Дні агульнасці і шматстайнасці

№ 42 (860) 18.10.2008 - 24.10.2008 г

З 5 па 13 кастрычніка ў Літве прайшлі Дні культуры Беларусі. Пра іх вынікі “К” паведаміў пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Уладзімір Дражын.

 /i/content/pi/cult/180/1798/Dni agulnasci.jpg
Артысты Беларускага балета пасля аншлагавагаспектакля “Рамэа і Джульета” ў Вільнюсе.На пярэднім плане — Віктар Пласкіна і Валянцін Елізар’еў.
Літоўскі
глядач упершыню за многія гады ўбачыў майстэрства нашых артыстаў балета ў спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі БеларусьРамэа і Джульета”. Дзве пастаноўкі прывёз у Вільнюс Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага. Адбыліся таксама канцэрты з удзелам музыкантаў Белдзяржфілармоніі.
У Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра ў Дзень Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі нашы выканаўцы выступілі з канцэртам камернай музыкі.
Дні культуры адкрыліся 5 кастрычніка Святам беларускай песні, якое было арганізавана Пасольствам нашай рэспублікі сумесна з Абяднаннем беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве пры падтрымцы Дэпартамента нацыянальных меншасцей і эміграцый пры Урадзе Літоўскай Рэспублікі.
На цырымоніі ўрачыстага адкрыцця Свята песні выступілі прэзідэнт Абяднання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве Л.Мурашка і Пасол Беларусі ў Літве У.Дражын.

У канцэрце прынялі ўдзел самадзейныя калектывы беларускай дыяспары з Вільнюса, Вісагінаса, Клайпеды і Шальчынінкая. З поспехам прайшло выступленне народнага ансамбля музыкі і песні “Астрамечаўскія Лявоны”.

Свята беларускай песні сабрала прадстаўнікоў рэгіянальных беларускіх арганізацый Літвы, аматараў народнай песні і фальклору.

6 — 7 кастрычніка ўвазе літоўскіх прыхільнікаў тэатральнага мастацтва былі прадстаўлены два спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага “Перад заходам сонца” і “Легенда пра беднага д’ябла” ў пастаноўцы аднаго з лепшых нашых рэжысёраў, народнага артыста Беларусі Барыса Луцэнкі.

Са сцэны Рускага драматычнага тэатра ў Вільнюсе гледачоў вітаў міністр культуры Літвы Йонас Ючас і Пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын. Яны адзначылі, што адлегласць паміж Мінскам і Вільнюсам не можа з’яўляцца перашкодай для развіцця супрацоўніцтва ў культурнай сферы, асабліва для дзвюх нацый, што з’яднаны агульнай гісторыяй і традыцыямі.

Прывезены ў Вільнюс спектакль “Перад заходам сонца” — гэта гісторыя бязмежнай адзіноты, дзіўнага кахання 70-гадовага мужчыны і 20-гадовай дзяўчыны. Эмоцыі, перададзеныя беларускімі акцёрамі, былі настолькі моцныя, што гледачы ў зале плакалі. Фінал спектакля у Рускім драмтэатры вільнюская публіка праводзіла авацыямі стоячы. Да гледачоў выйшаў народны артыст СССР Расціслаў Янкоўскі: “Я быў тут 30 гадоў таму. І Вільнюс за гэты час вельмі змяніўся, не змяніліся толькі вы...”

З няменшым захапленнем публіка сустрэла і спектакль “Легенда пра беднага д’ябла”. Гэта п’еса аб барацьбе дабра і зла, светлага і цёмнага пачаткаў у чалавечай душы, аб супярэчлівасці чалавечых учынкаў.

Цэнтральным мерапрыемствам Дзён культуры Беларусі ў Літве стаў спектакль “Рамэа і Джульета” С.Пракоф’ева ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам вядомага пастаноўшчыка, балетмайстра, народнага артыста СССР Валянціна Елізар’ева на сцэне Нацыянальнага тэатра балета Літвы.

З рэпертуару беларускага тэатра быў выбраны шэдэўр сусветнай класікі. У гэтага балета асаблівая сцэнаграфія, над ім працавала група мастакоў, якая стварыла унікальныя дэкарацыі і касцюмы. На сцэне літоўскага Нацыянальнага тэатра оперы і балета ўжо 15 гадоў ідзе “Рамэа і Джульета” ў пастаноўцы Уладзіміра Васільева. І вось, урэшце, у літоўскіх аматараў тэатра з’явілася магчымасць параўнаць пастаноўкі. У Беларускага балета зусім іншыя прынцыпы сцэнаграфіі. Літоўскі балет імкнецца да мадэрнізму, а беларускі — да відовішчнасці і маляўнічасці. Да таго ж, спектаклі В.Елізаревагэта сінтэз класікі і авангарда. Яны неверагодна тэатральныя, сцэнічныя. Шыкоўныя касцюмы беларускіх танцоўшчыкаў, выразныя дэкарацыі, складаныя сцэнічныя эфекты настолькі ўразілі публіку, што яна не адпускала артыстаў цягам 20 хвілін, зала апладзіравала стоячы.

Тэатр, балет, музыка... Дні культуры павінны быць разнапланавымі, таму яны не маглі не ўключыць у сябе выступленні творчага калектыву Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Яе мастацкі кіраўнік, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Юрый Гільдзюк разам з Генадзем Габарай далі ў Музеі прыкладнога мастацтва Літвы сумесны канцэрт камернай музыкі разам з літоўскімі выканаўцамі — струнным квартэтам“Акадэмія” Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра. У гэтай установе прайшоў Дзень Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, у межах якога адбыўся канцэрт камернай музыкі.

Дні культуры Беларусі ў Літве сталі ўжо традыцыйнымі, але штогод беларускі бок рыхтуе сюрпрыз. Сёлета ім стаў Беларускі балет, спектаклі якога ў Вільнюсе не бачылі вось ужо 15 гадоў... Нашай краіне ёсць што паказаць: пачынаючы ад высокага акадэмічнага мастацтва і заканчваючы мастацкай самадзейнасцю. Задача творчых калектываў — прапанаваць літоўцам праграму з элементамі спадчыны агульнай гісторыі і культуры, сусветную класіку ў беларускай інтэрпрэтацыі.

Тое, як сустрэлі літоўцы Дні культуры Беларусі, сведчыць аб незгасальным інтарэсе да беларускай культуры ў розных яе праявах, аб імкненні больш даведацца пра суседні народ, яго традыцыі, мастацтва, пра зацікаўленасць у пашырэнні культурных сувязей. Часам ні палітычна, ні эканамічна немагчыма так зблізіць нацыі, як гэта адбываецца дзякуючы культурнаму супрацоўніцтву. Бо, як вядома, агульнасць і адзінства нараджаюцца там, дзе пануе шматстайнасць.