Карані мастака пад дахам Бацькаўшчыны

№ 14 (1505) 03.04.2021 - 09.04.2021 г

Творчы пошук як шлях у эксперымент
Днямі ў Шчучынскім раённым Цэнтры культуры і творчасці адбылося адкрыццё персанальнай выставы мастака-жывапісца Алеся Родзіна, пад вясновай назвай “Абуджэнне”. Ідэйным натхняльнікам правесці выставу ў Шчучыне стаў спадар Сяргей Даўгарукаў, дацэнт кафедры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду БДУ, які мае незвычайнае хобі. У вольны час ён дапамагае мастакам ладзіць выставы ў розных кропках Беларусі. Яго прапанову падтрымала спадарыня Святлана Жвірбля, дырэктар Цэнтра. Так у Шчучыне здарыўся рукатворны цуд.

/i/content/pi/cult/844/17951/21.jpgТрадыцыйна, ужо дваццаць гадоў выставы Алеся Родзіна з’яўляюцца інтэгральнай часткай фестывалю эксперыментальнага мастацтва “ДАХ”, і тады экспазіцыйная прастора становіцца на пэўны час маштабнай дэкарацыяй для замешаных у адной мастацкай дзежцы — перформансаў, музыкі, музычных і паэтычных выступаў, кінапаказаў і ўсяго таго, што яшчэ не згадана. Так стала і на гэты раз, хоць і не так маштабна, як у 2019 годзе. Тады адзін з былых завадскіх цэхаў у Мінску на некалькі месяцаў пераўтварыўся ў сапраўдную мастацкую кухню, дзе штодня гатавалі самыя розныя стравы. Гэтым разам з-за значнай адлегласці ўсё было больш стрымана. Фестываль “ДАХ” (куратар Зміцер Юркевіч), ужо 34-ты па ліку, толькі на пару гадзін паказаў шчучынцам сваё эксперыментальнае аблічча.

У экспазіцыю выставы ўвайшлі творы Алеся Родзіна, якія ён стварае цягам апошніх трыццаці гадоў. Менавіта стварае, бо кожны дзень да гэтых карцін, у залежнасці ад асвятлення і месца, дадаецца мазок фарбы ці нейкая важная дэталь. На іх тле вылучаліся “Карэнні”, напісаныя мастаком у 1976 годзе. І якія, наколькі я магу судзіць, прайшлі ў нязменным стане праз гады. Многія з карцін распачыналіся за межамі краіны і дапрацоўваліся ў Мінску. А з некаторымі здаралася наадварот. Бясконцыя вандроўкі гэтых твораў, якія як адданыя сябры заўсёды з мастаком у цягніку, ці на аўто, або ў заплечніку, безумоўна, пакінулі свой адбітак на іх паверхні. Але адначасова напіталі іх энергіяй розных мясцін і здарэнняў. Напрыклад, аднойчы адзін з твораў быў парэзаны нажом асобамі, якія часова “захапілі ў палон” выставу мастака. Але “твор са шнарам” стаў сусветнай знакамітасцю.

Шмат гадоў таму мастацкі крытык Яўген Шунэйка сказаў: “Творы Алеся Родзіна, між іншым, адлюстроўваюць змаганне супярэчнасцяў, што счапіліся ў віры рацыянальнага і іррацыянальнага супрацьстаяння. Спакусы, антаганізмы, вірусы-мікраарганізмы агрэсіўнасці мінулага стагоддзя яшчэ не адступілі ў гісторыю як цёмны і атрутны асадак…. Алесь Родзін больш востра адчувае пульс сучаснасці. Гэта — яго творчы “эксперыментальны квадрат з вялікім сучасным светам, які жыве цяпер агульнымі праблемамі, здабыткамі, надзеямі”.

/i/content/pi/cult/844/17951/22.jpgАдметна, што мастак, які быў у пошуку, так і застаецца. За месцы для выстаў яму служаць і традыцыйныя выставачныя плошчы, і былыя завадскія цэхі, невялічкія памяшканні з кропкавай падсветкай і ангары самалётаў-знішчальнікаў на былых вайсковых базах.

