Актыўная фаза падрыхтоўкі да “вялікага перасялення”

№ 42 (860) 18.10.2008 - 24.10.2008 г

Тое, што ў самы бліжэйшы час Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны распачне вялікі пераезд, ні для кога не сакрэт. Дырэктар славутай установы Сяргей Азаронак адзначае з усмешкай: “Новы год, пэўна, мы яшчэ сустрэнем у старым будынку, а ўжо 8 Сакавіка дакладна будзем святкаваць у іншым месцы”. Сёння музей знаходзіцца ў “актыўнай фазе падрыхтоўкі” да “вялікага перасялення”, праводзячы кантрольную інвентарызацыю і рыхтуючы тару для экспанатаў. Якім чынам будзе ажыццяўляцца пераезд фондаў вялізнай установы, што чакае ў будучым музей-юбіляр, якому ў наступным годзе — 65 гадоў? Пра рэаліі і перспектывы распавёў карэспандэнту “К” дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Сяргей АЗАРОНАК.

 Не падасца бесклапотным шпацырам

— Чутак і пытанняў, датычных пераезду музея, дастаткова, — распачаў Сяргей Іванавіч. — Да нас звярталіся і ветэраны ВАВ са скаргамі на гэты конт, было шмат запытаў аб мэтазгоднасці пераезду, і я хачу ўсіх запэўніць: пераезд сапраўды неабходны. Будынак, у якім сёння месціцца музей, знаходзіцца ў аварыйным стане: сям-там пагнуліся бэлькі, правалілася падлога. Мы даўно ўжо вялі гаворку аб капітальным рамонце і акурат пасля юбілею планавалі распачаць справу.

 /i/content/pi/cult/180/1797/MuzejVOV1.jpg
Каб прывесці будынак у належны стан, патрэбна сума ў 20 — 30 мільярдаў рублёў. Супрацоўнікі музея лічаць, што больш проста і мэтазгодна выдаткаваць гэтыя грошы на будаўніцтва новага музея, абсталяванага па апошнім слове тэхнікі, з яркім архітэктурным рашэннем, чым перарабляць старую пабудову, якая дажывае свой век.

— Сёння шмат гаворыцца і пра тое, што музей на плошчы заменіць гатэль, — працягвае дырэктар установы. — Так, і што ў гэтым такога? Замежныя інвестары ўкладваюць грошы ў нашу сталіцу, яны будуюць гатэль за свае сродкі, падаткаплацельшчыкі тут ні пры чым. З’явіцца вялікая колькасць высокааплатных рабочых месцаў, турыстам будзе дзе спыніцца пад час адпачынку,— як спажывец не бачу ў гэтым нічога дрэннага. Музей атрымае новы будынак, які, магчыма, пры ранейшых тэмпах чакалі б дзесяць гадоў. Безумоўна, працэс пераезду для нас будзе справай нялёгкай, але знайдзіце мне чалавека, каму б пераезд падаўся бесклапотным шпацырам?

Мусіць, тут самы час звярнуцца да гісторыі: музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрыўся ў 1944 годзе ў будынку на плошчы Свабоды. Пасля — пераезд у будынак на вуліцы Карла Маркса, дзе сёння знаходзіцца Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, далей — у 1966-ым — пераезд сюды, у будынак, спраектаваны Бенедыктавым і Заборскім… Як адзначае Сяргей Азаронак, чарговы пераезд — новы крок, які сведчыць аб развіцці. “Аніякіх істэрык, аніякага надрыву. Тое, што мы атрымаем новы сучасны дом, а горад — гатэль, толькі ўсім на карысць”.

Усё абдумвалася і абмяркоўвалася

— Архітэктарам праекта новага музея з’яўляецца Віктар Крамарэнка — дойлід такіх вядомых гмахаў, як Чыгуначны вакзал, Нацыянальная бібліятэка Беларусі.Што да ягонай новай работы, дык магу сказаць наступнае: праект музея нараджаецца ў плённым супрацоўніцтве з работнікамі нашай установы, — адзначае дырэктар музея. — Два разы на месяц праводзяцца сумесныя пасяджэнні навукова-метадычнай рады ўстановы і творчай групы майстэрні Крамарэнкі. Усе заўвагі, прапановы, што былі ўнесены намі, — а яны склаліся ў пятнаццаць блокаў,— былі ўлічаны архітэктарамі. На маю думку, гэта каласальная перавага перад многімі падобнымі ўстановамі: атрымліваецца, што архітэктурнае вырашэнне падпарадкавана ідэалогіі музея, яго генеральнай канцэпцыі. Такое, напэўна, у Беларусі робіцца ўпершыню. Улічваецца ўсё: тэмпературны рэжым, вільготнасць, святло, размяшчэнне прадметаў экспазіцыі ледзь не да сантыметраў.

Усё злучыцца і ўвасобіцца ў цудоўным будынку, які сімвалічна размесціцца ля парку Перамогі за стэлай “Мінск — горад-герой” на праспекце Пераможцаў.
 /i/content/pi/cult/180/1797/MuzejVOV2.jpg

Адзначым, што спецыялісты музея рыхтаваліся да змен: усім было зразумела, як яны неабходны. Працуючы над новай канцэпцыяй, група работнікаў музея пабывала ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Берліне: вывучалі секцыі новых музеяў, архітэктурныя варыянты вырашэння ўстаноў… Усё абдумвалася і абмяркоўвалася, каб, нарэшце, атрымаць магчымасць увасобіцца ў найлепшым выглядзе.

Класіка плюс сучаснасць

На наступным тыдні новая канцэпцыя музея будзе вынесена на Раду дырэктараў музеяў. А калі яна будзе прынята калегамі— выйдзе на абмеркаванне ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Як сцісла можна абмаляваць яе сутнасць?

“З аднаго боку, не адмаўляемся ад класічнага падыходу да музейнай справы: многія дырэктары замежных устаноў, у прыватнасці, кіраўнікі Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Нацыянальнага Казанскага музея, Ліонскага музея з Францыі, пабываўшы ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, давалі высокую ацэнку выкарыстанню традыцыйных метадаў пабудовы экспазіцыі. “Не згубіце”, — казалі нам французы, і мы, сапраўды, не будзем адмаўляцца ад “класікі”. Але, нароўні з ёю, паспрабуем і сучасныя падыходы да музейнай справы.

Калі робім установу ХХІ стагоддзя — неабходна прымяняць новыя тэхналогіі”, — падкрэслівае Сяргей Азаронак.

Па-першае, мяркуецца ўвядзенне мноства інтэрактыўных зон. У канцэпцыі прадугледжаны аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі і дыярамы, 3D-тэхналогіі, выкарыстанне тэхналогіі “туманнага” экрана, якая шырока распаўсюджана ў Еўропе. Трагічныя і жорсткія фрагменты экспазіцыі (“Лагер смерці Трасцянец”, “Мінскі “кацёл”) будзе магчыма падаваць праз якасную аб’ёмную рэканструкцыю. Дзякуючы ажыўленню паўсядзённасці ваенных часоў, наведвальнік зможа нібыта прасякнуцца тым часам, калі адбываліся падзеі.

Напрыклад, у штабной зямлянцы, апрануўшы навушнікі партызанскай радыёстанцыі, можна будзе пачуць сігналы азбукі Морзэ і паспрабаваць расшыфраваць пэўнае паведамленне. Частка залаў будзе абсталявана аўдыёсістэмамі ў выглядзе тэлефонных трубак, праз якія наведвальнікі пачуюць паведамленні ТАСС, зводкі “Совинформбюро”, запісы ўспамінаў франтавікоў і партызанаў, песні даваенных і ваенных гадоў…

“18 інфармацыйных тэрміналаў, 26 плазменных экранаў, інтэрактыўная падлога — мы імкнёмся зрабіць музей, што будзе не толькі захоўваць экспанаты, але і заахвочваць людзей да актыўнага спасціжэння гісторыі, — зазначае Сяргей Азаронак. — Мы прадугледжваем ўсе элементы навізны музейнай справы. І спадзяёмся, што, наведаўшы такі музей адзін раз, вы захочаце вярнуцца сюды яшчэ і яшчэ”.

Што да змястоўнага напаўнення новай установы — супрацоўнікі таксама прытрымліваюцца класікі. Галоўным і вызначальным, па-ранейшаму, будзе подзвіг беларускага народа і яго неацэнны ўклад у Вялікую Перамогу. “Але мы паспрабуем пазбегнуць лакіроўкі падзей, каб паказаць вайну не толькі як трыумфальныя пераможныя маршы, а перш за ўсё — як трагедыю мільёнаў людзей. Хочам заахвоціць наведвальніка задумацца пра свае карані, лёс продкаў у кантэксце гістарычнага лёсу краіны, пра тое, што ўносіць кожны чалавек у гісторыю цывілізацыі. Таму ў новай экспазіцыі больш шырока будзе прадстаўлена жыццё грамадзянскага насельніцтва ва ўмовах вайны”, — падкрэсліў дырэктар музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Два пераезды за два гады

Сёння, вядома, перад музеем стаіць складаная задача — адолець два пераезды. Спачатку рушыцьу Палац мастацтва, дзе будуць арандаваны 800 квадратных метраў плошчы і размесціцца часовая экспазіцыя музея — самае асноўнае з яе залаў. Потым, калі новы будынак будзе ўзведзены, — пераезд туды і стварэнне унікальнай экспазіцыі літаральна за год на плошчы ў 4 тысячы квадратных метраў. 1 мая 2010 года новы будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны мусіць адкрыць свае дзверы для наведвальнікаў. Вось такія стратэгічныя планы, якія, нягледзячы на надзвычайную цяжкасць іх увасаблення, можна верыць, будуць ажыццёўлены. Бо імпэт і вопыт работнікаў музея не дадуць справе спыніцца.

“Якія, пытаецеся, на сёння задачы? — кажа Сяргей Азаронак. — Так, плануем размясціць фонды ў надзейных месцах, у музеях, штосьці з экспанатаў здадзім на захоўванне ў банкаўскія сістэмы, паспрабуем у сховішчы размясціць і зброю. Галоўнае, каб ваенныя ведамствы пагадзіліся. Асноўнае пытанне на ўсіх этапах пераезду — пытанне бяспекі: дакладны ўлік калекцый, абавязковае апячатванне ў прысутнасці Дэпартамента аховы міліцыі... Тое, што будзе цяжка, ніхто не аспрэчвае, але нават і не думайце, што дзесьці зможа згубіцца які-небудзь экспанат”.


З планамі музея знаёмілася Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