Рэдкае выданне

№ 15 (1506) 10.04.2021 - 16.04.2021 г

Анталогія беларускіх народных песень з Лідчыны пачатку ХХ стагоддзя
На адным з апошніх пасяджэнняў лідскага раённага літаб’яднання “Суквецце” была прадстаўлена ўнікальная кніга “Закуй, закуй, зязюленька, рана...” Гэта не проста кніга, а каштоўная анталогія беларускіх народных песень. Сабрана яна Аленай Іваноўскай на Лідчыне ў 1905 — 1912 гадах.

/i/content/pi/cult/845/17959/12_opt.jpegУклаў кнігу лідскі краязнавец і гісторык Леанід Лаўрэш, а рэдагаваў пісьменнік Станіслаў Суднік. Пераклады тэкстаў Алены Іваноўскай з англійскай мовы на беларускую ажыццявіў Мікола Бусел з Гомельшчыны.

У кнігу ўвайшлі ноты і тэксты беларускіх народных песень і танцаў, запісаных у раёне Лябёдкі Лідскага павета ў 1905 — 1912 гадах і апублікаваных у Англіі ў 1914 і 1924 гадах.

На вокладцы кнігі выдаўцы надрукавалі фотаздымак фальклорнага калектыву “Талер” Лідскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. І гэта — файна.

Землі, па якіх цячэ рэчка Лебяда, як і ўся Лідчына, знаходзяцца на тэрыторыі колішняга яцвяжскага племені дайнава. Дайна па-яцвяжску адзначае песня. Таму дайнаўцаў можна назваць песенным народам. Дык і не дзіва, што на Лідчыне спяваюць усюды, многа і прыгожа. Па законе прыроды адыходзяць пакаленні, вырастаюць новыя, а значыць — адыходзяць і песні. Клопат захаваць, запісаць іх з’явіўся яшчэ напачатку ХIХ стагоддзя. Таму давайце засяродзімся толькі на Лідчыне.

У 1992 годзе ў Польшчы выйшла кніга Земавіта Фядэцкага з маёнтка Лебяда Лідскага павета “Цёплыя вечары ….. ды халодныя ранкі. Сzyli co spiewano w Fieliksowie”, у якую ўвайшлі беларускія народныя песні, запісаныя пераважна ў вёсцы Феліксава Лідскага раёна ў 1942 — 1943 гадах. Кірылічная частка зборніка была перавыдадзена ў Лідзе ў 2017 годзе. Доўгі час гэты зборнік лічыўся адзіным зборам лідскага песеннага фальклору, хаця вядома, што беларускія песні на Лідчыне запісваў і Уладзімір Урбановіч з вёскі Пудзіна тады Лідскага павета, але гэтыя запісы пакуль недаступныя.

У 2018 годзе падчас працы над дакументальнай аповесцю пра славутую сям’ю Іваноўскіх з Лябёдкі ўсё таго ж Лідскага павета Леанід Лаўрэш знайшоў інфармацыю пра тое, што Алена Іваноўская, выпускніца каледжа Кембрыджскага ўніверсітэта, у перыяд з 1905 да 1912 года, запісала ў ваколіцах Лябёдкі вялікую колькасць беларускіх народных песень. Дзве падборкі Алена Іваноўская разам з сябрам па Кэмбрыджы Гуі Онславам апублікавала ў лонданскім часопісе “Folklore”. Яшчэ дзве публікацыі былі зроблены ў 1924 годзе з дапамогай жонкі Онслава Мюрыэл Уэлдэйл (Muriel Wheldale).

Леанід Лаўрэш адшукаў усе гэтыя публікацыі, расчытаў тэксты, надрукаваныя лацінкай, перапісаў іх кірыліцай і падрыхтаваў да друку. Ён жа ўпершыню напісаў біяграфію Алены Іваноўскай, якая друкуецца ў кнізе “Закуй, закуй, зязюленька, рана...”

Вялікія прадмовы да публікацый выдатна пераклаў на беларускую мову паліглот Мікола Бусел.

Важна было таксама паглядзець, наколькі супадаюць зборы Іваноўскай і Фядэцкага, зробленыя ў адным павеце на берагах адной і той жа рэчкі Лебяды, але на адлегласці каля 30 кіламетраў у прасторы і каля 30 гадоў у часе. Параўнальны аналіз двух збораў зрабіла метадыст Лідскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Струмскіс.

Так атрымаўся другі зборнік лідскага песеннага фальклору, а калі глядзець па часе запісу песень і па часе публікацый у Англіі, то гэта, безумоўна, першы зборнік. І сёння мы дадаём яго да багатай фальклорнай спадчыны не толькі Лідчыны, але і ўсёй Беларусі.

Магчыма, праз некаторы час Лідскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці падрыхтуе і правядзе прэзентацыю зборніка. А калі не атрымаецца, то пачакаем да фестывалю імя Земавіта Фядэцкага, які пройдзе летам у Феліксаве на Лідчыне. Там песні са зборніка Алены Іваноўскай прагучаць абавязкова.

А сёння мы пакуль радуемся рэдкаму і каштоўнаму выданню беларускіх народных песень з Лідчыны, запісаных больш стагоддзя таму.

Сяргей ЧЫГРЫН