Сакрэты рэчаў з мінулага Песняра

№ 15 (1506) 10.04.2021 - 16.04.2021 г

У адным з нядаўніх нумароў (гл. № 9 (1500) ад 27 лютага) мы ўжо згадвалі аб цікавым праекце, які рэалізуецца сёлета ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Тут ладзіцца серыя экскурсій, якія дазваляюць наведвальнікам пазнаёміцца з найбольш адметнымі і ўнікальнымі артэфактамі, што захоўваюцца ў фондах музея, і якія амаль немагчыма пабачыць у складзе пастаяннай ці часовых экспазіцый. Мінулым разам мы мелі шчасце пазнаёміцца з рукапісамі Янкі Купалы, прыжыццёвымі выданнямі яго твораў і асабістымі рэчамі паэта — цяпер зноў наведаем самыя таемныя пакоі музея, каб агледзець рэчы з іншых калекцый.

/i/content/pi/cult/845/17967/18.jpgМагчымасць сапраўды выдатная і рэдкая, бо трапіць у фондасховішча шанцуе далёка не кожнаму і не штодзень — туды маюць доступ нават не ўсе супрацоўнікі музея. А там жа захоўваецца акурат пераважная частка музейных прадметаў, колькасць якіх у Купалавым доме амаль дасягнула сарака трох тысяч. Толькі нязначную частку з гэтага ліку можна пабачыць у залах музея і на выставах — не ўсе дакументы і артэфакты могуць знаходзіцца доўгі час даступнымі для агляду, бо для гэтага неабходнае пастаяннае падтрыманне пэўных умоў — тэмпературнага, вільготнаснага, светлавога рэжымаў захавання, і іншае.

Як будаваўся новы прыстанак

Падчас чарговай экскурсіі праекта “Таямніцы Купалавага дому” нешматлікія шчасліўцы здолелі пабачыць некаторыя музейныя прадметы, што захоўваюцца ў складзе калекцый “Ушанаванне памяці Янкі Купалы”, “Прадметы гісторыка-бытавыя” і “Фотаздымкі розных асоб і Купалаўскіх мясцін”. Галоўны захавальнік фондаў Надзея Саевіч нагадала аб пачатку станаўлення музея, пастанова аб стварэнні якога з’явілася яшчэ падчас Вялікай Айчыннай вайны, нават да вызвалення Беларусі — 25 мая 1944 года. А ўжо ў наступным годзе, 20 верасня 1945 года, музей прыняў сваіх першых наведвальнікаў у Мінску — у той час ён размяшчаўся ў будынку Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды.

Але ўжо ў сакавіку 1946 года было прынятае рашэнне аб правядзенні архітэктурнага конкурсу на праект адмысловага будынка для Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Удзел у творчым спаборніцтве бралі такія славутыя беларускія савецкія архітэктары, як Іван Валадзько, Аляксандр Воінаў, Ігар Елісееў і іншыя. Вынікі конкурсу былі падведзеныя праз год, найлепшым быў прызнаны праект Івана Валадзько, які яшчэ перад вайной паспеў спраектаваць у Мінску ў 1932 — 1933 гадах будынак гідраметэаралагічнай абсерваторыі і 112-кватэрны чатырохпавярховы жылы дом па Маскоўскай вуліцы. Пераможцу конкурсу выплацілі нават ганарар у памеры пяць тысяч рублёў, але тады будаўніцтва, з так і не высветленых прычын, не было распачатае. Сучасны будынак музея быў узведзены толькі ў 1959 годзе, паводле сумеснага праекта Івана Валадзько і Віктара Волчака.

/i/content/pi/cult/845/17967/19.jpgДбаючы пра памяць мужа

Адна з найвялікшых музейных калекцый, якая працягвае інтэнсіўна папаўняцца, аб’ядноўвае прадметы, звязаныя з ушанаваннем памяці Янкі Купалы. Пачатак ёй паклалі акурат дакументы, звязаныя з гісторыяй стварэння самога музея. Першым дырэктарам установы была ўдава Янкі Купалы, Уладзіслава Францаўна Луцэвіч — ейную актыўную дзейнасць па ўвекавечанні памяці мужа можна прасачыць паводле “Актаў і ўмоў да гісторыі экспанатаў” — у гэтым невялікім сшытку фіксаваліся асаблівасці музейных прадметаў, якія збіраліся і паступалі ў фонды музея з 1942 па 1959 год.

Уладзіслава Францаўна прызнавалася ў прыватным ліставанні ў 1944 годзе: “Мне цяжка гаварыць пра Купалу, цяжка капацца ў сваіх ранах”. Тым не менш, удава паэта ўсведамляла сваю найвялікшую адказнасць за справу захавання і зберажэння спадчыны класіка беларускай літаратуры. Менавіта яна паклала пачатак зборам музея, калі ў 1942 годзе накіравала на захоўванне ў партыйны архіў Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, які тады знаходзіўся ў эвакуацыі ў Уфе, калекцыю побытавых рэчаў Янкі Купалы.

У музеі і цяпер захоўваецца складзены тады вопіс каштоўнасцяў і асабістых рэчаў паэта, які дае ўяўленне аб вандроўным і гасцінічным побыце класіка ў апошні год яго жыцця. Тут пералічаныя такія звыклыя рэчы, як зубныя шчоткі, нажніцы, гальштук, нататнік, пачак гарбаты, флакон з духамі, пачак тытуню — усяго ў гэтым спісе восемдзясят два прадметы, якія пазней ляглі ў аснову музейнай калекцыі “Асабістыя рэчы Янкі Купалы”.

/i/content/pi/cult/845/17967/20.jpgВобразы, рукапісы, ліставанне

На гэтым Уладзіслава Францаўна не спынілася — яна адразу ж падбала пра тое, каб замовіць у найлепшых мастакоў і скульптараў творы, звязаныя з асобай і творчасцю Янкі Купалы. У фондах музея захоўваецца дамова са скульптарам Аляксеем Глебавым на стварэнне скульптурнага партрэта паэта, макет якой сёння можна пабачыць у музейнай зале часовых экспазіцый. Таксама тут можна пабачыць дамову з мастаком Пятром Сергіевічам на выкананне жывапіснай работы паводле верша “А хто там ідзе”. Разам з тым Уладзіслава Францаўна вяла актыўную працу па вяртанні на радзіму рукапіснай спадчыны Янкі Купалы — так, захаваўся акт перадачы з Днепрапятроўску рукапісу п’есы “Прымакі”.

Цікавай крыніцай да гісторыі стварэння і першых гадоў дзейнасці музея з’яўляецца таксама ліставанне Уладзіславы Францаўны з паэткай Канстанцыяй Буйло. Сябравалі яны з самага дзяцінства — маці Уладзіславы Луцэвіч, Эмілія Манэ, францужанка, сваячка славутага мастака Клода Манэ, была пэўны час хатняй настаўніцай Канстанцыі Буйло. Уладзіслава Францаўна яшчэ заспела пераезд музея ў новаўзведзены будынак 9 лістапада 1959 года, але, на жаль, пабачыць яго ўрачыстае адкрыццё налета ёй ужо не было суджана — яна памерла ў Мінску 25 лютага 1960 года. Музей урачыста адкрывалі, ушаноўваючы памяць не толькі самога паэта, але і ягонай вернай спадарожніцы жыцця.

Адлюстраванні эпохі

Адказы на пэўныя таямніцы з жыцця класіка могуць хаваць у сабе і фотаздымкі, якія ўтвараюць асобную музейную калекцыю. Як вядома, сучасны будынак музея Янкі Купалы невыпадкова пабудаваны амаль на тым самым месцы, дзе стаяў дом паэта, які згарэў падчас нямецкай бамбардзіроўкі Мінска ў чэрвені 1941 года. Гэты аднапавярховы драўляны будынак у міжваенныя гады быў вядомы ўсяму Мінску, яго называлі нават “салонам Купалы”, тут заўжды былі рады гасцям, сюды часта завітвалі маладзейшыя беларускія літаратары.

На жаль, захаваўся толькі адзін фотаздымак, які дае ўяўленне аб выглядзе тагачаснай сядзібы Янкі Купалы знадворку, а таксама яшчэ адно фота, на якім выяўлены сябар паэта, мастак Канстанцін Елісееў, сфатаграфаваны на верандзе дома. Зрэшты, Янка Купала і сам часта гасцяваў у маскоўскай кватэры сябра на Малой Грузінскай вуліцы, альбо, як ён сам жартам называў гэтае месца — “на Елісейскіх палях”.

Яшчэ адзін здымак пралівае святло на абставіны апошняй, пасмяротнай вандроўкі Янкі Купалы. Пасля трагічнай гібелі паэта ў Маскве 28 чэрвеня 1942 года яго цела было крэміраванае, і прах на працягу дваццаці гадоў знаходзіўся на Ваганькаўскіх могілках — сёння пастамент з белага мармуру, дзе ён захоўваўся, можна пабачыць у экспазіцыі музея.