Гэта выстава праходзіць у выдатнай прасторнай і светлай зале Шчучынскага раённага Цэнтра культуры і творчасці. І, як здараецца, сама пляцоўка нам падала ідэі, якія творы пасуюць, і як арганізаваць адкрыццё. Таму экспазіцыю склалі праграмныя працы мастака — “Самалёты. ХХІ стагоддзе”, “Усебачачае вока”, “Сэрца”, “Фатум”, “Эксперыментальны кантакт”, “Інспірацыя”, “Міфалагема” і іншыя.

Адкрыццё ж стала для наведвальнікаў крышку нечаканым. Бо з мастаком у якасці выступоўцаў прыехаў цэлы дэсант. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел заўзятары-ўдзельнікі ранейшых фестываляў — мастацтвазнаўца і прафесар Беларускай акадэміі мастацтваў Яўген Шунейка, даўні прыхільнік і ў той жа самы час суворы крытык творчасці Алеся Родзіна. Ён жа, дарэчы, быў адным з куратараў самага першага фестывалю “ДАХ”, які адбыўся ў 2001 годзе. Менавіта яму выпала ганаровая місія першаму распавесці шчучынцам пра жыццёвы і творчы шлях мастака. На вялікі жаль, не змог прыехаць рэжысёр-дакументаліст і паэт Уладзімір Мароз. Але запланаваны паказ стужкі “Міфалагемы Родзіна”, знятай у 2009 годзе камандай беларускіх дакументалістаў, стаў для публікі ўводзінамі ў “родзіназнаўства”.

Акрамя Уладзіміра Мароза ў гэтым ДАХу брала ўдзел яшчэ адна рэжысёр — Алена Ясінская, якая ад 2010 года арганічна ўвайшла ў абойму фестывалю. Паказала спадарыня Ясінская некалькі стужак, сярод якіх вылучаецца “Апошняя з роду Рэйтанаў” (2014 год), прысвечаная апошнім гаспадарам сядзібы ў вёсцы Грушаўка (Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці) — Юзафу Рэйтану і яго жонцы Аліне Гартынг. І гэта спалучэнне не выпадковае. Бо з 2013 года і Алена Ясінская і Алесь Родзін актыўна далучыліся да дзейнасці Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, якая паставіла за мэту папулярызацыю асобы нашага амаль забытага героя і прыцягненне ўвагі да лёсу закінутай сядзібы ў Грушаўцы. У выніку чаго і з’явілася некалькі стужак, а з-пад пэндзля мастака выйшаў гістарычны цыкл твораў “Род Рэйтанаў. Асобы. Падзеі”, унікальны ў гісторыі мастацтва. На сённяшні дзень ён складаецца амаль з сотні рознафарматных твораў. Тут трэба дадаць, што цягам 2009 — 2015 гадоў у межах фестывалю “ДАХ” Алесь Родзін падтрымліваў таксама дзейнасць, накіраваную на папулярызацыі асобы Чэслава Немэна, ураджэнца Шчучыншчыны, беларуса, які стаў сусветна вядомым рок-музыкантам.

Прагучаў на адкрыцці выставы-фэсту і тэкст канцэпцыі творчасці Алеся Родзіна. Выканаў яго літаратар і перформер Ілья Сін. Гукавое суправаджэнне нетрывіяльнаму вакальнаму перформансу спадара Сіна стварыў гукарэжысёр кіно і гукавы артыст Яўген Рагозін.

Ён жа, майстарскі імправізуючы, дадаў гукавы фон для маштабнай перформанс-дзеі, уласна з якой і пачалося і пад знакам якой прайшло ўрачыстае адкрыццё выставы. Высілкамі суполкі “Механёры Культуры” быў паказаны перформанс “Тры бакі свету”, які аўтар гэтага тэксту прысвяціў Алесю Родзіну. Сімвалічна, што галоўную ролю мастака, які праходзіць праз выпрабаванні лёсу, шукаючы і знаходзячы свой уласны шлях у мастацтве, сыграў Алесь Родзін.

Напрыканцы ад імя арганізатараў і ўдзельнікаў мерапрыемства хочацца выказаць шчырую падзяку спадарыні Святлане Жвірбля і ўсяму калектыву Шчучынскага раённага Цэнтра культуры і творчасці за гасцінны прыём і ўсебаковую падтрымку.

Выстава працуе ў буднія дні, уваход на яе вольны.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар