Рыхтуючыся да дзяржаўных святаў

№ 15 (1506) 10.04.2021 - 16.04.2021 г

6 красавіка адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. Дзякуючы сродкам відэасувязі, удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

Закраналіся пытанні святкавання Дня Перамогі, Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга, Дня Незалежнасці, падрыхтоўкі адпаведных святочных мерапрыемстваў на рэспубліканскім узроўні. Так, на 7 мая запланаваны ўрачысты сход і канцэрт у сталічным Палацы Рэспублікі. 9 Мая, у Дзень Перамогі, у Мінску мусяць адбыцца ўскладанне кветак на плошчы Перамогі і цырымонія ўшанавання Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба на аднайменнай плошчы, а таксама гала-канцэрт “Подзвіг народа бяссмертны”.

22 чэрвеня, у васьмідзясятую гадавіну з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, мае прайсці мітынг-рэквіем у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”. А 2 ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці, у Мінску адбудуцца ўрачысты сход і канцэрт “Наша сіла ў адзінстве” ў Палацы Рэспублікі, а таксама гала-канцэрт “Беларусь адзіная” на пляцоўцы побач з абеліскам “Мінск — Горад-герой”.