У 1962 годзе, з нагоды васьмідзясяцігоддзя Янкі Купалы, яго прах быў перавезены ў Мінск і перапахаваны на сталічных Вайсковых могілках. Аднак гэтаму папярэднічала выкананне пэўнага традыцыйнага рытуалу — як вядома, перад пахаваннем нябожчык мусіць пераначаваць у сваім доме. Так прах Янкі Купалы правёў адну ноч у ягоным музеі, што і было зафіксавана на фота, дзе побач з урнай можна пабачыць сваякоў паэта — яго сястру і пляменніка.

Жывыя словы сведкаў

Цікавую і надзвычай каштоўную частку фондаў складаюць успаміны родных і блізкіх Янкі Купалы, ягоных сяброў і калег. Гэта рукапісы альбо машынапісы, многія з якіх у свой час увайшлі ў склад кніг успамінаў пра паэта, якія выходзілі пад назвамі “Такі ён быў” і “Успаміны аб Янку Купалу”. У працэсе іх падрыхтоўкі ствараліся таксама падборкі ўсіх літаратурных твораў, прысвечаных паэту. Гэтыя рукапісы, перадусім, каштоўныя тым, што ў іх захаваліся поўныя тэксты ўспамінаў, не кранутыя рэдактурай.

Тут захоўваецца таксама рукапісная манаграфія вядомага расійскага літаратуразнаўцы і крытыка Льва Клейнбарта, прысвечаная творчасці Янкі Купалы, якая мае назву “Сустрэчы”. Гэта не толькі крытычная праца, але і жыццяпіс паэта, заснаваны на аўтабіяграфічных расповедах самога Песняра, атрыманых аўтарам падчас ліставання з ім. Манаграфія, на жаль, дагэтуль застаецца неапублікаванай — адметна, што Леў Клейнбарт, перадаючы рукапіс манаграфіі ў музей, выказаў пажаданне, каб перш яна была выдадзеная ў Беларусі, і толькі потым у Расіі.

Купалава слова на сцэне і ў песнях

У фондах музея захоўваецца таксама архіў адной з першай выканальніц ролі Паўлінкі — Паўліны Мядзёлкі. Тут можна пабачыць яе здымак з дарчым надпісам, падораны паэту ў 1913 годзе, калі яна грала ў тым самым спектаклі. Паўліна Мядзёлка не была прафесійнай актрысай, але яе прачытанне ролі зрабілася сапраўдным узорам для наступных выканальніц. У яе архіве захаваўся таксама тэкст ролі Паўлінкі з уласнаручнымі нататкамі і пазнакамі, і рукапіс кнігі ўспамінаў, якія пабачылі свет пад назвай “Сцежкамі жыцця” (зусім нядаўна з’явілася іх пашыранае перавыданне). Захоўваюцца ў музеі таксама асабістыя рэчы мемуарысткі — скрынка для цыгарэт, муштук і партсігар, а таксама заціск для паперы ў выглядзе жаночай рукі і кішэнны гадзіннік фірмы Паўла Бурэ.

Мноства вершаў Янкі Купалы ў розныя часы былі пакладзеныя на музыку. Сярод шматлікіх нотных лістоў з песнямі на тэксты класіка вылучаюцца творы, бадай, галоўнага папулярызатара спадчыны паэта — легендарнага Уладзіміра Мулявіна, які падрыхтаваў на словы паэта тры канцэртныя праграмы, а таксама рок-оперу “Адвечная песня”. Адметна, што калі святкаваўся адзін юбілеяў Уладзіміра Мулявіна, ён палічыў за вялікі гонар зладзіць урачыстасць з гэтай нагоды ў сценах музея, і пакінуў на памяць аб гэтым невялікі запіс, унікальнасць якога палягае ў тым, што, паводле сведчання ўдавы Песняра, гэта адзіны вядомы выпадак, калі ён пакінуў тэкст па-беларуску. Аўтарам музыкі да праграмы “Я нясу вам дар” быў кампазітар Алег Молчан, ён таксама перадаў яе клавір у музей, як і аўтарскія правы на выкарыстанне песні “Малітва”, каб гэты твор мог бесперашкодна выкарыстоўвацца падчас музейных мерапрыемстваў.

Знаёмства з таямніцамі Купалаўскіх фондасховішчаў на гэтым не спыняецца — у планах супрацоўнікаў музея новыя экскурсіі, якія пазнаёмяць ахвочых з чарговымі калекцыямі, якіх у музеі агулам налічваецца два дзясяткі. Сачыце за абвесткамі — мо іншым разам і вам пашанцуе на ўласныя вочы пабачыць Купалаўскія таямніцы.