У экспазіцыі прадстаўленыя найбольш адметныя і знакавыя прадметы з фондаў за кожны год існавання музея — сорак артэфактаў з 1981 па 2021 год. Агулам жа фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча складаюць сёння дваццаць адну тысячу адзінак. Хаця пачынаўся музей не як ужо існуючая калекцыя — спачатку з’явілася ідэя аб неабходнасці ўвекавечвання памяці выдатнага паэта, мемарыялізацыі яго спадчыны ў межах асобнай музейнай установы.
Ініцыятарам яе стварэння выступіў пісьменнік і даследчык творчасці Максіма Багдановіча Алесь Бачыла, які звярнуўся ў Цэнтральны камітэт Камуніcтычнай партыі Беларусі з прапановай аб арганізацыі музея паэта яшчэ ў 1971 годзе. Як бачым, абмеркаванне гэтай ідэі і шлях да яе рэалізацыі занялі доўгія дзесяць гадоў.
Аб станаўленні маладой музейнай установы распавёў яе першы дырэктар — вядомы літаратар Міхась Пазнякоў. Ён прыгадвае, як усведамляў, што арганізацыя музея — справа цяжкая, але нават не ўяўляў — наколькі. Спачатку ўстанова не мела ні сродкаў, ні штату, ні будынка. Перш супрацоўнікаў прытуліў у сваіх памяшканнях Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Пачаткі фондаў былі закладзеныя, калі ўдалося атрымаць ад сваякоў Максіма Багдановіча з Ніжняга Ноўгарада пэўныя асабістыя рэчы паэта — адзенне, кнігі. Цягніком прывезлі нават старую мэблю, абмяняўшы яе на адпаведную новую.
Сярод унікальных артэфактаў, прадстаўленых на выставе, можна пабачыць фрагмент слуцкага пояса, ручнік, які належаў сваякам Багдановічаў, хрэстаматыйны фотапартрэт Максіма Багдановіча, выкананы ў Яраслаўлі ў 1915 годзе, нумар часопіса “Сатирикон” за 1912 год, у якім быў змешчаны адзін з рускамоўных вершаў паэта, асобнік зборніка “Вянок” з дароўным надпісам аўтара для ягонай цёткі, нататнік, які належаў літаратарцы Зосьцы Верас, з запісамі за 1908 — 1917 гады.
Заўважную частку экспанатаў складаюць прадметы, звязаныя з асобай бацькі паэта, вядомага этнографа і фалькларыста Адама Багдановіча — на выставе змешчаныя складзены ім рукапіс “Даты жыцця Максіма (да біяграфіі сына)” і першы том выдання твораў Максіма Багдановіча 1927 года з дароўным надпісам.
Звяртае на сябе ўвагу і кніга літаратуразнаўцы Міколы Грынчыка “Максім Багдановіч і народная паэзія”, на форзацы якой можна пабачыць графічны партрэт паэта, пакінуты рукой Уладзіміра Караткевіча ў 1963 годзе — спадчына Багдановіча ніколі не пакідала абыякавымі наступныя пакаленні беларускіх творцаў.
Сярод жывапісных прысвячэнняў паэту на выставе — і карціны Эдуарда Агуновіча “Яраслаўль. Дом Максіма Багдановіча”, Сямёна Дамарада “Ціхая ноч”, Уладзіміра Сулкоўскага “Пакой у доме па вуліцы Малагеоргіеўскай” (цяпер у гэтым будынку, дзе ў 1916 — 1917 гадах жыў Максім Багдановіч, размешчаны філіял музея — “Беларуская хатка”).
Выстава працягне сваю працу да 28 красавіка.