Без пафасу пра нетыповага мастака

№ 15 (1506) 10.04.2021 - 16.04.2021 г

Летась Беларусь на дзяржаўным узроўні святкавала 100-годдзе мастацкага аб’яднання УНОВИС. Паверыць у такое яшчэ з дзясятак гадоў таму было проста немагчыма — настолькі трывала тая віцебская гісторыя ў нашай краіне была забытая, цікавіліся ёй толькі вузкія спецыялісты. У 2018-м у гістарычным будынку быў адкрыты новы крэатыўны Музей гісторыі Віцебскага мастацкага вучылішча, а калектыў музея неўзабаве атрымаў за яго пачэсную прэмію. Усё гэта не магло б адбыцца без мастака Андрэя ДУХОЎНІКАВА — дырэктара Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва, які прыдумваў, арганізоўваў, прабіваў, заахвочваў, знаходзіў грошы і партнёраў… На гэтай пасадзе ён працуе 10 гадоў, але ў творчым асяроддзі Віцебска быў вядомы і раней — выкладаў у мастацкай гімназіі, радаваў уласнымі выставамі, арганізоўваў цікавыя агульныя праекты, ізноў жа — прыдумваў, заахвочваў, дасягаў выніку. Апошнімі гадамі прозвішча Андрэя Духоўнікава гучыць пастаянна. Але ж пра самога чалавека, пра самога мастака і не так многа вядома. Рэдкі выпадак, калі размова з Андрэем Духоўнікавым будзе не толькі пра УНОВИС, Шагала і Малевіча.

/i/content/pi/cult/845/17966/15.jpg— Зараз здаецца, што ваша імя неаддзельна звязанае з Віцебскам, але ж так было не заўсёды.

— Я вырас у невялічкім пасёлку геолагаў у Паўднёвым Казахстане. У Казахстане і бацька мой нарадзіўся — у сяле, дзе жылі ссыльныя немцы, палякі і карэйцы. Гледзячы на мяне, цяжка паверыць, але дзед у мяне — чыстакроўны карэец з прозвішчам Духоўнікаў, сасланы ў Казахстан з Далёкага Усходу. Увогуле, мая сямейная гісторыя цікавая і заблытаная. Дзедава прозвішча паходзіць ад свяшчэннікаў, у чыёй сям’і ён жыў: магчыма, гэта былі стараабрадцы, якіх ссылалі на Далёкі Усход. А вось маці мая — з варонежскіх, якая па волі лёсу таксама апынулася ў Казахстане.

Я да 16 гадоў рос практычна у перадгор’і Цянь-Шаня — прыгажосць неймаверная. Адна вёска — уйгуры, другая — чачэнцы, трэцяя — немцы, і гэтак далей. Беларусь у маім жыцці ўзнікла разам з айчымам, які сам быў з Беларусі: мама засталася ўдавой з двума дзецьмі, калі ёй было толькі 23 гады. З айчымам мы пераехалі ў вёску пад Бабруйскам.

— І праз пэўны час вы паступілі ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт на мастацка-графічны факультэт, так званы “худграф”?

— Пра існаванне “худграфа” я тады і не ведаў, як і пра тое, што “мастак” — гэта можа быць прафесіяй. Я хоць і маляваў заўсёды, але ў галаве маёй быў кніжны, а не рэальны свет — я вельмі многа чытаў. З вёскі мяне цягнула ў горад, так што пры першай жа магчымасці я збег у Магілёў у бібліятэчны тэхнікум, а адтуль у 18 гадоў пайшоў у армію. А служыў я ва Уладзіміры, і проста не мог не захапіцца яго архітэктурай, гісторыяй, даўніной. У вольны час хадзіў па цэрквах, пазнаёміўся з хлопцамі, што там рэстаўравалі фрэскі Андрэя Рублёва, — паглядзеўшы ўжо на той момант фільм Таркоўскага “Андрэй Рублёў”. І на мяне ўсё гэта зрабіла такое ўражанне, што я вырашыў: “Буду мастаком”. Ва Уладзіміры якраз быў “худграф”, і я пайшоў падаваць туды дакументы. Але калі там даведаліся, што я з Беларусі, то пачалі смяяцца — чаму я не еду ў Віцебск, бо там жа лепшы “худграф” у Савецкім Саюзе! Маўляў, паглядзі — усе нашы падручнікі напісаны віцебскімі прафесарамі! Вось так у 88-м годзе я нарэшце трапіў у гэты горад.

Перамогі і расчараванні

— Лёс выбраў для вас Віцебск — ці адчуваеце, што недарма так здарылася?

— Нават не ведаю. Некалькі разоў я ўжо ледзь не з’ехаў. Напрыклад, у адзін час мне зусім не было дзе жыць, і прапіскі я не меў. Хацеў у Латвію пераехаць, ці ў Маскву. Але тады я працаваў у школе, мне вельмі падабалася, а энергіі меў столькі, што не ведаў, куды яе падзець, і заняўся “Што? Дзе? Калі?” Стаяў, можна сказаць, ля вытокаў беларускай сістэмы клубаў “ШДК”: і сам іграў, і дзяцей актыўна трэніраваў, наша каманда “Гранд-правінцыя” неаднойчы станавілася чэмпіёнам. Так і застаўся ў Віцебску. Другі раз я ўсё ж пераехаў, у Маскву — у 2006 годзе. Якраз пасля таго, як са сваімі вучнямі з мастацкай гімназіі № 4 перамог у вялікім міжнародным конкурсе, што праводзіў Siemens, і меў на гэты конт многа ідэй, але нікому ў Беларусі яны аказаліся нецікавыя.

/i/content/pi/cult/845/17966/16.jpg— Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра гісторыю з конкурсам — і падзея была гучная, і праект быў вельмі цікавы — з карцінамі Марка Шагала.

— Пад час фінансавага крызісу канца 90-х я засвоіў камп’ютар, графічную анімацыю, дызайн — тады гэта было яшчэ рэдкай з’явай, для многіх дзіўнай: якраз на той час у мяне з’явілася сям’я, трэба было варушыцца. І ўсе свае камп’ютарныя веды панёс у мастацкую гімназію № 4, дзе працаваў: пісаў спецыяльныя метадычныя праграмы, нават спрабаваў пераконваць тагачаснага міністра адукацыі, што інфарматыку дзецям трэба па-іншаму выкладаць і што вучыць трэба не бэйсік, а фоташоп, камп’ютарную графіку і іншыя прыкладныя рэчы. У нашай школы атрымалася набыць добрыя камп’ютары і маніторы: калі хто памятае, што такое на той час быў Pentium 4 — проста космас! Мы многае навучыліся рабіць, і калі першы раз прымалі ўдзел у міжнародным конкурсе для вучняў Join multimedia, што праводзіла кампанія Siemens, занялі восьмае месца з аніміраваннай картай Віцебска — а нават гугл-карт тады яшчэ не было! А праз год ужо сталі пераможцамі — з анімацыйнай праграмай “Мой маленькі горад”, у якой аніміравалі карціны Марка Шагала. Калі паехалі ў Мюнхен на ўзнагароджванне, кампанія Siemens нас ледзь не на руках насіла ў поўным захапленні. Уявіце, удзельнічалі 32 краіны, прычым за кожнай камандай афіцыйна стаяла дзяржава — каманду Нідэрландаў, напрыклад, што заняла трэцяе месца, прадстаўляў міністр адукацыі, а мы — самі па сабе. Але наш праект здзейсніў фурор. Мяне там у Германіі і лекцыі папрасілі пачытаць, як мастацкая адукацыя і ўвогуле творчыя людзі могуць быць задзейнічаны ў камп’ютарнай індустрыі. Нашай гімназіі падарылі камп’ютары, Microsoft падарыла ліцэнзійныя Windows і многае іншае, Adobe даў мне свае прадукты ў бясплатнае карыстанне… Столькі ўсяго можна было здзейсніць, зрабіць такі прарыў! На крылах, на ўздыме я вярнуўся ў Віцебск, ізноў хадзіў у міністэрства, сустракаўся з рознымі іншымі дзеячамі. Пераконваў, тлумачыў, адкрываў перспектывы. Справа скончылася нічым, падчас з мяне ў літаральным сэнсе смяяліся. Я быў проста ў шоку і роспачы. А тут яшчэ ў нашай сям’і паўстала пытанне з кватэрай — мы хацелі ўзяць на яе крэдыт. Калі я прыйшоў у банк, мяне спыталі пра заробак, а пасля сказалі, што з такім заробкам могуць даць “цэлую” тысячу долараў. І я паехаў у Маскву зарабляць грошы. І, шчыра кажучы, не збіраўся вяртацца.

Не Парыж, але ж — Віцебск!

— Вы непадобны да тыповага мастака, для якога перад усім — свае карціны, вы імкнецеся ствараць не толькі на мальберце. А яшчэ ва ўсіх вашых праектах заўважна, што вы захапляецеся чужой творчасцю і хочаце, каб пра яе даведалася як мага болей людзей.

— Стаўлення да сябе як да такога класічнага мастака, які робіць кар’еру і шукае прызнання, у мяне ніколі не было: маляваць мне проста жыццёва неабходна. Хаця ў Саюз мастакоў я ўступіў. А арганізоўваць выставы для іншых, ствараць прыгожыя праекты мне падабаецца. Бо трэба ж дзейнічаць! Праўда, як кажа мая жонка, я ўмудраюся заўсёды абіраць максімальна неграшовыя праекты. (смех) І я здаўна адчуваў крыўду за Віцебск: віцябчане літаральна ходзяць па ўнікальнай гісторыі і пры гэтым нічога пра яе не ведаюць! А я ж усе домікі ў горадзе перамаляваў, усе храмы. І яшчэ я любіў Шагала, а калі трохі вывучыў тэму віцебскай мастацкай школы, то зразумеў, што Казімір Малевіч у Віцебску — гэта ж так крута, гэта з’ява сусветнага маштабу, а акрамя спецыялістаў нікому справы няма. Дык пра Шагала хоць чулі, а Цадкін, Суецін, Хідэкель, Лісіцкі і іншыя ўвогуле для шырокай публікі заставаліся невядомымі. Я быў уражаны гэтым фактам. Я хацеў, каб Віцебск у гэтым сэнсе адчуў сваю самадастатковасць. Так, у нас не Масква, не Парыж — але ж у нас Віцебск! Асабліва, калі даведаўся, што захаваўся сам будынак Народнага мастацкага вучылішча, якое ў 1919 годзе адкрываў Шагал.

— Вы пераехалі на пяць гадоў у Маскву, але ўсё роўна вярнуліся і ў выніку сталі дырэктарам Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва…

— У Маскве ў мяне была вельмі цікавая творчая работа ў архітэктурным бюро, у часопісе — я многа маляваў, практычна жыў у музеях і ў мастацкім асяроддзі. Нават пачаў праект з расійскім Міністэрствам адукацыі — рыхтаваў падручнік па мультымедыя. Аднак у нейкі момант зразумеў, што проста ўжо не хачу жыць у Маскве. Да таго ж, сям’я заставалася ў Віцебску і пераязджаць у Расію не хацела. Я вярнуўся і быццам пачаў з нуля. На палову стаўкі мяне ўзялі ў Цэнтр сучаснага мастацтва, а потым Валянціна Міхайлаўна Кірылава — дырэктар і заснавальнік Цэнтра — пайшла на пенсію, і выконваць абавязкі прызначылі мяне.

На дырэктарскай пасадзе

— І з чаго вы пачалі дзеянні, што прывялі да адкрыцця тры гады таму новага канцэптуальнага музея і да леташняга гучнага святкавання юбілею УНОВИС?

— Па-першае, з барацьбы за сам гэты гістарычны будынак Народнага мастацкага вучылішча, які належаў Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва. Я хацеў справу з рэканструкцыяй нарэшце зрушыць з мёртвай кропкі. А ўявіце, было ж такое, што нам на зіму адключалі ацяпленне — і помнік архітэктуры стаяў без вады і з разарванымі батарэіямі: я лётаў як вар’ят, каб справіцца з бядою. Увогуле, у тыя часы я ў розных кабінетах практычна “танцаваў з бубнам”, каб нечага дабіцца. І паўсюдна рассылаў канцэпцыю новага музея, якую мы прыдумалі і прадумалі з выкарыстаннем актуальнага сусветнага вопыту: аднаўленне гістарычнай планіроўкі і стварэнне такога наратыўнага музея, музея-расповеду.

Канцэпцыя была гатовая к 2012 году, але што далей, каго яна цікавіла? У мяне на той час не было ніякага аўтарытэту, я не меў доступу да высокіх чыноўнікаў. І вось пры дапамозе мастака Віктара Альшэўскага, які тады быў дырэктарам мінскага Цэнтра сучасных мастацтваў, мая канцэпцыя трапіла да міністра культуры, ён і запусціў працэс: музей быў унесены ў гарадскую інвестыцыйную праграму на наступны год, падключыліся віцебскія абласныя і гарадскія ўлады, і яшчэ за пяць гадоў да даты быў падрыхтаваны дакумент пра святкаванне ў Беларусі 100-годдзя УНОВИС!

— Але ізноў жа вам самому давялося вырашаць, як зладзіць вялікае свята ў Віцебску — з мноствам замежных гасцей, з навуковай канферэнцыяй, перформансамі і міжнародным розгаласам.

— Так, грошай на гэта ўсё не выдзялялася. А я ўжо ў Нью-Ёрку на адкрыцці выставы “Шагал. Малевіч. Лісіцкі” пазнаёміўся з роднымі Шагала, Малевіча, Хідэкеля, з іншымі. І яны ўсе горача віталі ідэю свята. І што было рабіць? Тады мы з Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны звярнуліся да кампаніі А1, і ўсё атрымалася. Гэтую гісторыю ўжо ўсе ведаюць, канешне, яшчэ раз падзякую людзям, што дапамаглі. А яшчэ я вельмі хацеў прывезці ў Віцебск з Санкт-Пецярбурга карціны Малевіча, але Рускі музей не пайшоў нам насустрач.

Музей гатовы, матрыца працуе

— Вы трохі незадаволена кажаце, што цяпер у Віцебску з вас робяць героя. Хочаце неяк знізіць градус пафасу?

— Проста многім здаецца, што вось нічога не было, а тут прыйшоў я і ўсім расплюшчыў вочы. (смех) Насамрэч гэта ўсё не так: людзі не ведаюць, як доўга ў часе была расцягнутая ўся гісторыя, як многія і да мяне і са мной нешта рабілі, рыхтавалі глебу. Проста я прайшоў да мэты найбольш кароткім шляхам. Да таго ж, у Віцебску наш Цэнтр удзельнічае ва ўсіх праектах, сам многае арганізоўвае, заўсёды ў гушчы падзей./i/content/pi/cult/845/17966/Kultura-15-page-7S.jpg

Але гэта цяпер, па прашэсці часу, усё выглядае так беспраблемна, а за кадрам застаецца тое, у якой страшнай сітуацыі я быў перад самым урачыстым адкрыццём новага музея. У горадзе ведаюць, што за пару месяцаў да таго ў Цэнтры сучаснага мастацтва быў пажар — пра многія дэталі я расказваць не буду, але некалькі тыдняў я не спаў у самым літаральным сэнсе. Да таго ж мне давялося перажыць тое, што я называю здрадніцтвам, — тады я проста страціў веру ў людзей, тая сітуацыя мяне моцна прызямліла, так бы мовіць. А праз месяц я, нягледзячы ні на што, адкрываў музей з усімі фанфарамі і высокімі афіцыйнымі асобамі.

— Мінулыя тры гады Цэнтра сучаснага мастацтва былі напоўненыя значнымі падзеямі, ведаю, што і планы грандыёзныя. Да таго ж, цяпер у вас як у дырэктара ёсць аўтарытэт, і, мабыць, зрабіць можна болей.

— Свайму сыну-школьніку я абяцаў, што як толькі зраблю музей, то займуся чым-небудзь іншым, і тады на сына з’явіцца больш часу. І цяпер ён мяне папракае, бо я жыў і жыву ў вельмі жорсткім рытме. Але думкі такія сапраўды ёсць — музей гатовы, матрыца працуе. І ўвогуле я хачу, каб музеем займаліся маладыя — а яны ў нас энергічныя, прыгожыя, разумныя, амбіцыйныя. А ў мяне яшчэ многа іншых ідэй і праектаў. Напрыклад, мне хочацца, каб падобных мастацкіх кропак у Віцебску была не адна, а многа, — і я над гэтым працую. Мастакоў трэба падтрымліваць, бо ў Віцебску з імі проста бяда — старэйшыя адыходзяць, маладзейшыя з’язджаюць. А яшчэ я ізноў захапіўся педагогікай і рознымі праграмамі анлайн-адукацыі, рыхтуем таксама праект па мастацкай адукацыі для дарослых. Урэшце, і як мастак я яшчэ многага не здзейсніў, не зрабіў, бо ўсё часу не было.

Можна параўнаць з хоку

— Пра вас як пра мастака мы і не пагаварылі, за грамадска значнымі падзеямі ваша ўласная творчасць дык і нячаста трапляе ў цэнтр увагі. Вы ў першую чаргу графік?

— Карані маёй схільнасці да графікі трэба шукаць, мабыць, у дзяцінстве — бо ў Казахстане ў мяне не было фарбаў, у лепшым выпадку аловак і шарыкавая ручка. Цяпер я, канешне, працую і з акрылам, і з акварэллю, і з алейнымі фарбамі, малюю і маленькія карціны, і вялікія. Але ў мастацтве мне заўсёды хацелася знайсці нешта выключна сваё, знайсці сваю пластыку: гэта ўвогуле для мяне самае галоўнае — знаходзіць новыя пластычныя рашэнні. Я пастаянна малюю, прычым у самых нечаканых месцах і сітуацыях, у мяне гэта проста фізіялагічная патрэба. Быў перыяд, калі я вельмі многа сэнсаў і вобразаў уводзіў у карціны, але пасля вылучыў галоўнае — пошук пластыкі. Можна правесці паралель з хоку, калі напісаў тры радкі і досыць — галоўнае, якія радкі. Многія мае работы, як я кажу, “не для лянівых” — іх трэба разглядаць, і прыкладаць для гэтага некаторыя намаганні. З камерцыйнага пункту гледжання яны, канешне, не хадавы тавар, бо не могуць выконваць інтэр’ернай ролі. Хаця — ёсць знаўцы, аматары. У Германіі, напрыклад, у аднаго калекцыянера ўсе сцены ў кватэры завешаны маімі работамі, і ён захапляецца тым, што кожны дзень можа ўбачыць у іх нешта новае. Хочацца больш часу і намаганняў аддаваць менавіта сваёй творчасці, вельмі хочацца маляваць. Спадзяюся, так і будзе.