На парадку дня — тэатр

№ 15 (1506) 10.04.2021 - 16.04.2021 г

Пачынаючы з сакавіка, Міністэрства культуры Беларусі ладзіць выезды з вядучымі тэатральнымі крытыкамі і спецыялістамі на перадпаказы прэм’ерных спектакляў, што рыхтуюцца па ўсёй краіне. У гэтую сераду ў склад творчай дэлегацыі, што накіроўвалася ў Брэст адразу ў абодва тэатры, патрапіў наш карэспандэнт.

/i/content/pi/cult/845/17972/25.jpgІніцыятыва падобных “вандровак” адмыслоўцаў сыходзіла ад міністра культуры Анатолія Маркевіча. Думка наконт такіх аглядаў прагучала і ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якую ён нядаўна наведваў. Дзеля справядлівасці адзначым, што гэта пытанне агучвалася ў час кожнага правядзення Нацыянальнай тэатральнай прэміі, неаднаразова выказвалася на старонках “К”. Але, галоўнае, што ідэя была рэалізавана.

У сакавіку камісія двойчы ездзіла ў Гродна. Спачатку — у Гродзенскі абласны тэатр лялек на спектакль “Час Post”, а 26 сакавіка, напярэдадні Сусветнага дня тэатра, — у Гродзенскі абласны драматычны тэатр, каб паглядзець “Смерць Тарэлкіна”. Склад крытыкаў змяняецца, нязменнай застаецца пільная, зацікаўленая ўвага да чарговых прэм’ер і, шырэй, увогуле ўсёй дзейнасці тэатраў краіны.

/i/content/pi/cult/845/17972/26.jpgНаступным пасля Гродна аказаўся Брэст. Дэлегацыю ўзначальвала начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Беларусі Ірына Дрыга. У складзе камісіі былі загадчыца аддзела тэатральнага мастацтва Нацыянальнай акадэміі навук нашай краіны, доктар мастацтвазнаўства Вераніка Ярмалінская і загадчыца кафедры тэатральнай творчасці БДУКіМ, дацэнт, кандыдат мастацтвазнаўства Іна Алексніна.

Ад’езд ад Міністэрства культуры а 7-й гадзіне раніцы. Але абодва спектаклі: і лялечны і драматычны — прызначаны для дзіцячай аўдыторыі, хаця і розных узроставых катэгорый. Пачатак першага — у 11 гадзін, і трэба спяшацца.

Сталічных гасцей сустракалі дырэктар Брэсцкага тэатра лялек Тамара Паўлюковіч і начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк. Але ў зале чакаюць дзеці, таму больш працяглыя размовы і “экскурсія” па будынку, што некалькі гадоў таму быў не проста рэканструяваны, а добра дабудаваны, — пасля спектакля.

У Брэсце вельмі сур’ёзна ставяцца да мераў па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі. На ўваходзе ў тэатр мераюць тэмпературу, выдаюць, каму трэба, маскі. У зале ўжываецца так званае шахматнае рассаджванне гледачоў: частка крэслаў зацягнута стужкай, каб заняць іх было немагчыма. У першым шэрагу — запрошаныя юныя гледачы: па іх рэакцыі адміністрацыя і творчы склад калектыву мяркуюць, як будзе ўспрымацца новая праца тэатра, ці “выстрэльваюць”, паводле перафразіраванай заўвагі А.Чэхава, усе закладзеныя ў спектакль разыначкі.

Не сумуе і камісія: спектакль з самага пачатку прызначаўся для сямейнага прагляду, таму дарослым цікавы не менш, чым дзятве. Ды як іначай, калі гэта — сапраўдны дэтэктыў сучаснага нямецкага пісьменніка Thilo “Шэрлак-малодшы. Мядзведзь у Лондане”.

Пасля спектакля першае пытанне — да дзяцей: ці спадабалася? Адказ, вядома, станоўчы. Але пасяджэнне мастацкага савета пачынаецца з урачыстасці: Ірына Дрыга ўручае артыстам тэатра ўзнагароды. Нагрудным знакам Міністэрства культуры адзначаны прызнаны майстра Уладзімір Цевасян. Граматай міністэрства — Лілія Верста.

У час абмеркавання неаднаразова падкрэсліваецца, што “Шэрлак-малодшы”, пастаўлены маладым рэжысёрам тэатра Алісай Ярмак, знойдзе свайго гледача: дзецям было весела ды смешна. Праўда, некаторыя чальцы мастацкага савета хвалююцца: ці не заніжаны ўзроставы цэнз 4+? Як-ніяк, дэтэктыў, хаця і дзіцячы. Але мастачка-пастаноўшчыца спектакля Вольга Мельнік-Малахава прыводзіць прыклад з жыцця: яе чатырохгадовы сын і яго аднагрупнікі па дзіцячым садку ўсё лета спраўна гулялі “ў сышчыкаў”.

Пасяджэнне завершана, і Тамара Іванаўна на правах гаспадыні з гонарам паказвае свае ўладанні. Шматлікія дадатковыя памяшканні тэатра займаюць разнастайныя дзіцячыя гурткі. Ёсць нават студыя паветранай гімнастыкі. Справа, як лічыць дырэктар, не марная: такія платныя паслугі прыносяць немалыя грошы, што складаюць трэцюю частку ўсяго прыбытку тэатра. Выкарыстоўваецца нават пакой з заніжанай столяй: тут ладзяцца школьныя віктарыны, майстар-класы, квэсты. Ды ўсё ж, на маю думку, магчымасці будынка можна было б скіраваць і ў іншы бок, дадаўшы ў рэпертуар такія сучасныя пастаноўкі, якія ў нас прынята называць “эксперыментальнымі”. Дзве залы тэатра не проста суседнічаюць: камерная знаходзіцца акурат за асноўнай. І гэта цудоўная магчымасць ладзіць, да прыкладу, імерсіўныя спектаклі, дзе публіка пераходзіла б за артыстамі з адной сцэнічнай пляцоўкі на другую. Для такіх мэтаў падышло б таксама прасторнае фае, пры добрым надвор’і — унутраны дворык, акультураны дах.

/i/content/pi/cult/845/17972/27.jpgПакуль я марыла, ледзь не згубілася ў закулісным лабірынце. Можа, так і было задумана? У якасці гэткай “тэатралізаванай ўверцюры” да наступнага спектакля — “Выкраданне Джоні”. Бо для яго прагляду члены камісіі рушылі ў будынак насупраць — Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы, на ганку якога іх ужо сустракаў генеральны дырэктар Вячаслаў Гарбузаў.

Пасяджэнне мастацкага савета, што адбылося пасля прагляду, было надзіва бурлівым. Звычайна на такіх абмеркаваннях унутры калектыву пераважаюць віншаванні, прамовы гучаць максімальна лагодныя: маўляў, галоўнае — падзячыць усіх за прэм’еру, магчымыя ж недахопы будуць ліквідаваны ў далейшым сцэнічным жыцці “нованароджанага”. А тут усё было іначай: спектакль быў разабраны літаральна “па костках”. Заўвагі былі часцяком ледзь не цалкам супрацьлеглымі, і гэта — дадатковае сведчанне таго, што спектакль нікога не пакінуў абыякавым. Сярод канструктыўных прапаноў — магчымае павышэнне ўзроставай планкі і, зразумела, далейшае ўдасканаленне ўсяго спектакля, што напрацоўваецца з кожным новым яго паказам. Дарэчы, як патлумачыў рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Козак, некаторыя хібы акцёрскага ансамбля ўзніклі таму, што іграў змяшаны склад артыстаў. Не будзем забывацца і на тое, што прагляд адбываўся за некалькі дзён да прэм’еры. Зразумела, у час падрыхтоўкі многае вырашаюць менавіта апошнія рэпетыцыі, на якіх асобныя дэталі атрымліваюць канчатковую агранку і спектакль “збіраецца” ў агульнае цэлае. Ну, а на самой прэм’еры заўжды бывае куды больш імпэту, чым на прагонах у паўпустой зале, дзе сядзяць амаль адно спецыялісты.

У фінале паездкі Ірына Дрыга працягнула абмеркаванне адміністрацыйных пытанняў, а крытыкі выказвалі прапановы наконт магчымага напаўнення праграмы юбілейнага ХХV Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая Вежа”, які павінен адбыцца сёлета ў верасні.

Наступным тыднем адбудзецца візіт у РТБД, дзе прэзентуецца “Калека з вострава Інішман” паводле аднайменнай п’есы Марціна МакДонаха. А таксама паездка ў Магілёўскі абласны тэатр лялек, дзе будзе “здавацца” спектакль для самых маленькіх — 2+. Назва яго вельмі сімвалічная — “Калабок”. Што ні кажыце, а ад зацікаўленых позіркаў камісіі Міністэрства культуры не сыйдзе ніводны калектыў, уключаючы сталічныя. Вывучэнне тэатральнага жыцця краіны — працягваецца.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"