды пачысціць раку, каб стала прыгожа”. Лішне казаць, што думка слушная. І зрабіць гэта маглі б не толькі мясцовыя жыхары, але і запрошаныя валанцёры. Не так ужо і шмат патрабуецца высілкаў, каб давесці там усё да ладу. Была б ахвота.

Уласна кажучы, пакідалі мы Крэва са змяшанымі пачуццямі. З аднаго боку, не ўсё ладна ў “Крэўскім каралеўстве”, а з іншага, аднаўленне замка ідзе, ідзе шпарка (хоць і праз “чорныя і белыя” выпрабаванні). А гэта дае надзею, што ўрэшце дойдзе рэстаўрацыйная чарга і да славутага ды магутнага Навагрудскага замка.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар