...У цэнтральнай частцы Віцебска ёсць дзве вуліцы, якія спалучылі ў сабе гісторыю дзвюх эпох — героіку ваенных гадоў і прарыў стваральнай сучаснасці другой паловы ХХ стагоддзя. Вуліцы, што носяць імёны двух Герояў Савецкага Саюза. Першая з іх — земляка віцябчан, лётчыка-знішчальніка Аляксандра Гараўца — нібы плаўна перацякае ў наступную: лётчыка-касманаўта Юрыя Гагарына. Сімволіка пераемнасці пакаленняў у праекцыі Подзвігу.
Але гісторыя гэта мела не толькі сімвалічны кантэкст, а зусім рэальны, нават заканамерны, калі заглыбіцца ў яе і нібы “прачытаць” па законах фактаў.
А яны такія. У нашым сямейным архіве захоўваецца ўнікальны фотаальбом. Гэта спадчына майго дзядулі Канстанціна Іванавіча Гараўца. У 1962 годзе да яго ў Віцебск, дзе ён жыў па вуліцы Даватара ў так званым Доме спецыялістаў, прыехалі з Гжацка бацькі першага касманаўта планеты Юрыя Гагарына — Ганна Цімафееўна і Аляксей Іванавіч. Сустрэча гэтая, зразумела, рыхтавалася на высокім уроўні з абодвух бакоў.
Той незабыўны візіт быў зусім не дзяжурным і не выпадковым. Справа ў тым, што бацькоў герояў звязвала шматгадовае сяброўства праз лёсы іх сыноў. Але вось як перакрыжаваліся тыя лёсы. У 1954-м, калі Юрый Гагарын упершыню пераступіў парог Саратаўскага аэраклуба ДАСААФ СССР, пад Белгарадам на хутары Зорынскія Двары ў тым жа годзе былі знойдзены рэшткі самалёта-знішчальніка ЛА-5, у якім знаходзіліся астанкі лётчыка-аса Аляксандра Гараўца, яго дакументы і зброя. Менавіта тады Юрый Гагарын даведаўся пра легендарны подзвіг на Курскай дуге, здзейснены ў ліпені 1943-га, калі ў адным паветраным баі супраць дваццаці “юнкерсаў” лётчык-беларус знішчыў дзевяць самалётаў праціўніка, і яму тады адразу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна. Зразумела, курсанты ўсіх ваенных авіяцыйных вучылішчаў лётчыкаў па падручніках вывучалі такія непераўзыдзеныя подзвігі. Вядома, і для Юрыя Гагарына, які ў далейшым спасцігаў неба ў Чкалаўскім авіяцыйным, Гаравец стаў кумірам. Але гісторыя мела зноў жа заканамерны прыцяг.
Калі нам з Барысам Крэпакам давялося пісаць дакументальную аповесць “В поединках на высоте” пра зараджэнне авіяцыі на Беларусі і лётчыкаў Вялікай Айчыннай вайны, дзе галоўным героям быў Аляксандр Гаравец, мы сустракаліся ў 1980-я з яго аднапалчанамі, некаторыя з іх мелі дачыненне да атраду касманаўтаў у Зорным гарадку.
Так нарадзілася прадмова да кнігі, якую напісаў па просьбе Івана Міско двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр Клімук, папярэдне прычытаўшы наш рукапіс. Там ёсць такія радкі: “Гаворачы аб традыцыях айчыннай авіяцыі, аб пераемнасці пакаленняў, не магу не адзначыць, што лёс А.К.Гараўца натуральна ўвайшоў і ў жыццё нашай касмічнай сям’і. Так, у блізкага сябра Аляксандра Канстанцінавіча па Ульянаўскай лётнай школе вядомага лётчыка-інструктара А.Д. Вінакурава вучыліся лётнаму майстэрству Павел Бяляеў, Уладзіслаў Волкаў і Віталій Севасцьянаў. Двойчы Герой Савецкага Саюза Георгій Берагавой атрымаў сваю першую “Залатую Зорку”, ваюючы з фашыстамі ў той жа 2-й Паветранай арміі, што і А.К. Гаравец”...
...Такім чынам у час сустрэчы ў Віцебску ў майго дзядулі з’явіўся гэты эксклюзіўны аб’ёмны альбом з фотаздымкамі першага касманаўта Зямлі і дарчым надпісам.
Людміла КРУШЫНСКАЯ